Сьцяна
Шрифт:
На ўскрайку сяла ішоў агнявы бой, на вуліцы то паяўляліся, то зьнікалі разрозьненыя групы нямецкіх салдатаў, але ў двор болей не забягалі. Пасьля немцы і зусім зьніклі, сяло занялі чырвонаармейцы. Удзень мяне адправілі ў шпіталь.
Усе гады вайны я нікому не расказваў пра той выпадак: было небясьпечна, — але не пераставаў пра яго думаць. Усё ж гэта дзіўнаваты выпадак: сутыкнуўшыся са зброяй у руках, салдаты варожых арміяў падаравалі адзін аднаму жыцьцё. Хай і міжволі. Таму што, застрэліўшы тады немца, я таксама немінуча быў бы забіты. А можа, гэта Ўсявышні падарыў нам па другім жыцьці. I во я жыву.
Жоўты пясочак
Іх везьлі ноччу па цёмных гарадзкіх вуліцах кудысь прэч ад турмы, але ў які бок гораду — Аўтух зразумець ня мог. У крытай машыне не было вокнаў, не сьвяцілася нідзе нават маленькай шчыліны, і ні ўнутры, ні знадворку
Во ў тым, што аднаасобна, мабыць, найбольшы ягоны грэх. Праз тую аднаасобнасьць ён за год натрываўся столькі, што іншаму хапіла б на ўсё жыцьцё.
— Гэ, таварыш… А, таварыш, — далікатна папіхнуў ён лакцём суседа ў скуранцы. — Ня ведаеце, куды гэта нас?
— На кудыкіну гару, — не адразу і зласьліва адказаў сусед, нядаўні сьледчы ўправы НКВД Сурвіла.
Гэты Сурвіла ня тое, што Аўтух, — ён і ў цемры, з заплюшчанымі вачыма мог вызначыць іхны маршрут. Даўно і добра ён ведаў гэтую дарогу — ад гарадзкога цэнтру да ўскраіны і далей, паўз прыгарадную вёску да недалёкага ляска, дзе было наркамацкае стрэльбішча. Некалі сам туды вазіў такіх жа, асабліва як служыў у камэндатуры. Пасьля ўжо, як перавялі ў сьледчы аддзел, разы два выяжджаў на практыкаваньне ў стральбе з асабістае зброі — пісталета ТТ. Раней усе чэкісты ўправы былі ўзброеныя рэвальвэрамі сыстемы «наган», а летась у першую чаргу сьледчым выдалі новенькія ТТ — спрытныя такія, пляскатыя пісталеты з чорнымі шчочкамі на рукаятках. Зь іх і стралялі. Ён тады здаў практыкаваньне на «добра». А цяпер тыя практыкаваньні будуць здаваць іншыя. На практыцы. На іхных патыліцах…
Па тым, як машыну стала кідаць з боку на бок, Сурвіла зразумеў, што яны выяжджалі з гораду. Недзе збоч у цемры туліцца невялікая прыгарадная вёсачка, а іх чакае паворотка ўлева, ад якой… Ад якой да мэты, да апошняй мяжы, лічы, што-нішто, засталося якіх паўгадзіны часу, і ўсё. Усё назаўжды скончыцца.
Тое, што хутка ўсё скончыцца, яго, аднак, ня дужа і турбавала. Да таго ён гатовы быў месяц таму, нават да суда, ведаў, яго не памілуюць. Стрэльнуць. Бо тое, што яму прад'явілі для абвінавачаньня, увогуле было папраўдзе: дапушчаў і перавышэньне, і незаконныя мэтады — і біў, і ламаў косьці — «даваў дразда». Але ж хіба ён адзін? У іхнай управе так працавалі ўсе, — стараліся, ня спалі начэй, выбівалі ўсё, што можна было выбіць з арыштаваных. А тыя, праклятыя ворагі, таксама маталі ім нэрвы, нізашто не хацелі прызнавацца — выкручваліся, ашуквалі сьледчых, і нават, ужо падпісаўшы прызнаньне, адмаўляліся ад яго на судзе. I ўсё бубнілі сваё: нічога ня ведаем, ні ў чым не вінаватыя. Ня шкодзілі, не шпіёнілі, нікога не вэрбавалі. Трэба было выбіць — і прызнаньне, і сьведчаньне, — прозьвішчы, даты, сустрэчы. Часам перабіраў, гэта праўда. Але ж на карысьць справы, не для сябе. Той Сёмух сканаў у ягоным кабінэце. Што сканаў, бяда не вялікая, але, сканаўшы, забраў усё з сабою. А на яго была надзея. Як добра далі, пачаў што-нішто паказваць. Думалі, празь яго раскруціць усю іхную арганізацыю, да таго ішла справа. А ён узяў ды сканаў…
Купцова застрэліў з таго новенькага ТТ. Але Купцоў кінуўся на яго з кулакамі. А кулакі ў двухмятровага каваля з прэсавага цэху такія, што двума ўдарамі мог увагнаць у падлогу. Добра, Сурвіла пасьпеў прымяніць зброю. Так што, як глядзець, як вінаваціць. Калі строга, паводле новай правазаконнасьці, дык, можа, і правільна, — ён вінаваты. А калі паводле рэвалюцыйнай,
У машыне панавала цішыня, толькі чуваць было, як ляскаюць колы па бруку ды штось паскрыпвае ў куце буды, асабліва калі машына трапляе на выбаіну.
— Гэтак! На кудыкіну, кажаце? — ня мог чагосьці ўцяміць Аўтух і зусім апанурыўся ад кепскага прадчуваньня. Відаць, тое прадчуваньне дужа яго гняло, і ў хуткім часе ён зноў заварушыўся ў цемры. Недзе тут паблізу сядзеў ягоны зямляк, нават аднавясковец, хоць і ўдвая маладзейшы за яго, з гэткім самым прозьвішчам Казёл. Як навучыўся на настаўніка і пачаў пісаць вершы, дык зьмяніў тое нягеглае прозьвішча на лепшае і падпісваўся пад вершамі, што часам друкаваліся ў газэтах, Фэлікс Гром. Праўда, Аўтух вершаў не чытаў, толькі чуў пра іх ад людзей. Зрэшты, пра вершы на сьледзтве зь ім гаварылі мала, болей пра тое, як гэты Фэлікс Казёл-Гром завэрбаваў Аўтуха ў сваю шайку. Цяпер Аўтух ціха паклікаў:
— Фэля, а Фэля?
— Ну! — пачулася здаля ў машыне.
— Куды гэта нас вязуць?
— На выкананьне прыгавору, — зь нядобрым надломам у голасе адказаў Фэлікс. I менавіта гэты выразна адчуты надлом яшчэ болей устрывожыў Аўтуха.
— Няўжо на расстрэл?
— А ты думаў…
— Але ж… Я дык думаў… Можа, яны…
— Памаўчы лепш! — абарваў размову зямляк, якому, відаць па ўсім, было не да таго.
Сапраўды, размаўляць Фэліксу Грому было проста неяк, пасьля допыту ў яго душа балела ў грудзёх, было не ўздыхнуць. Ён толькі падзівіўся дзіцячай няўцямнасьці дзядзькі Аўтуха — ня ведае, куды вязуць, ці ня хоча паверыць, што ўсё ўжо скончана. Пазаўчора быў суд — дзесяць хвілін чыткі загадзя нарыхтаваных папераў, зь якіх яшчэ да прысуду ўсё стала зразумела. Відаць, нічога не зразумеў з таго ягоны аднавясковец Аўтух. Ці ўсё думае пра сваю пакінутую аднаасобніцкую гаспадарку пад лесам?
Фэлікс Гром даўно перастаў думаць і пра родную вёску, і пра Менск, дзе жыў і вучыўся, як паступіў у пэдагагічны тэхнікум, і нават пра сваю паэзію, зборнік якой ужо падрыхтаваў да друку і вясной здаў у выдавецтва. Цяпер яму ўжо не пабачыць таго зборніка, які, відаць, пакаралі раней за аўтара. У час сьледзтва на допытах розныя сьледчыя наперамен цытавалі старонкі ягоных арыштаваных вершаў — чыталі, крэмзалі і падкрэсьлівалі рознымі алоўкамі, пільна шукаючы хітра замаскаванай крамолы. Бліскае раніца агністая на хмарах восені маёй… Што значыць гэтыя вашы хмары? Анічога, апроч таго, што значаць хмары наогул. Э, не, у паэзіі хмары — гэта нешта іншае, казалі літаратуразнаўцы з наганамі на баку. Гэта на небе хмары ёсьць хмары, а тут штосьці іншае. Таемнае. Дык што такое гэтыя хмары? Што вы разумееце пад ранішнімі хмарамі?
Ён нічога не хацеў разумець пад хмарамі, затое нешта разумелі яны, але яму не казалі. Ён павінен быў сам здагадацца пра іхныя думкі і падказаць ад сябе. Вось тое было б прызнаньне, якога гэтак дамагаліся ад яго, і яму было б куды лепей. Але ён не здагадваўся й не прызнаваўся. Тады яго білі — палкай па нагах, ботам у грудзі, не давалі спаць трое сутак.
А пасьля пачалі шыць шпіянаж на карысьць Польшчы. I прыплялі да яго дзядзьку Аўтуха, што жыў за вёскай на хутары і не ўступаў у калгас. А ён з тым Аўтухом па сутнасьці і гутарыў усяго адзін раз летась, як прыяжджаў зь Менску да хворага бацькі. Тады хадзіў пазычыць каня, каб зьезьдзіць да доктара. Ды дзядзька Аўтух каня ня даў, сказаў узяць у калгасе, а яму трэба пасьпець звазіць сена, бо зьбіралася на дождж. I гаворкі ў іх было якіх пяць хвілін. I вось цяпер за тыя хвіліны — расплата. Абодва — да вышэйшай меры.
— Ну што вы не пасядзеце? Усё тузаецеся, як на патэльні, — пачулася незадаволеная буркатня ў цемры.
— Ды каб выглянуць дзе. Тут жа вёска мая Зялёны Луг, — адказаў той, што тузаўся.
— Ты ж гарадзкі, казаў, — азваўся ад дзьвярэй Сурвіла. — Паказваў на допыце: з Камароўкі.
— То ж жыў на Камароўцы. Як на чыгунцы рабіў. А нарадзіўся ў Зялёным… Да.
— Во — выясьняецца! — мовіў Сурвіла. — А то ўсё — рабочы, чыгуначнік. Блытаеце нешта, Шастак.
— Нічога ня блытаю. Паходжаньнем зь вёскі. Але ж рабочы. Тое трэба ўзяць пад увагу. I парцейны!