Олівер Твіст
Шрифт:
— Тпру! — сказаў містэр Гэмфілд свайму аслу.
Асёл быў у стане глыбокай задуменнасці і думаў наконт таго, ці пачастуюць яго адной-дзвюма качарыжкамі пасля таго, як ён пазбавіцца ад двух мяхоў сажы, якімі быў нагружаны маленькі вазок; такім чынам, не зважаючы на каманду, ён працягваў трухаць наперад.
Містэр Гэмфілд пачаў сыпаць праклёны на асла ўвогуле, але больш на яго вочы, потым дагнаў яго і нанёс яму жахлівы ўдар па галаве, ад якога, напэўна, раскалоўся б любы іншы чэрап, акрамя аслінага. Потым ён, ухапіўшыся за аброць, моцна тузануў за яе, каб ласкава нагадаць
Каля брамы, заклаўшы рукі за спіну, стаяў джэнтльмен у белай камізэльцы, які толькі што выказаў некалькі глыбокіх думак на пасяджэнні рады. Будучы сведкам маленькай спрэчкі паміж містэрам Гэмфілдам і аслом, ён пачаў весела ўсміхацца, калі той падышоў чытаць абвестку, бо адразу зразумеў, што містэр Гэмфілд якраз такі гаспадар, які патрэбны Оліверу Твісту. Прачытаўшы паперу, містэр Гэмфілд таксама ўсміхнуўся, бо пяць фунтаў былі якраз неабходнай яму сумай; што да хлопчыка, які быў даважкам, дык містэр Гэмфілд, ведаючы рацыён працоўняў, не сумняваўся, што той будзе досыць мініятурным узорам чалавечае прыроды, рыхтык для чысткі комінаў. Таму ён зноў па складах прачытаў абвестку да канца і потым, у знак пашаны даткнуўшыся да сваёй футравай шапкі, звярнуўся да джэнтльмена ў белай камізэльцы.
— Еты хлопчык, сэр, якога прыход хоча аддаць на вывучку... — пачаў містэр Гэмфілд.
— Менавіта так, даражэнькі, — з паблажлівай усмешкай азваўся джэнтльмен у белай камізэльцы. — Дык што?
— Калі б прыход хацеў, каб ён вывучыўся файнаму і даходнаму рамяству камінара, — працягваў містэр Гэмфілд, — дак мне патрэбен вучань, і я хочу яго ўзяць.
— Зайдзіце, — сказаў джэнтльмен у белай камізэльцы.
Містэр Гэмфілд крыху памарудзіў і пасля яшчэ раз улупіў аслу па галаве ды тузануў за цуглі, каб той не ўцёк без гаспадара, а потым пайшоў следам за джэнтльменам у белай камізэльцы ў той пакой, дзе Олівер упершыню ўбачыў гэтага джэнтльмена.
— Гэта гідкая праца, — заўважыў містэр Лімкінз, калі Гэмфілд паўтарыў сваю прапанову.
— Здаралася, што хлопчыкі задушваліся ў комінах, — сказаў другі джэнтльмен.
— То ж бо мачылі салому ў вадзе перш чым патпаліць. Ад етага тока дым каромыслам, а вагню — ні на грош! А от ад дыму дак толку ніякага, каб прымусіць хлапца вылезці, бо ад дыму ён толькі ўчадзее і засне, а яму тока таго і трэба. Жэнтальмены, яны ж такія лайдакі ўпартыя, і няма нічога лепш за агонь, каб прымусіць гэтых гіцляў павылазіць з коміна як мага хутчэй. Ета што ні кажы, па-людзку, бо нават калі яны засядуць у коміне, а ім падсмажыш пяткі, дак яны аж са скуры вылузваюцца, каб вызваліцца хутчэй.
Такое тлумачэнне вельмі забавіла джэнтльмена ў белай камізэльцы, але гэтая весялосць вельмі хутка згасла пад паглядам містэра Лімкінза. Пасля рада пастанавіла сцісла абмеркаваць справу ў сваім коле, аднак гаварылі так ціха, што, акрамя слоў «скарачэнне выдаткаў», «добра адаб’ецца на балансе», «надрукуем спарваздачу», нічога не было чуваць. Ды і гэтыя словы былі чутны толькі таму,
Нарэшце шэпт заціх, і пасля таго, як чальцы рады селі на свае месцы, прыняўшы зноўку свой ранейшы паважны выгляд, містэр Лімкінз прамовіў:
— Мы абмеркавалі вашу прапанову, і мы не пагаджаемся з ёю.
— Рашуча не пагаджаемся, — сказаў джэнтльмен у белай камізэльцы.
— Адназначна не пагаджаемся, — дадалі іншыя чальцы рады.
Містэру Гэмфілду ўжо выпадала пацярпець ад абвінавачванняў у тым, што ён забіў трох ці чатырох хлопчыкаў, таму яму раптам прыйшло ў галаву, што чальцы рады праз нейкі незразумелы бзік надумалі, што гэтыя пабочныя абставіны мусяць паўплываць на іх рашэнне.
Гэта зусім не было падобна да іх манеры працаваць, але пакуль што, не хочучы асабліва ажыўляць старыя чуткі, ён пакамечыў у руках шапку і павольна адышоў ад стала.
— Дак вы не згодныя, жэнтальмены? — спытаў містэр Гэмфілд, затрымаўшыся каля дзвярэй.
— Не згодныя, — сказаў містэр Лімкінз, — праца ваша гэткая кепская, што мы мяркуем, што вы павінны атрымаць выплату крыху меншую, чым пазначана ў нашай абвестцы.
Фізіяномія містэра Гэмфілда прасвятлела, ён хуткімі крокамі вярнуўся да стала і запытаўся:
— А колькі б вам не было шкада, жэнтальмены? Ну! Не крыўдзіце беднава чалавека! Колькі дасцё?
— Па мне, дык трох фунтаў дзесяці пенсаў было б досыць, — сказаў містэр Лімкінз.
— На дзесяць пенсаў перабольшана, — сказаў джэнтльмен у белай камізэльцы.
— Ану, давайце пагодзімся на чтырох фунтах, жэнтальмэны. Давайце: чатыры фунты, і вы пазбавіцеся ад яво вельмі выгадна. Га?
— Тры фунты дзесяць, — упарта паўтарыў містэр Лімкінз.
— Паслухайце! Давайце падзелім розніцу папалам, — прапанаваў Гэмфілд. — Тры фунты пятнаццаць.
— Не дадам ані фартынга, — гэткі цвёрды быў адказ містэра Лімкінза.
— Вы жах як мяне крыўдзіце, — няўпэўнена прамовіў містэр Гэмфілд.
— Ну, гэта ўжо лухта! — сказаў джэнтльмен у белай камізэльцы. — Ён заслугоўвае, каб яго ўзялі без аніякае выплаты. Забірайце вы яго, неразумны вы чалавек! Гэта хлопчык што трэба. Час ад часу яго трэба цверазіць кіем. Гэта пойдзе яму на карысць. Яго ўтрыманне не будзе каштаваць залішне многа, бо яго не перакармілі ані разу з дня яго народзінаў. Ха-ха-ха!
Містэр Гэмфілд кінуў хітры пагляд на тых, хто сядзеў за сталом, і, заўважыўшы, што яны ўсміхаюцца, паступова сам наважыўся на ўсмешку. Гешэфт адбыўся. Містэру Бамблу неадкладна загадалі ў той жа дзень даставіць Олівера з неабходнымі дакументамі да суддзі на подпіс і зацвярджэнне.
Дзеля выканання гэтага рашэння маленькага Олівера, вельмі здзіўленага, выпусцілі з-пад замка і загадалі яму апрануць чыстую кашулю. Ён ледзьве паспеў зрабіць гэтае нязвыклае гімнастычнае практыкаванне, як містэр Бамбл асабіста прынёс яму місачку кашы і святочныя дзве з паловай унцыі хлеба. Гэтае відовішча зусім выбіла Олівера з каляіны. Ён вельмі жаласна заплакаў, небеспадстаўна падумаўшы, што рада пастанавіла дзеля нейкай карысці забіць яго — інакш навошта яны пачалі адкормліваць яго такім чынам?