Паляўнічы
Шрифт:
Рой сабраў пушніну, якая засталася ў спальні, і, адыходзячы, паспрабаваў пазбегнуць зневажальна адкрытага позірку нявесткі. Але яна застала яго на лесвіцы.
— Табе не варта вяртацца да нас, калі ты бавіш час там аж да раніцы, — сказала яна. — Гэта нядобра!
Ён не адказаў, ён нават не пазіраў ёй у вочы. Ён пайшоў моўчкі, абураны і зганьбаваны, і толькі радасць ад маючай быць праходкі сярод белага дня па Сент-Элену крыху супакоіла яго.
У адпаведнасці з тым, як лес і ворыва саступалі месца гораду, прыродная бясплоднасць зямлі станавілася ўсё больш выразнай. Ад ускраін горада і да самага возера Гурон невялікія роўныя пляцоўкі былі ўздыблены і заціснуты магутнымі гранітнымі скаламі, голымі, дзікімі; і рэдкія елкі тырчалі сярод іх кпліва, быццам надмагільныя помнікі над вартымі жалю лапікамі расчышчанай
Сустрэчныя цёпла віталіся з ім. Старэйшых ён ведаў па імені, але было шмат навічкоў, якія прыходзілі кожны год альбо вырасталі падчас яго адсутнасці, і гэтых ён не ведаў. На тратуары з дошак перад маленькай крамай з бярвення Рой на імгненне затрымаўся, разглядваючы новую шыльду.
— «П. Дзюкэн», — чытаў ён голасна. — «Мяса і Бакалея. Мука і Фураж». — Ён перачытаў надпіс і пачаў шукаць на шыльдзе што-небудзь лепшае. — «Няма нічога больш духмянага, чым гарбата Салада! Паліце цыгарэты „Консульскія“! Піце апельсінавы сок!» «П. Дзюкэн. Мяса і Бакалея».
Апошні скарочаны варыянт упрыгожваў шкло ўваходных дзвярэй. Ён адчыніў іх і ўвайшоў.
— Прывітанне найлепшаму жаніху ва ўсім Муск-о-гі! — гукнуў ён маладомў брунету, які стаяў за акуратным прылаўкам. — Ці мо ты ўжо не жаніх, Піт?
— А Божухна, дык гэта ж Рой. Сватай мяне, Рой, сватай! Я чакаў цябе не раней чым праз два-тры дні. А ці бачыў ты, што інспектар толькі што пайшоў па дарозе сустракаць цябе? — Рой міжволі азірнуўся, а раптам Дзюкэн і сапраўды не жартуе, але француз засмяяўся. — Што, трапіўся?
— А я і не супраць сустрэчы з інспектарам, — ветліва адказаў Рой. — У мяне добрая пушніна.
— Добрая і законная, — сказаў Піт Дзюкэн. Ён скінуў белы фартух і аддаў яго нейкай таўстушцы, якая ўсміхнулася Рою, калі ён паспрабаваў разабрацца, якая ж гэта з сясцёр Філіпс.
Дзюкэн правёў яго цераз моцна напаленую краму ў наступны пакой, які служыў яму канторай. Гэта быў даўгаваты пакой з пісьмовым сталом, прадранай кушэткай, чыстымі занавескамі. Дзюкэн сеў за стол і пачаў прымаць у Роя пушніну, уважліва яе разглядваючы.
— А якая зараз цана? — спытаў Рой.
— Дрэнная, — адказаў Дзюкэн. — Ваенны бум падае. Хутка цяжка будзе збываць пушніну. Цана падае, Рой.
— А цана на прадукты расце, — падхапіў Рой. Гэта было сказана не ў адрас Дзюкэна, а пра дзіўную асаблівасць цаны, якая не дазваляла чалавеку пракарміцца за заробак. — Усе цэны растуць, але калі табе надарыцца нешта прадаць, яны адразу ж падаюць.
— Грошай становіцца мала, Рой.
— А як у фермераў?
— Зноў просяць крэдыт.
— Я ведаю пра гэта, — прамовіў Рой, думаючы пра Сэма.
Яны больш ні пра што не гаварылі, пакуль не сышліся на цане за пушніну. Рой не ведаў гарадскіх цэн, але сваю цану ён у Піта выбіў, як той ні ўпарціўся. Гэта было нялёгка, але выручка апраўдала яго спадзяванні, і Рой быў задаволены. Дзюкэн запісаў цану кожнай скуркі, падвёў вынікі і спытаў у Роя, ці пусціць гэтую суму, як звычайна, на аплату зімовага заказу.
— Крыху пачакай, Піт, — сказаў Рой. — Я пасля скажу.
— Калі табе патрэбны грошы зараз, а зімні правіянт — у крэдыт, ты скажы, Рой, я табе заўсёды паверу.
Дзюкэн прапаноўваў гэта па-сяброўску, і па-свойму ён быў сябрам і Рою і ўсім траперам Сент-Элена. Не першы раз ён забяспечваў у крэдыт любога трапера пад улоў, некаторых ён крэдытаваў на два і нават на тры сезоны, але на больш не згаджаўся нікому. Дзюкэн на справе перакананы, што крэдыт зусім не азначае безнадзейнага доўгу: пры належным кантролі гата проста выгаднае ўкладанне грошай. У аперацыях з траперамі яму было забяспечана вяртанне пазыкі ў выглядзе пушніны. Ён гарантаваў сябе ад рызыкі, стаўшы прадстаўніком пушной кампаніі, да якога траперы ўсё адно былі вымушаны зносіць сваю пушніну за даўгі. Інакш ім не атрымаць ніякіх прадуктаў
— Што, Сэм табе што-небудзь вінен? — спытаў Рой.
— Толькі пару даляраў, якія ён пазычыў у жніўні, — адказаў Піт. — Мне вельмі не падабаецца ўся гэтая гісторыя з продажам свінні, але калі б не я, яе купіў бы нехта іншы, а я даў яму добрую цану.
Рой разумеў гэта.
— Вазьмі тое, што ён павінен табе, з пушных грошай, але больш не пазычай яму.
— Добра, Рой, — твар Дзюкэна зрабіўся заклапочаным. — Скажы, Рой, ты не збіраешся застацца з ім у горадзе? Ён казаў, што будзе цябе пра гэта прасіць.
— Я яшчэ не ведаю, — сказаў Рой, — але ты ўсё ж адкладзі мне ўсё неабходнае на зіму. Калі правіянт мне не спатрэбіцца, я табе скажу.
— А ці чуў ты, што Эндзі Эндрус блукае недзе тут блізка? — сказаў Дзюкэн. Па-сутнасці гэта было не пытанне, а папярэджанне.
Рой ніяк не адгукнуўся на гэта, на адваротным баку рэкламнага праспекта ўнівермага ў Таронта ён склаў спіс таго, што яму патрэбна на зіму, і аддаў яго Дзюкэну. Затым яны разам прайшлі па краме, адзначаючы тыя ласункі і прысмакі, пра якія не ўспомніў Рой. Тут ён дадаў да заказу сушаных фруктаў, кансерваванай вішні, паштэту, яшчэ некалькі слоікаў джэму і два пакеты мятных ледзянцоў як сама выгадных цукерак. Рой памераў кароткія гумовыя боты. У лесе яны былі не надта выгодныя, але ён купіў іх і паклаў на самае дно мяшка. Мяшок ён пакінуў прадаўшчыцы, якая выконвала заказ, і нагадаў ёй, што шэсць дзесяткаў яек трэба пакласці разам з хлебам абавязкова зверху, а масла ў бляшанках — на самы ніз, разам з ботамі. Яны вярнуліся ў ранейшы пакой, дзе Піт Дзюкэн наліў Рою вялікую шклянку Блэк-энд-Блю, хлебнай гарэлкі шатландскага рэцэпту, дзевяностаградуснай, як значылася на бутэльцы. Гэтая шклянка, якую падносіў Дзюкэн, заўсёды была першай пасля вяртання Роя з лесу. Затым былі і іншыя, але ніводная не была такой смачнай, нават другая, якая выпівалася адразу за першай.
— Ого, нібыта плугам пераварочвае ўсяго, — сказаў Рой. Яго адразу забрала, ён пачырванеў, і вочы ў яго заблішчалі.
— Хочаш пару бутэлек у твой мяшок?
— Не, — адказаў Рой. Яму было цяжка адмаўляцца. Але пакуль яшчэ ён цвярозы, не хацелася браць з сабой у лес гарэлку, хоць для большасці трапераў гэта было звыклай з'явай. — Зрэшты, адну бутэльку пакладзі ў дарогу, — папрасіў ён.
— Я і сам думаю выйсці на паляванне, бліжэй да Каляд. У вярхоўях рэчкі Ўіп-о-Ўіл, — сказаў Дзюкэн. — Паеду на сабаках. — Як і кожны жыхар Сент-Элена, Дзюкэн выпраўляўся на паляванне, як толькі з'яўлялася магчымасць, але Рою заўсёды здавалася, што ён крыху выхваляецца сваімі лайкамі, адкормленымі сабакамі, якія грызліся і падвывалі недзе за крамай. Сабакі — гэта добра, Рой і сам на іх ездзіў, але гэта толькі для сур'ёзнага палявання, а не для прагулкі ўдвух на нейкія там два тыдні. Піт проста адпачываў у лесе ад свайго клопату спадчыннага крамніка, крамніка ў трэцім пакаленні.