Сны iмператара
Шрифт:
А яшчэ, што нам нязвычна, гады яны ад нараджэння Божага лічаць, як і ў Нямеччыне, і ў Чэхах, і ў Францыі, і ва ўсіх іншых краінах, а не ад стварэння свету, як мы, і з нас пасміхаюцца і наракаюць, што мы імя Хрыстовага не шануем.
Да вайны мела места гэтае шэсць пасадаў, з якіх адзін на выспе пасярод Дзвіны. Дворышчаў мяшчанскіх было ў пасадах паўтары тысячы, але болей тысячы ў аблогу выгарала. Замак жа полацкі галоўны на высокай гары самароднай паміж Дзвіной і Палатою стаіць, з хваёвага дрэва рублены і дзевяць вежаў перад аблогаю меў.
Ёсць у месце манастыроў паўтара дзесятка і шмат храмаў мураваных. І дзіўна нашаму чалавеку чуць, што маліліся тут праваслаўныя мірна побач з лацінцамі. Няможна такое ў нашай Айчыне,
Дзіўлюся я і з таго, што не забыліся людзі полацкія на купаллі ды русаллі і вясну гукаюць ды іншыя старадаўнія святы памятаюць, якія ў нас у Масковіі і ўспамінаць баяцца, бо можаш за чарадзейства на дыбе павіснуць ды ў роспытнай хаце чырвонае жалеза сваім белым целам пачаставаць.
Вераць таксама полацкія месцічы ў розныя прыкметы і шмат тайніц ведаюць. Некалі вы, матухна, з нянькаю маёй Мікітаўнай, няхай будзе ёй зямля пухам, усё ўвечары пра ведзьмаў ды ведзьмакоў баялі, як і дзе іх распазнаць можна, а я пасля тых размоў засынаць баяўся. Дык тутэйшыя людзі кажуць, што, калі сабраць з дзесяці цэркваў святую ваду і зварыць на ёй жур, неадменна ўсе ведзьмакі прасіць таго журу прыбягуць. І так яшчэ ведзьмака распазнаць можна: схаваць кавалачак сыру, што ядуць на загавінах перад вялікім постам, і насіць той сыр увесь час у мяшэчку пад пахаю. А на ютрані велікоднае, калі святар абвяшчаць будзе: «Хрыстос уваскрос!», трэба ўслед за ім прамовіць: «А ў мяне сыр ёсць», і тады ўсе ведзьмы і ведзьмакі сыру прасіць будуць.
Некаторыя людзі тут кажуць, што разумеюць мову звярыную і птушыную і кожны яе спасцігнуць можа, калі адмысловае стравы з вужовага мяса пад'есць. А як у каго дом загарэўся, дык у суседзяў, каб туды полымя не перакінулася, голая дзеўка ці маладзіца з поўным гарлачом малака вакол свайго дворышча аббягае і той гарлач у агонь кідае. Бачыў я колькі пажараў на свае вочы і сведчу: сродак гэты надзейны, нават калі заместа малака вады наліць, так што, калі ў вас там, крый Божа, загарыцца нешта, няхай Палушка ці Варварка, не баючыся сораму, тое ўчыняць.
Вераць тут і ў вадзяніка. Жыве ён у рацэ Палаце па вірах і крадзе людзей: мужчыны самі вадзянікамі робяцца, а жанчыны - русалкамі. Але гэты нячысцік не заўсёды ў вадзе сядзіць, бо яго Бог ганяе. Пасля Вадохрышча мусіць ён з вады ў лазу пераходзіць, адтуль у травы прыбярэжныя, а пасля Спаса дазволена яму бывае зноў у раку нырцануць.
Пра чорта кажуць, што лёгка яго ўбачыць, калі не баішся, - трэба адно ў віхуру плюнуць тры разы і прамовіць: «Чорт, чорт, пакажы хвост», бо калі па зямлі віхура ідзе - гэта чортава вяселле коціцца. У навальніцу чэрці нібыта ў крыжах на цэрквах хаваюцца, каб туды пярун біў, але я ў гэта не веру, бо нячысцікі крыжа больш за ўсё на свеце баяцца.
Асабліва ж вераць тут у ваўкалакаў-пярэваратняў. Гаварыў я, крыж на сябе паклаўшы, з адным чалавекам, які быццам бы сам пяць летаў ваўком быў. Павадзіўся неяк з суседкаю, а тая яму сваімі чарамі і адпомсціла. Павёз з кумам у Дзісну тавар бандарскі прадаваць, распрэглі ў дарозе коней і пусцілі пасвіцца. І так таму чалавеку млосна зрабілася, і нудзіла яго і круціла, і прымроілася яму, што адзіны паратунак ад наслання - праз хамут пралезці. А як пралез - ваўком зрабіўся і ў лес пабег. Тры зімы і леты адзінцом бегаў, а на чацвёртае
Месцічы полацкія ў розных рамёствах умелыя і абазнаныя, працаваць любяць, а пра лайдака ды чалавека няўмелага кажуць - перапрашаю, матухна, - што ў яго рукі ў срацы, і такіх яны за апошніх людзей маюць. І смяяўся адзін збройнік мне знаёмы, пра якога пасля скажу, з казкі нашай маскоўскай пра Ямелю, і дзівіўся, што мы гэтага Ямелю, які на печцы рукі склаўшы сядзіць, не ганім, а нібыта і любім. Працуюць жа майстры полацкія цяпер мала што не задарма на цара і вялікага князя Івана Васілевіча, а шмат якіх людзей рамесных у Маскву жывасілам павялі.
Народ гэты чысціню шануе, і вясёлы, і не злапомны, і гасцінны. Калі да каго госці прыйдуць, гаспадар кажа: «Госць у хаце, Бог у хаце» і ўсё лепшае на стол ставіць. Але занепадаюць іхнія звычаі адвечныя пад нашаю ўладаю, бо стральцы завядзёнку завялі, у чужыя дамы, як у свае, заходзіць, і не толькі маетнасць чужую за сваю маюць, але і жонак чужых таксама. Дзіва што нас людзі полацкія, хоць і адной з намі веры, не ганаруюць і ўсё ўспамінаюць, як гасудар кроў ліў і гэбраяў у Дзвіне падлёдным хрышчэннем хрысціў, бо яны з гэбраямі зжыліся і не варагавалі.
Было ў месце Полацкім багата людзей у мовах замежных, і ў навуках багаслоўскіх, і граматычных, і рытарычных, і іншых абазнаных, і іх гасудар наказаў у Маскву адпраўляць, але і цяпер тут па манастырах такіх людзей даволі.
Паказваў мне адзін манах любамудры тое месца, дзе да вялікага пажару абложнага дом стаяў, у якім вучоны доктар Скарына на свет прыйшоў, які нашымі літарамі кнігі не перапісваць, а на варштатах ціснуць пачаў. Адціснуў ён Біблію і гнеў на сябе царкоўных валадароў наклікаў, бо ператлумачыў Святое Пісьмо на мову, простым людзям зразумелую, да таго ж кнігі свае ерэтычнымі малюнкамі аздобіў, дзе на адным сам Госпад Бог без німба, а на другім уласнае сваё аблічча гэты Скарына ў святой кнізе паказаць не збаяўся. Чуў я, што прывозіў ён кнігі свае да нас у Масковію яшчэ пры бацьку нашага гасудара, пры вялікім князю Васілю Іванавічу, і загадаў вялікі князь тыя кнігі, як спакусу д'яблаву, спаліць.
Адну з кніг таго вучонага доктара бачыў я ў Сафіі прамудрасці Божай, і шмат іншых кніг там, у саборы Сафійскім, ёсць, бо ад самога князя Ўсяслава Чарадзея манахі там летапісы пісалі і кнігі старадаўнія збіралі. Ёсць у ёй кнігі вучоных грэцкае царквы, спаміж якіх «Небесная і царкоўная гіерархія» Дзяніса Арэапагіта, што вучнем у апостала Паўла быў, і кнігі святога Мяфодзія, апостала славянскага, ды брата ягонага, святога Кірылы. Усе яны на славянскай мове і не толькі рукою пісаныя, але і на друкарскіх варштатах ціснутыя. У Княстве Літоўскім ужо летаў з паўсотні, а ў іншых краінах з ім сумежных і больш за сотню летаў, як друкарні ёсць. У нас жа ў Масковіі толькі нядаўна варштаты друкарскія завяліся, і летась, чуў я, Пятро Цімафееў, родам мсціславец, з гэтае зямлі літоўскае, ды разам з ім дыякан царквы святога Міколы Гастунскага Іван Фёдаровіч, таксама на зямлі літоўскай уроджаны, кнігу з дзеямі і пасланнямі святых апосталаў ціснулі. Пішу гэта найбольш дзеля цябе, брат мой малодшы Глеб, таму што хачу, каб быў ты чалавекам кніжным, а не да ратных справаў смертазабойчых гарнуўся.