Чтение онлайн

на главную - закладки

Жанры

Сьцяна

Быкаў Васіль

Шрифт:

— Быў, — каротка абвясьціў Сурвіла.

Рэпліка былога чэкіста зачапіла балючую струну ў параненай душы рабочага Шастака, які загаманіў, як пра што недагаворанае і балючае.

— Быў і астаюся. Ужо не адмоўлюся, не такі. Перад парціяй я чысты.

Машыну моцна трасянула на нейкай калдобіне, паэт Фэлікс Гром аж войкнуў ад болю ўсярэдзіне. Хтось сьпераду ў цемры вылаяўся:

— Падлы! I перад канцом ня могуць па-людзку! У бога-душу іх маць!..

— А цішай нельга? — зласьліва папракнуў Сурвіла.

— А што цішай?! Цішай-цішай! Ды пайшлі вы…

— Ты хто? Як прозьвішча?

— А табе што? Ты сьледчы?

— А хоць бы й так.

— Ну, Зайкоўскі. Калі сьледчы, дык, мабыць, запісана ў вашым сратым прыгаворы. Такую іх маць… Ды не навальвайся ты гэтак, буржуйскі чмур! — вызьверыўся ён на кагосьці ў цемры. — У мяне во рука зламаная…

Здаровай рукой Зайкоўскі піхнуў у плечы суседа, які на паваротах няўзнак дужа хіліўся да яго і вярэдзіў зламаную лапатку. Пералом быў нутраны, закрыты, стаўся які тыдзень таму на допыце, калі яго з паўгадзіны ахаджвалі два сьледчыя — малады, танклявы, як гліст, і пажылы — вусаты, з ордэнам на гімнасьцёрцы. Дабіваліся падпісаць, што ён польскі шпіён, зьвязаны з дыфэнзывай, па прозьвішчы Млынец. Але Зайкоўскі ня

быў лазутчыкам, тым болей Млынцом, бо быў звычайны маскоўскі грабежнік, які надумаў ратавацца ад крымінальнага вышуку ў Менску. У Маскве за ім лічылі аж восем рабункаў, хоць, папраўдзе, грабянуў ён болей (ці не чатырнаццаць) і ўсё неяк выкручваўся, не даваўся ў рукі ні крымінальнаму вышуку, ні ГПУ, ні міліцыі. Аж покуль яго ня выдала палюбоўніца Вандзя. Подлая стукачка Вандзя сьпярша прыгрэла, а затым прадала. Добра, што ён такі вёрткі і ўцёк зь міліцыі, замачыўшы аднаго мільтона. I скеміў, што ў Маскве ягоныя справы скончыліся, трэба рваць кіпці. Тады ён успомніў, што ў Менску некалі пражываў ягоны дзядзька, зь якім ён ня бачыўся ад самага нэпу. Прыехаўшы, доўга шукаў патрэбны яму нумар на нейкай Заслаўскай вуліцы, а як знайшоў, зразумеў, што даў маху: дзядзька кудысьці вытрахнуўся, у зялёным, з садком дамку жылі іншыя людзі, якія пра дзядзьку й ня чулі. Дзе было яго шукаць і дзе начаваць нават? Пайшоў на вакзал. Ведаў жа: вакзалы — ня самае лепшае месца для такіх, як ён, валацугаў. Але здорава нахадзіўся за дзень, прытаміўся, якраз лінуў дождж, і ён думаў пасядзець крыху, абсохнуць. Ды не стрываў — заснуў. На вакзале яго і ўзялі. Проста гэтак, з усьмешкай два мільтоны папрасілі прайсьці. Во і прайшоў свой надта кароткі, блытаны шлях — ад вакзальнай лавы да лавы падсудных. I цяпер — вышэйшая мера.

Каб ня гэтая лапатка, ён бы, ведама, рызыкнуў. Было яшчэ сілы, яшчэ ня ўсю яе выбілі на касталомных допытах. Але з такой лапаткай, лічы, аднарукі. А з адной рукой — квіты, і кранты. I Зайкоўскі толькі кусаў вусны — ад болю і роспачы, што нічога ня мог перайначыць у сваім недарэчным лёсе.

Між тым, аблаяны ім буржуйскі чмур Валяр'янаў адхіснуўся ад сварлівага суседа і не прамовіў ні слова. Наогул ён мала зважаў на тое, што рабілася навакол, і звыкла жыў у сьвеце ўласных думак — адзіным сьвеце, у які мог не пушчаць нікога. Нават у турме. Ні з кепскім, ні з добрым, якое ў гэты пракляты час магло лёгка ператварыцца ў сваю супрацьлегласьць. Як і звычайная чалавечая спагада, прыветнасьць, што абарочваліся няшчасьцем. Стрыечная сястра Валяр'янава, што пасьля вайны апынулася ў Кракаве, выпадкам дазналася пра гаротны лёс брата, які зарабляў на хлеб рахункаводам у Менску і гадаваў двух маленькіх дзяўчатак. Сястра паспагадала. Вясной пад каталіцкі Вялікдзень Валяр'янаў атрымаў на пошце маленькі пакуначак зь нетутэйшымі штампамі, і знайшоў там дзьве дзіцячыя сукеначкі, белыя панчошкі, безапасную брытву для сябе і пакецік цукерак у блішчастых абгортках. Для ягоных дзяўчатак то была вялікая радасьць, ды й ён парадаваўся — найбольш першай за пятнаццаць гадоў вестачцы ад сястрычкі-гімназісткі, якую, думаў, назаўжды страціў у дзевятнаццатым годзе, калі яны разьвіталіся ў Кіеве. Аднак нядоўгаю была тая іх радасьць. Не мінула і месяца, як неяк пад ранак у дзьверы пастукалі. Жонка Дуся ўскочыла з ложка і адразу залямантавала — яна ўжо прадчувала, што гэта такое. Ды й ён здагадаўся адразу, адчыніў дзьверы і ўжо не зачыніў іх — зачынілі за ім чужыя. Таксама як і за жонкай, якая білася ў істэрыцы і крычала, і кідалася на кожнага з цэлай зграі чэкістаў, што пераварочвалі ў іхным пакойчыку ўсё дагары дном. Ужо назаўтра тыя сукеначкі і панчошкі сталі на сьледзтве рэчавымі доказамі ягоных шпіёнскіх сувязяў з польскай разьведкай.

Гэта быў яго шосты арышт пасьля рэвалюцыі. Ён ужо стаміўся апраўдвацца і на допытах збольшага маўчаў, прымаючы зьнявагі і пабоі як штось правамернае і заслужанае. Паміж допытамі жыў у роспачных успамінах аб сваім даўнім, дарэвалюцыйным, гэткім не падобным на цяперашняе, жыцьці. Хоць і там было рознае, але была вучоба, вайсковая служба і нават два перадваенныя падарожжы — у Баварыю і Аўстрыйскія Альпы. У Кракаве ён ніколі ня быў і ня думаў, што гэты незнаёмы горад так трагічна прычыніцца да ягонага лёсу.

Часам бывала, калі трохі сьціхаў вэрхал у камэры, Валяр'янаў маліўся — размаўляў з Богам. Прасіў у яго — не за сябе — за двух маленькіх дзетак, што засталіся цяпер немаведама дзе. Болей яму маліцца не было за каго. Прасіць Бога за жонку, мабыць, ня мела сэнсу — ведаючы яе характар, Валяр'янаў думаў, што па-добраму зь ёй не абыдуцца. А на зло яна кідаецца, нібы тыгрыца, не паглядзіць, хто перад ёй — сьледчы, канваір ці нават начальнік турмы, яна ня зважыць ні на чын, ні на сілу. Арыштаваўшы, чэкісты павялі яе са зьвязанымі рукамі. З уласнага досьведу Валяр'янаў ведаў, што такія характары ў турме доўга не вытрымліваюць. Або іх забіваюць, або яны — самі забіваюць сябе. Страціўшы ў рэвалюцыі першую жонку-дваранку, ён ажаніўся з дворнікавай дачкой Дусяй, думаў, што цяпер прыйшоў іхны час. Але памыліўся. Час настаў, відаць, зусім непрыдатны ні для тых, ні для іншых. Не далі жыць з Дусяй, не далі жыць і самой Дусі. I во засталіся цяпер дзьве дзяўчынкі-дашкольніцы, што зь імі будзе?

Пра тое, што неўзабаве будзе зь ім самім, Антон Аркадзевіч ня надта турбаваўся, ён разумеў, што прысуд яму вынесены не пазаўчора, а мабыць, яшчэ ў сямнаццатым. I то цуд, што ён пражыў пасьля яшчэ столькі гадоў, — тэарэтычна тое было немагчыма, — практычна ж неяк атрымалася. Толькі навошта? Што далі яму тыя дадатковыя гады жыцьця? Несканчоную плойму страху, клопату, рызыкі — за сябе, за жонку, за малых дзяцей. Усё ж, мабыць, кепска ён зрабіў, што ажаніўся і пусьціў на сьвет галоту, бязбацькавічаў. На што спадзявацца малечы бяз бацькі і маткі — на добрых людзей? Але дзе тыя добрыя людзі. Вывеліся дарэшты. Асталася надзея на сьвятое правідзеньне, на Госпада, які няўжо не паможа? Няўжо ня возьме пад сваю боскую апеку маленькіх бездапаможных анёлкаў?

Падобна, машына выехала з гораду, а можа, і збочыла з шашы. Рух яе прыкметна запаволіўся, вялізную буду раз за разам трэсла і хістала на выбаінах, часам здавалася, вось-вось яна спыніцца, натужна равучы маторам. Партыец-бальшавік Шастак таксама добра ведаў гэтую дарогу і беспамылкова вызначыў, дзе яны едуць. Чым далей ад'яжджалі ад турмы, тым ён турбаваўся ўсё болей. У турме за паўгода адсідкі ён не сказаць, каб надта і непакоіўся — там у яго былі свае абавязкі: дагадзіць сьледчым, запомніць і як мага дакладней перадаць ім, пра што гаварылі арыштанты. Ужо другі год

Шастак быў членам ВКП(б) і разумеў перадавую ролю рабочае клясы ды ейнага авангарду — партыі бальшавікоў. Ён няблага працаваў у дэпо, лічыўся ўдарнікам. Але калі ўжо здарылася такое, што ён апынуўся ў турме, дык і тут трэба паводзіць сябе, як бальшавік: памагаць органам выкрываць ворагаў. Усім ведама, што ворагі — страшэнна хітрыя людзі, яны ўсё тояцца, хітруюць і ашукваюць; патрэбныя д'ябальскія высілкі, каб іх выявіць і пакараць. I Шастак стараўся. Прыкідваўся дурнем, распытваў, слухаў і запамінаў, часам даваў парады. Як гэтаму аднаасобніку Казлу. Прыгаломшанаму і скатаванаму на першых допытах, параіў яму прызнацца ва ўсім і падпісаць, што патрабуюць сьледчыя: маўляў, тады дадуць меней, а то й пусьцяць дамоў. А будзе ўпарціцца — станецца горш, могуць і шлёпнуць. Казёл, здаецца, паверыў і пакрысе падпісаў. I праўда, сьледчы Кутасаў Шастака не ашукаў: Казла перасталі цягаць на допыты, той паспакайнеў і пачаў чакаць вызваленьня. Сьледчы пахваліў Шастака, які нават парадаваўся за Казла, падумаў, можа, і сапраўды выпусьцяць. Але менавіта пасьля гэтае справы з Казлом штось саскочыла і ў Шастака, падобна, у чымсь западозрылі яго самога. Западозрылі, ведама, па-дурному, ні ў чым ён ня быў вінаваты, бо ўсё рабіў, як казалі. I тое, што ад яго запатрабавалі падпісаць паказаньні аб шкодніцтве на чыгунцы, сьпярша здалося яму непаразуменьнем. Але ягоны сьледчы Кутасаў растлумачыў, што як член ВКП(б) ён абавязаны не пярэчыць органам, а пасабляць ім у іхнай ганаровай рабоце. I павінны памятаць, што органы не памыляюцца. Няхай нават каго абвінавацяць несправядліва, але так трэба, каб выкрыць асабліва небясьпечных лазутчыкаў, што зацясаліся ў згуртаваныя рады партыі. Зноў жа нехта павінны і ахвяраваць сабой, як гэта рабілі палымяныя рэвалюцыянэры, — дзеля інтарэсаў рабочае клясы, у імя вялікіх ідэяў Леніна-Сталіна. Партыя ацэніць усё па-справядлівасьці і не забудзе нічыіх ахвяраў. Такі паварот справы ня дужа падабаўся Шастаку. Натуральна, ён гатовы быў і далей дапамагаць партыі і яе органам, і ўжо нямала зрабіў для таго, але адчуваў, што той шлях, на які яго падштурхоўваў сьледчы, усё ж тоіць у сабе небясьпеку. Адзінае, што суцяшала яго, дык гэта тое бясспрэчнае меркаваньне, што партыі лепей відаць, мабыць, так трэба, партыя не памыляецца. I, сьцяўшы сэрца, ён пагадзіўся. Падпісаў паперы, быццам ён, Шастак Мікалай Іванавіч, зьяўляецца ўдзельнікам групы шкоднікаў пад назвай «Наперад за свабоду» (НЗС), якую ачольвае намесьнік наркама шляхоў зносін. Сказалі, што ён мог бы ўдзельнічаць там і па заданьні органаў, і Шастак ужо ведаў, што бывае й так. Галоўнае — пагадзіцца і падпісаць, а пасьля на судзе ўсё адкруцяць назад, і яго апраўдаюць. Судзьдзі — яны кваліфікаваныя чэкісты, і свайго чалавека з органаў не дадуць у крыўду.

Дагэтуль у Шастака ўсё ішло быццам няблага. Яго ня білі на допытах, абыходзіліся ветліва, з павагай, здаралася, нават частавалі гарбатай з цукеркамі. А тут нешта перамянілася. Тыдні два яго зусім не вадзілі да сьледчага, быццам забыліся, што ён тут сядзіць і чакае. Пасьля павялі на суд. Шастак думаў, што ў адносінах да яго суд — пустая фармальнасьць, але на справе аказалася ня так. Не фармальнасьць. Найперш да яго адразу зласьліва паставіліся канваіры, сурова сустрэлі судзьдзі. Кароткі злы допыт здаўся яму недарэчным: мусіць, гэтыя судзьдзі ня ведалі, што ў яго інакшая, чымся ў астатніх, справа. Пэўна, ня ведалі. Магчыма, сьледчы Кутасаў штосьці не перадаў ім. Якіх папераў ці якіх указаньняў. I калі яму аб'явілі: да вышэйшай меры з канфіскацыяй маёмасьці, ён найперш шчыра зьдзівіўся. Але тут жа падумаў, што, мабыць, так трэба. Усё ж ён там быў не адзін — іх было шмат, абвінавачаных ворагаў народа. Значыць, яго трэба было прыкрываць, каб не западозрылі іншыя. Хоць бы й той самы Казёл Аўтух, які таксама атрымаў вышку. А пасьля, можа, Шастака і выпусьцяць. Бо завошта ж яго расстрэльваць? Яго ўзнагародзіць трэба за ягоныя пяцімесячныя турботы ў турме, за паслугі, якія ён аказваў органам і партыі. Пасьля дзён колькі ён цярпліва чакаў у камэры, ды марна. Тады пачаў патрабаваць сьледчага, таго ж Кутасава. Аднойчы, калі ён, дужа затрывожаны, грукаў у дзьверы, увайшлі два наглядчыкі й пачалі яго біць. Тады ён адчуў выразна, што ягоная справа дрэнь. Але ўсё роўна не хацелася верыць у кепскае, чакаў, што нарэшце Кутасаў яго пакліча, і ўсё стане, як трэба. А калі ня кліча, то, можа, яго няма ў турме, можа зьехаў куды ў камандзіроўку. У Маскву. Ня мог жа ён забыцца, што ў турме-«амэрыканцы» яго чакае верны памагаты органаў, партыец Шастак.

Ён выглядаў сьледчага ўначы на падворку, як іх вывелі для пасадкі ў машыну, але сьледчага не было і тут. Бы скрозь зямлю праваліўся. Тады Шастак пачаў думаць, што, мабыць, той зьявіцца перад самым расстрэлам і ў апошні момант адлучыць яго ад іншых. I ён думаў, што галоўнае для яго цяпер, як і раней, — не раскрыцца, не зазлаваць, да канца выканаць свой сакрэтны абавязак. Тады ўсё будзе добра. Павінна быць добра.

Машыну дужа пахіліла набок, страсянула, матор, чутна было, гучна зароў, але, падобна на тое, яны спыніліся. Сурвіла прыкладна вызначыў, дзе — у лагчынцы, дзе заўжды была разьбітая дарога, і ў мокрыя дні стаялі глыбокія лужыны. Надоечы якраз пачаліся дажджы, лужыны маглі й пабольшаць. Седзячы ля дзьвярэй, ён слухаў, як пад машынаю марна шархацелі ў каламуці колы — машына буксавала. Наперадзе бразнулі дзьверцы кабіны, і пачуўся голас — гэта вылез на дарогу памкамэнданта Косьцікаў, які цяпер ехаў выканаць прысуд.

— Лявей, лявей бяры ты, ахламон! — раздражнёна гукаў ён да шафёра, які старанна газаваў маторам. Але машына толькі тузалася на месцы, камякі гразі ляскаталі па яе жалезным днішчы.

— Дай я…

Пачаў газаваць Косьцікаў — і дужа, і цішай, але, падобна, дарма, — яны толькі глыбей садзіліся ў багну.

Некалі гэтага Косьцікава, тады маладога хлопца, які толькі пачынаў службу ў органах, перавялі з раёну ў іхную ўправу турмы. На працы яго першым сустрэў Сурвіла, які тады заступіў на дзяжурства. Хударлявы, нясьмелы Косьцікаў уважна слухаў аповед пра заведзеныя ў турме парадкі, абавязковыя строгасьці з арыштантамі. Усё тут было яму новае, Сурвіла ж ужо меў сякі-такі досьвед. Тады ён параіў маладому чэкісту, дзе пашукаць кватэру, і той сапраўды знайшоў ладны дамок ля Кальварыйскіх могілак; неўзабаве запрасіў Сурвілу на госьці, і яны добра там выпілі. Празь нейкі час Сурвіла перайшоў у сьледчы аддзел на павышэньне, а Косьцікаў застаўся ў камэндатуры на ягонай пасадзе памочніка камэнданта. Цяпер, калі чэкісцкая служба Сурвілы гэтак трагічна канчалася, як бы той самы Косьцікаў не заняў ягонае месца ў сьледчым аддзеле. Што ж, Сурвіла ня меў падставы пярэчыць: Косьцікаў хлопец талковы, сапраўдны чэкіст, не глядзі, што малады гадамі.

Поделиться:
Популярные книги

Император Пограничья 1

Астахов Евгений Евгеньевич
1. Император Пограничья
Фантастика:
аниме
фэнтези
фантастика: прочее
попаданцы
5.00
рейтинг книги
Император Пограничья 1

Пушкарь. Пенталогия

Корчевский Юрий Григорьевич
Фантастика:
альтернативная история
8.11
рейтинг книги
Пушкарь. Пенталогия

Бастард

Осадчук Алексей Витальевич
1. Последняя жизнь
Фантастика:
фэнтези
героическая фантастика
попаданцы
5.86
рейтинг книги
Бастард

Кодекс Крови. Книга ХII

Борзых М.
12. РОС: Кодекс Крови
Фантастика:
боевая фантастика
попаданцы
5.00
рейтинг книги
Кодекс Крови. Книга ХII

#Бояръ-Аниме. Газлайтер. Том 36

Володин Григорий Григорьевич
36. История Телепата
Фантастика:
боевая фантастика
аниме
фэнтези
5.00
рейтинг книги
#Бояръ-Аниме. Газлайтер. Том 36

Кодекс Охотника. Книга XXXII

Винокуров Юрий
32. Кодекс Охотника
Фантастика:
аниме
фэнтези
попаданцы
5.00
рейтинг книги
Кодекс Охотника. Книга XXXII

Академия

Щепетнов Евгений Владимирович
3. Петр Синельников
Фантастика:
фэнтези
6.20
рейтинг книги
Академия

Хозяин Теней

Петров Максим Николаевич
1. Безбожник
Фантастика:
попаданцы
аниме
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Хозяин Теней

Гамбургский счет: Статьи – воспоминания – эссе (1914–1933)

Шкловский Виктор Борисович
Научно-образовательная:
история
5.00
рейтинг книги
Гамбургский счет: Статьи – воспоминания – эссе (1914–1933)

Имперец. Том 1 и Том 2

Романов Михаил Яковлевич
1. Имперец
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
аниме
5.00
рейтинг книги
Имперец. Том 1 и Том 2

Громовая поступь. Трилогия

Мазуров Дмитрий
Громовая поступь
Фантастика:
фэнтези
рпг
4.50
рейтинг книги
Громовая поступь. Трилогия

Ведун

Сухов Александр Евгеньевич
1. Второй шанс
Фантастика:
фэнтези
боевая фантастика
альтернативная история
5.00
рейтинг книги
Ведун

Бастард Императора. Том 8

Орлов Андрей Юрьевич
8. Бастард Императора
Фантастика:
попаданцы
аниме
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Бастард Императора. Том 8

Офицер

Земляной Андрей Борисович
1. Офицер
Фантастика:
боевая фантастика
7.21
рейтинг книги
Офицер