Паляўнічы
Шрифт:
Раздзел адзінаццаты
Рой даў магчымасць Мэрэю свабодна перасоўвацца і задаволіў нецярпенне Зела, а сам пачаў дзейнічаць на возеры Фей так, нібыта збіраўся раскінуць тут сапраўды ланцуг пастак. Ён меў натуру захавальніка і ніколі не браў з бабровай супольнасці больш за тое, што маглі аднавіць ацалелыя сем'і. Ён заўсёды выкарыстоўваў гэтую формулу захавання дзічыны на сваіх уласных участках, што забяспечвала яму пастаянны ўлоў бабра, хоць з часам усё меншы, але ж рэальны, не тое, што ў іншых звераловаў, якія выбіралі свае бабровыя хаткі падчыстую. Зараз гэта ўжо быў інстынкт, і гэтак жа інстынктыўна ён скарыстоўваў свой метад размяшчэння пастак на балотах вакол возера Фей.
Пасля першай жа разведкі вакол возера Фей ён зразумеў, што ў замерзлых балотах больш дарослых баброў, чым у яго пастак. Ля затравянелых купін, вакол рэдкіх зараснікаў елкі і на тысячы створаных бабрамі астраўкоў было так многа бабровых хатак, што Рой адразу адчуў сябе пераможцам над тым пастаянным адчуваннем паражэння, якое выпрацавалі ў яго апошнія дзесяць гадоў палявання ў спустошаным Муск-о-гі. Гадамі прырода абкрадвала яго, скарачала колькасць дзічыны, і ён пастаянна адчуваў сябе пераможаным і падманутым. А тут ён, нарэшце, кінуў выклік прыродзе, даў ёй добрую аплявуху, ад якой у яго ажно закіпела кроў — стукнула ў ногі, затрымцела ў сплюснутых кончыках пальцаў. На гэтых пяці квадратных мілях забалочаных берагоў баброў было больш, чым яму калі-небудзь даводзілася бачыць на адным месцы; больш, чым ён мог вылавіць сваімі дваццацю пасткамі за шэсць гадзін кароткага зімовага дня. А там, дзе ёсць бабёр, павінны быць шмат і іншых звяроў, якія палююць на бабра: ліса, рысь, норка. І хутка Рой пачаў ставіць пасткі на драпежнікаў вакол усяго балота, імкнучыся стварыць адзіную сістэму пастак на ўчастку даўжынёй каля сямі міляў і шырынёй на паўмілі; напачатку гэта яму ўдалося зрабіць, але пазней не ўдалося скарыстаць, бо ў яго не хапала часу на тое, каб вызваляць і зноў заражаць свой абмежаваны запас пастак.
Кожны вечар усе яны вярталіся ў хаціну на строме, і па меры таго як накаплівалася пушніна, удача станавілася ўсё больш відавочнай. Каб справіцца са сваім уловам, ім даводзілася займацца скурамі вельмі позна. Як і Рой, Зел аб'явіў, што на балотах за возерам Фей андатры больш, чым ён можа вылавіць з дапамогай наяўных пастак. Здаралася, што Зел лавіў сваімі пасткамі баброў і ласак. Кожны вечар змешаны ўлоў Зела і Роя быў такім жа разнастайным, як і здабыча Мэрэя на яго паляўнічых сцежках. Мэрэй прыносіў менш пушніны, што было натуральна, бо пасткі і сіло на паляўнічых сцежках не маглі, вядома, даць столькі, колькі сканцэнтраваны аблоў багатага бабровага балота.
— Гэта не тое, — уздыхаў Зел пасля двух тыдняў палявання. — Я мог бы ўзяць удвая больш андатры, калі б хапала пастак. Калі б узяцца як след, мы праз два тыдні маглі б выбрацца адсюль з такой здабычай, што больш і не панесці. Эх, мала ў нас пастак!
— Ты заўсёды спяшаешся, — сказаў Мэрэй. — Твая пушніна нікуды ад цябе не ўцячэ.
— Яно то так, — пярэчыў Зел, — але хутка скончыцца масла і сала. — Зел быў галоўным кухарам: ён рабіў гэта лепш за ўсіх. — Ды і мука, мяса канчаюцца.
У першыя ж дні Мэрэю пашчасціла злавіць маладую лань; ён спрабаваў злавіць і другую, але пакуль што без поспеху. З'яўленне людзей, відаць, спалохала большую частку аленяў, якія чулі кожны іхні след на сваіх сцежках і станавіліся яшчэ больш чуйнымі. Амаль кожны дзень Рою сустракалася лань, а то і дзве, а Мэрэй сцвярджаў, што за дзень яму трапляецца і пяць, і шэсць, але заўсёды яны паказваліся толькі на імгненне, былі далёка і адразу ж знікалі.
— Не плач, — сказаў Мэрэй Зелу такім тонам, што Рой па-новаму паглядзеў на сваіх сяброў. — Не плач, будзе табе лань, калі гэта ўсё, што патрэбна твайму жывату.
— Гэта твайму жывату патрэбна шмат! — усклікнуў Зел. — Гэта ты ляжыш на адзіным ложку, а нам з Роем даводзіцца
Мэрэй нічога не запярэчыў, ён моўчкі адчыніў дзверы і высмаркаўся проста на чысты белы снег за парогам. Зел не супакойваўся, пакуль Рою не надакучыла і ён не спыніў гэтую грызню. Жыццё ў цеснай хаціне было даволі змрочным і без гэтых сварак.
У хаціне было цёпла, але адсутнасць сама элементарных зручнасцей пачынала нерваваць Роя. Печ дыміла, а падчас моцнага ветру вялікая сасна пачынала хістацца і ўся хаціна з рыпеннем хісталася на яе карэннях. Мэрэй нарыхтаваў надта мала дроў, і папаўненне запасу лягло на Роя, а зімой гэта было складана і цяжка. У іх было толькі адно вядро і для мыцця і для пітной вады, а глыбокае азярцо, на якое разлічваў Мэрэй, калі выбіраў гэтае месца, аказалася гнілаватым, гарбата і кава аддавалі зямлёй і грыбамі, а Рой гэтага не любіў. Ім даводзілася эканоміць газу, і таму ў хаціне заўсёды быў паўзмрок: днём ад ляснога ценю, ноччу ад прыкручанага кнота.
На долю Роя выпала і падтрыманне чысціні: даводзілася прыбіраць рэшткі пасля разборкі жывёлін, якія затоптваліся ў брудны снег на падлозе, выветрываць задушлівы смурод ад пушніны і кухарства. Каб зносіць гэткае жыццё, Рою патрабавалася зручная хаціна, а Мэрэю толькі і трэба было ад хаціны, каб яна засцерагала яго ад ветру. Зела яна таксама цікавіла толькі як месца для харчавання і сну. Мэрэй быў неахайны і абыякавы, а Зел толькі неахайны, і ў іхнім таварыстве Рой лавіў сябе на тым, што ён пачаргова то грубы, то здзеклівы. У хаціне ён быў маўклівы і кожны дзень з палёгкай сыходзіў уніз па заснежаным схіле, у марозны халадок возера Фей.
Краіна гэтая не траціла для Роя сваёй зачараванасці і — Рой гэта ведаў — ніколі не страціць. На заснежаных плато, калі ўзіраўся ў далёкія лясы і азёры, Рой забываўся пра маркотнае жыццё ў хаціне. Усё часцей і часцей Рой выбіраўся з азёрнай катлавіны, далей ад бабровай лоўлі на хрыбты і цераз іх на азёры ад аднаго да другога, плануючы цэлую сетку аблову ўсёй гэтай тэрыторыі, у думках пракладваючы сцежкі вакол асобных пікаў, зразаючы вуглы на хрыбтах, выбіраючы месцы, адно лепшае за другое, для хаціны, для волаку і для бліжэйшага маршруту назад у Сент-Элен.
У гэтыя імгненні Сент-Элен уяўляўся яму толькі ў вобразе Джэка Бэртана: Джэк, яго ферма, яго шматлікая дзятва. У малюнку, які ўзнікаў у яго ў думках, не было ні Сэма, ні Эндзі, ні нават Джын. Яна, відаць, была страчана для яго нават у думках, як усё знікала са свядомасці, калі ён нечага пазбаўляўся, справядліва і назаўсёды. Але чым больш аддаляўся яе воблік, тым больш хацелася Рою ўявіць сабе Джыні Эндрус і тым большы неспакой гэта выклікала.
Вось пра што ён думаў, калі халодным змрочным днём сядзеў на вяршыні невялікай гары і пазіраў на поўдзень цераз хрыбет Белых гор. Ён залез так высока, што мог зазірнуць паўзверх хрыбта. І як сягаў яго позірк, ён у думках пракладваў па лясах і плато карацейшую дарогу ў Сент-Элен. Ён быў цалкам захоплены гэтым, калі побач з ім з'явіўся Мэрэй, і Рой ажно падскочыў, бо яго засталі знянацку. Ён быў падобны на аленя, які хоча кінуцца ў лес.
— Я заўважыў цябе яшчэ з таго боку даліны, — спакойна прамовіў Мэрэй і сеў побач з Роем на сук піхты. — Што ты тут робіш? Падпільноўваеш дзічыну?
Рой пакруціў галавой і адчуў, як напружаны мускулы шыі і як сціснулася цела.
— Не, — сказаў ён, — проста я прыкідваў, як пракласці шлях адсюль проста ў Сент-Элен.
— Лепш за ўсё ісці вакольным шляхам, праз участкі Скоці і Індзейца Боба, — сказаў Мэрэй. — Калі нацянькі, то давядзецца доўга ісці па адкрытай мясцовасці. А што? Хіба ты збіраешся раз на тыдзень хадзіць туды?