Бэзавы попел
Шрифт:
I я распавяла пра тое, што прамоўлена на пачатку майго допісу. У лісце ж далей было: „Мяне, між іншым, Вера Сямёнаўна [Палтаран] распытвала, ці ёсць у цябе час. Па яе агентурных звестках, ты працуеш у бібліятэцы. Але ж я распарадку твайго дня не ведаю. Сам не пішаш, то мне распытваць няёмка. Сказала толькі ёй, што вольных хвілін у цябе амаль што няма”.
„Дзень добры, Ала!
О, у мяне не такі ўжо i благі быў дзень! Як бы там ні было, тоесёе ўтаргаваў усё ж у цябе. Цяпер хаджу, надзімаюся, як паўлін, ну а ты — ці адчуваеш сябе павай? Магчыма, можа, але не з той нагоды, як хацелася б мне. Во пакруціў я тваё пісьмо i так i гэтак i бачу, што вялікі ты дыпламат. Абвяла мяне вакол пальца, папярэдне не паманіўшы нават! Хітранькая ты! Усе захады мае абышла ды яшчэ мне, як Анегін нейкі ў спадніцы, марал вунь які за мае прамаскавецкія сімпатыі (быццам бы) прачытала. А наастачу
Але чакай. Я нейкі іншы ход прыдумаю супроць цябе. Мы яшчэ паваюем! Напалохалася?
Тады будзем пра іншае” (21.VI.82).
„I праўда дачакаешся, калі будзеш пісаць мне сіберныя лісты, што нападзе на мяне немата, як тады, мусіць, у далёкім тым выпадку, пра які згадваеш ты. I лістоў ад мяне другіх не будзе — табе, вядома, усё роўна, а мне крыўда i душэўнае крушэнне.
А што ты пішаш? I нос, маўляў, задзіраў, i над падлогай ледзь не лунаў ці лётаў, i маланкі, як Юпітэр, выкрасаў, а таго i не ведаеш, што калі нешта падобнае i было, дык няйначай ад перапалоху i перапуду. А ты думала, што я S. які, i павінны прымушаць ваша племя трапятаць. Выдумала такое! Я, можа, што i другое помню... таксама выдавецкае. Як пранізала мяне адноечы ад вашай ягамосці нетутэйшымі флюідамі нейкімі, дальбог, — i было ўжо гэта ў тым блаславёным выдавецтве, што ля гасцініцы „Менск” [нейкі час выдавецтва „Мастацкая літаратура” месцілася каля гасцініцы „Менск”] — на першым паверсе, ля касы блізка, ці што, дзе S. (зноў S.!) панаваў над усімі, як Александрыйскі нейкі стоўп. А тут i ты мільганулася, i мо позірк мой цябе пераняў... Далей я табе нічога не скажу, хоць i помню.
Вось табе адповедзь за „недаткнёнтасць”.
А наогул жа ніякі мой варыянт не прымаеш ты, i мне, не надта спадзеючыся на паштовую прозу, адказаць табе хіба вершыкам, i ты ўбачыш тады, на якую дарогу ты мяне падбіваеш i якую папірачку мне падаеш. Чытай i ад згрызотаў пакутуй. А то во яшчэ i вершык вазьму ды i ўсенародна прысвячу табе. I так адпомшчу. Напалохаў? (Не, без дазволу не буду.)
Кіну, рыну — пакіну
Гэты дом на гары,
Горкі дым успаміну
Хай развеюць вятры.
Хіба гэтак няможна?
Дзе пасцелецца цень
Ад капы прыдарожнай,
Там i будзе пасцель.
На Ясельду ці Піну
Ці на Пціч, Вілію, —
Або на лугавіну
Каб зрабіліся парой
Над ракой, над ракой,
Каб здружылася з хмарай
Талакой, талакой,—
I каб кані крычалі,
Прадчуваючы гром.
Каб на вольным прычале
Здрыгануўся паром
Вось так мы перайшлі i да вершыкаў. Не зразумеў толькі я, чаму гэта D. выкінуў адзін верш. (У рыхтаваным зборніку.) Я выкрасліў даволі, найбольш слабое, i ўсё ў пісьме, здаецца, да Паўлава, пазначыў па (не на) старонках — у дзвюх кніжках. Там, у пісьме, аж дзве шарэнгі старонак. Спытай у Валодзі [Паўлава], хоць ён i тумарэсік вялікі (ведаеш такое слова?). <...>
Барадуліну напісаў, адказу пакуль няма (у адказ на ягоны ліст). Пачакаю. Ты хоць пішы. А то лянуешся. Адсюль цябе пісьмамі цяжка разварушыць (не дзеля справы адной!), а там наогул ад мяне схаваешся. Але, калі вярнуся, шпацырамі рознымі буду табе ўсё ж надакучаць, а то i зважу ў Ракаў да польскіх кабет i бабулек — там трохі яшчэ ёсць. Ты ў карты з імі пагуляеш, а я цябе за жонку буду выдаваць i казаць, што ні ў карты не гуляю, ні гарэлкі не п'ю, бо цябе баюся? Згода?
Пра жыццё-быццё сваё, „дыярыуш”, так сказаць, свой я табе так ці інакш выкладаю — адно i тое ж, распарадак усяму галава, таму i мне не цікава, i табе зачапіцца не будзе за
На Вялюгіна я прасіў Рыгора навесці. Можа, i сам напішу, калі адказу ад Рыгора не будзе. Паглядзім. <...>
Але ну ix, справы! Нешта сумна i самому стала, i нецікава пісаць. „Нового мира” я тут не бачу, як i шмат якіх часопісаў. Хіба трапляеца „Юность” i „Неман”, з нашых — „Вожык” i „Р[аботніца] i сял[янка]”. <... >
У бібліятэцы тое-сёе трапляеца са старога — перачытваю. Выпадкам трапіла кніжонка дачкі Л.Андрэева — Веры Андр[эевай] — „На Черной речке”. Пра дзяц[інства] на фінскай дачы. Цікава наогул. Тым больш што я „Детство” Вадзіма Андр[эева], сына, некалі чытаў. А чытаць, калі праўду казаць, няма калі. Дурная, марная, абразлівая трата часу. Хоць я ў гэтым сэнсе i наогул не вялікі ашчаднік (колькі часу таго патраціў), але, як ворагу рэгламентацый, выць, іншым часам, дальбог, хочацца — почему не минула чаша сия? A F. мне нават, нахабнік, неяк напісаў, што цярпець трэба i пра нейкую працу думаць. Адказаў (о, адказаў!) — не адказвае i не адкажа. Гумару няма ў некаторых людзей — вось табе i казань уся. Прыдуркамі лагернымі прыкідваюцца — мо так лепш?
Але я злавацца пачынаю. A ўсё таму, што пра распарадак В[ера] Сям[ёнаўна] папытала. Але ж яе памяншальныя суфіксы да любога парадку прыдадуцца — ці не так? Не буду.
Давай лепш напішы, што ты бачыла ў маіх (цяпер быццам нашых) мясцінах, калі не жартавала, пішучы як бы пра нейкае „падарожжа”. Ці ты на Лысую гару трапіла? Не трэба. Мо лепш паедзем у Ракаў.
Я ведаю яшчэ адно добрае месца. За аэрапортам, пры выездзе са Слуцкай на Брэсцкую шашу i далей па Брэсцкай: там гадавальнік вялікі i рэшткі старой садовай планіроўкі, i проста лес ёсць, i жывёліны рознай у лесе многа маецца, i... не ведаю яшчэ што, але мне там падабалася. А ў Курасоўшчыне можна ўкінуцца ў цягнік i ехаць у Ваўковічы — i там я таксама трохі ведаю, i там таксама ёсць лясніцтва (начаваў там некалі з Карамазавым i гарэлку піў), i матэль, але гэта ўжо зусім не тое, як i піянерскія лагеры, якіх там хапае. Там хіба восенню добра. Гэта я ведаю: я ў тых ваколіцах бульбу некалі студэнтам капаў, i, як ні дзіўна, адна знаёмая хата дагэтуль засталася (гэта ўжо не ў лясніцтве).
Колькі табе ўсяго нагаварыў — a карысці?
Але нічога!
Вось: ты нешта абяцала мне, ну, нешта такое сентыментальнае, але паводле маёй вымогі? Маўчу.
Паспрабуй цяпер не напісаць мне доўгі ліст! А я вазьму во яшчэ i падражнюся: con amore.
P.S. Смяешся?
30.V1.82. Міхась”.
Нешта сентыментальнае — здымак. Я так i не выслала яго. Прысвячэнні? Ix таксама не было. Як ён сам пазначаў, „адрасат нават для самога сябе праясняецца апасля”. Я прыняла гэта як адзіна магчымы i верагодны варыянт. Пазней, праўда, я не адмовіла сабе ў магчымасці пачаць артыкул „Калі браць пробы на глыбіні...” так: „Чалавек напісаў нізку вершаў. Жанчыне. Пазней, публікуючы, ён не рабіў прысвячэнняў. I быў, як мастак, правы. Каму б ні прысвячаліся тыя вершы, яны сталі фактам мастацкім. У нейкай меры адчужаныя нават ад свайго творцы i ад той, што была нібыта непасрэднай прычынай напісання вершаў”.
Змяніліся абставіны. З'явіліся рэальныя „пейзанкі” З рэальнымі абрысамі. У рэальным атачэнні. Жыццё знаходзіла рэальнае рэчышча.
Дарэчы, кнігі свае „Мой свеце ясны”, куды ўвайшлі вершы з лістоў, i нават „Пячатку майстра”, дзе я была рэдактарам, ён мне не падараваў. Ажно, калі, прыйшоўшы ў „Нёман”, я прэзентавала іншым, але не яму, сваю толькі што надрукаваную кніжку „Слова сапраўднага лад”, ён пакрыўдзіўся, прынёс з кнігарні асобнік i прымусіў зрабіць надпіс. А на маё запытанне адказаў: „Што я буду падпісваць? Ты — гэта я”. Я ведаю, што так гаварыў сваёй жонцы Ю.Алеша, А.Сахараў — Е.Боннэр, i тут можна было спакусіцца салодкім самападманам. Але — даверлівасць не была маёй дабрачыннасцю. Безумоўна, тут была нейкая іншая прычына. Якая — не ведаю. З даверу я ў яго не выйшла. Ён аддаваў мне некаторыя свае чарнавікі: прынамсі, верша, прысвечанага Барадуліну („Стаяў i я на гэтай кручы...”), пераклады пушкінскіх вершаў („Элегія”: „Гады былыя шалам весялосці...”; „Заклён”; „О, калі праўда, што ўначы...”; „Горад пышны, непрыветны...”). У яго была задума перакласці i напісаць пра паэтаў пушкінскай пары. Ён настойваў, каб я рабіла сцэнарый дакументальнага фільма пра яго, каб удзельнічала 22 красавіка 1987 года ў вечарыне ў яго гонар, каб прыйшла ў апошні дзень перад аперацыяй...
Родословная. Том 1
1. Линия крови
Фантастика:
городское фэнтези
аниме
фэнтези
фантастика: прочее
рейтинг книги
Орден Архитекторов 9
Фантастика:
попаданцы
фэнтези
рейтинг книги
Жут
Приключения:
вестерны
рейтинг книги