Мадэмуазэль дэ Скюдэры
Шрифт:
Абое заплакалі ўголас. Аліўе расказаў, як падчас шпацыру, на які яго ўначы паклікаў Кардыльяк, майстар быў забіты ў яго на вачах і як яму давялося з вялізнымі намаганнямі цягнуць дадому цяжкога мужчыну, не цямячы, што той смяротна паранены. На золку гаспадары дому, устрывожаныя начным шумам, гучным плачам і лямантам, падняліся наверх і заспелі няўцешную Мадлон, што кленчыла ля цела бацькі. Тут пачуўся галас, уварваліся жандармы і пацягнулі Аліўе ў турму як забойцу ўласнага настаўніка. Мадлон найкранальна апісала цноты, рахманасць і вернасць каханага Аліўе, які шанаваў майстра як роднага бацьку, а той напоўніцу адказваў на яго любоў, прызнаўшы яго, хоць і беднага, сваім зяцем, бо ўмельства вучня спалучалася з надзейнасцю і чыстым сэрцам. Усё гэта Мадлон сказала цалкам шчыра і запэўніла, што нават калі б каханы пры ёй ударыў яе бацьку кінжалам у грудзі, яна хутчэй палічыла б гэта д’ябальскім насланнём,
Скюдэры, да глыбіні душы кранутая нясцерпнымі пакутамі Мадлон і ўжо схільная прызнаць беднага Аліўе невінаватым, папытала людзей і атрымала пацверджанне словаў Мадлон пра ўзаемаадносіны майстра і вучня. Гаспадары дому і суседзі ў адзін голас хвалілі Аліўе як узор добрапрыстойных, лагодных, адданых, руплівых паводзінаў, ніхто не мог сказаць пра яго нічога благога. І ўсё ж, калі размова заходзіла пра жудасны ўчынак, усе паціскалі плячыма і мармыталі, што тут нешта незразумелае.
Як стала вядома Скюдэры, Аліўе, дапытаны ў Вогненнай палаце, з найвялікшай непахіснасцю, з найчысцейшым сумленнем адмаўляў абвінавачанне і сцвярджаў, што стаў сведкам нападу на свайго майстра з нажом проста на вуліцы, што прыцягнуў яго яшчэ жывога дадому, дзе той вельмі хутка памёр. І гэта таксама супадала з аповедам Мадлон.
Скюдэры зноў і зноў аднаўляла найдрабнейшыя дэталі жахлівага здарэння. Яна дакладна высвятляла, ці мелі калі-небудзь месца спрэчкі паміж майстрам і вучнем, ці быў Аліўе зусім пазбаўлены той запальчывасці, якая часта, як сляпое шаленства, нападае на самага добразычлівага чалавека і вядзе да ўчынкаў, што ўжо нібыта не залежаць ад яго волі. Але чым больш узрушана Мадлон казала пра спакойнае ўтульнае шчасце, у якім тры чалавекі жылі, злучаныя шчырай любоўю, тым хутчэй знікаў нават цень падазронасці да асуджанага на смерць Аліўе. Дакладна правяраючы ўсе абставіны, зыходзячы з дапушчэння, што Аліўе, нягледзячы на ўсё тое, што яўна сведчыла пра яго невінаватасць, усё ж быў забойцам Кардыльяка, Скюдэры не магла знайсці аніводнага прымальнага матыву для жахлівага ўчынку, які ў любым выпадку мусіў разбурыць шчасце Аліўе.
«Ён бедны, але майстравіты. Яму шэнціць заслужыць прыхільнасць знакамітага ювеліра, ён кахае яго дачку, і майстар спрыяе гэтаму каханню, яго дабрабыт мае быць забяспечаны на ўсё далейшае жыццё! Ды нават калі ўявіць сабе, што Аліўе, Бог ведае чаму раздражнёны, ахоплены гневам, здзейсніў замах на свайго дабрадзея, свайго бацьку, якая д’ябальская крывадушнасць дазволіла б яму так трымацца пасля злачынства?» Цвёрда перакананая ў невінаватасці Аліўе, Скюдэры пастанавіла ўратаваць бязвіннага юнака, чаго б гэта ёй ні каштавала.
Ёй здавалася найбольш слушным, перш чым заклікаць да літасці самога караля, звярнуцца да ля Рэньі, выклаўшы ўсе абставіны, што мусілі б сведчыць пра невінаватасць Аліўе, і, быць можа, абудзіць у душы старшыні Вогненнай палаты ўнутранае перакананне, спрыяльнае для падсуднага, якое затым дабратворна перадалося б суддзям.
Ля Рэньі прыняў Скюдэры з глыбокай пашанай, на якую годная дама, якую высока цаніў сам кароль, справядліва магла разлічваць. Ён спакойна выслухаў аповед пра жахлівае здарэнне, пра жыццё Аліўе і яго характар, і тонкая, амаль з’едлівая ўсмешка была адзінай прыкметай таго, што запэўненні і часта перарываныя слязьмі напаміны, што кожны суддзя не вораг падсуднаму, а мусіць браць пад увагу ўсе абставіны, якія сведчаць на яго карысць, увогуле даходзілі да вушэй суразмоўцы. Калі ж нарэшце цалкам знясіленая Скюдэры, выціраючы слёзы, змоўкла, ля Рэньі вырашыў адказаць:
— Гэта ўласціва вашаму высакароднаму сэрцу, шаноўная пані: кранутая слязьмі юнай закаханай дзяўчыны, вы верыце кожнаму яе слову і нават дапусціць не можаце думкі пра жудаснае злачынства. Але зусім іншае — суддзя, які прызвычаіўся выкрываць нахабнае прытворства. Думаю, маёй пасадзе не вельмі пасуе тлумачыць кожнаму, хто пытаецца, сутнасць крымінальнага працэсу. Мадэмуазэль, паверце, я толькі выконваю свой абавязак, мяне мала трывожыць суд гэтага свету. Усе ліхадзеі павінныя дрыжаць ад страху перад Вогненнай палатай, якая не ведае іншых пакаранняў, апрача крыві і агню. Але ў вашых вачах, вялебная пані, я не хачу выглядаць грубай і жахлівай пачварай, таму дазвольце мне ў некалькіх словах ясна сфармуляваць крывавую правіну маладога злачынца, якога, дзякаваць Небу, напаткала помста. Тады ваш востры розум сам адкіне прэч добразычлівасць, якая робіць гонар вам, але мне зусім не да твару. Дык вось. На золку Рэнэ Кардыльяка знаходзяць забітым ударам кінжала. Побач з ім няма нікога, апрача яго вучня Аліўе Брусона і дачкі. У пакоі Аліўе, апроч іншага, натрапляюць на кінжал, афарбаваны свежай крывёю, вастрыё якога дакладна паўтарае форму раны. «Кардыльяка, — кажа Аліўе, — зарэзалі ўначы
— Але, — прамовіла Скюдэры, — дзеля ўсяго святога, ці можаце вы, з улікам акалічнасцяў, пра якія я вам так падрабязна расказала, прывесці хоць адзін матыў гэтага д’ябальскага ўчынку?
— Гм… — адказаў ля Рэньі. — Кардыльяк быў нябедны чалавек, меў цудоўныя камяні.
— Ці ж не дачка атрымлівала ўсё ў спадчыну? — стаяла на сваім Скюдэры. — Не забывайцеся, што Аліўе мусіў стаць зяцем Кардыльяка.
— Імаверна, ён павінен быў дзяліцца ці ўвогуле забіваць толькі дзеля іншых, — выказаў здагадку ля Рэньі.
— Дзяліцца? Забіваць дзеля іншых? — вельмі здзіўлена перапытала Скюдэры.
— Ведайце ж, — сказаў старшыня палаты, — ведайце, мая пані, што Аліўе ўжо даўно сплыў бы крывёю на Грэўскай плошчы, калі б яго ўчынак не меў сувязі з глыбока схаванай таямніцай, што дагэтуль трымала ў страху Парыж. Аліўе, мяркуючы з усяго, належыць да той сумнавядомай хеўры, якая, нібы цвелячыся з увагі, высілкаў і росшукаў судовых інстанцый, патрапляла чыніць свавольствы нахабна і беспакарана. З яго дапамогай мы высветлім — мусім высветліць — усё дарэшты. Рана Кардыльяка вельмі падобная да тых, што мелі на сабе ўсе забітыя і абрабаваныя на вуліцах і ў сваіх дамах. Але галоўнае ў тым, што з часу зняволення Аліўе Брусона забойствы і рабаванні спыніліся. Цяпер начныя вуліцы такія ж бяспечныя, як і ўдзень. Дастатковы доказ таго, што Аліўе, імаверна, стаяў на чале хеўры. Ён пакуль не хоча прызнавацца, але ёсць сродкі прымусіць яго гаварыць супраць волі.
— А як жа Мадлон? — ускрыкнула Скюдэры, — Мадлон, адданая, бязвінная галубка?
— О, — адказаў ля Рэньі, з’едліва ўсміхаючыся, — ды хто паручыцца, што яна таксама не ўваходзіць у хеўру? Якая ёй справа да ўласнага бацькі, яна пралівае слёзы толькі па ягоным забойцу.
— Што вы такое кажаце! — абурылася Скюдэры. — Гэта проста немагчыма! Уласнага бацьку! Гэтае дзяўчо!
— Эге! — ля Рэньі не збіраўся адступаць. — Прыгадайце Брэнвілье! Папрашу вас дараваць мне, калі ў хуткім часе я буду змушаны забраць ад вас вашую падапечную і кінуць яе ў турму Кансьержэры.
Ад такога вусцішнага падазрэння Скюдэры ахапіў жах. Ёй падалося, што для гэтага жудаснага чалавека не існуе вернасць ці цнота, што ён быццам высочвае ў самых інтымных, самых патаемных думках прагу забойства і крыві. Яна ўстала.
— Будзьце чалавечным, — гэта было ўсё, што яна здолела пакутліва, цяжка дыхаючы, выціснуць у адказ.
Ужо пачаўшы спускацца лесвіцай, да якой старшыня палаты праводзіў яе з цырымоннай ветлівасцю, яна злавіла сябе на дзіўнаватай думцы, што невядома як прыйшла ёй у галаву.