Сьцяна
Шрифт:
Бяда яшчэ ў тым, што людзям занадта шмат трэба, мабыць, прыродай ім ня дадзена абмяжоўваць сябе, як дадзена жывёле. Яны Богам надзеленыя свабодай думкі, а ім яшчэ трэба і свабода слова, як некалі зьедліва заўважыў К'еркегор. Сапраўды, ці не занадта вялікая гэта раскоша ў таталітарным грамадзтве — свабода слова. Ва ўмовах дэмакратыі іншая справа. Там пра свабоду ня мараць, там ёю карыстаюцца гэтак натуральна, як дыхаюць паветрам. Тут жа нават памкненьне да яе — крамола, за якую непазьбежная расплата. Расплата ўсё тым жа — свабодай і лёсам. Д'ябальскае грамадзтва, д'ябальскі час! I калі ўсталявалася тое? Ці, можа, і не выводзілася? Можа, і праўда, што пагібель сучаснай культуры пачалася даўно. Ці ня ў ноч на 25 чэрвеня 1820 году, калі разумнік Гегель, гэты філёзаф таталітарызму, вырадзіў сваё знакамітае: усё рэальнае — разумнае. Унівэрсальнае апраўданьне тыраніі. Ня дзіва, што ягоны дэтэрмінізм аднолькава прыйшоўся даспадобы як ягоным землякам-фашыстам, так і расейскім камуністам. Зручная філязофія дваццатага стагодзьдзя… У санлявай сьвядомасьці Скварыша думкі ішлі чарадой, ня дужа лягічна чапляючыся адна за адну. Але з часоў Дэкарта вядома, што ў духоўным жыцьці
Ён выйшаў у вітальню з рашучым намерам пайсьці, не адкладваючы, тым болей, што будынак КГБ быў няблізка. Пакуль дойдзе, настане ранак. Але калі паперы перадаваць празь дзяжурнага, мабыць, трэба канвэрт. Давялося вяртацца па канвэрт, на якім ён вывеў выразнымі літарамі: «КГБ БССР». Заклейваць ня стаў, мусіць, так было лепей. А то падумаюць, што ў канвэрце плястыкавая бомба, і затрымаюць самога. Затрымлівацца там ён не хацеў нават на хвіліну. Ліфт незвычайна гулка грукацеў у ранішняй цішы пад'езда, пакуль ён спускаўся з паверху. Унізе ля доўгага шэрагу паштовых скрынак сутыкнуўся з суседам, адстаўніком-вайскоўцам. Той, у спартовых штанах і красоўках, мабыць, вяртаўся з ранішняй прабежкі і толькі зьдзіўлена акругліў вочы, пабачыўшы Скварыша. Скварыш нічога тлумачыць ня стаў, хутчэй сігануў ад парога да прыступак. Цяпер ён не хацеў бачыць нікога.
Спакваля прачынаўся горад, на пустых з ночы вуліцах усё большала таропкіх мінакоў. Бліжай да цэнтру, якраз на прыпынку, яго дагнаў першы тралейбус, і ён рухава ўскочыў у пусты прыбраны салён. Сядаць там ня стаў — як калісь у далёкім студэнцтве, прыткнуўся на задняй пляцоўцы і стаў пазіраць праз шкло. Нязвыкла было адчуваць сябе так, павернутым тварам назад. Але цяпер так было лепей.
З тралейбусу выйшаў за два кварталы ад знакамітага ў горадзе будынка, і тут рашучасьць пачала пакідаць яго. Чым бліжэй ён падыходзіў да бакавых дзьвярэй КГБ, тым рашучасьці заставалася ўсё меней. Ля дзьвярэй ён зусім замарудзіў крок, матавае шкло дзьвярных філёнак не давала згледзець, што там адбываецца. Але ён ведаў, што там стол і дзяжурны — неяк зімой зазірнуў выпадкам. Ля вушака на сьцяне чырванела невялічкая шыльда: «Прием посетителей круглосуточно», яна абнадзейвала. Але менавіта ля самых дзьвярэй ён згубіў рэшту намеру і пратупаў міма. Дайшоў да рога будынка, завярнуў на іншую вуліцу і стаў. Што ўрэшце рабіць? Вельмі хацелася плюнуць на ўсё ды паехаць дадому. Можа, дапіць бутэльку і заваліцца на канапу. Хай яно ўсё гарыць ясным агнём…
Але, мабыць, гэта агнём не згарыць. Гэтае ўсё не гарыць у агні і ў вадзе ня тоне. Тое ён ведаў пэўна. Калі ён цяпер нешта ня вырашыць — рашуча і назаўжды — дык яго чакае незайздросная рэшта жыцьця. Значыць, хоча ці не, а трэба вяртацца.
I ён вярнуўся. Зноў нерашучым крокам наблізіўся да матавых філёнкавых дзьвярэй, на гэты раз трымаючыся бліжэй да гранітнага цокаля будынка. Каб не адступіць. Каб адступіць было неяк. I з ходу рвануў за доўгую адпаліраваную ручку дзьвярэй.
За сталом пры дзьвярах не было нікога, дзяжурны, — мардаты ўкормлены прапаршчык з партупэяй цераз плячо — апынуўся якраз насупраць — ад суму шпацыраваў па праходзе. Скварыш павітаўся. Той, здаецца, ні кроплі не зьдзівіўшыся раньняму наведніку, нават бы ўсьміхнуўся — маўляў, давай, заходзь. I Скварыш сунуў у ягоныя рукі канвэрт.
— Каму?
— Ды там разьбяруцца. Ад Скварыша.
— Гэта вы? Падпісана, да?
— Усё падпісана.
Каб разам спыніць тую размову, Скварыш, не разварочваючыся (бы надта сьпяшаў на працу, ці што), задам піхнуў дзьверы і апынуўся на вуліцы. Мляўкім крокам пайшоў па тратуары па-над самым бардзюрам, і жахлівая ява зробленага ўсё болей апаноўвала яго. Як жа так, навошта?.. А калі ён спудлаваў? Падставіў сумленнага чалавека? Што ж тады ён нарабіў?
Ды, мабыць, нарабіў…
На рагу будынка ён зноў спыніўся, паазіраўся на шкляныя дзьверы.
Бедны, няшчасны асьпірант Красьнянскі.
Бедны, няшчасны прафэсар Скварыш…
Музыка
Надвячоркам ён задрамаў у зацемненым гатэльным нумары. Празь няшчыльныя пласьціны белых жалюзяў у пакой цадзілася дробна-паласатае сьвятло, якое ламана стракацела па мэблі, дыване на падлозе, па сьценах, невялікай карціне з выявай карыды. Што — менавіта карыды, пра тое можна было толькі здагадвацца: постаці на карціне спрэс выяўляліся ў форме трохкутнікаў, чорных і чырвоных — быкі і матадоры. Ён, аднак, не ўглядаўся ў карціну — ён ня дужа заўважаў карцін ні ў гатэлях, ні ў офісах. Ён быў музыка, і нашмат большую цікавасьць для яго мелі гукі. Але цяпер, калі сіеста збольшага сканчалася, а вечаровы курортны тлум яшчэ не настаў, было быццам ціха, адно мерна гуў пад стольлю вялізны трохлопасны вэнтылятар, ды ў падваконьні раз-пораз уздыхаў кандышан. I ўсё ж менавіта ў гэтай цішы ўзьнік нейкі незразумелы гук, які вынікаў невядома адкуль і чамусьці трывожыў слых. Ён і прачнуўся ад таго гуку, хоць не зразумеў нічога, сподам душы, аднак, адчуваючы штось благое, і доўга ляжаў, ня кратаючыся. Прахалоды ў пакоі не было ані колькі, было душна, млосна, неяк надта дыскамфортна, і ён не разумеў прычыны таго дыскамфорту. Магчыма, ён захварэў ці пачынаў захворваць. Ці не з тае нагоды прапаў апэтыт, на сьняданьні ў кавярні ён выпіў шклянку апэльсынавага соку і есьці нічога ня стаў. На абед зусім не пайшоў. Не было ні сілаў, ні жаданьня ўставаць і ісьці ў гаманкую залю рэстарану, парушаць свой спакой. I ён ляжаў, услухоўваўся ў пошум вэнтылятара і думаў. Адчуваў — найлепей ляжаць. Калі б толькі не праклятая задуха, ад якой у тропіках не было паратунку ні ўдзень, ні ўначы. I вось гэты гук, што абудзіў яго ад санлявай зьнямогі.
Не разумеючы да канца ні свайго стану, ні прычыны трывожлівага гулу — звонку ці, можа, знутры, у сабе, ён урэшце памкнуўся ўстаць і сеў на край шырокага ложка. Але далей рашучасьць яго ўбавілася, пасядзеўшы крыху, ён зноў з палёгкай адкінуўся на скамячаную прасьціну пасьцелі.
Здаецца, дарма ён прыехаў сюды, у гэты блаславёны трапічны рай, здатны для людзкіх целаў, аблагоджаны прыродай і морам. У яго быў іншы інтарэс, але сталася так, што кантракт на канцэрты падпісаць не ўдалося, трапіўся няўдалы антрапрынёр, і ён падумаў тады, што, можа, гэтак і лепш. Ён вольны, без абавязкаў і мітусьні пабудзе ля мора, колькі ляжа на душу, а там будзе відаць. Тым болей, што дома, далёка на поўначы, яго ніхто не чакаў, пад той час ён вызваліўся ад якіх бы там ні было абавязкаў — перад сям'ёй, антрапрынёрамі; можа ўпершыню ў жыцьці настаў ягоны доўгі ці кароткі тайм-аўт. Ён быў музыка, але і з музыкай апошнім часам штось не заладзілася, ніколі ў яго не здаралася такой абыякавасьці, нават агіды да інструмэнту, які цяпер, бы непатрэбны, сіратліва стаяў у чорным футарале ля белых дзьвярэй. Штосьці ў ім разладзілася, гняло, — невыразнае, нават загадкавае, да канца не адчутае. Галоўнае — гэты вібрасты гул, падобны на нізкую ноту, якую хтосьці ня мог узяць да канца, толькі спрабаваў і цягнуў, бы няўмека. Але чаму ў ёй столькі няўтульнай гнятлівай трывогі?
Калі разумна і па-добраму, дык, мабыць, яму ў самы раз было б да псыхіятара, да іх сямейнага доктара Гаула, які некалі лячыў жонку, цешчу, старэйшую дачку. Але ніколі не лячыў яго самога — не было патрэбы. Зноў жа ён памятаў, як яшчэ ў дзяцінстве на тую схільнасьць тутэйшага люду да псыхіятрыі адгукнуўся ягоны бацька — грэбліва, бы да вэнэроляга. Але бацька быў чалавек іншага веку ды й іншага племя, якое, здаецца, мела калісьці звычай наогул абыходзіцца без дактароў. Мабыць, штосьці ад таго перадалося і сыну.
Не заўважыў, як зноў задрамаў, — мржа, карыстаючыся рэштай сіеставай цішы, і неяк адразу безь пераходу ці паўзы яму прысьнілася іншае, што ў рэальным жыцьці ня мела да яго пэўнага дачыненьня. Але ў сьне тое ўспрымалася, бы даўно знаёмае, звыклае, і не выклікала зьдзіўленьня. Найперш ляндшафт — шырокая прастора ўзгоркавай даліны, зялёная ад маладой травы, але з выгляду зусім ня прэрыя, не савана, — шырокі лясны далягляд без паселішчаў і дарог. Ён ішоў па травяністым схіле, за ім нясьпешна цягнуўся статак валоў ці бізонаў, тое неяк было не зусім зразумела, але ён і не спрабаваў зразумець. Ён пачуваўся ў ролі ці то пастуха, ці то правадыра гэтага статку, і не камандаваў, не заганяў жывёлін, а суладна вёў іх кудысь па невысокай, нетаптанай траве. Настрой і выява былі зусім букалічныя, калі б не загадкавая трывога, што пакрысе вынікала невядома адкуль. Трывога тая, аднак, перарасла ў спалох, калі наперадзе паблізу зьявіўся абрыў, — нейкая шырокая бездань, якую было не абмінуць. Галоўнае, ён ня мог спыніцца, не спыняўся і статак; мабыць не адчуваючы небясьпекі, валы (ці бізоны) маруднаю лавай сунуліся і сунуліся за ім і ўжо наблізіліся да краю бездані. Іх трэба б спыніць ці завярнуць назад, але ён не рабіў таго — ня мог ці ня ведаў, як. I ён з жахам памкнуў па сьлізкай траве ў бездань, на дне якой штосьці бурліла, нібы кіпела ў аграмадным катле — бруд, вулканічная магма ці яшчэ што….
Адчуваньне блізкай катастрофы і пагібелі змусілі яго на нейкія душэўныя высілкі, якія прыпынілі тую пакуту, і ён прачнуўся.
Асьвятленьне ў пакоі зьмянілася: было цемнавата, здаецца, настала ноч; дробныя шчыліны-палосы перасунуліся ўгору і цяпер паласавалі столь — гэта праз жалюзі прасьвечвала нізкае сьвятло вулічных ліхтароў. Прыглушана гучэла недалёкая музыка ламбады — ігралі ў суседнім гатэлі ці на ўзьбярэжжы пад пальмамі. Толькі ён адчуў з палёгкай, што пазбыўся прыкрага сну, як да ягонай душы зноў дапяў ранейшы загадкавы гул. Таго не магла заглушыць нават прычэплівая рытміка ламбады, ягоны несьціханы суцэльны фон клаўся на ўсе іншыя гукі знадворку, — то было ненатуральна, незразумела і загадкава. Ён устаў з пасьцелі і, не ўключаючы сьвятла, у паўзмроку пакою намацаў дзьверы ў лоджыю.
Кодекс Охотника. Книга XXXVII
37. Кодекс Охотника
Фантастика:
аниме
фэнтези
попаданцы
рейтинг книги
Кодекс Крови. Книга ХI
11. РОС: Кодекс Крови
Фантастика:
попаданцы
аниме
фэнтези
рейтинг книги
Вечный. Книга VII
7. Вечный
Фантастика:
боевая фантастика
рпг
попаданцы
рейтинг книги
Возлюби болезнь свою
Научно-образовательная:
психология
рейтинг книги