Страшны год
Шрифт:
— А што? Бачыце? Даўно гэтак трэ было зрабіць... А вы не хацелі мяне слухацца...
Кумпан кіўнуў галавой.
У Коўні мы разьвіталіся. У піўнушцы на Лайсвос Алеі выпілі піва, прыпомнілі сабе свае перажываньні апошніх дзён, пасьмяяліся крыху, бо часта жудаснасьць, калі яна ўжо ў мінуўшчыне, не выклікае страхаў, а пакідае пасьля сябе вясёлы ўспамін.
Іншая рэч — тое, што нас чакае ў будучыні. Перад намі — шмат неспадзяванак, страхаў; хто ведае, можа сьмерць ідзе нам на спатканьне і хто ведае, колькі часу гэтак прыйдзецца жыць?
Паціснулі адзін аднаму рукі, паабяцалі адзін аднаму, што калі спаткае нас злы лёс, аб нашым знаёмстве і аб нашай падарожжы ня скажам ні слова —
Праз гэтыя апошнія дні, якія я патраціў на сваю падарожжу, Коўня яшчэ больш перамяніла свой вонкавы выгляд. На вуліцах поўна бальшавіцкага войска і — жыдзюкоў. Божа! Колькі іх тут! Ці затрымаешся, каб спытацца, як прайсьці на нейкую вуліцу, ці пачнеш таргавацца з хурманшчыкам, — усюды навокал цябе цікаўныя, што нахальна глядзяць у вочы, маладыя сыны Ізраіля, што напіраюць на цябе. Адчуваеш сябе як ува сьне, калі хочаш уцякаць ад нейкага страхацьця, а яно цябе не пускае, а ногі непаслухмяныя, ня маюць сілы адпіхнуць жудасьці; крычаць хочаш, а з горла вырываецца толькі цяжкі стогн. Але ад сну прачынаешся, а тут сон не спыняецца: усюды, на кажнай вуліцы, у кажным завулку ты бачыш сьпічастыя бальшавіцкія шапкі і жыдзюкоў, жыдзюкоў, жыдзюкоў... Куды падзецца? Тут у вадным манастыры ў мяне быў чалавек знаёмы, колішні салавецкі таварыш. Першая думка: паеду туды! Хоць гэта было недалёка, я ўзяў вазьніцу, каб ня блытацца сярод гэтага натоўпу...
У манастыры я прасіў, каб далі мне працу вартаўніка, памочніка агародніка, ці хоць што колечы... Гэта была неразумная просьба, манастыр — гэта была брытва, за якую хапаецца чалавек, які тонець. Мне адказалі так, як гэтага можна было спадзявацца:
— Даражэнькі! Куды вы лезеце! Дык жа ў нас вас хутчэй спаймаюць, як нейдзе ў іншым мейсцы.
Запраўды — шалёная думка хавацца ад бальшавікоў у манастыры!
Я меў у Коўні сваяка. У сваім безвыходным палажэньні я ня мог спакойна разважаць. Мне патрэбна была рада чалавека, які глядзіць на падзеі больш цьвяроза. Бо я кідаўся, як рыба аб лёд, ня ведаючы, што рабіць, куды ехаць, дзе хавацца. Майго сваяка не было ў Коўні — ён выехаў. Пераначаваўшы ў гатэлі, я на другі дзень першым цягніком паехаў у Вільню.
Жонка вохнула: што сталася? чаму вярнуўся? Я расказаў аб сваіх злыбедах. І пачалося трывожнае віленскае жыцьцё.
Першым чынам трэба было выявіцца з кватэры. Пасьля — не начаваць у хаце. Самая небясьпечная пара — гэта ноч. Бальшавікі, як усялякая нечысьць, як клапы, вошы, пацукі, мышы — праяўляюць найбольшую актыўнасьць уначы. Я начаваў у сваім складзіку. Там ляжала крыху саломы. Было яшчэ цёпла, было лета. Раніцай я прабіраўся ў сваю хату, сьнедаў і, узяўшы вудачку і кошык з правізіяй, ішоў далёка за горад на бераг ракі. Я не рыбалоў і не люблю гэтага занятку. Гэта была маска, каб надаць сабе выгляд бесклапотнасьці, каб выглядаць на чалавека, які нікога не баіцца і ў гэтыя жудасныя часы спакойна ловіць рыбку...
У адну ноч я пачуў сільны званок да вартаўніка. Званок быў вонкі, на панадворку, а кватэра вартаўніка была непадалёк ад майго складзіка. Я ўжо ў гэту ноч больш ня спаў.
У гэту ноч узялі майго суседа, былога польскага афіцэра.
Сем кілёмэтраў за Вільняй мой знаёмы меў хутарок. Я папрасіўся да яго на працу. І зь дзівам пабачыў, што я тут не адзін: у гэтакім самым палажэньні земляроба–работніка тут ужо быў мой віленскі сябра, беларус Ш. Мы начавалі ў стадоле на сене, абмеркаваўшы добра, празь якую дзірку і куды ўцякаць, калі б быў начны налёт НКВД. Месца было вельмі добрае: навокал — кусты, горкі, недалёка лясок. На панадворку — злы сабака, які ў часе небясьпекі падымець трывогу. Адна бяда: мне, непрывыкшаму да сельскай гаспадаркі, цяжка было. Далі мне ў рэшце рэштаў найлягчэйшую работу — пасьціць жывёлу. Я меў пад сваёй апекай чатыры каровы, якія пасьціў на лясным квадраце, па бакох якога расьлі: жыта, бульба, капуста... Як я ні сачыў за сваймі кароўкамі, заўсёды адна ішла ў шкоду. Выганю адну з жыта, бачу — другая ўжо гаспадарыць у бульбе, выганю яе з бульбы, а тут трэйцяя ўжо пажырае капусту... І гэтак увесь час
Набліжалася зіма. Што далей?
Я перабраўся ў Вільню.
Жонка мая тымчасам займалася шыцьцём. Я намаляваў ёй шыльду, якая стаяла на вакне. Мы ўмовіліся так: калі шыльда стаіць на вакне — усё спакойна, я, значыцца, магу зайсьці ў хату. Калі шыльды на вакне ня будзе, — значыцца, небясьпека...
Я раздабыў сабе сем начлегаў у Вільні ў сваіх прыяцеляў і знаёмых. Гэтыя начлегі былі падзелены паводле дзён тыдня. Гэткім чынам мне ня трэба было папераджаць свайго знаёмага, што прыйду да яго на начлег: кожны меў свой дзень у тыдні. Раніцай ішоў у сваю хату. Шыльда стаіць на вакне, значыцца, добра, ноч тут прайшла спакойна, можна зайсьці... І, зайшоўшы ў сваю хату, увесь дзень сядзеў несупакойны, гледзячы праз вакно на вуліцу. Кажны аўтамабіль, які затрымоўваўся непадалёк ад майго дому, будзіў трывогу. Ужо я хапаў паліто і шапку, гатовы выскачыць праз другое вакно, якое выходзіла на панадворак, гэтак аблічаючы час, каб бальшавікі не пасьпелі абкружыць дом...
Як зьмяркалася, я ішоў на начлег. Вокны НКВД ужо блішчэлі сьвятлом, там ужо пачыналася праца начной нечысьці. Праходзячы праз Лукіскую плошчу, я на сярэдзіне затрымоўваўся, глядзеў навокал. Нікога нідзе не відаць. Мяне ня сочаць. Ну, дзякуй Богу! Толькі асьветленыя вокны НКВД глядзелі моўчкі на мяне, кідаючы снапы сьвету на залітую восеньскім дажджом вуліцу.
Мой вонкавы выгляд зьіначыўся. Я аброс сівой барадой, адпаведна да гэтага перамяніў хаду, цяжка варушачы нагамі, як чалавек, змораны жыцьцём і хваробай. Згорбіўся. Усклаў акуляры. Усё гэта з такім разьлікам, што фігура слабасільнага чалавека менш падазрона выглядае, чымся здаровага і дужага. Якая ж нямілая бывала для мяне неспадзеўка, калі нейкі знаёмы, спаткаўшы мяне ўвечары на вуліцы, клікаў: “А! Спадар Монвід! Як маецеся? Вы ў Вільні? Ня выехалі? Ня раю... лепш выяжджайце...”
— Як жа ж вы мяне пазналі? — пытаўся я са свайго боку зь вялікім дзівам.
— Вас?! Як жа ж вас не пазнаць! Я вас здалёк пазнаю...
Вось і не памагае ні барада, ні акуляры, ні старэчая хада... А каб цябе!
Увосені мне ўдалося дастаць працу пад Ляндваровам, 30 кілёмэтраў за Вільняй. Тут бальшавікі будавалі шашу. Я быў пастаўлены аблічаць вазы, якія прыяжджалі зь пяском. Трэба было сварыцца зь сялянамі за лік вазоў. Кажны зь іх хацеў, каб яму запісаць большы лік, як быў узапраўды.
Тут я жыў у сялянскай хаце, адчуваючы сябе ў сякой–такой бясьпецы.
Праз колькі дзён тэхнік заявіў мне, што трэба ісьці ў мястэчка Трокі, дзе была галоўная ўправа будовы, каб зарэестравацца і выпаўніць анкету.
Я ведаў, чым гэта пахне. У галоўнай управе я мог спаткацца зь людзьмі, якія мяне знаюць зь Вільні. Тады — капут! Ізноў трэба было вяртацца ў Вільню. Ізноў шукаць начлегаў. Спачатку ішло сяк–так. Знаёмыя прыймалі мяне ў сваю хату. Кажную ноч прыходзілася начаваць у іншым мейсцы. Пасьля напалоханыя бальшавіцкім тэрорам людзі ня так ахвотна дазвалялі мне начаваць у сваёй хаце. Бывала, што прыймуць вельмі ветла, патрактуюць вячэрай з гарэлкай, але калі ў канцы спытаюся: “Брацейкі! А ці ня можна ж было ў вас сяньня застацца нанач?” — адказ вельмі часта бываў гэткі:
— Ведаеш, браток, мы бы з ахвотай, але ў нас небясьпечна, тут побач жыве нейкі падазроны тып. Хто яго ведае, хто ён такі!
І прыходзілася ісьці далей.
Усяляк бывала. А бывала і гэтак: не прынялі мяне на начлег. Баяліся. На другі дзень я даведаўся, што ўначы у гэтай кватэры быў вобыск, арыштавалі гаспадарскага сына. Мне пашанцавала.
А бывала і гэтак, што прыходзілася начаваць у людзей, якія спадзяваліся зь дня на дзень арышту. Што было рабіць, калі няма куды падзецца. Ужо зіма. У лесе або ў жыце не пераначуеш. Я клаўся не распранаючыся, гатовы кажную часіну, як пачуецца званок пры браме, выскачыць праз вакно ў агарод. Кусок хлеба, намазаны маслам, ляжаў напагатове, каб кінуць яго сабацы, як пачне брахаць. А там праз агарод, на другую вуліцу — і Бог бацька!...