Сьцяна
Шрифт:
— Які яшчэ полк! — старшына лёгка пераскочыў цераз брамку.
— Стой! — крыкнуў я, раптам пашкадаваўшы, што пакінуў свой пісталет у вэстыбюлі. Тады я выхапіў аўтамат у Кананка, які сьцішана стаяў ззаду. — Стой!!!
Старшына, і праўда спыніўся, утаропіўшы ў мяне зласьлівы позірк. Пасьля азірнуўся назад, дзе за брамкай напагатоў стаялі яго памагатыя. Тыя, здаецца, таксама браліся за зброю.
— Ты што! Пад трыбунал захацеў? — пагрозьліва прарычэў ён, варухнуўшы жаўлакамі на цьвёрдым, сьвежа паголеным твары. Але за свой «парабэлум», што вісеў на ягоным сьцягне, пакуль не хапаўся.
Хвіліну мы стаялі так, адзін супраць аднаго, — я з нарыхтаваным для стральбы аўтаматам, а ён, мабыць,
— Твае?
— Мае.
Так, мае артылерысты, мабыць, мала што разумеючы з таго, што тут адбывалася, аднак, з прыкметнай увагай узіраліся сюды з агнявой, і тое, здаецца, пахіснула набрынялую рашучасьць старшыны.
— Ладна, — вымавіў ён болей спакойна і, перш чым пераскочыць назад цераз брамку, прыгразіў: — Горка пашкадуеш, мудак!
Не вяртаючыся назад цераз масток, яны хуткім крокам скіравалі кудысь па гэтым беразе, — мабыць, да іншых ускраінных будовак. Я аддаў аўтамат Кананку і вярнуўся ў катэдж.
Не сказаць, што гэтая сутычка далася мне лёгка, без хваляваньня. Ведаў, тое мне, мабыць, проста не абыдзецца, яшчэ можа быць ліха. Адчуваў, што гэта ня так сабе, не выпадкова, штосьці тут усунулася тайнае і малапрыемнае. Ці не пашчыраваў тут наш санінструктар, іначай чаму б яны скіравалі адразу да гэтага катэджа? Ужо пэўна не таму, што ён тут самы прыгожы? Што ў іх там, у тыле, мала здатных, прыгожых будовак для разьведроты гвардзейскай арміі? Ды і ці для разьведроты яны рупіліся?
З дрыготкіх рук прымоўклае Франі я ўзяў сваю гімнасьцёрку, моўчкі надзеў цераз галаву. Франя чамусь ні пра што не пыталася, — мабыць, і бяз роспыту адчувала, што здарылася на падворку, і на яе азмрочаным тварыку прадаўжаў трымцець спалох.
— Ня бойся, — сказаў я, падпярэзваючыся. — Мы абаронім.
— Дзякуй вам, — ціхенька адказала дзяўчына.
— I гэта… Заві мяне на ты. Добра?
— Добра, Міця.
Усё ж я задоўжыўся на гасьцях, нельга было так доўга адсутнічаць на агнявой. Хоць навакол было ціха, але трывога магла ўзьнікнуць кожнай хвіліны. Зноў жа камбат там, мабыць, ужо неаднойчы тэлефанаваў Муху, патрабаваў узводнага. Мядзьведзеў, канечне, выручыць, як звычайна, скажа, што лейтэнант пайшоў у другі разьлік, дзе не было тэлефону. Але ўсё ж не на паўдня ён пайшоў у той разьлік.
— Я вярнуся, — сказаў я Франі, якая, не выходзячы на ганак, стаяла ў расчыненых дзьвярах. — Нікога не пушчайце!
На агнявой, аднак, усё было як заўжды, калі не было абстрэлу. Наводчык Сьцяпанаў дыміў сваёй махоркай; гультаяваты Атрошчанка ляжаў дагары на бруствэры, зьвесіўшы на пляцоўку даўгія ногі ў шырокіх трафэйных ботах. Малады Скібаў дзёўбаў пад сашніком рыдлёўкай — каб павялічыць радыюс абстрэлу гарматы. Ягонай лянівай працай прыдзірліва кіраваў камандзір Мядзьведзеў, што сядзеў насупраць на станіне.
— Глыбей, глыбей вазьмі. А то як дасьць на адкаце — наводчыку сіняк і пасадзіць. Абед вам, лейтэнант, у кацялку на скрынцы, — сказаў ён да мяне. — На двух з Кананком.
— Еш, Кананок, я ня буду.
Мне было не да абеду. Адчуваў, каньячны хмель яшчэ не мінуўся, як не мінулася ўзрушэньне ад нядаўняй малапрыемнай сутычкі. Адкрыты «додж» кудысь зьнік з дарогі, і я не заўважыў, куды. Ці яны, можа, зьехалі зусім, ці шарылі дзе паблізу. Маглі зноў налезьці на той асабняк. I я ўвесь час пазіраў туды, хаця й ня ведаў, што зрабіў бы, калі б убачыў іх там. Я сказаў Франі не пушчаць, але разумеў, што магчымасьці яе ў тым надта абмежаваныя. Калі гэтыя захочуць, іх не спыніць і танку. Што ім гэты катэдж! У мяне ўжо была падобная сустрэча,
Між тым было чутна, як у раўку штось стрымана прамаўляў па тэлефоне Муха, але, мяркуючы па голасе, не з начальствам, — хутчэй са сваім братам-сувязістам. Пагутарыўшы трохі, устаў ад тэлефону і голасна абвясьціў:
— Брацьця славяне! Вайне канец!!
Мы ўсе на агнявой зьнерухомелі, змоўклі, чакаючы тлумачэньняў радаснай навіны, і Муха, натапырыўшы свае вусы, з важнасьцю аб'явіў:
— Брыгадныя радысты падслухалі: заўтра капітуляцыя.
— А чаму нам нічога ня кажуць? — запытаўся Мядзьведзеў.
— Мабыць, скажуць…
Муха зноў зьнік у раўку, прыпаўшы да свае трубкі — цяпер адтуль чакаліся незвычайныя навіны, ад якіх радасьцю займалася салдацкая істота, сонцам асьвятляўся ўвесь белы сьвет. Гэта ж трэба — скончылася вайна, і ты жывы! Цябе не забілі. Ты будзеш жыць доўга, доўга. Ня будзеш трэсьціся ў зямлі і чакаць апошняга свайго выбуху. Ты вернесься дамоў, зноў убачыш маму. Знойдзеш сваё каханьне, якое дасьць табе законнае шчасьце ў жыцьці. Канец вайне!..
Але калі канец вайне, дык, мусіць, доўга мы тут ня ўседзім. Мусіць жа, мы некуды рушым — назад ці наперад. Толькі наперад чамусь не пушчаюць немцы — ці яны ня ведаюць пра сваю капітуляцыю? Ці, што зусім кепска, ня згодныя зь ёй? Калі якія эсэсаўцы, дык ведама, тая капітуляцыя дае ім няшмат радасьці — яшчэ яны паваююць. Не дачакаўшыся, аднак, болей дакладных навінаў, я ўзьлез у равок і патэлефанаваў да камбата. Ці праўда, што ўжо фініта?
— Будзе фініта — скажам. Ні на хвіліну ня спозьнімся. А пакуль захоўвайце пільнасьць, — ахалодзіў мяне камбат.
Мабыць, так. Калі загадана захоўваць пільнасьць, дык мабыць, нічога і не адбылося. Мабыць, радысты пасьпяшаліся. Можа, дзе і капітулююць, а ў нас будуць марудзіць. Чакаць загаду. Таксама, як і мы чакаем загаду зьверху. У гэтым сэнсе нічога не мяняецца. Хоць і канец вайне, усе падпарадкуюцца ўласнаму начальству. Як і заўсёды. Толькі начальства вырашае, замірыцца ці ваяваць.
Але ўсё ж калі капітуляцыя, дык, мабыць, не пакінуць нас у гэтай зямлі. Цяпер ужо ў зямлі не сядзелася, і я выйшаў з агнявой на зялёную траўку побач. У навакольлі стаяла зусім мірная ціша, не стралялі ні мінамёты, ні гарматы. Не чуваць было і апрыклай трывожнай страляніны на перадавой. Штось усё сціхла, стаілася. Чакала. Сапраўды, ці не канец гэтай праклятай калатнечы? Настрой мой то поўніўся радасьцю, то азмрочваўся невядомасьцю, калі я кідаў позірк на недалёкі катэдж. Ужо мне карцела туды, да Франі. Як ёй быць цяпер з гэтымі старымі аўстрыякамі? Трэба дадому. У Беларусь. Але як? Куды я яе вазьму? Да маіх артылерыстаў на агнявую? Вядома, хлопцы былі б радыя. Але што скажа начальства?