Олівер Твіст
Шрифт:
Нарэшце панаванне цішы прарэзаў стогн болю: хлопчык ачнуўся. Яго левая рука, так-сяк заматаная шалікам, ляжала ўздоўж цела цяжка і бездапаможна, павязка набрыняла крывёю. Олівер быў такім слабым, што насілу мог сесці. Сеўшы, ён з цяжкасцю агледзеўся, спадзеючыся на дапамогу, паспрабаваў устаць, але задрыжаў і ўпаў ніцма.
Пасля кароткага вяртання ў непрытомны стан, у якім ён у гэтую ноч праляжаў так доўга, Олівер ачнуўся зноў, адчуўшы нудоту і млявасць, якая падпаўзла да ягонага сэрца і, здавалася, папярэджвала пра тое, што калі ён будзе ляжаць тут, то памрэ, таму хлопчык узбіўся на ногі і
І тут яго хваравітую свядомасць напоўнілі нейкія прывідныя, цьмяныя вобразы, мроі. Яму здавалася, што ён усё яшчэ брыдзе паміж Сайксам і Крэкітам, а тыя спрачаюцца, спрачаюцца злосна, і кожнае слова вельмі выразна чулася Оліверу; калі ён асабліва намогся, каб утрымацца на нагах, то заўважыў, што сам размаўляе з абодвума. Потым ён застаўся адзін з Сайксам і цягнуўся паперадзе, як падчас іхняй вандроўкі. Яны міналіся з нейкімі прывіднымі людзьмі, і ён адчуваў, як рабаўнік сціскае яго руку. Раптам ён адхіснуўся, пачуўшы стрэлы і крыкі, перад вачыма пачалі мільгаць нейкія агні, распачаліся галас і куламеса, і нейкая нябачная рука павяла яго прэч. Праз увесь гэты калейдаскоп відзежаў прабягала неакрэсленае, гнятлівае адчуванне болю, які мучыў і знясільваў яго.
Так ён плёўся, амаль механічна праціскаючыся ў напаўзачыненыя вароты, у проймы паміж прасламі, якія траплялі яму на шляху, пакуль не выйшаў на дарогу. Тут пачаўся такі моцны дождж, што хлопчык зусім ачуняў.
Ён агледзеўся і ўбачыў, што непадалёку стаіць дом, да якога Олівер, відаць, мог бы дайсці. Ён падумаў, што, мажліва, там яго пашкадуюць, прымуць да ўвагі яго бездапаможны стан, ды і ў любым разе, хоць і без дапамогі, але нават паміраць лепш каля людзей, чым у голых халодных палях. Ён сабраў усе свае сілы для апошняга кідка і скіраваў свае зняможаныя ногі да дома.
Калі ён падышоў бліжэй, яго апанавала пачуццё, што ён тут ужо калісьці быў. Ён не памятаў дэталяў, але абрысы дома і размяшчэнне яго ў мясцовасці здаваліся яму знаёмымі.
Вось і мур вакол саду! Там, за ім, ён кленчыў на траве сёння ўначы і маліў аб спагадзе двух мужчын. Дык гэта ж той самы дом, які яны спрабавалі абрабаваць уночы!
Калі Олівер пазнаў месца, то адчуў такі страх, што на хвілю забыўся пра свае пакуты ад ран і думаў толькі пра ўцёкі. Уцякаць! Ён ледзьве ўтрымаўся на месцы, але калі б нават яго юнае цела мела ранейшую лёгкасць і сілу, куды ён мог бегчы?
Ён штурхнуў садовую брамку. Яна была незачыненая і паддалася. Ён, спатыкаючыся, паплёўся па газоне, узбіўся на прыступкі, слабай рукою пастукаў у дзверы. Тут сілы яго пакінулі, і ён апусціўся на ганак, прыхінуўшыся спінай да адной з калон маленькага порціка.
Акурат у гэты час містэр Джайлс, Брытлз і літавальшчык падсілкоўваліся на кухні пасля турботаў і жахаў гэтай ночы гарбатай ды іншымі харчамі. Не тое, каб містэр Джайлс прывык цярпець празмерную фамільярнасць з боку простых слуг, да якіх ён ставіўся з велічнай зычлівасцю, якая была ім прыемнай, хоць і не пераставала нагадваць ім пра ягоны больш высокі сацыяльны статус. Але смерць, страляніна, жахі робяць усіх людзей роўнымі, так што містэр Джайлс сядзеў перад кухонным агменем,
— І вось дзесьці а палове на трэцюю, — казаў містэр Джайлс, — хоць не стаў бы прысягаць, што гэта не было крыху бліжэй да трэцяй, — я прачнуўся, павярнуўся ў ложку, як гэта бывае (тут містэр Джайлс перавярнуўся ў сваім крэсле і пакрыўся рогам абруса, як коўдрай, каб было больш наглядна), як раптам мне падалося, што недзе нешта шуміць...
У гэтым месцы аповеду кухарка спалатнела і папрасіла пакаёўку замкнуць дзверы. Тая перадала просьбу Брытлзу, той перадаручыў яе літавальшчыку, а той зрабіў выгляд, што не пачуў.
— ...нешта шуміць, — працягваў містэр Джайлс. — Спачатку я быў падумаў, што мне здалося, і сабраўся быў зноў заснуць, як раптам пачуў гэты гук яшчэ раз, цяпер ужо выразна.
— Што за гук? — спытала кухарка.
— Быццам бы нешта трашчыць, — даў адказ містэр Джайлс і азірнуўся па баках.
— Не, хутчэй, быццам нехта правёў жалезнай палкай па тарцы для мускатных арэхаў, — удакладніў Брытлз.
— Гэта ўжо потым, калі вы пачулі, — адказаў містэр Джайлс, — а на той час гэта было, быццам нешта трашчала. Я адкінуў коўдру, — тут містэр Джайлс закруціў край абруса, — сеў у пасцелі і стаў услухоўвацца.
Кухарка і пакаёўка хорам усклікнулі: «Божа!» — і селі бліжэй адна да адной.
— Цяпер я чуў шум зусім выразна, — працягваў містэр Джайлс. — «Нехта, — кажу я сабе, — узломвае дзверы або акно; што рабіць? Пайду, — думаю, — пабуджу гэтага небараку Брытлза і выратую яго ад смерці ва ўласным ложку, каб яму не перарэзалі горла ад правага вуха да левага, так што ён нават і не паспеў бы ўцяміць, што да чаго».
Тут усе паглядзелі на Брытлза, а той, раскрыўшы рот, утаропіўся ў апавядальніка; яго твар увасабляў найвялікшую ступень жуды.
— Я адкінуў прэч коўдру ды прасціну, — сказаў містэр Джайлс, адкідваючы абрус і сувора гледзячы на кухарку і пакаёўку, — ціха ўстаў з ложка, уступіўся ў...
— Зважайце, містэр Джайлс, тут лэдзі, — прамармытаў літавальшчык.
— ...чаравікі, сэр, — сказаў Джайлс, павярнуўшыся да яго і асабліва падкрэсліваючы апошняе слова, — схапіў зараджаны пісталет, які заўсёды заносяць наверх разам са сталовым срэбрам, і на дыбачках пайшоў у ягоны пакой. «Брытлз, — кажу я яму, разбудзіўшы, — Брытлз, не бойцеся!»
— Так, вы гэта сказалі, так, — ціхім голасам заўважыў Брытлз.
— «Лічыце, што мы загінулі, Брытлз, — кажу я, — але не бойцеся!»
— А ён баяўся? — спытала кухарка.
— Ані, — запярэчыў містэр Джайлс. — Ён трымаўся гэтаксама... гм... амаль гэтаксама смела, як я.
— Я адразу памерла б, каб была там, — заўважыла пакаёўка.
— Вы жанчына, — сказаў Брытлз і крыху ўзбадзёрыўся.
— Брытлз кажа праўду, — пацвердзіў містэр Джайлс, ківаючы галавой, — ад жанчыны не варта чакаць смеласці. Але мы, як мы ўжо мужчыны, узялі ліхтар з зацямненнем, які стаяў у Брытлза на каміне, і навобмацак пачалі ў цемрадзі спускацца па лесвіцы — скажам, вось так...