Олівер Твіст
Шрифт:
Час ад часу, калі ўчынялі асабліва пільнае расследаванне здарэння, чаму прыходскае дзіця праз недагляд перакуліла на сябе ложак ці было абваранае да смерці пры мыцці бялізны, што здаралася зусім нячаста, бо нешта, хоць здалёк падобнае да прання бялізны, адбывалася на ферме рэдка, — час ад часу прысяжным прыходзіла ў галаву ставіць досыць непрыемныя пытанні, або прыхаджане збіралі подпісы пад пратэстам. Але гэтыя нахабныя выпады хутка падаўляліся сведчаннем доктара ці прыходскага кур’ера; першы з іх, зрабіўшы ўскрыцце трупа, не знаходзіў унутры нічога такога, што было вельмі падобна на праўду, апошні пад прысягай
Нельга чакаць, што сістэма выхавання на ферме дала б нейкі незвычайны ці выбітны плён. Дзявяты дзень нараджэння заспеў Олівера Твіста бледным, кволым дзіцём, крыху недарослым і, безумоўна, занадта худым. Але прырода і спадчыннасць пасялілі ў грудзях Олівера здаровы добры дух. Дзякуючы мізэрнай дыеце, дух гэты меў процьму месца для свайго развіцця; магчыма, толькі дзякуючы гэтаму, Олівер наогул дажыў да свайго дзявятага дня нараджэння. Як бы яно там у рэшце рэшт ні было, але гэта быў яго дзень нараджэння, і ён сустракаў яго ў вугальным склепе, у выбраным коле з двух маладых джэнтльменаў, што падзялілі з ім добрую порцыю «бярозавае кашы» і былі зачыненыя ў склепе пасля нахабнай заявы, што нібыта яны галодныя, калі раптам місіс Ман, славутая лэдзі, якая ўзначальвала гэты дом, была ўзрушаная раптоўным з’яўленнем містэра Бамбла, прыходскага кур’ера, які намагаўся адкрыць весніцы ў садовай браме.
— Святы Божа! Гэта вы, містэр Бамбл, сэр? — прамовіла місіс Ман, высунуўшы галаву з акна ў робленай афектацыі радасці. — (Сюзанна, прывядзіце наверх Олівера і тых двух хлапцоў і памыйце іх добра.) Шчыры Божа! Містэр Бамбл, як я сапраўды радая бачыць вас!
Містэр Бамбл быў тоўсты мужчына з кепскім характарам, таму замест таго, каб належным чынам адказаць на гэтае сардэчнае прывітанне з прэтэнзіяй на роднасныя адносіны, ён з магутнай сілай патрос весніцы, а потым нанёс па іх такі ўдар, які не мог быць нанесены нічыёй больш нагой, акрамя як нагой прыходскага кур’ера.
— Свят-свят, толькі падумаць, — сказала місіс Ман, выбягаючы з дзвярэй (бо тры хлапчукі былі ўжо да гэтага часу пераведзеныя куды трэба), — толькі падумаць! Гэта ж трэба — забыцца, што брамка праз нашых мілых дзетак была зачыненая знутры! Праходзьце, сэр, малю вас, праходзьце, містэр Бамбл, калі ласка, сэр.
Хоць гэтае запрашэнне і суправаджалася рэверансам, які размякчыў бы нават сэрца царкоўнага старасты, але гэта ніякім чынам не пахіснула жорсткай паставы кур’ера.
— Як вы мяркуеце, ці гэта паважліва і прыстойна, місіс Ман, — пытаўся містэр Бамбл, сціскаючы сваю кульбу, — прымушаць прыходскіх афіцыйных асоб чакаць каля вашых садовых весніцаў, калі яны прыходзяць сюды па прыходскіх справах, звязаных з прыходскімі сіротамі? Ці вядома вам, місіс Ман, што вы пэўным чынам выбарная асоба прыхода, і ад прыхода вам належаць грошы?
— Зразумела, містэр Бамбл, я толькі... э... э... сказала сяму-таму з нашых мілых дзетак, якія Вас гэтак любяць, што той, хто да нас... э... ідзе, — гэта вы, — адказала місіс Ман з вялікай пакорай.
Містэр Бамбл быў упэўнены ў сваіх надзвычайных аратарскіх здольнасцях і выключнай значнасці.
— Добра, добра, місіс Ман, — адказаў ён больш спакойна, — можа быць, усё і так, як вы кажаце. Мабыць. Хадзем у дом. Я прыйшоў па справах і маю тое-сёе вам сказаць.
Місіс Ман прапусціла кур’ера ў маленькую гасцёўню з цаглянай падлогай, прапанавала яму крэсла і паслужліва паклала перад ім на столік яго трохкутку і кульбу. Містэр Бамбл выцер з ілба пот, што праступіў пасля шпацыру, самазадаволена зірнуў на трохкутку, усміхнуўся. Напраўду, ён усміхнуўся. Прыходскія кур’еры, зрэшты, таксама ж людзі, вось і містэр Бамбл усміхнуўся.
— А цяпер не крыўдуйце за тое, што я вам скажу, — заўважыла місіс Ман з абаяльнай ветлівасцю. — Вы ведаеце, вы зрабілі добры кавалак дарогі... Каб не, дык я і казаць не стала б. Містэр Бамбл, вып’еце кроплю чаго-небудзь?
— Ні кроплі. Ні кроплі, — прамовіў містэр Бамбл, велічна, але і дабрадушна махаючы праваю рукою.
— Я думаю, што вы вып’еце, — сказала місіс Ман, якая зацеміла сабе тон адмовы і жэст, які суправаджаў гэта. — Толькі маленькую кропельку, і крышку халоднай вады з кавалачкам цукру.
Містэр Бамбл кашлянуў.
— Ну, толькі маленькую кропельку, — пераконвала місіс Ман.
— Што гэта? — спытаў кур’ер.
— Ну, дык гэта тое самае, чаго пэўную колькасць я павінна заўсёды мець у доме, каб даліваць бедным дзеткам у мікстуру Дафі, калі яны хварэюць, містэр Бамбл, — адказала місіс Ман, адчыняючы буфет, і паставіла на стол бутэльку і шклянку. — Гэта джын. Я вам не маню, містэр Бамбл, гэта джын.
— Вы даяце дзецям мікстуру Дафі, місіс Ман? — дапытваўся Бамбл, не могучы адарваць вачэй ад цікавай працэдуры змешвання.
— Блаславі іх Божа, даю, хоць гэта і дорага, — адказвала нянька. — Не магу глядзець, як яны пакутуюць у мяне перад вачыма, разумееце?
— Зразумела, не можаце, — сказаў містэр Бамбл ухвальна. — Вы вельмі добрая жанчына, місіс Ман. (Ён падсунуў да сябе шклянку.) Я паведамлю пра гэта радзе, як толькі надарыцца нагода, місіс Ман. (Ён змяшаў джын з вадою.) Я — я шчыра п’ю за ваша здароўе, місіс Ман.
І ён пракаўтнуў палову змесціва шклянкі.
— А цяпер да справы, — сказаў кур’ер, выцягваючы з кішэні скураны гаманец. — Дзіцяці, ахрышчанаму Оліверам Твістам, сёння споўнілася дзевяць гадоў.
— Блаславі яго Божа, — уклінілася місіс Ман, да чырвані расціраючы левае вока канцом фартуха.
— І нам, нягледзячы на прапанаваную ўзнагароду ў дзесяць фунтаў, якая была потым павялічана да дваццаці фунтаў, нягледзячы на надзвычайныя і, я б сказаў, празмерныя высілкі з боку прыхода, так і не ўдалося даведацца, хто яго бацька, а таксама месца жыхарства, імя і стан яго маці.
Місіс Ман здзіўлена ўскінула рукі, аднак пасля хвіліннага роздуму спыталася яшчэ:
— Як выйшла наогул, што ён атрымаў імя?
Кур’ер з годнасцю выпрастаўся і прамовіў:
— Я прыдумаў яго.
— Вы, містэр Бамбл?!
— Я, місіс Ман. Мы называем нашых падкідышаў згодна з алфавітам. Апошні быў на «С» — Субол, так я назваў яго. Далей была літара «Т» — Твіст, так я назваў наступнага. Наступны за ім будзе Унвін, а яшчэ далей будзе Вілкінс. У мяне напагатове імёны да канца алфавіта, і новы цыкл паўторыцца, калі мы дойдзем да апошняе літары.