Сьцяна
Шрифт:
Цяпер гэты Красьнянскі.
Дужа сьмелыя былі ягоныя думкі — і наконт Афганістану, і наконт Беларусі зь яе ўшчэнт лёкайскім парткіраўніцтвам. I наконт Брэжнева нешта закідваў. Перадражніў, як той называе сябе па тэлефоне: «Паважаны Леанід Ільіч слухае». Слухаючы тое, Скварыш сядзеў, бы на іголках, так было яму не пад настрой, ён усё імкнуўся перавесьці гаворку на іншае, — пытаўся пра сям'ю, пра жонку — не памагло. Што жонка, што зь ёй зробіцца, быў адказ. Але вось гэтая гонка ўзбраеньняў… Далася тая гадзіна Скварышу, аж спатнеў увесь, пакуль зачыняў за Красьнянскім дзьверы.
Не, аднак жа, мусіць, ён яшчэ ня ў камэры-адзіночцы, каб так тупаць без канца па вітальні, і не мядзьведзь у клетцы. Усё ж у зальчыку было прастарней, Скварыш уключыў тэлевізар і выцягся на канапе. Як засьвяціўся экран зь нейкім старым чорна-белым фільмам, ён хацеў быў пераключыць канал на маскоўскі, ды паленаваўся ўставаць. Хвіліну спрабаваў зразумець сэнс пафаснага дыялёгу двух рабочых — маладога, даўгашыяга, са старым вусатым, — ды хутка страціў увагу, аддаўшыся ўсё тым жа сваім беспрасьветным думкам. Мабыць, трэба ўсё напісаць. Пакуль памятаў, пакуль што не забыўся. Бо забудзесься, а яны палічаць — утойваеш. Мабыць, у іх усё на ўліку — і словы, і думкі, і намеры. На тое яны спэцыялісты, у акадэміях вучацца. Мабыць, у іх ёсьць кандыдаты і дактары такіх справаў — тайных паліцэйскіх справаў,
А ўсё ж, можа, яны і ўлічаць ягоную шчырасьць, зразумеюць яе як абсалютную ляяльнасьць і як-небудзь спусьцяць усё на тармазах, думаў ён, ня надта падрабязна, але ўвогуле правільна апісваючы сваю размову з Красьнянскім. Вядома, болей — словы і фразы Красьнянскага. Пад самы канец, калі ўсё амаль дарэшты было выкладзена на паперы, бліснула ўпартая думка-сумнеў: а калі ўсё ж тое — ад наіўнае шчырасьці? Сапраўды, ад спачуваньня да яго, старога кніжнага дурня? Тады што ж… Ён жа загубіць чалавека. I яго сям'ю. I яго малую дзяўчынку, здаецца, Ірачку з марожаным на палачцы, сьцятай у маленькім кулачку… Во д'ябальшчына, во становішча! Што ж тады ён робіць?
Але што было яшчэ рабіць?
Скварыш адсунуў ад сябе тыя дзьве старонкі дробнага тэксту — мабыць, горшага ён не пісаў за ўсе свае пяцьдзясят гадоў. Подлыя старонкі, нічога ня скажаш. Вылез з-за стала, наліў чарку каньяку, выпіў. Наліў другую… Пакуль чуцьцё ўпарта патрабавала нейкае пэўнасьці, канчатковага рашэньня, якога ўсё не знаходзілася; кожны варыянт быў горшы за папярэдні. Хоць варыянтаў тых было ў яго два. I абое — рабое…
Між тым, настала глыбокая ноч. Дом сьцішыўся, перасталі гудзець ліфты, грукаць дзьверы. За сьцяной у суседняй кватэры ціхенька паплакала ды сьціхла дзіця, мабыць, заснула. Жыхары ў сваіх сотах-кватэрах вялікага дому пакрысе сьцішыліся, паснулі, толькі ў трубах водаправоду часам чулася нейкае тоненькае жалобнае скуголеньне. Скварыш зноў пачаў хадзіць па кватэры, падыйшоў да цёмнага вакна ў зальчыку. На падворку ўнізе неяк быццам ярчэй, чым зьвечара, сьвяціў на мачце ліхтар, ярчэй сьвяціліся кодабы аўтамабіляў між счарнелых кронаў дваровых дрэваў. Цяпер там было сонна і пуста. I гэтак жа пуста і стомлена-сонна рабілася на душы ў прафэсара.
Можа, цяпер было б лепш, каб дома, а не на дачы была яго жонка Леакадзія Адамаўна, было б каму сказаць слова, ня глухнуць у гэтую маўклівую ноч. Хаця, можа, і ня лепш. З жонкаю ён ужо даволі нагаварыўся аб сваім няшчасьці, жонка яму не спачувала. Толькі дакарала за ягоны доўгі язык, за дзіцячую даверлівасьць. За дурную наіўнасьць. Можа, і так, ён ёй не пярэчыў. Жонку ён добра ведаў, пражыў зь ёю жыцьцё, яны выгадавалі дачку, гадавалі ўнукаў, але…
Было невялікае «але» ў іхным жыцьці, якое заўжды ў далікатных выпадках прымушала яго прытармазіць, успомніць, змоўкнуць, каб не перасягнуць апошнюю рысу шчырасьці. За той рысай была небясьпека, ён адчуваў гэта, хоць фармуляваць яе пазьбягаў, нават баяўся. Маўклівае табу доўгія гады ляжала за той рысай.
Ён тады быў яшчэ даволі маладым
Са страхам і агідай ён перачытаў свае дзьве старонкі паганага тэксту-даносу. Менавіта даносу, бо як жа яшчэ можна было іх назваць, — тое Скварыш разумеў выдатна. Ён нічога там не прыдумаў, нічога не дадаў да таго, што гаварыў Красьнянскі, усё выклаў так, як яно й было. Праўдзівы быў да канца. Але чаго вартая тая яго праўдзівасьць, якой была ёй цана? Можа, парваць, спаліць і нікуды не хадзіць, — у каторы раз прыйшла няпэўная думка-намер. Але што будзе тады? Выкінулі з партыі, выкінуць з працы, адбяруць дыплёмы. Што адбяруць дыплёмы і званьні, то пэўна. Адабралі ж кандыдацкі дыплём у дацэнта Шавякова — за перараджэньне. У дысэртацыі абгрунтоўваў выгоды калектывізацыі, а пасьля ў лекцыях выказаў сумненьне наконт тых выгодаў. Далі дыхту дацэнту — не перараджайся! Не разумней. Заставайся ў жыцьці пнём і калодай — без вачэй і вушэй, тады будзеш адпавядаць усім навуковым званьням. Добра, Шавякоў меў гадоў трыццаць ад роду, быў хлопец дужы, мог працаваць грузчыкам на агароднінавай базе. А дзе будзе працаваць ён? Што ён умее, апроч як пераказаць устаноўкі марксізму-ленінізму, якому ён даўно і пераканана ня верыць. Але што рабіць, мусіш. Вучыць студэнтаў, прымаць экзамэны, несьці заведамую лухту, бо яна корміць, дае хлеба і да хлеба. I ўсё было добра, пакуль маўчаў, пакуль нічога — нікому, апроч таго афіцыйнага, праверанага і зацьверджанага, што ўжо амаль бяздумна і мэханічна балбатаў на лекцыях. А тут во не стрываў, вымавіў усяго дзьве-тры фразы на цёмнай вуліцы блізкім сябрам. I ўся яго шматгадовая ранейшая стараннасьць абрынулася ў тартарары. Калі гэта сапраўды правакацыя, наладжаная органамі праз асьпіранта Красьнянскага, іхны яму экзамэн, дык тыя дзьве старонкі памогуць. Павінны памагчы. Усё ж яны засьведчаць, што ён чалавек адкрыты, і ні ад партыі, ні ад КГБ нічога ня ўтойвае. Ну там нешта сказаў, можа, не зусім цьвярозы, можа, яго трохі перакруцілі, утрыравалі. Але ён не раззлаваўся на даносчыкаў і цяпер раскайваецца. Можа, выключэньне заменяць на «страгача». «Страгач» — не сухоты, год паносіць, і здымуць. I зноў усё пойдзе, як ішло дагэтуль. Ціха і спакойна. Добра ішло. Хіба што з гэтага моманту прафэсар будзе навучаны. Тады ўжо сапраўды да канца жыцьця нічога — нікому.
А калі не? Калі Красьнянскі зусім па ўласнай ахвоце? Па сваёй дурноце, нарэшце. Тады яго выкінуць з кандыдатаў, адбяруць унівэрсытэцкі дыплём, спляжаць кар'еру. А то й пасадзяць. Як тады яму, Скварышу, жыць? Што скажуць пра яго ў інстытуце? Як паглядзіць у ягоныя вочы дачка?
Дачка была, можа, найбольшым клопатам у ягоным жыцьці, большай праблемай, чым нават жонка. Ужо немалая, студэнтка, што вырасла на ягоных вачах і на ягоных руках, яна, тым ня менш, таіла ў сабе неразгаданую загадку: якая яна? Тое, што адбывалася ў грамадзкім жыцьці краіны, вядома, не магло не кранаць яе, выдатніцу-школьніцу, а затым студэнтку, але ён дагэтуль ні разу ня чуў ад яе ні слова ўхвалы, ні слова асуджэньня. Нават незадаволенасьці. Усе гэтыя рэабілітацыі, рэпрэсіі, барацьба з касмапалітамі і безыдэйнасьцю, нават распорваньне ці звужэньне штаноў у хлопцаў, лаянка еўтушэнкаўскай паэзіі зьнешне ніяк не выяўляліся ў ягонай Людкі. Прынамсі, дома, пры бацьках, яна была да таго нібы глухая. Аднойчы ён рэзка загаварыў зь ёй пра камсамол, знарок правакуючы яе на адказ, і дачка толькі зіркнула на яго страхавіта-зьдзіўленым позіркам і не сказала нічога. «Божа, падумаў ён, — і яна? Ці яна асьцерагаецца яго, бацьку, ці сама ўжо там? У іх на кручку ў свае дзевятнаццаць гадоў? Няўжо і цяпер, у эпоху разьвітога сацыялізму, нічога не зьмянілася ні ў грамадзтве, ні ў псыхалёгіі яго членаў? Ну добра, баяўся ён, але чаго ўжо баяцца ім?»
Мабыць, баяліся, бо жыў страх.
Ён зноў пачаў хадзіць паласатай дарожкай — да дзьвярэй і назад. Мінаў час, а нешта ні ў галаве, ні ў душы не праясьнівалася. Урэшце ўсё абарочвалася найбанальнейшай сытуацыяй — каму прападаць? Або яму, або Красьнянскаму. У такіх выпадках прэч адлятала мараль, спрацоўваў адно інстынкт, жывёльны эгаізм, як біялягічны сродак выжываньня. Ведама, гэта кепска, гэта непрыгожа, гэта амаральна. «Але рабі, што трэба, і хай будзе, што будзе», — шматзначна вучыў некалі Талстой, гэты вялікі мараліст стагодзьдзя. Хоць добра было Талстому вучыць, у яго была Ясная Паляна. А што ёсьць у яго, прафэсара Скварыша? Апроч зарплаты ды гэтых во катухоў — кватэры?
Не, мусіць, праўда ўсё ж за Пратагорам зь ягонай высновай аб чалавеку як меры ўсіх рэчаў, менавіта чалавек заўжды вызначае, як яму жыць. Замест чалавека таго ня можа зрабіць ніхто — ні Бог, ні д'ябал, толькі ён сам. Кепска, аднак, што ён, Скварыш, не належаў да ліку людзей, якія свой выбар робяць рашуча і беспаваротна. Але чалавек, пастаўлены перад фактам неабходнасьці такога выбару, страчвае свабоду. Ён чалавек несвабодны. Свабодным жа ён робіцца тады, як зьнікае сытуацыя, што вымагае выбару.