Паляўнічы
Шрифт:
— Падобна на Эндзі! — з адабрэннем зазначыў Рой.
— Дык гэта ён?
Рой сказаў:
— Не, Эндзі завуць не Эндру Дж. Эндрус, а Элістэр Гардон Эндрус. Хіба яна не ведае?
— Я не ведала іншага імя, акрамя Эндзі, — сказала яна. — Дзякуй Богу, што ён не ў турме.
— Бедны Эндзі, — сказаў Рой.
Ён гартаў газету далей. Гэта была «Таронта стар энд Джорнел».
— Дзе вы гэта ўзялі? — спытаўся ён.
— Мне прынясла Руф Мак-Нэйр.
Рой успыхнуў і шпурнуў газету, нібыта гэта была сама Руф.
— Руф сказала мне, што Эндзі бачылі тут.
— Нехта сказаў ёй, што Эндзі працуе на рудніках у Сэдберы, —
Рой паціснуў плячыма і не адказаў.
Місіс Эндрус зразумела, што Рой паступова мякчэе, і сама стала больш асцярожнай. Яна вяла гаворку ласкава, рухалася больш плаўна, уважліва кантралявала свае жэсты і адразу пачала прыбіраць на кухні. Уся бяда была ў тым, што доўгая адзінота Роя ў лесе рабіла надта высокай яго патрабавальнасць да іншых, асабліва да яе. А Джын ведала, што яна даволі неахайная: не ў адзенні, а па гаспадарцы. Уборка пачалася са слоікаў на стале, у якія яна наліла ўжо воцат са спецыямі, каб марынаваць радыску, рэпу, буракі і зялёныя памідоры. Яна засунула тазы з рэшткамі гародніны пад стол і разгладзіла на буфеце дарожкі з цыраты. Хацела падмясці падлогу, але перадумала.
Рой назіраў за гэтым і зразумеў, чым гэта выклікана. Усё, што яна зараз рабіла, было крыху знарочыстым. Яна нібыта пакеплівала з яго ўяўленняў пра чысціню і парадак. Яна дабілася свайго, ён памякчэў і ўжо быў гатовы рассмяяцца, калі ў кухню зайшоў яе чатырнаццацігадовы сын.
— Хэло, містэр Мак-Нэйр, — прамовіў ён. Пры іншых абставінах ён назваў бы Роя па імені, але пры маці гэта быў містэр Мак-Нэйр.
— Добры вечар, Джок, — сур'ёзна адказаў Рой і зазначыў, як і штогод, якім падобным на Эндзі расце гэтае хлапчанё. Голас, пастава, смелы погляд, відавочная незалежнасць — усё гэта было ад Эндзі.
— Учора я сустрэў інспектара, — сказаў Джок, — ён спытаўся ў мяне, ці ў горадзе вы. Я адказаў, што Рой мне не бацька і што ў горадзе яго няма, а калі ён з'явіцца, вы ўсё адно яго не зловіце. — Джок засмяяўся, засмяялася і яго маці.
— А што ён хацеў, той інспектар? — спытаў Рой. Больш ён нічога не прамовіў, і яго пытанне прагучала занадта заклапочана.
— Ён хацеў проста даведацца, ці вярнуліся вы, — сказаў хлопчык. Ён ведаў, што зрабіў Рою непрыемнасць і што Рой ніколі на яго не пакрыўдзіцца. Але гэта не было з яго боку знарочыстай жорсткасцю. Ён любіў Роя. Кожны год ён упрошваў маці адпусціць яго ў лес разам з Роем, хоць самому Рою не казаў пра гэта ні слова.
— Як школа? — спытаў Рой.
— Да Каляд закончу.
Рою хацелася спытаць у яго, ці не збіраецца ён паступіць у які-небудзь тэхнікум у Сэдберы або ў Соа, але, як зазначыў хлопчык, ён не бацька яму. У адпаведнасці з тым, як Джок рос і адбіваўся ад рук, Джын Эндрус некалькі разоў спрабавала пераканаць Роя дзейнічаць па-бацькоўску, не адносна адказнасці, а проста ў якасці цвёрдай рукі. Але Рой адмовіўся ад усялякага ўмяшальніцтва. Ён любіў Джока як сына Эндзі — і ўсё тут. Больш глыбокія, бацькоўскія пачуцці былі затрачаны ім на малодшую сястру Джока — Джульету. Яна пражыла толькі восем гадоў, і за гэты кароткі тэрмін Рой палюбіў дзяўчынку як уласнае дзіця, і Джульета адказвала яму такой жа шчырасцю. Яна была падобная на маці, але ў яе была асаблівая дзіцячая высакароднасць, і яна лягчэй прынараўлівалася да людзей, асабліва да Роя. Лепш за яе ён ніколі нікога не ведаў. Калі аднойчы ён вярнуўся дамоў і даведаўся, што яе адвезлі
Джок захапіўся сваімі справамі і хутка выйшаў, а Джын Эндрус наліла Рою кавы і паставіла кубачак на ўскрай пліты, каб прымусіць яго перайсці са скрыні ў крэсла.
— У Мемарыял Хол адкрылі кіно, — распавядала місіс Эндрус, — Джок дапамагае кінамеханіку.
Рой моўчкі піў каву.
— Рой, — спытала яна, — Эндзі меў схільнасць да механікі?
— Эндзі? Не, Эндзі быў проста Эндзі, — адказаў ён.
— Значыць, Джок пераняў гэта ад мяне. — Бацька Джын, як яна сама казала, быў вагонаважатым у Таронта, майстар на ўсе рукі. Яна расказвала пра гэта і раней, шмат разоў.
Рой быў нязвыкла стрыманы, і яна здагадалася, што дома ў яго не ўсё ладна.
— Я выпісала кулінарную кнігу, — сказала яна.
— Вам гэтая кніга непатрэбна, Джын, — запярэчыў ён. Гэта ўласна азначала, што кніга ёй вельмі спатрэбілася б.
— Я ведаю, што я дрэнны кухар, — прамовіла яна, каб расшавяліць яго.
З гэтай нагоды яны даволі доўга спрачаліся. Чым больш Рой хваліў яе стравы, тым больш відочна станавілася, што кухарыць яна не ўмее і ніколі не навучыцца.
— Ва ўсялякім разе, марынады я сёлета пастаўлю, — сказала яна.
Яны ўжо гатаваліся, і Рой з задавальненнем прынюхваўся да паху розных прыпраў, гарачага воцату і солі. Менавіта гэта ён і разлічваў знайсці, вярнуўшыся дамоў. Мо іменна таму Джын раптам распачала тое, што іншым часам лічыла б марнатраўствам. Навошта гатаваць марынады, калі іх можна купіць у краме ў Дзюкэна?
— Джыні, — паклікаў Рой, — колькі я зарабіў грошай?
— Дакладна не магу сказаць, Рой. Восемсот даляраў, а мо і дзевяцьсот.
— Восемсот ці дзевяцьсот, — задуменна прамовіў Рой, штосьці падрахоўваючы. Ён пазіраў проста ў белае полымя лямпы. Яно амаль асляпіла яго, і калі ён перавёў позірк на Джын Эндрус, дык убачыў затуманеную пляму, а ў ёй светлыя валасы і тонкі воблік, надта тонкі: востры нос і блакітныя, вельмі блакітныя вочы. Яна пільна назірала за ім. — Мне спатрэбіцца на зіму дзвесце даляраў.
— А хіба вы не пакінулі пушніны для Піта Дзюкэна?
— Пакінуў. Яна дома. Але грошы мне патрэбны на іншае.
Звычайна сваю законную норму пушніны Рой прадаваў адкрыта Піту Дзюкэну як прадстаўніку Гарадской закупачнай кампаніі. Гэты законны заробак ішоў на тое, каб забяспечыць харч на ўвесь сезон, на новыя пасткі, патроны, адзенне і іншыя асабістыя патрэбы. Грошы за продаж незаконнай пушніны Джым Эндрус захоўвала для Роя; і яна прытрымлівала іх моцна, каб ён не змарнаваў іх па п'янцы. Яна пагадзілася на гэта па ўласнай просьбе Роя і зараз выдавала яму грошы толькі на разумныя патрэбы. Рой ведаў, якое супраціўленне яму трэба вытрымаць.
— Я мушу пакінуць трохі грошай Сэму, — прамовіў ён.
— Вы хочаце падараваць яму ваш зімовы заробак?
— Так, калі толькі вы не дадзіце мне для яго сотню-другую, — сказаў ён з надзеяй.
— Я не дам гэтых грошай, — спакойна запярэчыла яна. — Гэта вашы грошы, а не Сэма. У Сэма ёсць ферма, ён не мае патрэбы ў грашах.
— Ён не ўтрымае ферму, калі не дастане грошай на выдаткі, — сказаў Рой. — Ён дайшоў да мяжы.
— Я ведаю, — яна пакруціла галавой. — Але гэта не справа. Грошы не дапамогуць Сэму, — дакладныя рысы яе рота сталі больш жорсткімі.