Чтение онлайн

на главную - закладки

Жанры

Сны iмператара

Уладзімір Арлоў

Шрифт:

Няхай жа будзе вам вядома, што ў смутныя тыя часы прызваў мяне магістр Амбраж і абвясціў, што наблізіўся ён да таямніцы філасофскага каменя, званага яшчэ вялікі магістэрый, але век ягоны і сілы вымагаюць, каб узяў ён вучня, бо іначай пайсці можа праца рук ягоных тунна. І загарэлася сэрца маё, як сухая былінка, бо даўно ўжо перачытваў я пакрыёма кнігу вялікага чарнадзея Зосімы, і ведаў многія формулы, і спасцігаў таямніцы магніту і бурштыну. І ўвёў мяне магістр Амбраж у сутарэнне пад домам сваім, дзе быў куб перагонны, і горан, і ўсё, што трэба на доследы. Удвух пайшлі мы да цёмнага і невядомага праз яшчэ больш цёмнае і невядомае і датыкаліся ў доследах сваіх да чорных сіл хаосу і ў апантанасці сваёй прыраўноўвалі Хрыста да вялікага магістэрыя і вялікі магістэрый да Сына Божага, і, аддаўшыся роспачы, няраз здзіралі да крыві рукі аб каменныя сцены прыстанку нашага.

Два леты жылі мы, чужаючыся людзей, а на трэцяе лета замуравалі сябе, і ежу з вадою падавалі

нам цераз атвор, і не ведалі мы, што чыніцца ў месце Пражскім і на ўсёй Чэшскай зямлі. Але ў адзін з дзён быў пасланы нам знак, і ўбачылі мы на сцяне крывавую пляму, і, калі пахолак прынёс нам хлеб, парушыў я прысягу сваю і насуперак волі настаўнікавай загаварыў з пахолкам. І ўведалі мы, што Рым абвясціў чэхаў ерэтыкамі, і падняліся яны з імем Гуса супроць папы і няправедных уладаў, і бяруць места за местам. І сказаў магістр Амбраж на гэта, што няма нічога вышэй як ісціна, а ісціна ёсць вялікі магістэрый, усё ж астатняе - марнасць марнасцяў, і розум мой гатовы быў пагадзіцца з ягонымі словамі, ды не згадзілася сэрца маё. Тады ўзвысіў настаўнік голас і вінаваціў мяне ў адступе ад прысягі і аблілося сэрца маё горыччу, але пакінуў я настаўніка, бо чуў у душы голас Геранімаў, што клікаў адназемцаў маіх узняць у ліхую гадзіну мячы свае разам з братамі-чэхамі. Было гэта ў лета, калі забраў Гасподзь душу старога караля Вацлава і не прызналі чэхі спадкаемца ягонага рудога Зыгмунда-імператара.

Тады ў месце Пражскім крышылі храмы і нішчылі абразы і стоды царкоўныя, а таксама выколвалі ім вочы і адсякалі насы, кажучы пры гэтым: калі ты бог або святы, адбараніся сам, і мы ўверуем у цябе. Тады ж сабраліся чэхі на гару, званую Табар і збудавалі места новае, і не было дагэтуль такіх ні ў якой зямлі, бо багаты ў месце гэтым дзяліў ежу сваю з бедным, а хто прыходзіў туды з грашыма, апускаў іх у бочку, што стаяла дзеля гэтага на плошчы. Не было там таксама крадзяжоў, і не бавіў ніхто часу ў гультайстве, і ва ўсіх, як у апосталаў, было адно сэрца і адна воля, бо кожны дбаў найперш аб выратаванні душы сваёй. І вучылі там чытаць і пісаць па чэшскае Бібліі, і не трымаліся пастоў, і не верылі ў чысцец. Не пілі ж у месце Табары нічога, апрача вады, як гаспадар наш Вітаўт, і было гэта мне даспадобы, бо няма нічога агіднейшага за чалавека, што ад віна губляе розум свой, але няхай даруе мне Ўсявышні, усё ж праглася мне зрэдку прамачыць нутро сваё добрым кухлем чорнага чэшскага піва. І слухаў я там святара, які вучыў, што прыйдзе хутка царства справядлівасці і не будзе на зямлі караля і валадароў, не будзе паншчыны і падаткаў, і людзі будуць жыць, як браты і сёстры. Два месяцы жыў я ў тым месце і бачыў, што думкі жыхароў ягоных і справы іхнія дагодныя Збавіцелю, бо ўсе людзі народжаныя роўнымі між сабою, і почасту сніў я места сваё роднае Віцебскае, нібы места Табар, і цешылі гэтыя сны душу маю; маліўся ж я паводле гусіцкага абраду.

Кароль Зыгмунд у тую пару прывёў войска незлічонае, і нечуваныя здзекі чыніла яно над гусітамі. Каля Кутнай Гары кідалі іх у капальні і за кароткі час кінулі туды шаснаццаць соцень мужчын і жанчын, так што нават каты валіліся на зямлю ад стомы. Секлі рыцары дзецям і немаўлятам рукі і ногі, а мацярок іхніх гналі перад сабою і падвешвалі за персі, мёртвых жа мужчын клалі на жанчын, кажучы: злучайцеся і размнажайцеся. Паганцы ніколі не здзекаваліся так з целаў хрысціянскіх, як яны, і не прамінула неба паслаць ім кару за страшныя грахі іхнія, і разбілі гусіты войска рудога Зыгмунда на Віткавай гары, і тады ўзяў я ўпершыню зброю ў рукі свае.

І выправілі гусіты пасольства вялікае да гаспадара нашага Вітаўта, аддаючы яму карону чэшскую і чакаючы падмогі ад братоў сваіх па крыві. Богу ж было дагодна, каб у пасольстве гэтым ехаў і я, і радасць вялікая жыла ў сэрцы маім, бо меў я надзею пабачыць бацьку і места Віцебскае і прынесці адназемцам слова праўды...*

* Тут у рукапісе няма дзвюх старонак.

...Вітаўт не сам, а паслаў сыноўца свайго князя Жыкгімонта Карыбутавіча з рушэннем, і прыйшлі мы ў месяцы траўні ў Прагу, і прызналі чэхі князя Жыкгімонта валадаром; было гэта ў лета 1422. Беларусінаў прыйшло ў тым войску лікам да пяці тысяч, і ўсе біліся мужна, і многія заручыліся там з зямлёю. Не магу я сказаць пра кожнага, а таму скажу тут пра тых, хто пайшоў са мною з места Віцебскага, каб дзеці і ўнукі іхнія паміналі свайчакоў добрым словам у размовах і думках сваіх.

Быў з намі Якуб-мечнік, а прозвішчам Жаробка, бо еў, як пяць добрых кметаў, і сам князь падзівіцца прыходзіў на Якуба ў паходзе нашым. Але і ў сечы выславіўся Жаробка не горай, чым ля катлоў кухарскіх, і забраў яго Жыкгімонт сабе на шчасце ў ахову сваю княжую. Часта прыгадваю я Якуба-мечніка, бо дзіўнаю была смерць ягоная. Адмовіўся ён перад днём сваім вячэраць, а калі прыступіліся да яго з роспытамі, бо большае гэта было дзіва, чым калі б Барысавы камяні па Дзвіне паплылі, прызнаўся Жаробка, што ўзяла яго за сэрца туга невыказная і хоча ён песню ўзгадаць, якую маці яму на сон спявала, калі малы быў, і, як узгадае

ён песню тую, так і туга адкаснецца, і есці ён зноў захоча. Многія тады ад слоў Якубавых бакі сабе рвалі і кпінкі з яго строілі. Назаўтра ж ішло войска па чэшскім мястэчку, князь Жыкгімонт з аховаю наперадзе ехаў, і, як выкіравалі на плошчу, гакнула з касцёла рушніца варожая. Якуб князя захінуць ірвануўся, проста паміж вачэй куля яму і ўвайшла, там, дзе бровы на пераноссі зрасліся. А са званіцы касцельнае арганістага сцягнулі, прызнаўся на прэнгу, што далі яму ксяндзы кулю срэбную асвячоную з пісьмёнамі і намовілі пагубіць князя беларусінскага, дакляруючы за гэта царства нябеснае. Ці паспеў хоць тую песню матчыну Якуб успомніць, пакуль душа не адляцела?

Быў там і халоп нявольны баярына Завішы Цімошка Гром, празваны так за дурную звычку, якую не буду я тут узгадваць, але воін харобры; няраз з адной паліцаю ішоў на рыцара і перамогу меў над многімі. Сустрэў жа пагібель сваю Цімошка ў сечы векапомнай пад Маляшовым. Мы ў дзень той стаялі на гары, і, калі спешыліся ворагі нашы і рынулі на прыступ, гетман наш Ян Жыжка, які і безвач бачыў лепей, чым трое відушчых, махнуў рукой, і пакаціліся долу вазы цяжкія, каменнем наладаваныя, а калі пабеглі рыцары, ударылі ім у спіну гарматкі-тарасніцы, і паляцела ў пагоню конніца. Паўтары тысячы паноў і людзей моцных места Пражскага маліліся тады астатні раз богу свайму. Адзін жа з іх, чалавек небаязлівы і немалой сілы, распалавініў Цімошкаву галаву, як гарбуз, але сам перажыў Грома адно на міг, бо не паспеў ён узняць меч, як закіпела сэрца ягонае на маёй суліцы. Было гэта ў лета, калі забрала адважнага Жыжку чорная смерць і мы назвалі сябе сіротамі.

Пасля Маляшова ваявалі мы разам з чэхамі яшчэ дзесяць летаў і няраз білі і гналі, як парасятаў, самыя адборныя раці, і няраз адно рыпенне баявых вазоў і хваласпеў наш, што дагодны быў небу, змушалі ворагаў паказваць нам свае спіны. Так доўга ваявалі мы ў Чэшскай зямлі, што з'явіліся паміж нас такія, што забываліся мовы сваёй, і вучыў іх я, што няможна чалавеку забываць, хто ён ёсць і з якога ён народа, бо за пашану да свайго будуць ганараваць нас людзі з іншых краёў, бязродных жа ніхто не ўшануе. І вучыў я іх, што нельга выракацца тае мовы, з якой ты на свет прыйшоў, бо пусціш у душу мову чужую, і душа твая зменіцца, і не станеш ужо тым, кім на раду табе напісана, а гэта грэх вялікі перад усім светам, бо не скажаш тады свайго слова запаветнага і не зробіш тое, што пасланы ты на зямлі зрабіць. Так казаў я, і многія слухалі мяне, бо ведалі, што спасціг я кніжную мудрасць, але быў сярод іх простым воінам і еў і піў разам з імі.

Былі ж і такія, што казалі: поле наша пустуе, а мы чужыя нівы баронім і не шкадуем жывата свайго за праўду чужую. І казаў я ім, што няма на свеце чужой праўды, ні чэшскай няма, ні беларусінскай, ні літоўскай, а ёсць адна праўда на ўсіх. І, калі пайшоў князь Жыкгімонт Карыбутавіч з Чэхаў, многія адназемцы мае пайшлі з ім, а многія засталіся і, прыняўшы веру гусіцкую, біліся за справу Божую і за тое, каб места дзівоснае Табар, дзе людзі сябе братамі і сёстрамі называюць, на зямлі стаяла.

З Вялікага ж Княства даходзілі да нас весткі сумныя вельмі. Крывёю былі залітыя нівы нашыя, бо, як сышоў у магілу гаспадар наш Вітаўт, пачалася звада крывавая між князем Свідрыгайлам і князем Жыкгімонтам Кейстутавічам. Места ж Віцебскае адчыніла браму перад Свідрыгайлам і прызнала яго за князя свайго, бо заўсёды хіліўся ён да нашай дзедаўскай веры, дарма што ўзяў у хаўруснікі сабе лівонцаў і конніцу татарскую. І звёў князь Свідрыгайла ў Віцебску падрахункі з людзьмі Жыкгімонтавымі: князя Міхала Альшанскага загадаў ён пасадзіць у мех і кінуць у палонку, а князя Сымона Альшанскага загадаў скінуць у Дзвіну з Замкавае гары. У нашым жа месце Смаленску ўзялі мітрапаліта Герасіма, і спаліў яго князь Свідрыгайла ў Віцебску на вялікім камені пад замкам, бо трымаў Герасім перавет на яго. Ваявалі князі зацята, дзелячы ўладу над краем, зямля ж наша і люд яе мелі з гэтага няшчасце і рабункі несканчоныя бедных двароў сваіх.

Не сказаў яшчэ я, што паміж тымі, хто прыняў веру гусіцкую, быў свайчак і пагодак мой чаляднік бондара Міхея з Багародзіцкай вуліцы Юрка Батыніч, празваны Жаркім, бо рабіўся ён у сечы апантаны, і цэп ягоны, жалезам акуты, расколваў ворагам нашым галовы, не раўнуючы як лесавыя гарэхі. Пабраўся Юрка з чэшкаю Марыяй, і нарадзіўся ў іх сын, ахрышчаны на ўспамін пра Гуса-пакутніка Янкам. Калі ж вярнуліся мы з паходу ў польскія землі, уведаў Юрка, што наляцелі аднаго разу тэўтоны, і захапілі ў полі жанчын з дзецьмі, і над жанчынамі гвалт чынілі, а потым выразалі ім персі і рвалі дзідамі ўлонні, дзяцей жа і сярод іх Янку малога з залацістымі валосікамі кінулі ў агонь. З тае пары замаўчаў Юрка і маўчаў тры леты, робячы на цапільне страшнага цэпа свайго зацінкі, і была кожная напамінкам пра чорную душу ворага Хрыстовага, якога адправіў Юрка ў апраметную; набралася ж зацінак такіх больш за сотню. Маліў ён неба, каб хутчэй дало яму сустрэцца з жонкаю і сынам, але наканавана яму было помсціцца да самай бітвы на праклятым полі Ліпанскім, а была бітва гэтая ў лета ад нараджэння Сына Божага 1434.

Поделиться:
Популярные книги

Морской волк. 1-я Трилогия

Савин Владислав
1. Морской волк
Фантастика:
альтернативная история
8.71
рейтинг книги
Морской волк. 1-я Трилогия

Изменяющий-Механик. Компиляция. Книги 1-18

Усманов Хайдарали
Собрание сочинений
Фантастика:
боевая фантастика
космическая фантастика
5.00
рейтинг книги
Изменяющий-Механик. Компиляция. Книги 1-18

Кодекс Крови. Книга IХ

Борзых М.
9. РОС: Кодекс Крови
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Кодекс Крови. Книга IХ

Государь

Кулаков Алексей Иванович
3. Рюрикова кровь
Фантастика:
мистика
альтернативная история
историческое фэнтези
6.25
рейтинг книги
Государь

Отход

Видум Инди
4. Петя и Валерон
Фантастика:
рпг
аниме
попаданцы
5.00
рейтинг книги
Отход

Эволюционер из трущоб. Том 6

Панарин Антон
6. Эволюционер из трущоб
Фантастика:
попаданцы
аниме
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Эволюционер из трущоб. Том 6

Вечный. Книга IV

Рокотов Алексей
4. Вечный
Фантастика:
боевая фантастика
попаданцы
рпг
5.00
рейтинг книги
Вечный. Книга IV

Камень. Книга восьмая

Минин Станислав
8. Камень
Фантастика:
фэнтези
боевая фантастика
7.00
рейтинг книги
Камень. Книга восьмая

Кодекс Охотника. Книга XVIII

Винокуров Юрий
18. Кодекс Охотника
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Кодекс Охотника. Книга XVIII

Третий. Том 3

INDIGO
Вселенная EVE Online
Фантастика:
боевая фантастика
космическая фантастика
попаданцы
5.00
рейтинг книги
Третий. Том 3

Мистика

Гейман Нил
Детективы:
классические детективы
исторические детективы
7.29
рейтинг книги
Мистика

Родословная. Том 5

Ткачев Андрей Юрьевич
5. Линия крови
Фантастика:
городское фэнтези
аниме
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Родословная. Том 5

Кодекс Охотника. Книга XXXVI

Винокуров Юрий
36. Кодекс Охотника
Фантастика:
аниме
фэнтези
попаданцы
5.00
рейтинг книги
Кодекс Охотника. Книга XXXVI

Дважды одаренный. Том V

Тарс Элиан
5. Дважды одаренный
Фантастика:
аниме
альтернативная история
городское фэнтези
5.00
рейтинг книги
Дважды одаренный. Том V