Стэпавы воўк
Шрифт:
Я сказаў гэта вельмі бойка, але не ад шчырага сэрца. Я не мог уявіць сабе такі абсалютна несімпатычны мне апарат у сваім кабінеціку з кнігамі, ды і танцаваць мне зусім не карцела. Пры нагодзе, думаў я, гэта можна паспрабаваць, - хоць і быў перакананы, што я надта стары няўклюда і танцаваць ужо не навучуся. Але так, згопалу, - гэта было мне занадта імкліва, і я адчуваў, як ува мне, старым, распешчаным знаўцы музыкі, паўстае ўсё супроць грамафона, джазу і сучаснай музычнай скочнасці. І каб цяпер у маім пакоі, побач з Навалісам і Жанам Полем, у келлі, дзе я аддаваўся сваім думкам, у маёй схованцы загучалі амерыканскія шлягеры, а я каб яшчэ і скакаў пад іх, - людзі аніяк не маглі патрабаваць ад мяне. Але патрабавалі гэтага не нейкія абстрактныя «людзі», патрабавала Герміна, а ёй якраз і выпадала камандаваць. Я падпарадкаваўся. Вядома, я падпарадкаваўся.
На другі дзень паполудні мы сустрэліся ў кавярні. Герміна ўжо сядзела там, калі я прыйшоў,
– Гэта ты?
– спыталася Герміна, паказваючы на маё імя.
– Ну, і нажыў жа ты сабе ворагаў, Гары. Цябе гэта злуе?
Я прачытаў некалькі радкоў, усё было як звычайна, кожны з гэтых стэрэатыпных кленічаў быў мне ўжо шмат гадоў да агіды знаёмы.
– Не, - сказаў я, - гэта мяне не злуе, я даўно прывык. Я няраз казаў, што, замест каб закалыхваць сябе палітыканскім пытаннем «хто вінаваты?», кожны народ, а нават і асобны чалавек павінен пакалупацца ў сабе, зразумець, наколькі ён сам, праз свае ж памылкі, недагляды, дурныя звычкі, вінаваты ў вайне і іншых няшчасцях свету, што гэта, можа, адзіны спосаб пазбегчы наступнай вайны. Гэтага яны не даруюць, дзіва што, яны ж самыя не вінаватыя, - кайзер, генералы, буйныя прамыслоўцы, палітыкі, газеты, - нікому няма чым сябе папікнуць, ні на кім няма ніякай віны! Можна падумаць, што ў свеце ўсё выдатна, толькі вось дзесятак мільёнаў забітых гніюць у зямлі. І разумееш, Герміна, хоць такія пасквілі ўжо не могуць раззлаваць мяне, часам робіцца ад іх моташна. Дзве траціны маіх суайчыннікаў чытаюць такога роду газеты, чытаюць кожнай раніцы і кожны вечар гэтыя словы, людзей штодня апрацоўваюць, павучаюць, падбухторваюць, робяць незадаволенымі і злоснымі, а мэта і канец усяго гэтага - зноў вайна, наступная, ужо навіслая вайна, якая, напэўна ж, будзе яшчэ больш жахлівая за мінулую. Усё гэта як божы дзень ясна і проста, кожны чалавек мог бы зразумець, мог бы, калі б з гадзінку падумаў, прыйсці да такой самай высновы. Але ніхто не хоча, ніхто не хоча ўнікаць наступнай вайны, ніхто не хоча выбаўляць сябе і сваіх дзяцей ад наступнай масавай разні, калі гэта каштуе не танней. Падумаць гадзінку, на нейкі час заглыбіцца ў сябе і задацца пытаннем, у якой меры ты сам удзельнічаеш і вінаваты ў беспарадку і зле, што пануюць у свеце, - гэтага, разумееш, ніхто не хоча! І значыцца, так будзе і далей, і тысячы людзей будуць дзень у дзень рупліва спрычыняцца да новай вайны. З таго часу як я гэта ведаю, яно забівае мяне і ўкідае ў роспач, у мяне ўжо няма ні «бацькаўшчыны», ні ідэалаў, гэта ж ўсё толькі дэкарацыя варацілам, якія рыхтуюць чарговую бойню. Няма ніякага рэзону па-чалавечы думаць, гаварыць, пісаць, няма сэнсу насіцца з добрымі думкамі: на двух-трох чалавек, якія гэта робяць, прыпадае кожны дзень тысячы газет, часопісаў, прамоваў, адкрытых і таемных пасяджэнняў, якія імкнуцца да зусім іншага і дасягаюць таго іншага.
Герміна слухала спачувальна.
– Так, - сказала яна цяпер, - твая праўда. Вядома, вайна зноў будзе, не трэба чытаць газет, каб ведаць гэта. Можна і пажурыцца з добрага дзіва, але ці варта. Гэта ўсё адно як журыцца, што так яно, а ці гэтак, а паміраць давядзецца. Змагацца са смерцю, мілы Гары, - занятак заўсёды прыгожы, высакародны, цудоўны і годнасны, а значыцца з вайной - таксама. Але ж гэта заўсёды - безнадзейнае і марнае донкіхоцтва.
– Можа, яно і так, - рэзка ўсклікнуў я, - але ад такіх праўдаў, што ўсе мы неўзабаве паўміраем і, значыцца, на ўсё можна напляваць, само жыццё робіцца пошлым і дурным. Па-твойму, выходзіць, нам трэба ўсё кінуць, адмовіцца ад усякай духоўнасці, ад усякіх памкненняў, ад усякай чалавечнасці, змірыцца з гвалтам, любоўю да славы і грошай і чакаць за куфлем піва наступнай мабілізацыі?
Дзіўны быў позірк, які цяпер кінула на мяне Герміна, позірк пакепліва-здзеклівы, шальмавата-дураслівы, спагадліва-таварыскі і разам з тым цяжкі, поўны значнасці і самай глыбокай сур'ёзнасці!
– Ай, ды не ж, - сказала яна
– Тваё жыццё не будзе пошлым і дурным, нават калі ты ведаеш, што змаганне не прывядзе да поспеху. Куды больш пошла, Гары, змагацца за нешта добрае, за нейкі там ідэал і думаць, што ты мусіш дасягнуць яго. Хіба ідэалы існуюць дзеля таго, каб іх дасягалі? Хіба мы, людзі, жывём дзеля таго, каб адмяніць смерць? Не, мы жывём, каб баяцца яе, а потым зноў любіць, і менавіта ж дзякуючы ёй, смерці, жыццё часам так цудоўна прамяніцца. Ты дзіця, Гары. Слухайся цяпер і ідзі са мною, у нас сёння ёсць шмат чым заняцца. Сёння я больш не буду думаць пра вайну і газеты. А ты?
Дзіва што! Я таксама гатовы пра гэта не думаць. Мы пайшлі разам - гэта быў наш першы шпацыр па горадзе разам - у музычны магазін; там мы пачалі аглядаць грамафоны, мы іх адчынялі, зачынялі, заводзілі, і калі адзін з іх здаўся нам якраз што трэба, вельмі зручны і недарагі, я намерыўся купіць яго, але Герміна не хацела спяшацца. Яна стрымала мяне, і я спачатку выправіўся з ёю ў другую краму, каб і там агледзець і праслухаць грамафоны ўсіх тыпаў і памераў, і толькі пасля гэтага яна згадзілася вярнуцца ў першы магазін і купіць раней правераны апарат.
– Вось бачыш, - сказаў я, - гэта мы маглі б зрабіць прасцей.
– Ты так думаеш? А заўтра, можа, мы ўбачылі б у іншай вітрыне такі самы апарат, толькі на дваццаць франкаў таннейшы. І апрача таго купляць - гэта асалода, а што дае асалоду, тым якраз і трэба асаладзіцца на поўніцу. Табе яшчэ трэба вучыцца і вучыцца.
З дапамогай пасыльніка мы даставілі наш набытак да мяне на кватэру.
Герміна ўважліва агледзела маю гасцёўню, пахваліла печ і канапу, пасядзела на крэслах, пачапала кнігі, затрымалася перад фотаздымкам маёй каханай. Грамафон мы паставілі на камоду сярод наваленых кніг. І тут пачалася наша навука. Яна паставіла факстрот, паказала мне першыя па, узяла маю руку і павяла. Я паслухмяна таптаўся за ёю, натыкаўся на крэслы, слухаўся яе ўказак, не разумеў яе, наступаў ёй на ногі і быў такі ж нехлямяжы, як і руплівы. Пасля другога танца яна кінулася на канапу і засмяялася, як дзіця.
– Божа, які ж ты растопа! Хадзі проста, бы на шпацыры! Тужыцца зусім не трэба. Табе, здаецца, нават горача стала? Добра, хвілін пяць адпачнём! Зразумей, танцаваць, калі ўмееш, гэтак жа проста, як думаць, а навучыцца танцаваць куды лягчэй. Цяпер ты будзеш больш спакойна ставіцца і да таго, што людзі не прывучаюцца думаць, што ім куды спадручней называць спадара Галера здраднікам радзімы і спакойна чакаць наступнай вайны.
Праз гадзіну яна пайшла, але запэўніла, што наступным разам навука пойдзе спарней. У мяне на гэты конт была іншая думка, і я быў вельмі расчараваны сваёй дурасцю і няўклюднасцю, за гэтую гадзіну я, здавалася, зусім не навучыўся, і мне не верылася, што наступным разам усё пойдзе лепш. Не, каб танцаваць, патрэбны здольнасці, якія ў мяне і не начавалі: гарэзлівасць, весялосць, нявіннасць, легкадумства, запал. Што ж, я даўно так і думаў.
Але, дзіўная рэч, наступным разам пайшло сапраўды лепш, і мне нават цікава стала, і пад канец урока Герміна заявіла, што факстрот я ўжо, бач ты, засвоіў. Але калі з гэтага яна зрабіла выснову, што заўтра мне трэба будзе ісці з ёю ў які-небудзь рэстаран, я перапалохаўся і заўпарціўся. Яна холадна нагадала мне пра маё абяцанне слухацца і загадала мне з'явіцца заўтра на чай у гатэль «Баланс».
Таго вечара я сядзеў дома, хацеў пачытаць, але не здолеў. Я баяўся заўтрага; страх было і падумаць, што я, стары, нясмелы, сарамяжлівы адлюднік, не толькі з'яўлюся ў адной з гэтых пошлых сучасных установаў, дзе п'юць чай і танцуюць, але і выступлю сярод чужых людзей у ролі танцора, яшчэ нічога не ўмеючы. І прызнаюся, я сам з сябе смяяўся і саромеўся сябе самога, калі адзін, у ціхім сваім кабінеце, завёў грамафон і ціхенька, на дыбачках, прарэпетыраваў факстротныя па.
Назаўтрага ў гатэлі «Баланс» граў невялікі аркестрык, падавалі чай і віскі. Я паспрабаваў падкупіць Герміну, прапанаваў ёй пірожныя, паспрабаваў пачаставаць яе добрым віном, але яна была непахісная.
– Ты прыйшоў сюды не бавы бавіць. Гэта ўрок танцаў.
Я пратанцаваў з ёю разы два-тры, і ў прамежку яна пазнаёміла мяне з саксафаністам, смуглым, прыгожым маладым чалавекам іспанскага ці тое паўднёваамерыканскага тыпу, які, як яна сказала, умеў іграць на ўсіх інструментах і гаварыць на ўсіх мовах свету. Гэты сеньёр, здавалася, вельмі добра ведаў Герміну і быў з ёю ў самых прыяцельскіх стасунках, перад ім стаялі два рознай велічыні саксафоны, у якія ён папераменна трубіў, уважліва і весела вывучаючы чорнымі бліскучымі вачыма танцораў. На свой вялікі подзіў, я адчуваў нешта накшталт рэўнасці да гэтага прастадушнага, прыгожага музыканта, не любоўнай рэўнасці, не, - пра любоў у нас з Гермінай і мовы не было, - а рэўнасці больш духоўнай, сяброўскай, бо ён здаўся мне не так ужо і вартым той цікавасці, той проста-такі вызначальнай увагі, нават пашаноўнасці, якія яна да яго выяўляла. Забаўныя даводзіцца заводзіць тут знаёмствы, міжволі падумалася мне.