Паляўнічы
Шрифт:
Скоці Малькольм усеўся на камень, каб зняць мяшок, і падаў Рою ружжо. Гэта быў танклявы, вёрткі, жыццярадасны кельт, не вышэйшы за Роя, гадоў на дзесяць маладзейшы за яго па ўзросту і гадоў на дваццаць — складам цела. Ён быў апрануты як сапраўдны паляўнічы і трапер, не тое што Рой, які меў выгляд рабочага ліцейшчыка па дарозе на завод. У Скоці была хоць і паношаная, але сапраўдная паляўнічая шапка. Яго шарсцяная куртка была спартовага крою, яго боты былі паляўнічыя боты, з гумовымі галоўкамі і высокімі халявамі
— Глядзі, не намачы свае боцікі, — сказаў Рой, калі Скоці апусціў свой цяжкі мех на дно чоўна. Боты ў Скоці і ў лесе заўсёды былі вычышчаны да бляску, і кожны год хто-небудзь дражніў Скоці, што яны распалохаюць звяроў, атруцяць ваду, заблытаюць усе сляды і падпаляць лес.
— Глядзі, не патапі лодку, — не застаўся ў даўгу Скоці.
Калі ён усеўся, узяў у рукі другое вясло, замалаванае скураной лямкай, але адразу ж мусіў адпусціць яго і схапіцца за борт, бо Рой адхінуўся назад і моцна нахіліў човен.
— Што здарылася, Рой? — гукнуў Скоці цераз плячо. — Ты што, стаў стары для вясёлых забаў?
— Гэта ўсё твая вага: як перац, не ўраўнаважыш.
— Гэта ўсё ты, бяздонная бочка, бач, набраўся.
— А ты даўно стаў непітушчым?
Скоці не адказаў. Скоці не быў непітушчым, з гэтым ён мусіў згадзіцца, але ён заўсёды дакладна адрозніваў дабро і зло, нават у самім сабе, і асабліва ў Роя, які часта не спраўджваў яго надзей.
Яны адштурхнуліся ад берага і паплылі да першай пасткі Роя.
— Як гэта ты яшчэ не вылавіў гэтае балота ўжо шмат гадоў таму? — сказаў Скоці.
— Андатра ў гэтым балоце не звядзецца ніколі, Скоці. Яшчэ не было ніводнага сезона, каб я не ўзяў тут хоць што-небудзь.
— Магчыма. Але. што ты маеш на ўвазе пад што-небудзь?
— Тры, часам чатыры пацукі на дзесяць пастак. Часам вясной справа даходзіць да недамеркаў, але тады я здымаю пасткі і даю ім падрасці. Дзіўна, Скоці, але я заўсёды вылоўліваю сама старых і сама вялікіх пацукоў, а потым ідуць усё драбнейшыя.
Рой меў права гаварыць пра андатры, бо (з іх дваіх) ён быў знатаком. Усе траперы ставілі пасткі на розных звяроў, але большасць з іх спецыялізавалася на нейкім адным. Рой заўсёды працаваў у сваім стылі — быў спецыялістам масавага аблову. Ён спецыялізаваўся на тых пушных звярах, якія збіраюцца ў вялікай колькасці ў пэўным месцы: бабёр альбо андатра жывуць супольна ля плацін і на балоце; яны нікуды з месца не сыходзяць і штогадовым прыплодам не толькі аднаўляюць колькасць, але і павялічваюцца. Скоці аддаваў перавагу больш палахліваму і рухомаму, але і болей каштоўнаму зверу: норцы, куніцы, ласцы — зверу-валацугу, якога трэба было ўмець высачыць, выведаць сцежкі, вадапоі, начлегі.
Першая пастка была пустая, але не на ўзводзе.
— Відаць, сарваўся, — сказаў Скоці, утрымліваючы човен на месцы.
— Ды не. Гэта сістэма «Віктар» са складаным засцерагальнікам, яны
— А чаму ты не паставіш пастку глыбей у нару, каб яна не магла зайсці збоку?
— Тады цягне за ланцужок.
Пастка стаяла ў харчэўнай нары. Гэта была невялікая яміна ў рыхлым абрыве, верхняя частка знаходзілася над узроўнем вады, ніжняя — пад вадой. У пошуку кала, якім была замацавана пастка, Рой апусціў рукі глыбока ў ваду.
— Ты што, дастаеш яго? — спытаў Скоці.
— Не. Забіваю глыбей.
Рой падрыхтаваў пастку і паставіў яе ў нары пад вадой.
— Цяпер не выцягне, — сказаў ён.
Затым Рой зрэзаў тры ці чатыры сцябліны чароту і ўваткнуў іх у гразь ля пасткі як сціплую прынаду.
Яны аб'ехалі ўсё балота, агледзелі ўсе пасткі: і ў харчэўнях, і ў начлежных норах, і на купінах, дзе пацукі пачаргова пакідаюць сляды пахкага ліпкага мускусу, выклікаючы на спатканне або на паядынак; і ля дупляных карчоў, якія служылі ім уборнымі. Нідзе, нічога.
— Засталося яшчэ два, — сказаў Рой.
— Здаецца, ты можаш паставіць крыж на гэтым балоце, — сказаў Скоці.
Але ў апошніх пастках было па андатры.
— Неблагія, — сказаў Скоці.
— Сярэднія, — запярэчыў Рой, кідаючы пацукоў у човен. — Упершыню ў мяне на гэтым балоце такая няўдача.
— Дзве на дзесяць пастак — гэта няблага, Рой. Рою давялося згадзіцца, але раптам ён прыняў рашэнне.
— Давай пройдзем яшчэ раз. Я здыму палову гэтых пастак. Навошта яны будуць дарма сядзець у гэтым балоце.
— Хіба табе не хапае пастак?
— Не.
— Дык навошта здымаць іх?
— Пустая справа, Скоці. Пустая справа.
Яны знялі чатыры з дзесяці пастак і пераправіліся на другі бераг возера, дзе і прыпыніліся сярод густых водарасцей. Скоці вылез першы і прытрымліваў човен, а Рой не захацеў больш мачыць ногі. Ён закінуў мех за плечы і перадаў ружжо Скоці. Стаўшы на калені, Рой хуткім рыўком закінуў човен сабе на галаву, і яны пачалі перанос. Вёслы, замацаваныя ў скураных уключынах, ураўнаважвалі човен на плячах, а барты ўпіраліся ў перадплечча. Галоўнае было — трымаць раўнавагу, і Рой свабодна размахваў рукамі, ідучы за Скоці па вузкай лясной сцежцы ўгару па крутым пад'ёме.
Яны не размаўлялі. Яшчэ да канца пад'ёму пайшоў дождж. Спачатку вельмі малы, каб прабіць сасновыя галіны, навіслыя над сцежкай, але з часам ён пачаў ліць на іх цэлыя ручаі вады, і яны ішлі то мокрымі прагаламі, то нагрэтымі сухімі алеямі з соснаў, дзе было суха над галавой, суха ў паветры, суха ўсюды. Так і дайшлі яны да перавала. Пераадолеўшы яго і пачаўшы доўгі спуск, яны ўсё часцей траплялі на мокрыя прагалы і праз гадзіну пакручастага спуску прамоклі да касцей і выбраліся да вузкага канца возера Акулы.