Любіць ноч — права пацукоў
Шрифт:
пяшчотна паляпаў па прыкладу, засунуў за шафу ў шчыліну і дадаў
гэта трафейная штука мне даражэйшая за ўсё зараз, бо яна кошт жыцця мае, я яе ды вядро патронаў у знаёмага старога на вёсцы выменяў, па аднаму артыкулу з ім калісьці праходзілі, ён захварэў, ведаў, што памрэ, — таму і аддаў
і падсумаваў
ну, а цяпер усё ад нашай волі і розуму залежыць, тут спяшацца не варта, вам пакуль увогуле лепш не высоўвацца, бо вас ужо шукаюць, ну а я на пошту схаджу, потым усё і вырашым
і бурчэў звыклае
…я
а гадзіны праз дзве, калі даўнёнак спаў, абодва сядзелі за сталом і стары казаў
сын ваш, Ігнат, дома, пэўна, сюды і не думае збірацца, ды я і не высвятляў, нельга, а ён да таго ж мяне і ведаць не ведае
Даніла перабіў жорстка
ён мяне не цікавіць болей
і працягваў
згода, спяшацца не буду, але ноччу я выберуся да тых пацукоў, і зброю вы мне дасцё
і стары не аспрэчваў
бярыце, інакш вы ўсё роўна ў іншым месцы возьмеце, ды толькі пачакайма, пакуль я вам, калі атрымаецца, сюды аднаго чалавека прывяду, вось тады ўсё і вырашым
і Даніла Прусак спытаў
якога яшчэ чалавека?
але стары перавёў гутарку на іншае
вы не апошні, хто хоча перамяніць наш свет
гаварыў ён
але перамяніць яго магчыма толькі яшчэ большым страхам, ад адваротнага
і пытаў
хіба не так? вось я лагеры прайшоў — і што змянілася? колькі інфармацыі выплюхнулася наверх — і што? уся ў пясок пайшла
а Даніла Прусак пацікавіўся машынальна — ён у падсвядомасці, у думках быў ужо там — у маючай наступіць ночы
ну і вы, вядома, у будучыя перамены не верыце?
і стары адказаў
не, не і яшчэ раз не, бо ваду, якая пераплюхнула цераз дамбу, назад не вернеш — хіба не так? успомніце, вы мне раней Гумілёва ў прыклад прыводзілі, памятаеце, пра ўзрост народа гаварылі, магчыма, усё і так, магчыма, мы зараз зрасходаваны матэрыял, але ж, прабачце, — каб так свае задніцы падстаўляць, — гэта ўжо ўсе межы прыстойнасці пераўзыходзіць, не, гэты народ дабром не скончыць
і гнуў свае
…я гэтых самаедаў тэлеграфным слупам
і ставіў кропку
праз памыйную яму
і ў вачах яго раз-пораз успыхвалі агеньчыкі нянавісці, нязломнасці і супраціву.
VII. Зыход
Набліжаўся поўдзень, калі стары Антон Кніга зноў апынуўся ў завулку ля былой фралоўскай сядзібы і з цяжкасцю прайшоўся побач — раз, другі, назіраючы, як бегаюць туды-сюды шматлікія дзеці чужынцаў, завіхаюцца крыклівыя гаспадыні, загадваючы нешта дзвюм жанчынам-паслугачкам з мясцовых, што няньчылі, не выпускаючы з рук, іх зусім яшчэ малых дзяцей, а трэцяя мыла на двары бялізну; некалькі іншамарак туліліся ля плота, а на лаўцы ўжо сядзелі тутэйшыя дзяўчаты з навакольных дамоў і палілі цыгарэты, манерна адстаўляючы пальцы рук і папраўляючы прычоскі, а перад імі праходжваліся некалькі ўзмужнелых падлеткаў з чужынцаў і гергеталі
бляматахушаварот!
бесцырымонна хапалі дзяўчат за рукі і валасы, прыгінаючы галовамі ўніз, а тыя вяла і крыўдліва выкрыквалі кшталтам
ай, ну канчай, бля, адпусці!
праз хвіліну ўжо хіхікалі юрліва
хехехехехе
і закідвалі нага на нагу, і некаторыя з іх былі ўжо відавочна цяжарныя, і падлеткі тыцкалі ў іх прыпухла-пукатыя жываты пальцамі і гаварылі
гэта ад мяне, ад мяне
ці дражніліся
праглынула мячык, бікса, так?
І мацюкаліся і падскоквалі, махаючы рукамі: энергія выпірала з іх, чорныя вочы бліскалі, а цёмна-жоўтая скура на тварах ільснілася ад поту, і стары глядзеў на ўсё гэта, яго ж наадварот, не заўважалі — нібы ён для іх не існаваў ці быў з іншага вымярэння; чужынцы забягалі і выбягалі ўжо з прусакоўскага дома, быццам гэта здаўна быў іхні будынак, сноўдалі па садзе, а потым на падворак выйшла пакаёўка Васіліна і накрычала на паслугачак, і стары адразу скарыстаў момант: падышоў да яе і спытаў, ці не пакліча яна да яго на хвіліну іх старэйшага мужчыну, і Васіліна падазрона звузіла вочы на мангалоідным, скуластым твары, агледзела яго з ног да галавы і сказала грэбліва
ён ад’ехаў па справах, у яго шмат спраў, у адрозненне ад некаторых іншых
і ўрэшце пацікавілася
ну і навошта ён вам?
а стары адказаў коратка
золата прадам
і вочы ў Васіліны адразу насторчыліся, як у вартавога сабакі, і яна, скрыжаваўшы на грудзях моцныя, мускулістыя рукі, прапанавала
пакажы, я куплю
але Антон Кніга зневажальна фыркнуў — ён ведаў гэтую пароду людзей і легка чытаў іх, бо ў свой час пабачыў такіх багата
у цябе купіла не хопіць
сказаў ён зневажальна, а твар пакаёўкі адразу згубіў свой грэблівы выраз, яна пашукала вачыма і закрычала
гэй, Карым, бацька хутка будзе?
на што адзін з падлеткаў, як адзначыў стары, — дужы і ўкормлены, узмужнелы на выгляд, кінуў дзяўчыну, руку якой з недакуркам згінаў так, каб тыцнуць ей жа ў твар, незадаволена азірнуўся і сказаў
вечарам
а стары спытаў у пакаёўкі
гэта яго сын?
а тая адказала, што так, адзіны сын, і Антон Кніга спытаў, быццам раўнадушна, але ўнутрана сцяўшыся
няўжо адзін? у такога чалавека і ўсяго адно дзіця?
але пакаёўка пацвердзіла
адно
сказала яна і хацела дадаць яшчэ нешта, магчыма, патлумачыць, чаму ўсё-ткі адно, але стары павярнуўся і закульгаў прэч, і Васіліна пастаяла і знікла ў доме, а стары Кніга, праходзячы паўз лаўкі, раптам спыніўся і прапанаваў Карыму
падыдзі, парнёк
выцягнуў з кішэні залатоўку і паказаў таму
бачыш, парнёк?
і той адразу наблізіўся да старога, і рука яго прагна пацягнулася да манеты, але стары схаваў яе ў кішэню і сказаў