Мадэмуазэль дэ Скюдэры
Шрифт:
Сказаўшы ўсё гэта, Кардыльяк адвёў мяне ў патаемны склеп і дазволіў зірнуць на сваю скарбніцу. Мусіць, сам кароль не мае багацейшай. Да кожнай рэчы быў прымацаваны цэтлік з дакладным пазначэннем, для каго яна была змайстраваная і калі адабраная праз крадзеж, рабунак ці забойства.
— У дзень твайго вяселля, — прамовіў Кардыльяк глуха і ўрачыста, — ты свята паклянешся мне на распяцці адразу ж па маёй смерці ператварыць усе гэтыя багацці ў пыл з дапамогай сродку, які я табе адкрыю. Я не хачу, каб хоць якая чалавечая істота, а тым больш Мадлон і ты, сталі ўладальнікамі скарбу, набытага цаною чалавечай крыві.
Заблукалы ў лабірынце злачынства, раздзіраны каханнем і агідай, асалодай і жудой, я быў падобны да асуджанага на пакуты, якому зверху ласкава ўсміхаецца чароўны анёлак і якога ў той жа час моцна трымае пякучымі кіпцюрамі шатан, і мілосная ўсмешка рахманага
Аднаго дня Кардыльяк прыйшоў дадому ў нязвыкла прыўзнятым настроі. Ён прылашчыў Мадлон, кінуў на мяне колькі найпрыязнейшых позіркаў, выпіў за сталом бутэльку добрага віна, што здаралася з ім толькі ў вялікія святы, потым спяваў і весяліўся. Мадлон сышла, я сабраўся ў майстэрню.
— Сядзі спакойна, хлопец, — крыкнуў Кардыльяк, — сёння больш ніякай працы, давай перакулім яшчэ па адной за здароўе самай высакароднай і прыўкраснай дамы ў Парыжы!
Мы чокнуліся, майстар спаражніў поўную шклянку і спытаў:
— А скажы мне, Аліўе, ці падабаюцца табе гэтыя радкі?
Un amant, qui craint les voleurs, n'est point digne d'amour?І ён расказаў пра гутарку, што адбылася ў пакоях Мэнтэнон паміж вамі і каралём, дадаўшы, што здаўна шануе вас як ніводнае чалавечае стварэнне, і што вы, надзеленая цнотамі, перад якімі бяссільна цьмянее ягоная злая зорка, нават носячы найпрыгажэйшую з ягоных каштоўнасцяў, ніколі не абудзілі б у ім ліхую здань і думкі пра забойства.
— Паслухай, Аліўе, што я вырашыў, — сказаў ён. — Ужо даўнавата я атрымаў замову вырабіць каралі і бранзалеты для Генрыеты Ангельскай з маіх уласных камянёў. Гэтая праца атрымалася ў мяне як ніколі добра, але сэрца маё разрывалася, калі я думаў, што мне давядзецца развітацца з упрыгожаннямі, якія сталі маім найдаражэйшым скарбам. Як ты, пэўна, ведаеш, прынцэса была падступна забітая. Я ж захаваў тыя ўпрыгожанні і цяпер хацеў бы аддаць іх мадэмуазэль дэ Скюдэры ад імені пераследаванай хеўры — на знак маёй глыбокай пашаны і ўдзячнасці. Апроч таго, што Скюдэры атрымае выразнае сведчанне свайго трыюмфу, я змагу пакпіць з Дэгрэ і яго памагатых, як яны й заслугоўваюць. Ты мусіш аднесці ёй упрыгожанні.
Варта было Кардыльяку назваць вашае імя, мадэмуазэль, як чорная завеса зляцела з маіх вачэй, і светлыя прыўкрасныя малюнкі шчаслівага маленства ўваскрэслі ў маім уяўленні ў найярчэйшых зіхоткіх колерах. Душу маю напоўніла цудоўная ўцеха, у ёй заззяў прамень надзеі, які прагнаў змрочныя думкі. Кардыльяк відавочна заўважыў, якое ўздзеянне зрабілі на мяне ягоныя словы, і трактаваў гэта на свой лад.
— Здаецца, — сказаў ён, — мой намер табе даспадобы. Прызнаюся табе, што ўнутраны голас, зусім адрозны ад таго, які патрабуе ад мяне крывавых ахвяраў, нібы ненажэрны драпежнік, загадаў мне гэта зрабіць. Часам у мяне бывае дзіўнае адчуванне… нейкі ўнутраны страх, боязь чагосьці жудаснага, чый подых далятае сюды з далёкага іншасвету, гвалтоўна захоплівае мяне. Тады мне нават падаецца, што справункі, распачатыя праз мяне злою зоркай, могуць пайсці на шкоду маёй несмяротнай душы, якая не мае да іх ніякага дачынення. У такім настроі я вырашыў змайстраваць прыгожы дыяментавы вянец для абраза Панны Марыі ў саборы Святога Яўстаха. Але нейкі няўцямны жах нападаў на мяне, як толькі я прыступаў да працы, таму ўрэшце я адступіўся ад гэтай задумы. І вось цяпер мне здаецца, што, даслаўшы Скюдэры найпякнейшае ўпрыгожанне з усіх калі-небудзь зробленых мною, я пакорліва прынясу ахвяру самой цноце і пабожнасці і вымалю для сябе моцнае заступніцтва.
Кардыльяк, мая пані, да драбніцаў ведаючы ваш лад жыцця, паведаміў мне спосаб і час, у які я мусіў даставіць вам каштоўнасці, замкнутыя ў вытанчанай скарбонцы. Я ўвесь трымцеў ад захаплення, бо само Неба паказала мне праз злачыннага Кардыльяка дарогу да паратунку з пекла, у якім гібеў я, нікчэмны грэшнік. Так я думаў. Насуперак волі Кардыльяка я хацеў паказацца перад вашымі вачыма. Як сын Анны Брусон, як ваш выхаванец я хацеў кінуцца да вашых ног і расказаць пра сябе ўсё. Я верыў, што вы, кранутая невымоўным горам, якое пагражала беднай нявіннай Мадлон у выпадку выкрыцця, захаваеце таямніцу, але ваш востры розум напэўна знойдзе спосаб,
І тады мне пашчасціла сустрэць вас на Новым мосце, праціснуцца да вашай карэты і кінуць туды цыдулку, у якой я заклінаў вас найхутчэй вярнуць упрыгожанні Кардыльяку. Але вы не прыйшлі. Мой страх перарос у адчай, калі наступнага дня Кардыльяк толькі й казаў пра каштоўнасці, што прымроіліся яму ўначы. Я мог аднесці яго словы адно да вашых упрыгожанняў, і мне стала ясна, што ён думае пра забойства, якое відавочна мерыцца здзейсніць тае ж ночы. Я мусіў уратаваць вас нават цаною жыцця Кардыльяка. Калі пасля вечаровай малітвы Кардыльяк, як звычайна, замкнуўся ў сваім пакоі, я вылез праз акно ў двор, праслізнуў праз адтуліну ў муры і стаіўся непадалёк у глыбокім цені. Прайшло няшмат часу, пакуль Кардыльяк выйшаў і бязгучна рушыў наперад. Я за ім. Ён рухаўся ў бок вуліцы Сэн-Анарэ. Сэрца маё калацілася. На нейкі момант Кардыльяк знік з маіх вачэй. Я вырашыў стаць каля вашых дзвярэй. І тут міма, не прыкмеціўшы мяне, прайшоў, напяваючы і насвістваючы, афіцэр — як тады, калі я воляй выпадку стаўся сведкам крывавага ўчынку Кардыльяка. У той жа момант з цемры выскачыла чорная постаць і кінулася да мінака. Гэта быў Кардыльяк. Прагнучы не дапусціць гэтае смерці, я з гучным крыкам у два-тры крокі дабег да іх, але не афіцэр — Кардыльяк, смяротна паранены, з хрыпам апусціўся на зямлю. Афіцэр выпусціў кінжал, выцягнуў з похваў шпагу і заняў баявую пазіцыю, палічыўшы мяне хаўруснікам забойцы, аднак хутка паспяшаўся прэч, пабачыўшы, што я, не зважаючы на яго, аглядаю цела. Кардыльяк быў яшчэ жывы. Захапіўшы кінжал, кінуты афіцэрам, я ўзваліў цела на плечы і з цяжкасцю пацягнуў яго дадому, дзе праз патаемны ход падняў у майстэрню. Астатняе вам вядома. Як бачыце, шаноўная пані, мая адзіная правіна ў тым, што я не выдаў бацьку Мадлон суду і не паклаў тым самым канец ягоным злачынствам. Крыві на мне няма. Аніякімі катаваннямі не вырваць з мяне таямніцу ўчынкаў Кардыльяка. Я не хачу, каб насуперак вечнай сіле, якая схавала ад дабрадзейнай дачкі жахлівыя справункі бацькі, на яе цяпер абрынулася смяротным цяжарам уся гаркота мінулага, усяго яе быцця, каб помста свету падняла труп з-пад зямлі, што накрыла яго, каб кат зганьбіў косткі, што парахнеюць. Не! Каханая сэрца майго аплача мяне як нявінна загінулага, час загоіць яе рану, але невыноснымі сталі б яе галашэнні праз пякельныя ўчынкі яе дарагога бацькі.
Аліўе змоўк, але раптам з яго вачэй патокам лінулі слёзы, ён кінуўся да ног Скюдэры і ўзмаліўся:
— Вы ж верыце, што на мне няма віны! Злітуйцеся нада мной, скажыце, як там Мадлон!
Скюдэры гукнула Марціньер, і праз колькі імгненняў Мадлон ужо вісела на шыі ў Аліўе.
— Ну вось, усё добра, бо ты цяпер тут — я ведала, што шаноўная пані ўратуе цябе! — няспынна паўтарала Мадлон, і Аліўе забыўся на свой лёс, на ўсё, што яму пагражала — ён быў свабодны і шчаслівы. Абодва надзвычай кранальна дзяліліся перажытымі пакутамі, пасля ізноў абдымаліся і плакалі ад шчасця, што зноўку знайшлі адно аднаго.
Калі б Скюдэры дагэтуль не ўпэўнілася ў невінаватасці Аліўе, яна мусіла б паверыць у яе цяпер, назіраючы за маладымі людзьмі, якія ў асалодзе цеснага мілоснага яднання забыліся на цэлы свет, на свае беды і невымоўныя пакуты.
— Не, — усклікнула яна, — на такое блаславёнае забыццё здатнае толькі чыстае сэрца!
Ясныя промні світанку працялі аконныя шыбы. Дэгрэ ціха пастукаў у дзверы пакоя і нагадаў, што, каб адвезці Аліўе Брусона назад, не прыцягваючы лішняй увагі, трэба ісці цяпер, бо пазней гэта будзе немагчыма. Закаханым давялося разлучыцца.