Пляц Волі
Шрифт:
– А касцяк, як і планавалі — збіраць у Бабруйску? — голас Езавітава загучаў басавіта.
– Так.
– І не забыць паведаміць пра гэта ў Кіеў Алексюку. Хай і той пастараецца, — нагадаў Ядвігін Ш., і ўсе разам пачалі складаць тэкст адозвы, у якой Рада Усебеларускага кангрэса абвяшчала сябе адзіным паўнапраўным носьбітам улады на Беларусі.
Напрыканцы Варонка з Езавітавым напісалі і тэлеграмы — каб адразу іх і разаслаць:
«Смоленск… через чиновника Поклазон к Вронскому.
Необходимо отдать распоряжение 2-3 военным начальникам, чтобы они в срочном
«Гомель, воинскому начальнику.
Всех прибывших к вам белорусов направляйте в крепость Бобруйск обсервационный пункт».
«Киев. Белвойскрада, Алексюку.
В Бобруйск немедленно направьте две тысячи людей. Спешите…»
…- Ну што ж, сябры, пажадаем адзін аднаму, каб хутчэй вясна ў наш край прыходзіла — і стаў ён нарэшце адзінай Беларускай Хатай! — падагульніў Язэп Варонка.
Папіўшы гарбаты, пачалі разыходзіцца.
Час замарудзіўся. Выканаўчы камітэт Рады Першага ўсебеларускага кангрэса не меў неабходных фінансаў, праз гэта не ўсе яго сябры маглі нават затрымацца ў Менску. Пяць дзён Варонка працаваў адзін — без сну і адпачынку, — і набыў сабе першыя сівыя валасы…
Беларускую вайсковую раду бальшавікі чамусьці не зліквідавалі — яна працавала легальна ў доме № 2 на Паліцэйскай вуліцы, з вакна якога (на другім паверсе) ганарова звісаў бел-чырвона-белы сцяг. Легальнае існаванне Беларускай вайсковай рады давала магчымасць і вольнае працы Выканаўчага камітэта. Адной з фінансавых «выгодаў» вайсковай рады (акром памяшкання) было бясплатнае харчаванне ў адной з арганізацыяў Гарадскога саюза, пакуль яшчэ не зліквідаванага бальшавікамі. Гарадскія арганізацыі горада імкнуліся падтрымліваць адна адну — і пры Гарадскім саюзе сталавалася і частка Выканкама Рады Першага ўсебеларускага кангрэса…
Езавітаву пасля сходу ў «Беларускай Хатцы» даручылі разаслаць тэлеграмы. Снег суняўся, і да дзвярэй тэлеграфа вяла яго ўжо расчышчаная сцежка. Барадаты дворнік, апіраючыся на драўляную лапату, курыў і здаволена мружыўся — на вуліцу вызірвала далёкае сонца.
Каля апарата Бадо — прыгожая чарнявая дзяўчына. Езавітаў прывітаўся, і яна манерна ўсміхнулася:
– Адну хвілінку, хай пройдуць папярэднія паведамленні…
І тады толькі Езавітаў заўважыў дзецюка ў вайсковай форме, з выцертым скураным партфелем: дзяцюк энергічна падхапіўся, забраў праз вакенца нейкую паперку — і адышоў.
– Будзьце ласкавы, вось гэта — Беларускай вайсковай радзе ў Кіеў, гэта — у Гомель і Смаленск… — Езавітаў злавіў здзіўлены позірк дзецюка, павярнуўся: той неўразумела ўталопіўся ў партфель, штось пераклаў, шчоўкнуў замочкам і падаўся да дзвярэй.
У дадатак Езавітаў паслаў падобныя тэлеграмы беларускім вайсковым радам у Адэсу і Віцебск.
А назаўтра Варонка расказаў яму, што на той жа самай пошце сустрэўся з Ландарам — гаварылі ў суседніх кабінках «простым провадам»: ён — з Кіевам, Ландар — з Масквою.
А той дзяцюк з партфелем, што дзівіўся беларускім тэлеграмам, быў ад'ютантам «главкомзапа» Мяснікова…
Праз адзінаццаць дзён — нечаканы ўдар. Загадам начальніка Мінскага ЧК Разацкага ноччу з 31 студзеня на 1 лютага былі арыштаваны сябры Рады Першага ўсебеларускага
…Пра рэзервовы 289-ы пяхотны полк Менскага гарнізона Кастусь Езавітаў даведаўся ад свайго сябра Стася Новіка — аднаго з палкавых афіцэраў. Праз некалькі дзён пасля сходкі ў «Беларускай Хатцы» полк чыгункай дабраўся да Менска, дзе Беларуская вайсковая рада пачала яго перафармаванне. Найперш пазбаўляліся «чужароднікаў». Стась прапанаваў («як доказ вернасці») перанесці на кватэру Беларускай вайсковай рады васемнаццаць кулямётаў, вінтоўкі й скрынкі з ручнымі гранатамі. Аднак адбылося непланаванае: праз сваіх агентаў бальшавікі дазналіся пра «мяцежны» полк і загадам па фронце накіравалі яго ў Арол на… ахову чыгункі. Частка салдат не падпарадкавалася загаду: «Мы беларусы, а таму хочам служыць на бацькаўшчыне. Нікуды не паедзем!»
Пасля такой заявы адразу ж палку перапынілі выдачу правіянту. Сродкаў на яго ўтрыманне Беларуская вайсковая рада не мела — нават на некалькі дзён, якіх было б дастаткова для здабыцця ўлады ў горадзе.
«Пры такой слабасці бальшавікоў пераварот можа адбыцца за адну ноч!» — запэўніваў Варонку Езавітаў (яны і працавалі, і жылі побач — у памяшканні Беларускай вайсковай рады).
Рада і палкавыя дэлегаты вырашылі дэмабілізаваць полк — каб зліквідаваць яго і як сілу бальшавікоў. Усе салдаты-патрыёты раз'язджаліся дамоў з дакумэнтамі Беларускай вайсковай рады. Стась Новік захацеў застацца пры Радзе.
План збройнага паўстання «замарожваўся»…
Вечарам 31 студзеня Беларускую вайсковую раду атачылі салдаты і матросы (пазней высветлілася, што іх — пасля забойства генерала Духоніна — спешка перакінулі з Магілёва). Не стукаючыся, трое ўвайшлі ў пакой.
– Кто из вас старший по званию? — голас зайшлы ў чорнай скуранцы.
Беларусы — Варонка, Езавітаў, Макар Краўцоў, Смоліч, Захарка — пераглянуліся.
– Старшыня ў ад'ездзе. Я — ягоны намеснік. — Езавітаў узняўся з-за стала і наблізіўся да няпрошаных гасцей. — Што вам патрэбна?
– У нас — ордер, — чалавек у скуранцы выцягнуў з унутранай кішэні складзеную напалам паперчыну.
Езавітаў нахмурыўся, нетаропка ўзяў і пачаў чытаць.
«Советъ Рабочихъ и Солдатскихъ Депутатовъ гор. Минска. Отделъ по борьбе съ контрреволюцией и спекуляциями. 31 января 1918 г. № 39.
Товарищу Ярошевичу.
Ордер
Предписывается Вам отправиться въ Белорусскую Войсковую Раду, домъ 12, кв.10, по Полицейской улице, для производства обыска и ореста всехъ лицъ, там находящихся, въ том числе и посыльнаго мальчика Афанасия.
Председатель Л. Резауский.
Секретарь Э. Баренс».
Твар Езавітава заставаўся спакойным. Беларусы пачалі перамаўляцца. Апанас, малодшы стрыечны брат Стася Новіка, які летась стаў сіратой і якога прытуліла Беларуская вайсковая рада (самога Стася Новіка на той час адкамандзіравалі ў Бабруйск), яшчэ не ўразумеў, што здарылася, і працягваў гартаць падшыўку старых газэт.
Езавітаў паклаў ордэр на стол і няўлоўна зірнуў у вакно: у змроку перад уваходам у дом шарэлі постаці вайскоўцаў, бліскалі вочкі цыгарэт…