Сьцяна
Шрифт:
— Хто ж ня хоча дамоў. Але што дома? Каб жа ён быў хоць, той дом. Ды і аднаклясьнікаў — нікога ж не засталося. Як во жыць сярод незнаёмых? I тут незнаёмыя, і там незнаёмыя…
Ну, ведама, зьявяцца новыя знаёмыя і нават сябры, гэта я ведаў па сабе. Але аднаклясьнікаў, сяброў дзяцінства ўжо, мабыць, ня будзе. Тое ўжо адрэжацца назаўжды. Мабыць, кепска жыць з адрэзаным дзяцінствам? Я неяк пра тое ня думаў. Франя ж во думала…
Здаецца, неўпрыкмет за гаворкай мы скончылі той цукеркавы пакуначак. Я пасунуўся яшчэ бліжэй, і Франя не адсунулася — ужо не было куды.
— Бедная дзяўчынка! — шчыра вымавілася ў мяне з самай душы і нечакана для сябе я пацалаваў яе ў шчаку. Франя на момант зьнерухомела і раптам скаланулася ўсім целам у незразумелым бязгучным плачы.
— Ну што ты! Ну што ты! — ледзьве не спалохана казаў я, усё цалуючы яе мокры ад сьлёз твар, і яна не адхілялася, не ўнікала маіх вуснаў. Аднак патроху марудна спакайнела і раптам бездапаможна ўсьміхнулася празь сьлёзы.
— Ты
— Ну нічога, нічога…
Я і яшчэ цалаваў яе, каб неяк суняць яе боль і выказаць глыбіню маёй да яе пяшчоты.
— Я ўжо сто гадоў… Сто гадоў ня плакала. Знаеш, ня кепска яны да мяне адносяцца, але ж не магу я паскардзіцца ім. Ці заплакаць. Два гады на адзіноце. Душа змарнела, і во раптам ты. Трэба было… Прабач, Міця.
— Я разумею. Ну, супакойся…
Усё ж патроху яна сунялася, прыгладзіла далонькай сваю прычоску, і стала для мяне яшчэ больш блізкай і жаданай.
— Гэта ж трэба! — усё чамусьці зьдзіўлялася Франя. — Няшчасная мая мамачка. Каб яна дажыла да гэтага часу. Усё выбірала мне хлопцаў, ды гэтак прыдзірліва. Калі з кім прайдуся, дык яна: то надта даўгалыгі, то кароткі, то сьмешна шморгае носам. А той малапрыкметны, той не камсамолец. Ты ж, мабыць, член партыі?
— Яшчэ не, — сумеўся я. — Але камсамолец. А што мама — парцейная?
— А то як жа!
— А бацька?
— А бацька вораг народа. У трыццаць восьмым пасадзілі і прапаў. Мама адмовілася пасьля ад яго. Мне па сакрэту сказала, што тое — дзеля нашага паратунку. Тады шмат хто гэтак рабіў. Яно й зразумела: яшчэ маладая, прыгожая. I ўсё роўна не ўбераглася — сябе загубіла.
— А бацька — які кіраўнік быў?
— Бацька… — Франя памарудзіла з адказам, мабыць, гаварыць пра бацьку было ёй ня проста. — Бацька ў органах працаваў. Яшчэ ад рэвалюцыі. Ён жа зь Дзяржынскім у адной турме сядзеў.
— Во як!
— Ну. Дзяржынскі яго і ў Менск накіраваў. Працаваў дзень і ноч, мы яго й ня бачылі. Толькі раз неяк быў выходны ці якое сьвята, ня памятаю. Дык паехалі на рэчку, рыбу вудзіць. Праўда, вудзіў адзін татачка, мама на лужку кветкі зьбірала, а я бегала па водмелі, малькоў разганяла. Бы гуляла зь імі. Так мне гэта спадабалася, ведама, малая была. Пасьля ўсё прасіла бацьку — зьезьдзім яшчэ. Ён абяцаў, але ўсё было неяк. Некалі і некалі. А адзін раз кажа: сёньня на працу не іду, і сеў на ложак, сядзіць. Смутны такі. Я пачала прыставаць: паедзем на рэчку. А ён кажа: не, ужо не паедзем. Даседзеў так да начы, а ноччу яго і ўзялі. Так я болей і не пабачыла рэчку.
Шэрае сутоньне ахутала вежу і навакольле, ужо ня стала відаць ні ўскраіны гарадка, ні гор, ні дарогі. Не відаць было і маіх пазыцыяў. Гарадок патануў у змрочным тумане, толькі дымы ад пажарышчаў бялявымі космамі мкнулі кудысь над руінамі.
— I я сваіх з сорак першага году ня бачыў. Ня ведаю, ці жывыя, — сказаў я, пранікаючыся яе клопатам.
— Маму ж немцы павесілі. У Менску. Як партызаны іхнага гаўляйтара падарвалі, дык немцы пачалі хапаць падпольшчыкаў. Ну якраз і маму маю. Павесілі ў сквэры.
— А ты ж як?
— А я? Кепска я. Жылі на кватэры ў Грушаўскім пасёлку, ну, пасьля маці засталася адна. Кватэрная гаспадыня, праўда, неблагая была кабета. Але ў самой трое малых, мужа няма. Харчу ніякага. Прывезла з раёну мех бульбы, хутка яго зьелі. Прадалі, што было можна прадаць. Я апошнія рукавічкі прадала, што перад вайной мама зьвязала. Можа б як і далей бавілі час, ды на бяду да суседзяў сталі на кватэру два паліцаі. Ну і адзін, Вінцэсь, стаў заходзіць. П'янтос такі, брыдкі і нахабны, не было ад яго паратунку. Прыб'ецца калі, сядзіць да поўначы, балбоча невядома што. А то пачне прыставаць. Я ўжо адшывала яго, як умела, ды й гаспадыня старалася — нічога не памагае. Закахаўся, кажа.
— Ну, ведама, прыгожая дзяўчына…
— Ніякая не прыгожая. Гэта цяпер трохі, а тады, бы брыдкае качанё.
— Ну ладна, ладна, — з раўнівай ноткай сказаў я. — Не прыбядняйся.
— Я й не прыбядняюся. А тады… Тады цётка Мар'я кажа: давай адвязу цябе да дзядзькі на вёску. У таго адна дачка, твая аднагодка, будзеце разам. Пакуль зіма скончыцца. А там паглядзім, можа, і вайна замірыцца. Неяк у нядзелю паехалі на санях — далёка, аж у Чэрвень, а там яшчэ кілямэтраў шэсьць, прыехалі ўжо ноччу, пастукаліся ў вакно. Дзядзька пусьціў, гаспадыня яму пачала тлумачыць, пасьля прасіць. Я ўсё гэта слухаю… Неяк упрасіла, назаўтра паехала. А я засталася. Незнаёмая, чужая ў чужых людзей. Зоська і праўда, амаль мая аднагодка, шаснаццаць гадоў. Ну, з гэтай мы быццам сышліся, нічога была дзеўка, ня злая. Толькі недалёкая, страх. Да вайны скончыла шэсьць клясаў, а да хлопцаў цягнулася, бы да магніту. Так да вясны дабылі. А вясной загуло ў навакольлі — прыйшлі партызаны. Сталі ў нашу вёску наведвацца, наладжваць сувязі. Ну і некаторых хлопцаў сагітавалі, а за імі і дзевак. Зоська засталася, бацька не пусьціў. А мяне не пушчаць не было каму, пабегла зь дзяўчатамі. Пачалося лясное жыцьцё. Атрад «Бальшавік» называўся, камандзір — былы пагранічнік, прозьвішча Сокал. Дні праз тры ставяць мяне ў каравул — на ўзьлеску ля кладкі, вінтоўку далі, настрашылі наконт пільнасьці. Ноччу стаю, баюся. А тут прыходзіць каравульны начальнік, таксама з пагранічнікаў —
— Ну якая ў вайну дабрыня? Тут азьвярэць можна, — сказаў я.
— Праўда. I ўсё ж яна ёсьць, дабрыня. Я во ўспамінаю сваю грушаўскую гаспадыню. Ды і на Чэрвеньшчыне…
— Ну, а тут, у Нямеччыне?
— Дык і ў Нямеччыне ёсьць. Болей сярод старэйшых, якіх яшчэ фашызм не перайначыў.
— Ну, а ты сама добрая? — запытаўся я і прыціх, чакаючы яе адказу.
— Наўрад ці. Усё ж я адтуль, дзе рэлігіяй была жорсткасьць, непрымірымасьць. Гэта ўжо сядзіць у нас унутры. Ведаю, тое кепска, а што зробіш? Мабыць, натура мацней за розум. Вось да праўды сябе не прывучу. Асабліва, калі праўда калючая. Усё прыгожай хлусьні хочацца.
— Гэта канечне. Прыгожае заўжды прыемнае.
— Галоўнае, што паверыць у прыгожую хлусьню заўжды надта лёгка. Яна сама на душу кладзецца. Вось ты сказаў — прыгожая, і я ўжо растала. Я ўжо за адно гэтае гатовая цябе пакахаць.
— Праўда?
— Ну, — адказала яна проста, як некалі казалі ў нас, і ціхенька засьмяяўшыся, прыгарнулася да мяне.
— Але ж я бяз хітрасьці. Ты ж і сапраўды прыгожая.
— Калі побач няма прыгажэйшай, — гарэзьліва скончыла яна.
— Але ж ты яшчэ й разумненькая.