Дрыгва
Шрифт:
— Хацеў бы з вамі пагутарыць трохі, — сказаў ён дзеду. — Вы куды цяпер ідзяце?
— А тут… да аднаго знаёмага.
— Мне вось цікава ведаць, — сказаўнезнаёмы, — калі б вас асабіста не пакрыўдзілі палякі, то ці паўсталі б вы супраць іх?
Дзед Талаш захоплены быў знянацку і, не ведаючы, куды гне незнаёмы, адказаў нейтральна:
— Не чапалі б мяне, не чапаў бы і я іх.
Трошкі падумаўшы, разважліва дадаў:
— А ўрэшце не ведаю, як бы яно было.
Незнаёмы памаўчаў.
— Ну, а ці ведаеце вы, што нясе з сабою польская вайна? I хто з намі ваюе?
— Ды, мабыць, хочуць сваю Польшчу збудаваць.
— А калі б яны збудавалі, як вы кажаце,
Дзед Талаш паглядзеў незнаёмаму ў вочы.
— А скажыце, хто ж будзеце вы?
Замкнёны твар незнаёмага асвятліўся ветлаю ўсмешкаю.
— Я — рабочы з Гомеля. Маю і прозвішча, як і ўсякі чалавек, але яно мне непатрэбна тут. А калі вы хочаце зваць мяне, то завіце Нявідны.
Здзівіўся дзед Талаш.
— А я вас хутчэй назваў бы — Дзіўны.
"Нявідны", як ён сам назваў сябе, усміхнуўся.
— Не, дзіўнага тут нічога няма, — сказаў ён. — Справа ў тым, што я вяду патаемную, або, як гаворыцца, падпольную, работу ад нашай партыі бальшавікоў. I калі вы чулі, што сям-там супраць палякаў узнікаюць паўстанні, то тут трошкі паложана і мае работы.
Тады дзед Талаш прыцішаным голасам паведаміў:
— Эге! Вось жа і я пачаў такую работу.
— Я адгадаў, што вы — чалавек патрэбны і цэнны, але вам трэба зірнуць на свет трохі па-іншаму і трохі далей.
Цікавыя рэчы расказваў Нявідны дзеду Талашу, і не мог не згадзіцца дзед Талаш, слухаючы, што перад ім выступала праўда.
XIV
Дзед Талаш не проста праваднік у Букрэевай разведцы. Па-першае, ён сам паўнапраўны ваяка: ён мае "настаяшчую" ваенную стрэльбу і сорак пяць патронаў, па-другое, у яго ёсць свая каманда, цэлых восем чалавек сялян з Высокай Рудні. А народ гэта быў спрытны і адважны. Сабраць такую каманду было не так-та і лёгка, але дзед Талаш не пашкадаваў гарачых, як агонь, слоў і яркіх фарбаў, каб разагрэць кроў сваіх ваяк і рушыць іх на справу змагання супраць лютых акупантаў.
— Няўжо, таварышы, вы будзеце грэць пуза на печы, падпіраць яе плячамі ды чакаць, покі і да вас прыйдзе паляк і стукне даўбешкаю па галаве? Не памілуе вас пан, прыпомніць кожны дубок, высечаны ў лесе, рагач, што выкапалі вы для сахі, каб калупацца ў полі. Але і поле ён забярэ ў вас, паставіць вас за батракоў у сваім маёнтку. Апошнюю нітку выцягне з вашай кашулі. Мы павінны памагчы нашаму чырвонаму войску прэч выгнаць панскую псярню, каб не паны, а мы самі, каторыя бедната і рабочыя, з таварышамі бальшавікамі былі тут гаспадары і па-свойму ладзілі сваё жыццё.
Не апошнюю ролю ў гэтай мабілізацыі васьмі адыграў дзедаў расказ аб раззбраенні польскага канвоя і асабліва карабін Мартына Рыля, здабыты ім у часе раззбраення. Мартына Рыля тут шмат хто ведаў. Найболей грунтоўную дапамогу дзеду аказаў Нявідны, бо ён быў спецыяліст у гэтай справе.
На змярканні рушылі ў паход дзве групы войска: трыццаць чырвонаармейцаў з Букрэем на чале і восем чалавек сялян пад камандаю дзеда Талаша, а ўсяго разам сорак чалавек. I быў гэта другі дзень з тых трох дзён, на сходзе якіх дзед Талаш і Мартын Рыль павінны былі злучыцца на Доўгім Бродзе. Дзед Талаш цвёрда трымаў гэта ў памяці. Такім парадкам, наперадзе была цэлая доўгая зімняя ноч і цэлы кароткі зімні дзень. Часу зусім выстарчала для таго, каб не спяшаючыся прыйсці ў тэрмін на ўмоўленае месы;а.
Надвор'е памякчэла. Яшчэ звечара неба з паўднёвага боку засценьвалася дымнаю павалокаю лёгкіх воблакаў, а над далёкімі лясамі звісала тонкая
Букрэй — чалавек з багатаю ваеннаю практыкаю. Не раз ён рабіў такія паходы, не раз быў у бойках і на фронце імперыялістычнай вайны, і на франтах вайны грамадзянскай. Быў ён і на Уральскім фронце, і пад Астраханню, і ў шырокіх стэпах Украіны. Чырвонаармейцы любілі яго і пакладаліся на яго. Ён аддаў загад начальнікам аддзяленняў прыняць меры аховы паходнай калоны. Былі высланы бакавыя і пярэднія дазоры, устаноўлена адпаведная сувязь байцоў у дазорах з ядром калоны.
Дзед Талаш прыглядаўся да Букрэя, прыслухоўваўся да яго загадаў і каманды і ўсё гэта матаў сабе на вус. Ён, як праваднік, на якім ляжала адказнасць у сэнсе захавання войска ад розных ліхіх неспадзевак у дарозе на цаходзе, праяўляў усе адзнакі руплівасці і турботы, каб усё было добра і шчасліва. Ён то адставаў на некаторы момант ад калоны, то заходзіў наперад ці збочваў, каб адысціся ад шуму, тупату ног, прыпыняўся і чуткім вухам лавіў галасы зімняй ночы і падазроны шолах лесу. Яму прыемна было адчуваць, што на яго плячах шчыльна прыліпла важкая "настаяшчая" стрэльба з ёмкім вострым штыхом, з якім не страшна выступіць адзін на адзін і супраць мядзведзя. Усё бачанае і перажытае ў Высокай Рудні цяпер адступіла кудысь далей, а перад ім паўставалі новыя з'явы так, як дыктаваліся яны ходам падзей, — спатканне з Рылем, план вызвалення Панаса і далейшыя праявы, якія так трудна прадугледзець і падпарадкаваць сваёй волі і сваім жаданням. Алё дзед Талаш адчуваў цяпер за сабою сілу і ўпэўненасць: гэту сілу і смеласць прыдавала яму ў значнай меры і "настаяшчая" стрэльба. Калі ён адыходзіўся трохі воддаль і быў адзін, ён знімаў з-за плячэй стрэльбу, браў яе "на руку" для бою ў штыхі, як паказваў яму Букрэй. Пацешную позу прымаў у гэты час дзед Талаш: ён браў стрэльбу праваю рукою за шыйку ніжэй затвора, леваю падхватваў яе знізу на адлегласць у локаць і сам прысядаў, згінаючыся ў каленях, выставіўшы трохі наперад левую нагу. I твар яго тады быў грозны, як у чалавека, гатовага нанесці смяртэльны ўдар свайму ворагу. Але гэтыя практыкаванні не засланялі сабою дзедавых турбот і дбання, каб правесці калону шчасліва.
Да фальварка Віркуцце заставалася вярсты тры. Дзед Талаш ціха падазваў да сябе двух чалавек з свае каманды — Купрыянчыка і Нупрэя — і даў ім загад збегаць на фальварак даведацца, ці няма там палякаў. Купрыянчык і Нупрэй шмыгнулі незаметна і расплыліся ў цемрадзі лясной глушы, а калона тым жа тэмпам, захоўваючы цішыню і парадак, рухалася далей. Шлях яе руху, дарогамі і без дарог, ляжаў увесь час праз лес. Лес ужо канчаўся, і калона зараз жа павінна была выйсці на круглае поле між лясоў, дзе і быў фальварак Віркуцце.
Дзед Талаш падышоў да Букрэя.
— Зараз падыходзім да фальварка, — ціха паведаміў начальніка калоны, — трэба спыніцца.
Букрэй перадаў па ланцужку каманду спыніцца.
— На ўсякі выпадак трэба паслаць разведаць хутар, — сказаў ён.
Букрэй ужо хацеў выслаць разведку.
— Я паслаў ужо сваіх людзей, — далажыў дзед Талаш.
— Правільна зрабіў, дзед! — пахваліў яго Букрэй. — На паходзе, на вайне разведка і сувязь маюць дужа важнае значэнне, — павучаў ён дзеда.
Мінуты праз дзве з мроку выплылі тры постаці. Гэта былі Купрыянчык і Нупрэй і з імі нехта трэці.