Бэзавы попел
Шрифт:
У Саюзе візытавалі замежныя зоркі Іў Мантан i Жэрар Філіп... А Гелена Лаўбалава ў Менску, у атракцыйнай чырвонай сукенцы, фацэтна какетавала галаском з мілым акцэнтам: „Кръасную ръозочъку, кръасную ръозочъку я тебье дарью...” На рэнтгенаўскую плёнку запісвалі Булата Акуджаву i Уладзіміра Высоцкага... Зачытваліся Максімам Багдановічам, адкрываючы сабе наноў гэтага „хрэстаматыйнага” паэта. Даведваліся пра тое, што ў беларускай культуры былі Браніслаў Тарашкевіч, Мікола Шчакаціхін, Мітрафан Доўнар-Запольскі, Браніслаў Эпімах-Шыпіла, Ядвіга Ш., Зоська Верас... Антон Луцкевіч, Вацлаў Ластоўскі, Язэп Лёсік... Але тут дзверы зачыняліся. Нельга, не дазволена, не пажадана.
Канец 50-х — пачатак 60-х... Ілюзіі, надзеі, спадзявапні...
Было вернута права на лірыка-філасофскую прозу. На інтымную тэму. На камернае, так бы мовіць, светаўспрыманне.
Падавалі — упэўнена i па-ранішняму свежа — галасы Рыгор Барадулін i Анатоль Вярцінскі, Яўген Еўтушэнка i Андрэй Вазнясенскі... Бэла Ахмадуліна, Вера Вярба. (Славутых сёння Іосіфа Бродскага, Уладзіміра Сакалова мы прачыталі пазней.)
Было вернута права на скепсіс. На іронію. На парадаксальнае мысленне. Абнаўлялася рэчаіснасць. рабілася іншай літаратура. Дарэчы, не толькі ў разварушаным ідэёвымі віхурамі Савецкім Саюзе. I там, на Захадзе, з'явілася так званае раз'юшанае пакаленне: Джон Уэйн, Джон Осбарн, Джон Портэр. Там быў абвешчаны антыраман: Наталі Сарот, Алан Роб-Грые, Мішэль Бютор. Зноў па ўсім свеце пайшла мода на парадоксы Бернарда Шоў i Оскара Уайльда, усе сцэны былога сёння Soviet Union бралі ў палон „Варшаўская мелодыя” В.Зорына (пра нешчаслівае каханне полькі i рускага) i „Двое на арэлях” У.Гібсана (таксама — гісторыя кахання), праўда, гэта крыху пазней.
A ў сярэдзіне 50-х юнака са Слаўгарадчыны, з вёскі Сычын, у горадзе Менску сустрэлі сінкопы яшчэ мала дазволенага ў нас джаза, хаця рытмы класічнага дыксілэнда паўсюдна ўжо рваў на часткі пераможны рок-н-рол. На пляцоўцы ж паміж інтэрнатамі універсітэта на Бабруйскай i хім-i фізічным карпусамі акуратна вальсавалі „шэрачка з машэрачкай” учарашнія дзесяцікласніцы, смела пратоптвалі падэшвы вальс-бастонамі спрактыкаваныя танцоры, старанна-зухавата пераміналіся з нагі на нагу урбанізаваныя „элементы’, рытмічна млелі ў танга парачкі. „Домино, домино, будь веселым, не надо печали”, — гнаў распеўна радкі ўзмацняльнік. „Ты ходишь в галстуке, ты куришь сигареты”, — вясёла ці то папракаў, ці то канстатаваў нехта борздзенькім рытмам; пераможна-няголасна грымела: „Мишка, Мишка, где твоя улыбка...” А на юрфаку, дзе месціўся з канца 50-х i філфак (журналісты былі ў яго складзе), адбывалася нешта i зусім па тым часе забароненае: мясцовы аркестрык жвава „выдаваў” рэпертуар Элвіса Прэслі i Дзіна Рыда. I энергічна куляліся, скакалі юрысты, філалагіні i журналісты — ажно да вялікага гневу мясцовых камсамольскіх уладаў. Якія, дарэчы, у суполцы з рознымі актывістамі вялі цяжкія „ідэалагічныя” баі: якую шырыню павінны мець штаны ў савецкага маладзёна i як гэная шырыня адбіваецца на ягоным інтэлектуальным узроўні i патрыятычных пачуццях.
А насупраць філалагічна-юрыдычнага корпуса была наша сапраўдная Alma mater — Ленінка. Дзе мы i набывалі: па праграмах, а больш самапасам — адукацыю. Чыталі класікаў i някласікаў. Здаецца, Міхась Стральцоў Ленінку не вельмі наведваў, любіў спасцігаць мудрасць у больш камфортных хатніх умовах. Як i не быў зацятым танцорам. Але... i ён, i яго героі жылі ў тым часе. Дзе былі тыя ж захапленні, тыя ж гукі, тыя ж кнігі. (Наўмысна не цытую выказванняў Стрельцова з даведніка „Пра час i пра сябе” — яны ўсім вядомыя). А магчыма, больш неяк згадваецца ягоны „Свет Іванавіч, былы донжуан”, яго герой-равеснік: „Недзе на трэцім курсе я адпусціў доўгія валасы — тады гэта было можна. I падняў каўнер курткі — гэта таксама, здаецца, лічылася, што няблага. Тады катастрафічна, увачавідкі вузілі ў хлопцаў штаны, затое так прасторна было плячам пад шырачэзнымі пінжакамі. Праўда, гэта ўжо мяне не датычыла. Доўгія валасы — няблага. I падняць каўнер — таксама. Я чытаў тады французкія раманы. Эміль Бландэ, Люсьен Рубампрэ... Галантны век, дасціпнасць. І скепсіс”.
У кожнага з нас быў свой час спасціжэння „Страчаных ілюзій”. Я праглынула 13 тамоў Бальзака, якія толькі што выйшлі з друку, карычневыя асобнічкі, адзін да аднаго, недзе ў 9 класе, — прыблізна тады ж Стэндаля, Уайльда, Шоў, герой Міхася Стрельцова — на трэцім курсе. Некалі прачытаў ix i сам Стральцоў. Наша пакаленне адкарасквалася аб бабаеўскіх i кочатавых, мы мелі інтарэс да замежных раманаў: Рамэна Ралана, Томаса
У польскай перыёдыцы мы чыталі Пруста i Кафку. Тата Хэм, Олдзінгтон, Эрых-Марыя Рэмарк, Фіцджэральд Скот, — ix героі нішчылі ўсе ўяўленні пра свет i пра нас. Адчынялі старонку кнігі i чыталі: „А потым што мы рабілі? — спытаў ён”. Ніякіх табе тлумачэнняў, апісанняў, прэамбул. Мы адчувалі на сабе ўздзеянне таго самага таямнічага падтэксту, разуменне якого пазней зацягалі, заштампавалі, a ў нас, на Беларусі, так i не ўспрынялі, беручы пад увагу як адзіна магчымую, так бы мовіць, нацыянальную школу — апісальна-крытычны рэалізм, падрабязны, непаспешлівы, грунтоўны. Так, i толькі, усё астатняе ад нячыстага. Праўда, Міхасю Стральцову непадобнасць яго неяк даравалі. Ён пачынаў, не „расцякаючыся думкаю па дрэву”: „У тэлефоннай будцы былі двое, i я ненавідзеў ix”. Вы не знойдзеце такога пачатку ні ў кога з ягоных літаратурных равеснікаў. Хаця да ўсіх прыйшла літаратура, якую даўно ці наогул не друкавалі ў Саюзе. Хаця ўсе былі „дзецьмі XX з'езду”, „дзецьмі вайны”, амаль усе — „з хат”.
Але вось гэта было канкрэтнай i агульнай рэаліяй для ўсіх: партрэт „бацькі ўсіх народаў” пыліўся ў інтэрнацкай шафе-кладоўцы. Рэаліяй, што давала, аднак, магчымасць думаць па-рознаму, успрымаць па-рознаму. Было такое ўяўленне пад час чытання Стральцова — у нечым гэта аб'ектыўная, a ў нечым суб'ектыўная рэальнасць. Таму што час, палітычныя абставіны Стральцоў пазначаў толькі штрышком. Яны прысутнічалі, i досыць відавочна — скажам, адзін лапаць, адзін чунь з яго аднайменнай аповесці: рэаліі i ваеннага, пасляваеннага часу. Але яны — толькі штуршок для аповеду. Ён экзістэнцыяльна ўспрымаў свет i падзеі — у яго ў цэнтры ўвагі асоба, чалавек. Астатняе фон: гістарычны, сацыяльны, падзейны. Абставіны рэчаіснасці. Якія ён умеў пазначыць кароценька i трапна. Не любіў сумна-сумленна расцягваць на безліч старонак. „Я — малафарматнік”, — гаварыў ён. Крыху пацвельваючыся.
Хлопец з вёскі Сычын меў прыроджаны тонкі, дыхтоўны густ. Адразу займеў арыентацыю на сучасны ўзровень мыслення i пісьма. Хаця любіў i ведаў i „гудлівыя строфы’ Эсхіла i Піндара, i „літургійна суладнае i прыгожае” сярэднявечча, i высілкі „нястрымнага розуму” новага часу. I, дарэчы, нейкую асаблівую зваблівасць мелі для яго паэты пушкінскай пары, i сам „абраннік сонечнага Феба”, i „усадебная культура” XIX стагодзя. З XX стагоддзем адносіны ў яго былі ўважліва-складаныя. Ён падоўгу трымаў кніжкі, што браў у мяне: Ж.П.Сартра („Экзістэнцыялізм — гэта гуманізм”, „Словы”, „П'есы”), Тэяра дэ Шардэна („Феномен чалавека”), Бертрана Расела („Гісторыя заходняй філасофіі”), Ражэ Гарадзі („Рэалізм без межаў”), Самарыя Вялікоўскага („Канты „няшчаснай свядомасці”).
Гэта, праўда, было ўжо ў 70-я, 80-я гады. А на тую маладую пару яго не абмінулі, здаецца, усеагульныя „ідалы”. Згадаем хаця б у „Дні ў шэсцьдзесят сутак” — „Сцеражыцеся рыбы-лоцмана!”. Назва раздзела „паўночнага дзённіка”, увесь гэты раздзельчык, „адступленне літаратурнае” — пра Хемінгуэя. Пра рыбаў-лоцманаў, што цікавалі i за Хемінгуэем, i за Чэхавым (Стральцоў прыгадвае тут яго). Мы, мабыць, можам дадаць — за самім Стрельцовым. I пра тое, што „літаратура была для яго, Хемінгуэя, адным з даступных чалавеку сродкаў сцвярджаць свою годнасць”, i пра тое, як яго „брала ў палон даведзеная да самай звычайнай рэальнасці ілюзія перададзенага словам жыцця”. I..., і... Стральцоў меў жыццёвыя i літаратурныя прыхільнасці свайго пакалення: той яго часткі, для якой ён пісаў. Ці чытала яна яго? Пытанне не простае. I пра гэта крыху пазней. А тады, мабыць, i Стрельцова, як усіх нас, вабіла нязвычнасць, нязмушанасць, нетуральнасць герояў Хемінгуэя, інтрыгаваў стыль ix жыцця. Жалезная заслона толькі-толькі, скрогатна i цяжка, адчынялася. A героі Хемінгуэя сёння — у Парыжы, заўтра на боі быкоў у Памплоне, песлязаўтра — на сафары ў Афрыцы. I на вайну глядзелі інакш — не так просталінейна, як большасць нашых суайчыннікаў. I стаўленне да высноў жыцця ў ix было іншае. Ix светаўспрыманне было для нас навіной, адкрыццём.