Бэзавы попел
Шрифт:
„У радасці свая вясна, i калі стане вясновай душа — народзіцца радасць.
I неабавязкова ёй прыходзіць да чалавека вясной: ёсць яшчэ лета i зіма, ёсць восень, i ёсць яшчэ дзень i ноч, усход i заход сонца. Зімою трашчыць уночы на рэках лёд, i гул ідзе высока, аж да неба, a раніцай ляжаць снягі, ружовыя i чыстыя, Як радасць. A ў жытнёвае лета вісіць над зямлёю яблык, пераспелы i светлы, як даўняя журба; ён упадзе — надыдзе восень, а восенню хлапчукі пякуць на полі бульбу, i ўвосень прыходзяць да чалавека ўспаміны пра маленства. Але толькі высока ў небе клічуць радасць журавы, i калі яна запознілася да цябе, зімой ці летам, удзень ці ўночы, дык абавязкова прыйдзе з гэтаю песняю, i ты, можа, спазнаеш тады i трывогу, i шкадаванні, i журбу, але ўсё адно гэта будзе радасцю”.
Свет
Сустрэліся мы першы раз... Хаця гэта была хутчэй „невстреча”. Адбылася яна таксама напрадвесні.
Два разумныя хлопцы, сябры Міхася Стральцова, напісалі два артыкулы, аркушы са тры кожны. Артыкулы добрыя. Але нешта ім стрэліла ў голаў зляпіць ix разам i пазначыць як кнігу. A Стральцоў падпісаў той рукапіс як тытульны рэдактар — ганаровы, так бы мовіць. Быў ён тады ў зеніце сваёй славы. Яшчэ малады — a ўжо вядомы. Толькі што выйшла яго кніжка ў Маскве („Что будет сниться”) ca знакамітай прадмовай Янкі Брыля: чытаў „амаль на адной хвалі прыёму” з Буніным.
Мае аўтары, мабыць, ужо распавялі яму пра нашу спрэчку — я лічыла, што два розных артыкулы розных аўтараў яшчэ не кніга — i Стральцоў уляцеў у рэдакцыю: шапка набакір, кажушок наросхрыст (кажушок на тую пару самы ўсхліп моды). Маналог свой ён распачаў ад парогa. Я то рабілася белай, як мой шыкоўны з кутасамі шалік (радасць аж захліствала мяне, калі суседка ў Наваградку прэзентавала гэты дарунак з Аўстраліі), то чырвонай, як мая святочная сукенка. (Канечне ж, я насунула на сябе ўсё лепшае, што ў мяне было, — баран! Божа, не дзеля таго, каб спадабацца ці зрабіць уражанне, — не, я толькі ліхаманкава імкнулася адпавядаць урачыстасці моманту: прыйдзе сам Міхась Стральцоў!) А момант быў сур'ёзны. Гняўлівы Стральцоў распякаў мяне як мог. Я моўчкі стаяла на сваім: максімалізм заклятай выдатніцы.
...Урэшце тыя хлопцы выдалі кожны сваю кнігу. А са Стрельцовым мы сустрэліся гадоў праз пяць у выдавецтве „Мастацкая літаратура”.
Быў тады, як пазней скажуць, самы застой. Цэлыя пласты гісторыі i літаратуры нібыта i не існавалі — маўчанне. Шмат каго i шмат чаго не друкавалі. Шмат чаго мы i не разлічвалі надрукаваць. Много чаго адстойвалі, „кідаючыся на амбразуру”. Але... Ці то таму, што пачатак кожнай справы надае ўсяму імпэт, ці то таму, што Мікола Гаўрылавіч Ткачоў, наш дырэктар, адміністрацыйны геній, стварыў атмасферу будзённага свята, аднак „в те дни „МЛ” была Элладой”, калі перастварыць вядомыя радкі. Не, садоў Акадэміі ў нас не было, усе рэдакцыі сядзелі ў двух пакоях. Ажно дзе-небудзь аполудні ў пакоі віхурна з'яўляўся Рыгор Барадулін — толькі што ці то з Ушачаў, ці то з Багамскіх астравоў. Увесь у рыфмах, яркі, шчодры, i незбыт добры, i незбыт з'едлівы адначасова. „Як захлынуўся ад радасці жаўранак...” Праходзіла праз пакоі Алена Васілевіч — сама жаноцкасць, у элеганцкім паліто i рамантычным капелюшы... У вэлюме сваіх апавяданняў, сваёй трылогіі... Узнікаў канцэнтравана-інтравертны Алесь Разанаў, нібыта толькі што скончыўшы дыялог ці то з Сакратам, ці то з Хайдэгерам... Шпарка крочыла з ахапкам кветак Вера Палтаран — i валашковым цветам цвілі яе вочы... Сыходзіў з нейкай урачыстай явы ў шалёна выразнай форме каўтаранга
Царавала атмасфера паразумення, надзей, спадзяванняў...
Заходзіў i Міхась Стральцоў. Знакаміты. Але да той незамглёна светлай славы дадалася яшчэ адна. Тая слава, што спадарожнічала не аднаму i не двум паэтам. Празаікам. Мастакам. Тая слава, што прывяла i ў Мазыр, адкуль я атрымала ліст...
З пачатку 70-х i ўзніклі тэлефонныя „спатканні”. Нейкай парою ён званіў часта, нейкай — гады ў рады. Заходзіў у выдавецтва. „Праводжу цябе да тралейбуса”. — „Чакай, я куплю піражок”. Ён гмыкаў, пасміхаючыся. I купляў на цэлы рубель тых піражкоў (ці не апошні рубель? Ён тады не рабіў афіцыйна, i грошы не вяліся ў яго). „Ведаеш, я буду цябе сустракаць, як з дзіцячага саду”. I мы доўга шпацыруем — з Паркавай магістралі (праспекта Машэрава) прысадамі, разлеглым яблыневым садам. „Ведаеш, Алеся (малодшая дачка, ад другога шлюбу) збіраецца ў секцыю тэнісу”. „Хто твой муж? Я ніколі не апушчуся да таго, каб пытацца ў некага”. „Вераніка [сярэдняя дачка, ад першага шлюбу], мая малодшая дарослая дачка, „піша”. „Здаецца: нешта ёсць”. Гэта пазней, ужо ўлісце, з Мазыра.
Згадваю ўсё гэта я зноў жа не дзеля рызыкі пазначыць — бачыце, як ставіўся да мяне Міхась Стральцоў, — а каб падаць штрышкі ягонага характару.
Ведала я яго, безумоўна, з лепшага боку. Нават i адтуль, з Мазыра, ён не пісаў, як яму там, што з ім, які яго побыт i небыт. Пра гэта згадвалася, можа, іншым адресатам? У лістах жа да мяне часам тое прарывалася агульнай раздражёнасцю ды хіба вось такімі радкаш: „Я сантыментальным яшчэ не стаў, але здагадваюся ўжо, што нешта падобнае чакае мяне паперадзе. Гэта, мусіць, ад адзіноты, уяві сабе многа-многа мужчын у адным месцы, да таго ж падобных адзін да аднаго, як шпакі. И все с болячками, с пупырышками — душевными, конечно, — бр-р!” Або: „Не забывай мазырскага палонніка”.
Агульны тон лістоў быў іранічна-лірычны, многія лісты былі з вершамі. Як згадваў ён сам: „...адбываю рату вершамі”. Часам ён так i пачынаў:
„Дзень добры, Ала!
Не сумую сягоння: навошта?
Mo цягнік пастараўся, а мо
Галубіная лёгкая пошта
Мне прынесла тваё пісьмо.
А чаму не паслаць было чаіц
Ад шумлівых тваХ берагоў,
Каб вясёласць маю прывячалі
Над маркотай асенніх лугоў?
Ix маркота хаця б з нагоды,
Што, зняверыўшыся ў журбе
Лістападаўскае прыроды,
Свет зняверыўся i ў сабе.
Што ўжо рэчкі, стагі i долы
I прадзьмуты вятрамі лес
У задумнасці невясёлай
Пакарыіліся восені спрэс, —
Хоць ад замеці ліставея
Скразнякамі святло ў барах,
Хоць i ў сэрцы трыімціць падзея,
Як лісток на тугіх вятрах...
Гэта ўсё так табе знаёма!
Не надумаю я з тугой,
Што ты бліжай цяпер да дома,
Чыім я дома да дома свайго, —
Проста гэту асеннюю замяць,