Стэпавы воўк
Шрифт:
Вось і збылося яе жаданне. Яшчэ да таго як яна зрабілася зусім маёй, я забіў сваю каханую. Я ўчыніў непамыснае, і вось я стаяў на каленях, не ведаючы, што азначае гэты ўчынак, не ведаючы нават, ці добры ён, ці правільны альбо нядобры і няправільны. Што сказаў бы пра яго той разумны шахматыст, што сказаў бы пра яго Пабла? Я нічога не ведаў, я не мог думаць. Усё гарачэй на пагаслым твары чырванеў нафарбаваны рот. Такім было ўсё маё жыццё, такая была мая маленькая долька любові і шчасця, як гэты застылы рот: крыху чырвонай фарбы на мёртвым твары.
І ад гэтага мёртвага твару, ад мёртвых белых плячэй, ад мёртвых белых рук павольна падкрадвалася жудасць, ад іх веяла зімовай пустэчай і закінутасцю, павольна нарастаючым холадам, на якім у мяне пачалі калець пальцы і губы. Няўжо я патушыў
Вусцішна глядзеў я на акамянелы лоб, на застылы завітак валасоў, на бледна-халодную ракавіну вуха. Холад, які цёк ад іх, быў смяротны і ўсё ж цудоўна прыгожы: ён звінеў, ён дзівосна вібраваў, ён быў музыкай!
Ці не адчуваў я ўжо раней у мінулым гэтай вусцішнасці, якая тымі часамі была нечым накшталт шчасця? Ці не чуў я ўжо калісьці гэтай музыкі? Так, у Моцарта, у несмяротных.
Мне згадаліся вершы, якія я аднойчы ў мінулым дзесьці знайшоў:
Мы ж у вечнасці спакон лунаем у эфіры, дзе касмічны лёд, ні гадзін сабе, ні дзён не маем, мы бясполы, без узросту род. Холад, безрух мы - на тым стаім, і халодны смех у нас - спаконна...Тут дзверы ў ложу адчыніліся, і ўвайшоў - я пазнаў яго толькі з другога позірку - Моцарт, без касы, але ў штанах да каленяў, не ў чаравіках з пражкамі, а апрануты сучасна. Ён сеў амаль побач са мною, я за малым ледзь не дакрануўся да яго і не затрымаў яго, каб ён не запэцкаўся крывёю, што выцекла на падлогу з грудзей Герміны. Ён сеў і засяродзіўся ўвагай на нейкіх невялікіх апаратах і прыборах, што стаялі навокал, ён заклапочана корпаўся ў нейкіх вінтах і рычагах, і я з захапленнем глядзеў на яго ўвішныя пальцы, якія рады быў бы пабачыць над фартэпіяннай клавіятурай. Задуменна глядзеў я на яго, дакладней, не задуменна, а замроена, цалкам заглыбіўшыся ў сузіранне яго прыгожых, разумных рук, адагрэты і крыху спалоханы адчуваннем ягонай блізкасці. Што, уласна кажучы, ён тут рабіў, што падкручваў і падналаджваў, - на гэта я зусім не зважаў.
А ўстанаўліваў і наладжваў ён радыёпрыёмнік, і цяпер уключыў гук і сказаў:
– Гэта Мюнхен, перадаюць фа-мажорны «Concerto grosso F-Dur» Гендэля.
І праўда, на маё вялікае здзіўленне і жах, д'ябальская жалезная варонка выплюнула тую сумесь бранхіяльнай макраты і жаванай гумы, якую называюць музыкай уладальнікі грамафонаў і абаненты радыё, - а за каламутнай сліззю і хрыпамі, як за карой гразі старую, выдатную карціну, можна было і насамрэч разабраць высакародны строй гэтай боскай музыкі, яе царскі лад, яе халоднае глыбокае дыханне, яе шырокую струнную паўнагучнасць.
– Божа, - усклікнуў я ў жаху, - што вы робіце, Моцарт? Няўжо вы не жартам валіце на сябе і на мяне гэтую пошласць, не жартам напускаеце на нас гэтую мярзотную прыладу, трыумф нашай эпохі, яе апошнюю пераможную зброю ў знішчальнай вайне супроць мастацтва? Няўжо без гэтага нельга абысціся, Моцарт?
О, як зарагатаў гэты жудасны субяседнік, якім халодным і прывідным, бязгучным і ў той самы час усёразбуральным смехам! Са шчырай прыемнасцю назіраў ён за маімі пакутамі, круціў праклятыя вінцікі, перасоўваў бляшаную варонку. Смеючыся, ён цадзіў далей знявечаную, знядушаную і атручаную музыку, смеючыся, адказваў мне:
– Не трэба пафасу, суседзе! Дарэчы, ці звярнулі вы ўвагу на гэта рытарданда? Знаходка, га? Ну, дык вось, упусціце ў сябе, няўрымслівы чалавеча, ідэю гэтага рытарданда, - чуеце басы? Яны ідуць, як багі, - і хай гэтая знаходка старога Гендэля пройме і ўрымсціць ваша неспакойнае сэрца! Услухайцеся, чалавеча, услухайцеся без патэтыкі і без пакепу, як за покрывам гэтай смешнай прыладзіны, покрывам і праўда ж безнадзейна ідыёцкім, высоўваецца далёкі вобраз музыкі багоў! Прыслухайцеся, тут можна сяго-таго навучыцца. Заўважце, як гэты вар'яцкі рупар робіць, здавалася б, самую дурную, самую непатрэбную і самую забароненую на свеце рэч, як ён па-дурному, груба і наўздогадзь шпурляе музыку, якая недзе там выконваецца, да таго ж
– Правільным? О не!
– усклікнуў я ў адчаі.
– Божа мой, усё гэта так няправільна, такое дурное і кепскае! Я быдла, Моцарт, дурное, злое быдла, хворае і сапсаванае, тут ваша праўда тысячу разоў... Але што да гэтай дзяўчыны, дык яна сама гэтага хацела, я толькі выканаў яе жаданне.
Моцарт бязгучна засмяяўся, але ўсё-такі даў сабе волі выключыць радыё.
Маё апраўданне, хоць я яшчэ толькі што верыў у яго, раптам здалося мне даволі дурным. Калі Герміна аднойчы - успомніў я раптам - казала пра час і вечнасць, я адразу гатовы быў лічыць яе думкі адбіткам сваіх думак. А што думка пра тое, каб я забіў яе, узнікла ў Герміны самой, без якога б там ні было майго ўплыву, - гэта я прыняў як нешта, што разумееца само сабою. Але чаму ж я тады не проста прыняў гэтую страшную, гэтую дзівосную думку, не проста паверыў у яе, а нават адгадаў яе наперад? Ці не таму ўсё-такі, што яна была маёй? І чаму я забіў Герміну як рыхтык у той самы момант, калі застаў яе голую ў абдымках іншага? Усёведання і здзеку быў поўны бязгучны Моцартаў смех.
– Гары, сказаў ён, - вы жартаўнік. Няўжо і насамрэч гэтая ладная дзяўчына не хацела ад вас нічога, акрамя ўдару нажом? Расказвайце гэта каму іншаму! Ну, хоць парнулі вы добранька, бедная малышка мёртвенькая. Пара вам, нябось, уразумець наступствы вашай галантнасці з гэтай дамай, альбо ж вы хочаце ўвільнуць ад наступстваў?
– Не, - крыкнуў я.
– Няўжо вы нічога не разумееце? Увільнуць ад наступстваў! Ды калі я чаго хачу, дык толькі акупіць, акупіць сваю віну, пакласці галаву на плаху, прыняць кару, быць знішчаным!
Моцарт паглядзеў на мяне з нясцерпным сарказмам.
– Да чаго ж вы патэтычны! Але вы яшчэ навучыцеся гумару, Гары. Гумар заўсёды гумар, і пры патрэбе вы навучыцеся гумару менавіта на шыбеніцы. Вы гатовыя да гэтага? Так? Выдатна, тады ідзіце да пракурора і цярпліва перанясіце ўсю пазбаўленую гумару судзейскую каніцель аж да таго моманту, калі вам холадна адсякуць галаву рана раніцай у турме. Вы, значыцца, гатовыя да гэтага?
Перад мною раптам прабліснуў надпіс: