Дрыгва
Шрифт:
— Лупі іх, хлопцы!
Грымнуў траскучы дружны залп, зататакаў кулямет, адзін і другі. Не чакалі палякі з гэтага боку ворага і не ведалі, хто ён. Кінуліся назад, пакінуўшы гарматы, беглі, падалі і не падымаліся. Кінуліся партызаны да гарматы, захапілі яе разам з двуколкамі і з усёю запрэжкаю. Знайшліся старыя салдаты-артылерысты. Гармату павярнулі жаралом у бок палякаў і пачалі біць у іх з блізкай дыстанцыі простаю наводкаю. Палякі пакідалі зброю, гарматы і бязладным натоўпам, не слухаючы сваіх камандзіраў, беглі ў лес, хто куды. Як ваенная арганізаваная сіла гэта часць польскага войска перастала існаваць.
Неспадзяваны
Была глыбокая ноч. Скрозь галіны дрэваў скупа прабіваўся тужлівы бляск месяца. Стомленыя байцы, акапаўшыся на выспе, з трывогаю чакалі недалёкай раніцы заўтрашняга дня. Болыпая частка іх спала, скурчыўшыся каля камлёў, палажыўшы галаву на карані. Пад разложыстым дубам прытуліўся камандны склад батальёна: Шалёхін, тры ротныя камандзіры і начальнік кулямётнай каманды. Змучаныя, стомленыя і атупелыя, яны панура маўчаць, зрэдку перакідаюцца кароткімі фразамі.
— Справа — швах! — гаворыць начальнік кулямётнай каманды.
— Ты б сказаў што-небудзь новае, — панура заўважае адзін з ротных камандзіраў.
— Мая думка — спрабаваць прабіцца, — кажа другі.
— Калі б для гэтага зброяй служыў кулак, то, можа, і прабіліся б, — адзываецца камандзір другой роты.
— Куды прабівацца? — пытае кулямётчык.
— Дык што ж па-твойму? Здавацца ў палон? — сярдзіта асаджвае яго ПІалёхін.
Ён дзелавіта чухае патыліцу і крэпка лаецца, ні да кога не адрасуючы сваіх крэпкіх слоў.
Камандзір першай роты недарэчы і не да месца ціха спявае старую песню, колісь модную ў царскіх казармах:
Бывалі дні вясёлыя, Гуляў я, маладзец.— I дагуляўся, — іранічна заўважае кулямётчык.
Шалёхін думае і прыдумаць нічога не можа. Ён нервова кусае губы. У такім паганым мяшку не быў ён ніколі. Яму прыкра, прыкра перад усім батальёнам, перад радавымі байцамі, даручыўшымі яму свой ваяцкі гонар і славу.
— Хоць бы закурыць, чэрці б яго пабралі, — чуецца чыйсь голас, а потым і адказ на яго:
— Дажыліся
Маўклівая цішыня змяняе іх гутарку. Стомлены Шалёхін не спіць. Не спяць камандзіры. Упадніцкія мыслі западаюць у сэрца, але ніхто аб іх не гаворыць: не да твару яны байцу. Астаецца дзесь у глыбінях свядомасці і— месца для надзеі: ану ж, выхад знойдзецца.
Шалёхін раптам падымае галаву: пачулася яму ці гэта проста галюцынацыя слыху? Ён кладзе руку на наган, прыслухоўваецца. Чыесь асцярожныя крокі, нібы хтось крадзецца. Падымае галаву і камандзір першай роты, высокі, сухі, з глыбока запаўшымі вачыма. Яны ўзіраюцца ў цемру ночы, яшчэ болей густую пад навіссю галін. Прысадзістая цёмная постаць чалавека выплывае з цемры.
— Таварыш Шалёхін! — ціха аклікае цёмная постаць.
Камбат прыпадымаецца.
— Хто мяне кліча?
— Я, Талаш! — адказвае цёмная прысадзістая постаць.
Шалёхін парывіста ўстае, кідаецца да дзеда Талаша.
— Бацька, гэта вы!
I крэпка трасе старому руку.
— Не журыцеся, таварышы: я выратую вас!
— Ды ты будзеш наш бальшавіцкі ангел! — чуецца чыйся радасна-жартлівы голас.
— Склікайце ж начальнікаў, збірайце байцоў і ў паход!
— У які паход?
— Ццсс! — сунімае дзед Талаш громкі голас кулямётчыка, — за мною, на Прыпяць: мой флот і мае матросы чакаюць вас, таварышы, — урач&ста-жартліва гаворыць стары атаман.
Мінута — батальён на нагах. Бясшумна цянююць на Прыпяць. Без канца доўгая фаланга чаўноў і лодак упіраецца ў бераг вострымі насамі. Пагрузілі на лодкі ўсе кулямёты. Паселі байцы. Суровыя і маўклівыя перавозчыкі са стрэльбамі і гранатамі адчальваюць ціха, без шуму, плывуць некаторы час уздоўж берага між высокіх маладых чаротаў, а потым вернуць упоперак Прыпяці і шчасліва прыстаюць на яе другі бераг.
XXXV
Аднавілася, ажыла зямля.
Многагалосы, разнастайны паток жыцця залівае кожны шматок яе, поўніць лясы, поле, балоты і несціханым звонам калыша чуллівае празрыстае паветра. Адзеліся дрэвы ў новую зялёную вопратку, і такую паважную, поўную свайго мудрага сэнсу гутарку вядзе дрэва з дрэвам, лісток з лістком, а пад дрэвамі — былінка з былінкаю, а ў гэтых дрэвах, лістах і былінках пераклікаюцца птушкі, кузуркі, і іх галасы зліваюцца ў адну сімфонію дзівоснай музыкі жыцця.
Невысокі хударлявы чалавек прыслухоўваецца да многагалосага звону, спеву, музыкі, што ідуць разам з ім дарогаю ўскрай лесу, ідуць усюды, дзе ні ступае нага яго. Уся гэта сімфонія, калі ўслухацца ў яе глыбей і бліжэй прыгледзецца да ўсёй гэтай сугучнасці жыцця, ёсць водгулле прыхованага, а часамі і непрыкрытага зацятага змагання за жыццё. Невысокі хударлявы чалавек, сейбіт буры і змагання, упэўнен у гэтым, бо перад яго вачыма раскрыта праўда жыцця і яго завуаляваныя спружыны. Вось чаму ён так упэўнена і смела ходзіць патаемнымі дарогамі па зямлі акупаванага Палесся і поўнаю жменяю сее насенне буры і нянавісці да класавых ворагаў, глыбока ўзорваючы глебу свядомасці прыгнечаных, загнаных у закуткі жыцця. У яго глыбокая вера ў праўду гэтай сяўбы. Ён бачыць багатыя ўсходы свайго севу, і ад таго яму так весела, і настрой яго ўзняты.