Стамбульскі экспрэс
Шрифт:
— Лінія зусім свабодная, пан маёр, — сказаў Лукіч, кінуўшы за спінай у маёра пахмурны погляд на Нініча. Ён зайздросціў салдату — той стаяў блізка да апарата.
— Алё, алё, алё, — кісла вымавіў у трубку маёр Петкавіч.
Салдат злёгку нахіліў галаву да тэлефона. Цераз вялікую адлегласць паміж граніцай і Белградам даносіўся гук гэтага добра пастаўленага і ўладарнага голасу з такім дакладным вымаўленнем, што нават Нініч, які быў за два крокі ад апарата, мог улавіць асобна кожнае слова. Яны падалі адно за адным, нібы паток шпілек, якія ўтыкаліся ў глыбокую цішыню. Лукіч і прыёмшчык багажу дарэмна затаілі дыханне: запасны паравоз на лініі ўжо спыніў сваё пыхканне.
— Гаворыць палкоўнік Хартэп.
«Гэта і ёсць начальнік паліцыі, — падумаў Нініч. — І я чую яго голас. Як жа будзе ганарыцца мною мая жонка сёння ўвечары. Гэтая гісторыя абыдзе ўсе казармы, тут ужо на яе можна паспадзявацца. Ёй асабліва няма чым ганарыцца мною, яна здавальняецца тым, што ў яе ёсць», — падумаў ён прастадушна, не пераацэньваючы
— Так, так, гэта маёр Петкавіч.
Уладарны голас зрабіўся цішэй. Цяпер Нініч улоўліваў толькі ўрыўкі асобных фраз:
— Ні ў якім разе… Белград… Трэба пашукаць у цягніку…
— Даставіць яго ў казарму?
Голас загучаў больш рэзка.
— Не. Трэба, каб яго бачыла як мага меней людзей… На месцы.
— Але паслухайце, — запярэчыў маёр Петкавіч. — У нас тут для гэтага нічога не падрыхтавана. Што мы тут будзем з ім рабіць?
— …усяго некалькі гадзін…
— Трыбунал? Ну гэта ўжо супраць усякіх інструкцый.
Голас у трубцы ціха засмяяўся.
— Я сам… з вамі… за снеданнем…
— А калі яго апраўдаюць?
— …я сам, — няясна вымавіў голас, — вы, маёр, капітан Алексіч. — Голас загучаў яшчэ цішэй. — Без шуму… у вузкім коле… — І потым вымавіў ясней: — Ён хутчэй за ўсё не адзін… падазроныя асобы… з любой нагоды… мытня. Прыміце пад увагу. Толькі без залішняга шуму і мітусні.
— Ёсць яшчэ што-небудзь да мяне, палкоўнік Хартэп? — з прыкметным асуджэннем спытаў маёр Петкавіч.
Голас зрабіўся болей ветлівым.
— Так, так. Наконт снедання. Мяркую, што ў вас там няма вялікага выбару… На станцыі… як след прапаліце ў печы… што-небудзь гарачае… я еду машынай, прывязу халодную закусь і віно. — Завісла паўза. — Так памятайце, вы адказваеце за ўсё.
— За такую супрацьзаконную акцыю… — пачаў быў маёр Петкавіч.
— Не, не, не, — сказаў голас. — Я, вядома, меў на ўвазе снеданне.
— У Белградзе ўсё спакойна? — нацягнена спытаў маёр.
— Моцна спяць, — адказаў голас.
— Магу я задаць яшчэ адно пытанне? Алё, алё, алё, — паўтарыў раздражнёным тонам маёр Петкавіч і потым з грукатам кінуў трубку. — Дзе той салдат? Хадземце са мной.
Ізноў разам з Нінічам і сабакам ён акунуўся ў холад, перасек пуці, прайшоў праз каравулку і зачыніў з трэскам за сабой дзверы пакоя. Потым вельмі хутка накідаў некалькі запісак і загадаў Нінічу аднесці іх па прызначэнні. Ён так спяшаўся і быў такі раздражнёны, што дзве забыўся запячатаць. Нініч, вядома, іх прачытаў — вечарам жонка будзе ганарыцца сваім мужам. Адна запіска была адрасавана начальніку мытні, але яна была запячатаная, другая — капітану ў казарму з загадам неадкладна падвоіць ахову станцыі і выдаць кожнаму салдату па дваццаць абоймаў патронаў. Нінічу зрабілася ніякавата: ці не азначала гэта, што пачалася вайна, што наступаюць балгары? Ці чырвоныя? Ён нагадаў падзеі ў Белградзе і вельмі ўстрывожыўся. Зрэшты, чырвоныя — гэта ж нашы людзі, яны беднякі, у іх ёсць жонкі і дзеці. Апошняя запіска была аддасавана повару ў казарму — гэта была падрабязная інструкцыя пра сняданак на траіх, які трэба падаць у кабінет маёра ў гадзіну трыццаць. «Майце на ўвазе, гэта на вашу асабістую адказнасць», — так заканчвалася запіска.
Калі Нініч выйшаў з кабінета, маёр Петкавіч ізноў пачаў чытаць стары нямецкі падручнік па стратэгіі і карміць сабаку кавалачкамі кілбасы.
2
Корал Маскер заснула задоўга да таго, як цягнік прыйшоў у Будапешт. Калі Майет пачаў асцярожна выцягваць сваю здранцвелую руку з-пад яе галавы, яна прачнулася. Была шэрая, як мёртвы зыб свінцовага мора, раніца. Потым жвава злезла з паліцы і пачала апранацца, кожны рух усё болей аддаляў яе ад утомных падзей мінулай ночы. Ад хвалявання і спешкі ёй не адразу ўдавалася знаходзіць патрэбныя рэчы. Апранаючыся, яна весела напявала: «Як мне пашчасціла, як пашанцавала!» Рывок цягніка адкінуў яе да акна, але яна хуценька толькі кінула позірк на пахмурнае ранішняе неба. Тут і там спакваля гаслі агні, але было яшчэ недастаткова відно, каб распазнаваць асобныя будынкі. Асветлены ліхтарамі мост цераз Дунай зіхацеў, нібыта спражачка ад падвязкі. «Куды мне трэба, я іду і сваю песеньку пяю». Недзе на беразе ракі свяціўся белы дом. Яго можна было прыняць за ствол дрэва ў фруктовым садзе, калі б не два светлыя агеньчыкі ў пакоях на ніжнім паверсе. Пакуль яна сачыла за імі, агеньчыкі патухлі. «Пэўна, засядзеліся за святочным сталом. Цікава, што там зараз адбываецца?» — падумала яна і ўсміхнулася, адчуваючы сябе далучанай да ўсяго дзёрзкага, адважнага, маладога. «Усё, што трывожыць цябе — мяне зусім не трывожыць. Лета змяняе вясну — ты бачыш усмешку маю». Цяпер яна ўжо надзела на сябе ўсё, апроч туфель, і павярнулася да ложка і да Майета.
Ён спаў неспакойна, падбароддзе ў яго было няголенае, адзенне скамячанае, і Корал з цяжкасцю магла паверыць, што ён мае дачыненне да хвалявання і болю мінулай ночы. Гэта быў зараз зусім чужы чалавек, які ўварваўся ў яе жыццё, і ён мог лёгка адмовіцца ад тых слоў, якія нашэптваў ёй у начной цемры. Ён наабяцаў ёй так многа. Але яна сябе пераконвала: такі падарунак лёсу наўрад ці яшчэ выпадзе на яе долю. Ізноў прыходзілі ў голаў словы пажылых і спрактыкаваных кабет: «Яны табе перад гэтым наабяцаюць поўны мех». І адмысловы маральны кодэкс яе класа перасцерагаў:
— Так, нам абавязкова трэба запрасіць скрыпача.
Яна з палёгкай запляскала ў далоні:
— І не забудзься пра доктара.
Корал прысела ўскрай паліцы і ўсунула ногі ў туфлі. «Я такая шчаслівая». Ён усё памятае, ён збіраецца стрымаць свае абяцанні. Яна зноў пачала спяваць: «Пры сонечным святле я жыву, пры месячным святле я люблю. Жыву я надзвычай цудоўна».
Кандуктар ішоў па калідоры і грукаў у дзверы купэ:
— Будапешт! Будапешт!
Усе агні пазліваліся разам. Над другім берагам ракі гарэлі тры зоркі, быццам іх згубіла зацягнутае хмарамі неба.
— Што гэта? Вунь там. Зараз праедзем. Хутчэй.
— Гэта замак, — сказаў ён.
— Будапешт.
Ёзеф Грунліх, які драмаў у сваім кутку, адразу прачнуўся і падышоў да акна. Міма, паміж высокімі шэрымі будынкамі, прамільгнула вада. Агні, якія гарэлі на верхніх паверхах, раптам зніклі за аркай вакзала. Потым цягнік праслізнуў пад дах вялізнай гулкай залы і спыніўся. З вагона тут жа выскачыў нагружаны багажом містэр Оўпі, жвавы, спрытны і дабрадушны: ён шпурнуў на платформу два чамаданы, мяшок з прыладамі для гольфа, тэнісную ракетку ў чахле. Ёзеф усміхнуўся і выпнуў грудзі: постаць містэра Оўпі нагадала яму пра яго злачынства. Міма прайшоў чалавек у форме турысцкага агенцтва Кука, суправаджаючы высокую маркотную кабету і яе мужа. Яны, спатыкаючыся, ішлі за ім па пятах, разгубленыя і напалоханыя свістком паравоза і крыкамі на незнаёмых мовах. Ёзеф падумаў, што яму варта выйсці з цягніка. І адразу, паколькі справа датычылася бяспекі, думкі яго перасталі быць іранічныя ці напышлівыя; дробненькія акуратныя колцы ў яго мазгу закруціліся і, нібыта кантрольны апарат у банку, пачалі з бездакорнай дакладнасцю рэгістраваць дэбет і крэдыт. У цягніку ён адчуваў сябе практычна зняволеным: паліцыя магла яго арыштаваць на любой станцыі, таму, чым хутчэй ён будзе на волі, тым лепей. Як аўстрыец, ён без асаблівых перашкод пройдзе праверку ў Будапешце. Калі ён паедзе да Канстанцінопаля, дык тройчы падвергнецца рызыцы аглядаў на мытні. Механізм у яго мазгу зноў правяраў лічбы, дадаваў, улічваў і прыйшоў да высновы, што трэба аддаць перавагу дэбету. Паліцыя ў Будапешце кваліфікаваная і спрактыкаваная, у балканскіх краінах яна прадажная — там няма чаго баяцца мытні. Да таго ж, ён там будзе далей ад месца злачынства. У Стамбуле ў яго ёсць сябры. Ёзеф Грунліх вырашыў ехаць далей. Прыняўшы гэта рашэнне, ён ізноў паглыбіўся ў сон пераможцы: у галаве ў яго мітусіліся імгненна выхапленыя рэвальверы, нечыя галасы гаварылі пра яго: «Гэта Ёзеф. Ужо пяць гадоў ён ніводнага разу не быў зняволены. Гэта ён забіў Кольбера ў Вене».
— Будапешт.
Доктар Цынер на хвіліну-другую прыпыніў сваю пісаніну. Гэта маленькая паўза была данінай павагі да горада, дзе нарадзіўся яго бацька. Пакінуўшы Венгрыю маладым чалавекам, бацька пасяліўся ў Далмацыі. У Венгрыі ён працаваў на зямлі, якая яму не належала. У Спліце і, нарэшце, у Белградзе ён навучыўся шавецкаму рамяству і пачаў працаваць на сябе. Аднак усё-такі тое ранейшае, яшчэ больш паднявольнае існаванне і атрыманая ў спадчыну ад бацькі кроў венгерскага селяніна дазволілі доктару Цынеру адчуць дыханне шырокай цывілізацыі, водгукі якой даносіліся ў цёмныя, смярдзючыя балканскія завулкі. Ён быў нібы афінскі раб, які зрабіўся вольным чалавекам у нецывілізаванай краіне: той сумаваў па статуях, паэзіі, філасофіі, — адным словам, па культуры, да якой сам не меў дачынення. Станцыя пачала адплываць ад доктара Цынера, міма праносіліся назвы на мове, якой бацька яго не навучыў: «Rеstоrасіоj», «Рostо», «Іnfоrmоj» [24] . Зусім блізка ад вагона мільганула афіша «Теаtzoj Каj Аmuzеjоj» [25] , і ён машынальна запомніў незнаёмыя назвы тэатраў і кабарэ, якія адчыняцца якраз тады, калі цягнік будзе падыходзіць да Белграда: «Опера», «Ройял Орфеум», «Табарэн» і «Жардэн дэ Пары». Ён згадаў, як бацька разважаў у цёмных сутарэннях за майстэрняй: «У Будзе жывуць весела». Яго бацька гэтак жа трохі павесяліўся ў цэнтры горада, ён без зайздрасці назіраў, прыціснуўшыся тварам да вітрыны рэстарана, якія падаюць там дзівосныя стравы, бачыў скрыпачоў, якія пераходзілі ад століка да століка, і прастадушна радаваўся з усімі. Цынера злавала, што бацька яго задавальняўся малым.
24
Рэстаран, пошта, бюро даведак (скаж. эсперанта).
25
Тэатры і кабарэ (скаж. эсперанта).