Мяжа
Шрифт:
Запахла крамолаю. Справа пачала набываць небяспечную, двухсэнсоўную, ледзь не палітычную афарбоўку. Івану стала не да смеху. Сярод мёртвай цішыні істэрычна віскнула гістарычка:
«Выключыць зь піянераў!»
«Бацькоў штрафануць — і баста!», — басам сказаў фізрук.
«Ды што там — са школы гнаць», — ці то з іроніяй, ці то ўсур’ёз, нічога не зразумець было, азваўся географ.
Спалоханы Іван заплакаў…
І гэта часткова выратавала яго. Часткова, бо з піянераў яго не выключылі і са школы, канечне, не выгналі, — але адбітак на ім чагось непрыстойнага, замешанасць яго ў нечым саромным так на ім і засталіся. Не памагло нават і тое, што ўжо назаўтра аб’явіўся сапраўдны віноўнік: малакроўная
Калі б Іван быў большы і разумнейшы, дык мог бы супакоіць душу тым, што не за адно, дык за другое кару нясе. Вадзіліся ж ў яго і сапраўдныя грахі: цыгарэт паленне, шыбка, футбольным мячом высаджаная… Якая розьніца, за што трымаць адказ? Аднак ён быў у тым самым лепшым і самым небяспечным, узросце, калі пачуццё справядлівасці гіпер-развіта, калі немагчымасць даказаць сваю праўду ўспрымаецца цэлай трагедыяй… Хаця, з іншага боку, усё праходзіць, усё забываецца. Забылася б і тая гісторыя — каб не працяг яе. Пусты гэты выпадак прыліп да Івана — жуйкаю да падэшвы, радзімай плямаю — пачаў жыць разам з ім і міжволі ўплываць на яго характар, паводзіны і нават на лёс. Мянушка ў яго з’явілася — Пісака, і калі ў час звычайных хлапечых разборак, дражнячыся, хацелі мацней, больш балюча яго ўкалоць, дык са злосці замест сярэдзіннага «а» выкрыквалі «я».
Мяняліся настаўнікі, на змену старым прыходзілі новыя, і ім, характарызуючы вучняў, пра Івана, нібы эстафетную палачку, перадавалі: неблагі, старанны хлопец, але вось ручкі нячыстыя… Так дабыў ён да восьмага класа. І калі прачытаў на сябе характарыстыку — у цэлым станоўчую, з маленькай прыпісачкай у канцы: «схільны да псавання школьнай маёмасці…», ён успрыняў яе амаль спакойна. Тым больш гэта была ўжо праўда. Папсаваў ён за апошнія гады і школьнага інвентару, і настаўніцкіх нерваў.
Хапала і пасля ўсяго ў жыцьці. І ён крыўдзіў, і яго крыўдзілі — і заслужана, і не заслужана, і па ўсялякаму… Але нічога падобнага на той першы выпадак, на тую горыч, прыкрасць, адчай ён ужо не адчуваў…
Нядаўна, стоячы ў чарзе ў гастраноме перад сівенькай гарбаценькай бабулькай, Іван раптам прызнаў у ёй… дырэктарку Таццяну Парфіраўну! І яна яго. Адыйшліся ўбок, разаўспаміналіся. Бабулька пусціла слязу — яе ўсе старыя настаўнікі пры сустрэчы з былымі вучнямі пускаюць.
«А помніце той выпадак, Таццяна Парфіраўна? — не стрымаўся Іван. — Ну, калі вы мяне абгаварылі?..»
Бабулька высмаркалася і адказала ціхім і разам з тым цвёрдым голасам:
«Я цябе вельмі люблю, Іваня. Але зрабіў тое ты», — і відаць было, што гэтае перакананне яна забярэ з сабою ў блізкую магілу.
Шмат чаго загадкавага на свеце!
2003 г.
ПОШЛАСЦЬ
Мне пашэнціла пражыць з ім у адным інтэрнацкім пакоі амаль паўгода, з зімы да летняй сесіі, а раскусіў я яго менш, чым за тыдзень: гэта быў закончаны, завершаны пашляк.
Пошласць сама па сабе адна з горшых чалавечых якасцяў; пашляк і ў сваім сапраўдным, класічным абліччы — не падарунак. Але ўдвая горш пошласць завуаляваная, калі пашляк маскіруецца пад мараліста, калі ён цвярозы, станоўчы, надзелены сякой-такой памяццю, дастатковай для запамінання сентэнцый кшталту «спяшайцеся рабіць дабро», «твор не пра вайну, а пра чалавека на вайне», «людзі створаны для шчасця» («хлеб усяму галава», «беражыце лес ад пажараў»)… Такога не саб’еш з тропу, не зацягнеш на глыбіню, з такім
Напачатку, уражаны гэтым тыпам, які, здавалася, скочыў у жыццё проста са старонак падручнікаў па літаратуры, псіхалогіі і псіхіятрыі, я любіў разыгрываць яго. Мяне забаўляла, што для гэтага таўкача не існуе ў прыродзе, у свеце і ў сусвеце пытання, над якім ён хоць на хвілінку задумаўся б.
— Для чаго мы жывём на свеце? — стараючыся быць сур’ёзным, пытаў я.
— Каб адшукаць чалавека ў чалавеку.
— Што будзе з намі пасля смерці?
— Небыццё і вечная ноч.
— Ці існуюць рай і пекла?
— Яны ў нас саміх. Кожны атрымае па заслугах.
— Што галоўнае ў жыцці?
— Заставацца ва ўсіх абставінах чалавекам.
Гэта нагадвала спірытычны сеанс, дзе я выступаў у ролі спірыта, а наш герой быў духам. Кусаючы вусны, ледзь стрымліваючыся, каб не зарагатаць, радуючыся таму, што ў пакоі паўзмрок і на маім твары нічога нельга ўбачыць, я працягваў «круціць сподачак»:
— Ці ёсць каханне?
— Каханне валодае светам, — імгненна гучала ў адказ.
— Што такое дабро?
— Жыццё дадзена нам на добрыя справы.
Само сабою, як і ўсе падобныя унікумы, ён вёў здаровы лад жыцця, быў ворагам спіртнога і тытуню, называючы першае «атрутай душы», а другое (чамусьці) «ядам для галаўнога мозгу». На маё сціплае пярэчанне, што цыгарэты хутчэй яд для лёгкіх, гэты дурань паблажліва пасміхнуўся і паказаў пальцам у столь:
— Мозг — усяму галава!
Кожную раніцу ён пачынаў з зарадкі, прысядаў, крактаў, напаўняючы пакой рэзкім пахам поту і начнога нямытага цела. Сінія, бязвінна-бяздумныя гузікі вачэй. Стрыжка «пад бокс», скуласта-насаты баксёрскі твар — і зусім не баксёрскае, не спартыўнае, а рыхлаватае, налітае нездаровай паўнатой цела. Яму было ўсяго дваццаць, а сталасць, нават старасць ужо клалі на яго свой адбітак. Ёсць нейкае афрыканскае племя, людзям якога не вядомы такія фазы жыцця, як падлеткавасць і ўзмужанне — яны адразу з дзяцінства, гадоў з васьмі, пачынаюць старэць, прынамсі, тварам і целам; дык ён мог бы сысці ім за неблагога правадыра.
Гардэроб яго складаўся з старэнькага сіняга школьнага касцюма, дзвюх выцвілых ад часу і поту кашуль, трох пар шкарпэтак, заношаных і замытых да таго, што літаральна кожны вечар даводзілася латаць іх — «даваць рамонт», як ён жартаваў, усоўваючы ў шкарпэтку перагарэлую лямпачку; адных і тых жа зімою і летам чаравікаў, адубелых, адпаліраваных дажджом і ветрам, спёкай і сцюжаю, страшэнна слізкіх — у галалёд, ды нават і на проста ўтаптаным сняжку ён падаў некалькі разоў на адлегласці ста метраў, што трэба было прайсці ад інтэрната да вучэбнага корпуса, грымаўся страшна, як падкошаны, адно ўзляталі ўверх ногі — іншы касцей не сабраў бы, ён жа пругка, як мячык, адскокваў ад дарогі і, абціраючыся, атрэсваючыся, толькі пасміхаўся:
— Чуць не ўпаў!
З дому, з вялікай, здаецца, больш за дзесяць чалавек сям’і грошай яму не перападала, затое прывозіў многа бульбы і часнаку. Нават студэнцкая сталоўка была дарагая для яго, і ён гатаваў сабе сам, заўсёды адну і тую ж страву, «супчык» — адвар з бульбы, прыпраўленай часнаком і кавалачкамі таннай, з белымі ўкрапленнямі неапетытнага сала каўбасы. Часнок, цэлымі зубкамі, еў ён і ў прыкуску, называючы яго «часнык», а каўбасу — «кілбаса», і мяне заўсёды раздражняла гэта, як у рускай мове раздражняе наўмыснае булошная, молошная, вверьх… Еў хутка, прагна, ад вялікай колькасці часнаку ікаў, адрыгваў, кожны раз са словамі: