Стэпавы воўк
Шрифт:
Яна моўчкі паглядзела на мяне.
– Можа, ты адгадаеш. Мне было б вельмі прыемна, калі б ты адгадаў. Ну ж бо, паглядзі на мяне добранька! Ты яшчэ не заўважыў, што ў мяне часам бывае хлапечы твар? Напрыклад, цяпер?
І праўда, прыгледзеўшыся да яе твару, я згадзіўся з ёю, гэта быў хлапечы твар. І калі я хвілінку павагаўся, твар загаварыў са мною і нагадаў мне маю падлеткавасць і тагачаснага сябра - таго звалі Герман. На нейкае імгненне яна зусім ператварылася ў таго Германа.
– Калі б ты была хлопчыкам, - сказаў я здзіўлена, - табе след было б звацца Германам.
– Хто ведае, можа, я і ёсць хлопчык,
– Цябе завуць Герміна?
Яна радасна запрамянілася, задаволена кіўнула, што я ўгадаў. Тут якраз падалі суп, мы пачалі есці, і яна развесялілася, як дзіця. Самае прыгожае і своеасаблівае, што мне падабалася ў ёй і чаравала, была гэтая здольнасць неспадзявана пераходзіць ад глыбокай сур'ёзнасці да пацешнай гуллівасці і наадварот, прычым яна пры гэтым зусім не мянялася і не крыўлялася, гэтым яна і была падобная на адоранае дзіця. Цяпер яна весялілася, падражнівала мяне факстротам, нават раз-поразу штурхнула нагой, горача хваліла ежу, заўважыла, што я лепш апранены, але знайшла яшчэ кучу недахопаў ў маёй знешнасці.
Гамонячы з ёю, я спытаўся:
– Як гэта ў цябе так атрымалася, што ты раптам зрабілася падобнай на хлопчыка і я адгадаў тваё імя?
– О, гэта атрымалася ў цябе самога. Як жа ты, вучоны муж, не разумееш, што я таму табе і падабаюся і важная табе, што я як бы люстэрка, што ўва мне ёсць нешта такое, што табе адказвае і цябе разумее? А ўвогуле ўсім людзям не зашкодзіла б быць адзін аднаму такімі люстэркамі, трэба было б так адказваць, так адпавядаць адно аднаму, але такія дзівакі, як ты, - рэдкія і лёгка збіваюцца на іншае: яны, як зачараваныя, нічога не могуць убачыць і прачытаць у чужых вачах, яны ні да чога не прычыняюцца. І калі такі дзівак раптам ўсё-такі знаходзіць твар, які шчыра на яго глядзіць і ў якім ён чуе нешта падобнае на адказ і роднасць, ну, тады ён, вядома, радуецца.
– Ты ўсё ведаеш, Герміна!
– усклікнуў я здзіўлена.
– Усё дакладна так, як ты кажаш! І ўсё ж ты зусім-зусім іншая, чым я! Ты мая процілегласць, у цябе ёсць усё, чаго няма ў мяне.
– Табе здаецца так, - сказала яна лаканічна, - і гэта добра.
І тут на яе твар, які сапраўды быў мне нейкім чароўным люстэркам, набегла цёмная хмара сур'ёзу, раптам увесь гэты твар задыхаў толькі сур'ёзнасцю, толькі трагізмам, бяздонным, як у пустых вачах маскі. Павольна, быццам праз сілу вымаўляючы слова за словам, яна сказала:
– Слухай, не забывай, што ты сказаў мне! А сказаў ты, каб я табе загадвала, а табе будзе радасць - слухацца маіх загадаў. Не забывай гэтага! Ведай, маленькі мой Гары: гэтак сама, як я хвалюю цябе, як мой твар дае табе адказ і нешта з мяне ідзе табе насустрач і пасяляе ў табе давер, - акурат так і ты хвалюеш мяне. Калі я таго разу ўбачыла, як ты паявіўся ў «Чорным арле», такі змораны, такі адсутны, такі няўвесь, нібыта быў ужо на тым свеце, я адразу адчула - гэты будзе мяне слухацца, ён прагне, каб я загадвала, і я буду яму загадваць! Таму я і загаварыла з табой, таму мы і паладзілі па-сяброўску.
Яна гаварыла з такой цяжкай сур'ёзнасцю, з такой душэўнай натугай, што я не зусім разумеў і паспрабаваў супакоіць яе і адвесці ад тэмы. Яна толькі адмахнулася ад гэтых маіх спробаў рухам броваў і гаварыла далей ледзяным голасам:
– Ты павінен стрымаць сваё слова, маленькі, так і ведай, а то пашкадуеш. Ты будзеш
– Выканаю, - сказаў я амаль бязвольна.
– Што ты загадаеш мне напаследак?
Але я ўжо даўмеўся - што. Бог ведае чаму.
Яна сцялася, быццам яе праняло лёгкім марозцам, і, здаецца, павольна выходзіла са сваёй забыццёвасці. Яе вочы не адпускалі мяне. І раптам яшчэ больш азмрочылася.
– Разумна было б, каб я ўвогуле не казала табе нічога. Але я не хачу быць разумнай, Гары, гэтым разам - не. Я хачу чагосьці іншага. Будзь уважлівы, слухай! Ты пачуеш гэта, зноў забудзеш, пасмяешся, паплачаш. Будзь уважлівы, маленькі! Я хачу пагуляць з табой, браток, не на жыццё, а на смерць, і, перш чым мы пачнём гуляць, хачу адкрыць табе свае карты.
Які прыгожы, які незямны быў у яе твар, калі яна гэта прамаўляла! У яе вачах, халодных і светлых, плыла мудрая журба, гэтыя вочы, здавалася, адпакутавалі ўсе магчымыя пакуты і прынялі іх. Вусны яе гаварылі цяжка, як бы нешта ім перашкаджала, - так гавораць на моцным марозе, калі дубянее твар, але паміж губамі, у куточках рота, у гульні ледзь бачнага кончыка языка праскоквала, насуперак позіркам і голасу, нейкая мілая, гуллівая пачуццёвасць, нейкая шчырая жарсць. На яе ціхі, роўны лоб звісаў кароткі завітак, і адтуль, з таго боку лоба, дзе ён звісаў, вылівалася зрэдзьчасу, як жывое дыханне, хваля хлапецкасці, двухполай магіі. Я слухаў яе спалохана і ўсё ж нібыта пад наркозам, як усё роўна напалавіну адсутна.
– Ты сімпатызуеш мне, - сказала, - з прыгоды, якую я ўжо адкрыла табе: я прарвала тваю адзіноту, я пераняла цябе каля самай брамы пекла і ажывіла. Але я хачу ад цябе большага, нашмат большага. Я хачу прымусіць цябе закахацца ў мяне. Не, не пярэч мне, дай даскажу! Ты вельмі сімпатызуеш мне, я гэта адчуваю, і ўдзячны мне, але ты не закаханы ў мяне. А я хачу зрабіць так, каб ты закахаўся, гэта ўваходзіць у маю прафесію, я ж бо жыву на тое, што прымушаю мужчын кахаць мяне. Але май наўме, я хачу зрабіць гэта не таму, што лічу цябе такім ужо чароўным. Я не закаханая ў цябе, Гары, як і ты не закаханы ў мяне. Але ты патрэбен мне гэтак сама, як патрэбная табе я. Я патрэбная табе цяпер, у гэтую хвіліну, бо ты ў роспачы і табе патрэбен штуршок, які кіне цябе ў ваду і верне да жыцця. Я патрэбная табе, каб ты навучыўся танцаваць, навучыўся смяяцца, навучыўся жыць. А ты спатрэбішся мне - не сёння, пазней - таксама дзеля нечагась важнага і цудоўнага. Калі ты будзеш закаханы ў мяне, я аддам табе свой апошні загад, і ты паслухаешся, і гэта будзе на карысць і табе, і мне.
Яна падняла ў шклянцы адну карычнева-фіялетавую з зялёнымі пражылкамі архідэю, на імгненне нахілілася над ёю і ўгледзелася ў кветку.
– Табе будзе нялёгка, але ты гэта зробіш. Ты выканаеш мой загад і заб'еш мяне. Вось у чым усё маё. І больш не распытвай!
Усё яшчэ гледзячы на архідэю, яна змоўкла, яе твар перастаў быць напружаным, ён расправіўся, як распраўляецца кветка, і раптам на вуснах у яе паявілася ўсмешка, хоць вочы яшчэ імгненне ашклянела глядзелі ў адну кропку. А потым яна страсянула галавой з маленькім хлапечым завіткам, выпіла глыток віна, успомніла раптам, што мы вячэраем, і з вясёлым апетытам паднасела на ежу.