Олівер Твіст
Шрифт:
— Вы?! — ускрыкнула Роз Мэйлі.
— Так, я, лэдзі, — пацвердзіла дзяўчына. — Я — тое нягоднае стварэнне, пра якое вы чулі, якое жыве сярод злодзеяў і якое — няхай дапаможа мне Гасподзь — з таго часу, як сябе помню, і з таго часу, як вуліцы Лондана адкрыліся для маіх вачэй і пачуццяў, не ведала лепшага жыцця за тое і лепшых слоў за тыя, якімі мяне ўзнагароджвалі. Не вагаючыся, можаце прылюдна адхіснуцца ад мяне, лэдзі. Я маладзейшая, чым выглядаю, але я да гэтага прывыкла. Нават найбяднейшыя жанчыны адхістваюцца ад мяне, калі я іду па людных вуліцах.
— Які жах, — сказала Роз, міжволі адступаючы
— Дзякуйце Богу на каленях, дарагая лэдзі, — плачучы, працягвала дзяўчына, — што вы ніколі не зазналі ні холаду, ні голаду, ні боек, ні п’янства, ні... ні яшчэ чагосьці больш гідкага, што я зведала з калыскі. Я магу сказаць гэтае слова, таму што маёй калыскай былі глухі завулак ды канава, яны стануць і маім смяротным ложам.
— Мне шкада вас, — дрыготкім голасам сказала Роз. — Маё сэрца сціскаецца, калі я слухаю вас.
— Няхай неба ўзнагародзіць вас за дабрыню! — азвалася дзяўчына. — Каб вы ведалі, якой я бываю час ад часу, вы б дапраўды пашкадавалі мяне. Але я патаемна збегла ад тых, якія мяне, напэўна, забілі б, калі б даведаліся, што я прыйшла сюды, каб расказаць тое, што падслухала. Ці ведаеце вы чалавека па імені Манкс?
— Не, — сказала Роз.
— Ён вас ведае, — працягвала дзяўчына, — і ведае, што вы прыехалі. Я пачула, як ён назваў адрас, і вось па гэтым адрасе знайшла вас.
— Ніколі не чула такога імя, — сказала Роз.
— Значыць, у нас ён называе іншае імя, я пра гэта даўно здагадвалася. Колькі часу таму назад, неўзабаве пасля таго, як Олівера ў ноч рабаўніцтва закінулі ў ваш дом, я, падазраваючы гэтага чалавека, падслухала ў цемры размову паміж ім і Фэджынам. Я ўчула, што Манкс, той самы мужчына, пра якога я ў вас пыталася, памятаеце?
— Так, — адказала Роз, — разумею.
— ...што Манкс, — працягвала дзяўчына, — выпадкова бачыў Олівера ў кампаніі двух нашых хлапцоў у дзень, калі ён згубіўся, і прызнаў у ім якраз таго самага хлопчыка, якога ён з нейкай прычыны шукаў, хоць я і не разумею навошта. З Фэджынам была заключаная ўгода, што калі Олівера выкрадуць ізноў, то габрэю перападзе пэўная сума, і ён меў атрымаць яшчэ больш за тое, калі ён зробіць з Олівера злодзея. Гэта Манксу для нечага патрэбна. Нейкую карысць ён з гэтага мецьме.
— Якую карысць? — спытала Роз.
— Ён заўважыў на сцяне мой цень, калі я падслухоўвала, каб зразумець, для якой, — адказала дзяўчына, — і мала каму ўдалося б уцячы і не быць заўважаным; мне вось удалося. З той пары я яго не бачыла. Учора вось толькі вечарам яшчэ раз.
— Што ж здарылася потым?
— Зараз скажу вам, лэдзі. Мінулым вечарам ён прыходзіў ізноў. Яны ізноў падымаліся наверх, і я, захінуўшыся так, каб цень не выдаў мяне, зноў падслухоўвала пад дзвярыма. Першае, што сказаў Манкс, дык гэта: «Такім чынам, адзіны доказ паходжання падшыванца ляжыць на дне ракі, а старая ведзьма, якая атрымала яго ад ягонай мацеры, гніе ў труне». Яны зарагаталі і ўхвалілі, як спрытна ён абрабіў справу, а Манкс, гаворачы пра хлопчыка, раз’ятрана прамовіў, што хоць ён і займеў грошы маленькага д’ябла, але яму было б лепш узяць іх іншым шляхам; вось гэта была б пацеха, казаў ён, паздзеквацца з тастамента задавакі-бацькі ды працягнуць падшыванца цераз усе гарадскія турмы, а потым зладзіць яму паказальнае павешанне
— Дык што ж гэта такое! — прамовіла Роз.
— Праўда, лэдзі, хоць яна і прагучала з маіх вуснаў, — адказала дзяўчына. — Потым ён, страшэнна брыдкасловячы, што звыкла для маіх вушэй, але для вашых дык, напэўна, не, сказаў, што калі б ён мог спатоліць сваю нянавісць, узяўшы жыццё хлопчыка і не рызыкуючы ўласнай шыяй, то ён зрабіў бы гэта, але калі ўжо гэта немагчыма, то ён будзе пільна за ім сачыць, чакаць зручнага выпадку, каб скарыстацца з той перавагі, што ён ведае пра ягонае нараджэнне і паходжанне, і па магчымасці пашкодзіць хлопчыку. «Адным словам, Фэджын, — сказаў ён, — хоць ты і габрэй, але ты ніколі яшчэ не рыхтаваў нікому такіх пастак, якія я падрыхтаваў для майго юнага брата Олівера».
— Ён яго брат! — усклікнула Роз.
— Гэта былі яго словы, — прамовіла Нэнсі, з непакоем азіраючыся, як азіралася яна ўвесь час размовы, таму што яе апанаваў успамін пра Сайкса. — І вось што яшчэ. Калі ён гаварыў пра вас і другую лэдзі, то сказаў, што, мабыць, гэта Бог або д’ябал зладзілі ўсё так, каб назло яму Олівер трапіў у вашыя рукі. Потым ён зарагатаў і сказаў, што гэта яго нават задавальняе, таму што вы аддалі б нямала тысяч і соцень тысяч фунтаў, каб іх мелі, каб даведацца, хто такі ваш двуногі спаніэль.
— Вы ж не хочаце сцвярджаць, — прамовіла Роз, зрабіўшыся вельмі бледнай, — што гэта было сказана ўсур’ёз?
— Ён сказаў гэта з такой рашучай і злоснай сур’ёзнасцю, на якую толькі здольны мужчына, — запярэчыла Нэнсі, пакруціўшы галавой. — Калі ўвесці яго ў злосць, ён жартаў не разумее. Я ведаю шмат людзей, якія робяць горшыя ўчынкі, але па мне, дык лепш слухаць іх усіх дзесяць разоў, чым Манкса аднойчы. Але становіцца позна, і мне трэба паспець дадому, не даўшы падставаў для падазрэння, дзе і ў якой справе я была. Мне трэба як мага хутчэй назад.
— Але што я магу зрабіць? — сказала Роз. — На што карыснае магу я ўжыць гэтую інфармацыю без вас? А вы хочацевяртацца! Чаму вы хочаце назад да супольнікаў, якіх вы апісалі такімі змрочнымі фарбамі? Калі вы паўторыце тое, што сказалі, джэнтльмену, якога я праз пару секунд магу прывесці з суседняга пакоя, то вас даставяць у бяспечнае месца ўжо праз якіх паўгадзіны.
— Я хачу вярнуцца, — адказала дзяўчына. — Я мушу вярнуцца, таму што — як сказаць гэта такой нявіннай лэдзі, як вы, — таму што сярод мужчын, пра якіх я вам расказвала, ёсць адзін, самы адчайны, і я яго не магу пакінуць, нават дзеля таго, каб пазбавіцца ад майго цяперашняга распуснага жыцця.
— Вашае ранейшае заступніцтва за гэтага мілага хлопчыка, тое, што вы прыйшлі сюды пад вялікай рызыкай, каб паведаміць, што пачулі, вашыя паводзіны, якія пераконваюць мяне, што вы гаворыце праўду, вашае выразнае раскаянне, ваш сорам — усё гэта прымушае мяне верыць, што вы яшчэ можаце выправіцца. О! — усклікнула палка дзяўчына, складваючы рукі, і па твары яе пакаціліся слёзы. — Не заставайцеся глухой да маленняў жанчыны, якая першай — я пэўная, што першай, — звярнулася да вас з гэтымі словамі жалю і спачування. Пачуйце мае словы, дазвольце мне выратаваць вас дзеля лепшага жыцця.