Мяжа
Шрифт:
— …Цяпер то я разумею, — вяртае мяне слых да яго слоў, — каго кахаеш — той і харошы, хто па душы — той і прыгожы… Словам, прыехала Аксана на канікулы да дзеда з бабаю. Але дзед з бабаю — асобная гісторыя, сюжэт у сюжэце… Сачы за думкай, лаві файл.
Ён і праўда зусім не выглядае на п’янага, гаворыць складна, талкова, сказы будуе хоць і залішне па-літаратурнаму, але з мінімумам банальнасцей, «красівасцей».
— Усё, як трэба — лета, вёска, вакацыі, акацыі… Лаўка, пах скошанай атавы… і раса, і зоры, і шпоканне спелых яблыкаў у траву… Жнівень, а адчуванне чамусьці, што чэрвень. Я ў тым годзе скончыў школу, яна — студэнтка. Мне семнаццаць, ёй дваццаць адзін. І я пачынаю карыстацца гэтым — розніцай
Патроху я ўжо і тады бухаў, бо якая б яна ні была падатлівая, як бы вольна з ёю ні пачувалася, усё ж гэта была дзяўчына — невядомы сусвет (тады здавалася), чужароднае цела, іншапланецянка, таму для вядомай смеласці, для падвешанасці языка пажадана было крыху паддаць. Так я і рабіў. З шасці нашых вечароў чатыры прыходзіў п’янаваты. Чытаў ёй:
Часта бывае, што выбраць не ў стане: злева — гарэлка, справа — Аксана. Ды ў выпадку тым я нядоўга гадаю, стары анекдот я тады ўспамінаю: «Як толькі гарэлка зашкодзіць каханню — пашлі ты падалей… каханне сваё!»— Па логіцы — гарэлку трэба паслаць, — тлумачыць Вецер, — а атрымоўваецца — дзяўчыну.
Яна была ў захапленні. Такой пяшчотаю ззялі яе вочы, так аддана яна на мяне глядзела, убірала ў сябе кожнае, нават дурное маё слова. «Божа, які ты таленавіты… Я адразу ўбачыла — ты не вясковы, не просты… Ты разумны, назіральны, начытаны… Я адчуваю, пэўна ведаю, што ў душы ты не кепскі, не жорсткі, а добры, мяккі і ранімы… Проста за гэтай бравадаю ты хаваешся… Нават цынізм твой сімпатычны, не хамскі, як у іншых…»
Што да цынізму, дык сапраўды, хапала яго ў мяне.
Яе дзеда з бабаю звалі Пятро Козыр і Ева. Славутая на ўвесь раён сям’я. У вайну Козыр быў на фронце, Еўка, як і належыць, чакала яго, тут прыходзіць аднекуль аж з Алтая вестка, са шпіталя, што так і так, ваш муж Пятро Пятровіч Козыр цяжка паранены, сляпы, без рук, без ног… Яе нічога не спыніла, сабрала клуначак (як у «Баладзе пра салдата») і ваенным ліхалеццем паперлася — вясковая беларуская цёмная маладзіца — праз увесь Саюз у той Алтай, і дапала-такі шпіталя, дзе высветлілася, што гэта не яе Козыр, проста поўны цёзка, а яе Пятро ваяваў, патрапіў у палон, выжыў у канцлагеры — тым, што кінуў курыць і мяняў цыгарэты, якія ім выдавалі, на лішнюю лустачку хлеба, і так яму пашэнціла, што пасля вайны яго нават не пасадзілі — наадварот, прызначылі лесніком і дазволілі трымаць каня. Кожнае раніцы ў любую пару года Козыр яго запрагаў, Еўка стаяла побач і сачыла за кожным яго рухам — так любіла яго.
Я пацяшаўся і з той паездкі — маўляў, дурная твая Еўка, раз ужо дабралася да Алтая,
«Божа, як табе не сорамна, які ў цябе ў галаве вецер!» — і глядзела на мяне закаханымі вачыма.
Вецер выпівае свае грамаў сорак — класічны дрынк, глыток соку і працягвае:
— Калі мы развітваліся; яна была такая сур’ёзная, маўклівая, толькі ў канцы сказала: «Ведаю, ты не кахаеш мяне… Але калі не дай Бог нешта здарыцца з табою — не тое што да Алтая, да краю свету дайду, і знайду цябе, і не кіну любога!» У мяне сэрца зайшлося — дзе, калі я знайду такое дзіва, такую дзяўчыну, ды і нашто шукаць, калі вось яна, побач?.. А ўголас сказаў, хіхікнуўшы: «Пешкі прыйдзеш? Босая?»
Зноў дрынк, сок… Вецер пачынае часціць. Я пасля паўзы задаю недарэчнае, абыякавае пытанне:
— Прыйшла?
— Мгу… Як тыя хлопец з дзеўкаю выходзяць з аўтобуса, хлопец культурна падае руку, памагае ёй выйсці, яна — ціхмяна, любоўна: «Ты же смотри, не убегай». — «Да, бля, от тебя убежишь!» Так і ад маёй Аксаны.
— Што?! Вы… хочаце сказаць…
— Ну так. Гэта мая жонка. Якая, як толькі выйшла з ЗАГСа, з міленькай ціхоні ператварылася ў такую дрэнь, якіх пашукаць, якая толькі і ўмее, што з ложка ў ложак скакаць… З кім толькі не здраджвала мне! І развесціся — неяк лянота, ды і не бачу прычын, усё адно наступная будзе такая ж, усе яны аднолькавыя для мяне цяпер. Такія планы, талент, жыццё — усё загубіла! Ды каб не яна, я паэтам мог бы стаць! Што паэтам — чалавекам! У каго яна мяне ператварыла? Дзе падзеўся мой гумар, мой бяскрыўдны цынізм, памяць, цікавасць да жыцця, да людзей, да літаратуры?!
— Ну, чаму, — няўпэўнена кажу я; а што яшчэ казаць у такіх выпадках. — Усё гэта засталося… ёсць і цяпер…
Але ён ужо не слухае. Бялеючы, гледзячы паўз мяне — туды, у сваё лета, дзе сярод акацыяў згубілася яго Аксана, ён ледзь не крычыць:
— Ну чаму мне не было якога знака? Я ж быў малады зусім! Дурны зусім! Дык навучыце! Такім трэба сігналы падаваць, уключаць святло ў мазгах: чырвонае — небяспека, жоўтае — асцярожна, зялёнае — вось тады можна… Я ж не вінаваты! Я думаў, гэта яна святая, наіўная, чыстая, а то я быў у той перыяд наіўны, чысты і… дурны!
Бачыць жонку, яе парасон праплывае за вакном. Аксана ідзе забіраць мужа. Ён падымаецца, хіснуўшыся:
— І натрапіш на гэткую нетру, — мармыча, ці то жонку маючы на ўвазе, ці то сваё незразумелае, пустое існаванне, — бы ў прыдоную чорную цьму… Не — я толькі ад лютага ветру, я ад ветру схаваўся ў карчму!
2009 г.
УНОЧЫ
Раз ці два ў год гэта здаралася з Берасевічам.
Ён пачынаў востра, без аніякай, здавалася б, прычыны баяцца і ненавідзець людзей. Не ўсё чалавецтва, а менавіта бліжняга свайго, які абганяў яго на аўтамабілі, ехаў побач у метро, выступаў па тэлевізары, ішоў па тратуары.
Палохалі, і ад гэтага ледзь не да якогась агрэсіўнага памутнення розуму даводзілі абрыўкі чужых размоў на вуліцы, стук лыжак і відэльцаў і чаўканне чужых ратоў у кавярні, чэргі ля касаў у магазінах, чужыя твары, чужая вопратка.
Ён пераставаў разумець, чаму яны апранаюцца, куды едуць, куды баяцца паспець, перабягаючы вуліцы, даганяючы транспарт?