Сакрамэнта
Шрифт:
Калісьці я ўжо чула гэты голас. І гэтае перарывістае дыханне... Так гаворыць мой вучань, той, які сказаў, што я падобная на Джаконду...
— Я быў вельмі паслухмяным, паверце, я быў самым паслухмяным з усіх маіх братоў і сясцёр. Адзінае... Надта не любіў есці тварог... І мама, мая мама будавала мне з тварагу замкі... А потым яна пайшла і не вярнулася...
Я глядзела ў ягоныя вочы. Сумныя, самотныя зеленаватыя вочы... Цяпер я разумела, гэта былі вочы Леанарда. А ў памяць наплывалі новыя загадкі, якія сама сёння загадвала вучням. І якія так хутка разгадваў той мой вучань. І новыя, яшчэ нідзе не зафіксаваныя...
...
— Чаму ўсе Вашыя загадкі нагадваюць сцэны страшнага суда? — спыталася я ў Леанарда.
— Які Страшны суд? — ён не ўсміхнуўся, пасміхнуўся мне з Залюстроўя... — Гэта ж рыба. Вы што ніколі не варылі з яе, як там па-вашаму... юшку?
— Як проста...
— Усё складанае наяве проста. Толькі трэба дакладна ведаць, з якога боку да яго падступіцца...
— Вы, Леанарда, пэўна, таму так шмат паспелі ў жыцці. Паспелі, таму што ведалі, як складанае пераўтварыць у простае, а ў простым угледзець цэлы космас. Сусвет... Усе вашыя творы — гэта сама...
—Недасканаласць. Вы хацелі сказаць дасканаласць, але ўсе мае творы — сама недасканаласць. І мелі рацыю тыя, хто здзекваўся з мяне, смяяўся.
— Гэта, пэўна, былі вельмі недалёкія, тупыя людзі.
— Ды не... Сярод тых, хто смяяўся з мяне, былі нават геніі.
Леанарда адвёў, апусціў вочы. Адыйшоў убок. І скрозь люстэркавую смугу я ўбачыла вуліцу... На лавачцы сядзелі, нешта абмяркоўвалі некалькі маладых італьянцаў. Па іхнім адзенні я здагадалася, што яны жывуць у эпоху Леанарда. Прыслухалася.
— ... Так казаў Дантэ. Але што гэта значыць...
— Спытаемся ў Леанарда. Вунь ён кіруе сюды ад царквы Санта-Трыніта.
Лёгкаю хадою той якраз праходзіў паўз іх. Ад просьбы сумеўся, разгубіўся. Але тут з ім параўняўся і, злёгку кіўнуўшы, пайшоў далей не хто іншы, як Мікеланджэла. Леанарда з хваляваннем гукнуў яго:
— Можа, ты патлумачыш гэтым людзям адзін урывак з Дантэ?
Мікеланджэла рэзка павярнуўся і груба кіўнуў:
— Не-не. Растлумач лепш ты, ты, які зрабіў праект бронзавага каня, але не змог адліць яго і, да сораму свайго, пакінуў яго недаробленым.
Леанарда пачырванеў. Мікеланджэла ж кіўнуў яму здаля:
— І гэтыя тупагаловыя міланцы маглі паверыць табе!
Леанарда, счырванелы, разгублены, падняў да мяне свае вочы. Я ўсё зразумела, і паспрабавала суцешыць яго:
— Не трэба, не трэба нічога тлумачыць. Гісторыя ўсё расставіць на свае месцы. Я ведаю, шаноўны, дарагі Леанарда, чытала пра тое, што сталася. На ваш час, як, зрэшты, і сёння, мастакі не маглі абыйсціся без багатых заказчыкаў. А фларэнтыйскія банкіры Медычы любілі надуманыя творы і занадта вытанчаную, далёкую ад рэальнасці манеру. Не для Вас. І Вы вырашылі перабрацца з фларэнцыі ў Мілан, дзе цараваў герцаг Ладавіка Мора, які даў Вам магчымасць выявіць сябе ва ўсім.
— Перш чым паехаць у Мілан, - усміхнуўся з залюстроўя Леанарда, — я напісаў герцагу ліст, у якім падрабязна пералічыў усё, што ўмею... І найперш пра тое, што датычыць ваенных вынаходніцтваў. Усе ўладары ў наш час любілі ваяваць. “Я ведаю спосаб рабіць надзвычай лёгкія масты, — пісаў я, — якія да таго ж лёгка пераносіць і іх можна выкарыстоўваць для праследвання ворагаў
— І Вы прыдумалі танк, падводную лодку, парашут...
— Людзям у будучым давялося ўсё вынаходзіць і называць нанова. Але для мяне гэта былі вымушаныя вынаходніцтвы. Я іх рабіў дзеля таго, каб мець магчымасць займацца мастацтвам. Кожная краіна мусіць мець моцную армію, каб пад яе аховаю мастакі і паэты маглі спакойна ствараць шэдэўры. І мне давялося выстройваць сваю лінію абароны.
— Але ж Вы, як пішуць, афармлялі святы, рабілі эскізы касцюмаў і зброі, чыталі герцагу і ягоным гасцям байкі, ігралі на розных музычных інструментах...
— Самае цудоўнае, што я паспеў зрабіць у Мілане, гэта канструкцыя, якую я прыдумаў, каб увасобіць рай. Рухаліся па колу планеты, мігцелі зоркі, потым з’яўляліся знакі задыяка. Калі акцёры пачыналі чытаць вершы, здавался, яны вымаўляюць словы неба, словы самога Бога.
Леанарда зірнуў мне проста ў вочы. І ягоны позірк, падалося, апёк маю душу. І праз люстэрка апёк. Але я, імгненна змоўчаўшы, працягвала:
— А яшчэ ў Мілане Вы напісалі партрэт каханай герцага Мора Цэцыліі Галярні. А потым пачалі працаваць над помнікам у гонар яго бацькі Франчэска Сфорца, тым самым конным манументам, з якога так жорстка пакпіў Мікеланджэла. Мы можам меркаваць пра веліч Вашай задумы толькі паводле малюнкаў і невялікай групы з бронзы. Калі на пачатку ХУІ стагоддзя пачалося французскае нашэсце, салдаты Людовіка ХП стралялі па глінянай мадэлі помніка, як па мішэні. Вы тады з’ехалі з Мілана... І, дзіўна, не затаілі крыўды на французаў. Больш за тое, свае апошнія дні пражылі пры двары французскага караля Францыска І.
— Я шукаў, дзе мяне зразумеюць... Цяпер магу сам сабе прызнацца, я быў вельмі, страшэнна няўпэўнены ў сабе чалавек. І я прывык, звыкся з няўдачамі... Але тады я з’ехаў з Мілана ў Фларэнцыю, каб там напісаць ці не самы дарагі для мяне твор. Я яго не аддаў заказчыку. Я з ім не развітваўся да самай смерці. Там. У Мілане я сустрэў...
Я чакала, што Леанарда назаве імя, але ён задумаўся і замоўк. Давялося працягваць самой:
— Вы сустрэлі Мону Лізу дзі Антоніа дзі Кольдзі Герадзіні, жонку фларэнтыйскага купца Франчэска дэль Джаконда? Або знатную неапалітанку Канстанцыю д’Авалас? Навукоўцы дасюль ніяк не вызначацца...
— Няхай гэта застанецца таямніцай. Мона Ліза, дык Мона Ліза. Ёй было 24, мне — 42.
— 24-42, — паўтарыла я і напісала лічбы на паперы, — Ізноў люстэрка. Люстэркавая сіметрыя. Нават страшна робіцца. Вы, праўда, тры гады пісалі яго, гэты партрэт?
— Так, і скончыў у 1503 годзе.
— Поўтысячагоддзя прайшло.
— І вось мы зноў сустрэліся, — сказаў Леанарда і неяк сумна ўсміхнуўся, — Цяпер не ў рэальнасці. Праз люстэрка часу. Я сам вынайшаў гэтае люстэрка. І вось з’явіліся Вы. Жанчына з будучыні. Толькі я не буду пісаць Ваш партрэт. Лепш, чым “Джаконда” я ўжо ніколі нічога не напішу.