Дрыгва
Шрифт:
Жыццё яго поўна небяспекі. Кожны дзень, кожная гадзіна тояць у сабе прыхаванае падступства і здраду. I шмат было ў таварыша Нявіднага напружаных момантаў, такіх, калі воля і само жыццё яго віселі на танюсенькай павуцінцы. Ён расказаў бы шмат цікавых здарэнняў з практыкі свайго патаемнага вандроўніцтва і нелегальнага жыцця ў драпежнай пастцы жорсткіх акупантаў. На яго расстаўляюць сеці дасціпныя аматары польскай паліцыі, хітрыя і прабеглыя шпіёны заходнееўрапейскага складу. Але яму дапамагае арганічнае зрастанне з масамі загнанай у закуткі жыцця беднаты. Яна яго любіць, верыць яму, як свайму чалавеку. Яна жі бароніць яго, папярэджвае, хавае, вырывае з рук добраахвотных сышчыкаў накшталт Бусыгі, бачыўшых пагібель сваю ў прапагандзе і падпольнай рабоце Нявіднага. Нявідны ведае, што чакае яго, калі зловіць яго панская агентура. Але ён ведае і верыць
Ідзе Нявідны, разам з ім, побач яго і над ім шуміць многагалосы паток жыцця, гарманічны, сугучны з першага погляду, супярэчлівы і прасякнуты духам змагання, калі прыгледзецца да яго ўважней і глыбей. Нявідны сам сабе пасміхаецца, ён ведае, хто з'яўляецца прапаведнікам гэтай гарманічнасці жыцця не толькі ў прыродзе, але і ў людскім грамадстве, каму і для чаго патрэбна яна. Нявідны не прызнае такой пропаведзі — ён сейбіт буры і класавай нянавісці ў імя новага чалавека і новага сацыяльнага ладу, бо толькі праз буру змагання будзе звергнуты стары свет і прыйдзе новая эпоха. Думкі заводзяць Нявіднага далёка за межы сённяшняга дня і закалыхваюць яго спасцярожлівую пільнасць. Ён забывае, што ходзіць над краем бяздоння, што ворагі ўсюды сочаць за ім. Ён цьмяна, як у сне, бачыць на момант чалавечую постаць, але яна зараз жа знікае з поля яго зроку і з яго свядомасці.
Дарога сціскаецца лесам і спускаецца ў лагчыну, потым ізноў падымаецца на горку. Нявідны ідзе далей. Перед ім раскрываецца круглая паляна, а на паляне відаць сядзіба — хутар ці сярэдняй рукі фальварак. Нявідны хоча звярнуць з дарогі ўбок, каб не быць заметным з боку сядзібы. Аж зірк — на спатканне яму высоўваюцца нейк адразу трое мужчын. Па вопратцы тутэйшыя сяляне. Нявідны крыху сумеўся: у іх абліччы і поглядзе, кінутым на яго занадта ўважна, яму паказалася штось не зусім ладнае. Але зварочваць у лес цяпер ужо было па часе. Нявідны ідзе насустрач ім, стараючыся нічым не выказваць свайго непакою.
— Панічок, ці няма ў вас агню? — украдліва-пачціва пытае яго адзін з пабітым воспаю тварам. I для большай натуральнасці такога запытання паказвае скручаную з газетнай паперы цыгарку. Усе трое спыняюцца, прычым двое другіх становяцца па баках Нявіднага.
"Шпікі", — маланкаю мільгае ў галаве Нявіднага.
— Агонь павінен быць, — бестурботна-спакойна адказвае ён і абмацвае кішэні, затрымаўшы правую руку на рукаятцы браўнінга. Стаяўшыя па баках пераглянуліся, вачыма далі знаць адзін аднаму.
— Беж его!
I раптам кінуліся на Нявіднага. У момант вока Нявідны выхапіў браўнінг і выстраліў, не цэлячыся, у таго, што быў злева. Сышчык упаў на зямлю. Але гэта была толькі яго хітрасць: куля праляцела міма, прабіўшы яму адзежу і чуць крануўшы скуру на баку. Другі ў той жа момант схапіў Нявіднага за руку ніжэй локця і крэпка сціснуў яе. Аспаваты кінуўся наўцёкі. Упаўшы сышчык маланкай падняўся на ногі і схапіў руку Нявіднага з браўнінгам і так сціснуў яе, што пальцы разагнуліся, рэвальвер выпаў на зямлю. Між імі пачалася
Нявідны вырываўся з усіх сіл, каб вызваліць рукі. Але сышчык трымаў яго моцна і стараўся паваліць.
— А, пшэклёнты бальшавік! Ніц не паможэ! — хрыпеў ён. Другі, што падняўся з зямлі, рвануў Нявіднага за ногі, і ён упаў. Цяпер падбег і аспаваты. З лесу выбеглі яшчэ двое ў форме вайскоўцаў. Нявіднага тапталі нагамі і білі, але з такім разлікам, каб пакінуць жывым. Збіты і акрываўлены, Нявідны ляжаў нерухліва. Яго перасталі біць, ператрэслі кішэні і тады надзелі яму наручнікі. З сядзібы пад'ехала фурманка. Нявіднага кінулі ў павозку і павезлі пад канвоем трох польскіх агентаў.
Толькі ў дарозе, спусціўшы некаторы час, Нявідны ачнуўся і прыйшоў да памяці, але ён не паказваў гэтага сядзеўшым каля яго агентам. Відаць, яны мала клалаціліся за жыццё свае ахвяры: яны былі спецыялісты па часці біцця да пэўнай мяжы, з тым, каб захаваць сваю ахвяру для допыту ў засценні польскіх астрогаў. З трыумфам ехалі яны і пільна вартавалі сваю ахвяру. Нявідны, перамагаючы боль збітага цела, прыпамінаў, што з дакументаў папала ў рукі яго катаў. Такіх дакументаў, якія маглі б пацягнуць за сабою арышты другіх асоб, Нявідны не меў звычаю насіць пры сабе. Пры ім было некалькі брашур ваеннага агітпропа, накіраваных супраць белапольскай акупацыі, адозвы да працоўнай беднаты з заклікам адкрыта ўступаць у бой з класавым ворагам шляхам партызанскай вайны і арганізацыі рэвалюцыйных камітэтаў. Самі па сабе дакументы гэтыя нічога не давалі панскай агентуры ў сэнсе выкрыцця іншых асоб, апроч Нявіднага. Гэта яго заспакоіла. Яго мучыла смага, але ён цярпеў. Агенты прабавалі гаварыць з ім, але ён, не хаваючы свае агіды да іх, маўчаў і не пазіраў на іх.
Аб арышце небяспечнага "злачынца" былі зараз жа апавешчаны вышэйшыя органы адпаведных польскіх аддзелаў. Адтуль распарадзіліся даставіць Нявіднага глыбей у тыл, у болей надзейны астрог. Некалькі дзён перасылалі Нявіднага з астрога ў астрог пад моцным канвоем, дзе пехатой, дзе фурманкамі і нарэшце чыгункаю.
Астрог, збудаваны яшчэ пры цару, быў цёмны і пануры. Нявіднага ўвялі ў кантору астрога, здалі па дакументах, дзе быў адзначан характар "злачынства": падпольная работа, накіраваная на зрыў польскага "ужонда", арганізацыя "разбою" і распальванне класавай нянавісці да пануючага класа. Яго абыскалі, і ўжо турэмная стража пад моцным канвоем павяла яго ў адзіночную камеру, што змяшчалася ў ніжнім этажы рагавой турэмнай вежы. Сотні арыштаваных за ўдзел у рэвалюцыйным руху напаўнялі астрог. Іх бледныя, змучаныя твары паказваліся ў закутых у жалеза вокнах з усіх паверхаў астрога.
— Адкуль, таварыш?
— За што? — чуліся мужчынскія і жаночыя галасы.
— З Палесся!
— То нявольна! — крыкнуў Нявіднаму чорны астрожны цэрбер і штурхануў яго ў плечы, а варта, пастаўленая на двары астрога, стрэльбамі пагражала зняволеным і са спецыфічна астрожнаю лаянкаю адганяла іх ад акон.
З іржавым скрогатам расчыніліся грузкія жалезныя вароты, як пасць астрога. Цёмным калідорам падзямелля, дзе смутна блішчалі агеньчыкі ліхтароў, а побач змяшчаліся карцэры і розныя клятушкі-камеры, павялі Нявіднага ў рагавую вежу. Прайшлі калідор, павярнулі ў цесную шчыліну, у вузкі праход між тоўстых мураваных сцен, прайшлі яшчэ адны дзверы, і Нявідны апынуўся ў круглай маленькай камеры. У камеры было пуста, холадна і сыра. На цэментавай падлозе стаяў дзервяны тапчан-койка, а высока ўгары была зроблена невялічкая ніша, забітая жалезнымі кратамі. Праз яе скупа прабівалася святло ў камеру. Турэмшчыкі выйшлі. Загрымеў ключ у замку, дзверы цяжка зачыніліся, і Нявідны астаўся адзін, адгароджаны ад свету, людзей і волі. Ён прысеў на голы тапчан, азірнуўся… тупік. Далей ходу няма!.. Канец!..
Нявідны не цешыў сябе ніякімі ілюзіямі. Смяртэльная маркота ахапіла яго. Адзін, ні жывой душы. Жудасная цішыня, а ў гэтай цішыні плылі нейкія далёкія, глухія гукі і губляліся тут… Там, у Гомельшчыне, засталася старая маці. Ніколі ў жыцці не адчуў ён такой вострай жаласці да яе, як у гэты момант. Яна так дрыжала над ім, так старалася ўсцерагчы яго. Два сыны яе загінулі на імперыялістычнай вайне. Дзве дачкі павыходзілі замуж і паўміралі. Чарга за ім, а маці застаецца адна ў свеце, перажыўшы дзяцей і мужа-чорнарабочага. Не бачыла яна радасці ў жыцці, і не ведае яна, што ён, апошні сын яе, яе радасць і апошняя сувязь яе з жыццём, адзін сядзіць у гэтай дамавіне… Лічаныя дні, а можа, гадзіны аддзяляюць яго ад цёмнага, жудаснага ў сваёй пустаце і маўклівасці нябыту.