Мэфіста. Раман аб адной кар'еры
Шрифт:
Тое, што існаваў чалавек з такім прозвішчам, такой прафесіі і быў яе бацькам, нікім не аспрэчвалася і не ставілася пад сумненне. Зрэшты Мартэнс ужо колькі гадоў як памёр. Праца ў Афрыцы аніяк не паспрыяла ўмацаванню яго здароўя. Змучаны малярыяй, зруйнаваўшы сэрца ўколамі хініну і алкагольнымі эксцэсамі, ён вярнуўся ў Гамбург, каб там, без адкладу і не прыцягваючы лішняй увагі, сканаць. Каханку-негрыцянку пакінуў у Конга, як і маленькае цёмнаскурае стварэнне, якое нібыта магло быць яго дачкою. Вестка пра смерць інжынера не дайшла да Афрыкі. Прайшлі гады, Джульета страціла і маці; і вось яна выправілася ў далёкую і, напэўна ж, поўную дзівосаў
Шчасце юнай Джульеты, што яна ўмела прыстойна танцаваць стэп, яна гэтага навучылася яшчэ дома. Ёй удалося атрымаць месца ў адной з самых лепшых устаноў Сант-Паўлі. Там яна напэўна ж yтрымалася б, і, магчыма, разумнай і энергічнай асобе была б наканавана пачэсная кар'ера, калі б яе бурны тэмперамент і неадольная схільнасць да моцных напояў самым фатальным чынам не перакрэслілі яе разлікаў. Яна любіла хадзіць з плёткай і не магла адмовіцца ад пахібнай звычкі кідацца на тых сваіх знаёмых і калегаў, з кім сыходзілася не па ўсіх пунктах, альбо не супадала ў настраёвасці; спачатку з гэтай прыдуры ў Сант-Паўлі весела пакепвалі, як з вельмі мілага смешнага бзікy, пасля, аднак, гэты бзік пачаў ужо бзычаць ці не залішне арыгінальна і, бадай, проста шкодна.
Джульету звольнілі, і яна ў бестурботна шпарка-борздкім тэмпе перажыла тое, што звычайна называюць "падзеннем з прыступкі на прыступку згары лесвіцы данізу", кажучы інакш, свой "скочны куншт" яна мусіла ад разу да разу дэманстраваць ва ўсё горшых, ва ўсё больш захлюпаных забягалаўках. Яе зборы на гэтым прыхілішчы зноў жа ад разу да разу ўсё больш мізарнелі, аж яна мусіла нарэшце шукаць пабочнага заробку. Што ж яшчэ пабочнага яна магла знайсці, апрача вечаровых шпацыровак па Рэпербане і суседніх вулках? Прыгожае цёмнае цела, якое яна з гордай годнасцю праносіла па тратуарах, было куды як не самым заляжалым таварам на велізарным кірмашовым распродажы целаў, выстаўленых на начную патрэбу заезнай матрасні і знуджаным пачэсным мужам горада Гамбурга.
Артыст Гендрык Гёфген, зрэшты, пазнаёміўся з Чорнай Венерай зусім не на панелі; зусім не, гэта адбылося ў цесным, пракураным і прамацюканым п'янай бражняй кабаку, дзе яна за вечаровы ганарар у тры маркі дэманстравала сваё цёмнае, гладкае цела ў віртуозных рухах рытмічнага стэпу. У праграме змрочнага кабарэ чорная танцорка Джульета Мартэнс значылася як прынцэса Тэбаб — імя, якое яна магла насіць толькі ў якасці сцэнічнага псеўданіма, але на якое прэтэндавала і ў будным жыцці. Калі верыць ёй, яе нябожчыца маці, пакінутая каханка гамбургскага інжынера, была чыстай княскай крыві: была дачкою сапраўднага, бясконца багатага, шчырадушнага, але, на жаль, у самым далікатным узросце з'едзенага ворагамі негрыцянскага правадыра. Што да Гендрыка Гёфгена, дык яго ўражваў не так яе тытул, — хоць і гэта яму было не абы што, — як рухавыя калючыя вочы і мускулы шакаладных ног. Пасля таго як скончыўся нумар прынцэсы Тэбаб, ён зайшоў да яе ў грымёрную, каб выказаць сваё — спачатку, можа, крыху і нечаканае — пажаданне: менавіта — браць у яе ўрокі танцy.
— Сёння актор павінен быць трэніраваны, як акрабат, — патлумачыў ён ёй.
Але прынцэса не вельмі цікавілася яго тлумачэннямі. Зусім не здзівіўшыся, яна тут жа дамовілася з ім пра цану і першую сустрэчу.
Так завязаліся адносіны паміж Гендрыкам Гёфгенам і Джульетай Мартэнс. Цёмнаскурая дзяўчына была "настаўніцай",
— Глядзі на мяне! — загадала прынцэса Тэбаб, вылупіўшы вочы, тым часам як ягоныя вочы, поўныя пажады і страху, не адрываліся ад яе ўладарнага твару.
— Якая ты прыгожая сёння! — вымавіў ён нарэшце, ледзь варушачы губамі.
— Не вярзі дyрноты! — накінулася яна на яго. — Я не прыгажэй звычайнага!
Пры гэтым яна правяла рукою па грудзях і абцягнула на сабе вузкую плісераваную спаднічку, якая адкрывала калені ў чорных шаўковых панчохах, бо зялёныя боцікі з мяккай лакіраванай скуры даходзілі вышэй сярэдзіны лытак. Пад прыгожыя боцікі і кароткую спаднічку яна насіла яшчэ і шэры футраны жакецік, падняўшы каўнерык да самай патыліцы. На цёмных жылістых запясцях брынчалі шырокія бляшаныя бранзалеты. Самым элегантным атрыбутам яе туалетy была плётка — Гендрыкаў падарунак. Бліскуча чырвоная, з плеценай скуры. Джульета ў пагрозліва рэзкім рытме паляпвала ёю па зялёных боціках.
— Ты зноў спазніўся на чвэрць гадзіны, — сказала яна пасля доўгай паўзы, і злосныя складкі леглі на нізкім пукатым лобе. — Колькі ж я павінна цябе яшчэ папярэджваць, салодзенькі мой? — спытала яна падступна ціха, а пасля, выбухнуўшы гневам: — Годзе! Наелася па горла! Дай лапy!
Гендрык павольна падняў абедзве рукі далонямі ўгору. Пры гэтым не зводзіў загіпнатызаваных, шырокіх вачэй ад жахлівай грымасы каханкі.
Яна пачала рэзкім, вісклівым голасам лічыць удары:
— Раз, два, тры!
Элегантная плеценая плётка са свістам хлястала па ягоных далонях, на іх адразу праступілі тоўстыя чырвоныя пісягі. Боль быў такі пякучы, што на вачах у яго выступілі слёзы. Ён скрывіўся. На першым удары Гендрык ціха войкнуў, пасля авалодаў сабою і стаяў з нерухомым бледным тварам.
— На добры пачатак хопіць, — сказла яна, і ў твары яе раптам пазначылася стомленая ўсмешка, якая зусім не адпавядала правілам гульні: у ёй не было нічога жорсткага, хутчэй гэта была дабрадушная ўсмешка, нават спагадлівая. Яна апусціла плётку, павярнула галаву і застыла — твар у профіль — у прыгожай задуменна-смутнай паставе. — Пераапраніся, — сказала ціха. — Будзем працаваць.
Тут не было шырмы, за якой ён мог бы засланіцца. З-пад напаўапушчаных павекаў Джульета без аніякай цікавасці назірала за кожным яго рухам. Ён распрануўся, зняў з сябе ўсё, адкрыўшы светлае, ужо крыху атлусцелае ў рыжаватых валасах цела, потым нацягнуў світар у белую і блакітную палоску і чорныя спартыўныя трусікі і паўстаў перад ёю ў гэтых подлых строях, якія ён сам называў "трэніровачным касцюмам" — нейкі па-дзіцячы нехлямяжы ў чорных паўчаравіках і белых шкарпэтачках, какетліва згорнутых над костачкамі, у трусіках з бліскучага чорнага паркалю, як y малых хлапчукоў на ўроках фізкультуры, і ў паласатым світары з адкрытымі рукамі і шыяй.
Яна агледзела яго, крытычна і холадна.
— За тыдзень ты яшчэ больш патаўсцеў, салодкі мой, — канстатавала яна насмешліва, паляпваючы плёткай па зялёных боціках.
— Даруй,— ціха сказаў ён. Яго белы твар са строгай лініяй падбародка, чуллівымі скронямі і прыгожага разрэзу скрушлівымі вачыма захоўваў поўную сур'ёзнасць і амаль трагічную годнасць, нягледзячы на гратэсковы ўбор.
Негрыцянка корпалася з грамафонам. У нечаканы рытмічны грукат джазу ўварваўся грубы голас:
— Ну, пачынай жа!