Ахвяры
Шрифт:
Аксана Паўлаўна радавалася, што дзяўчына, якой пры яе камплекцыі варта было б не сядзець з вязаннем, а бегаць, памагае скараціць ёй час. Няпраўда, што яна любіць станцыі, вакзалы. Можа, некалі і любіла, калі самую цягнула кудысь паехаць — пабачыць свет. А цяпер нікуды ёй не хочацца. А чаканне блізкіх ператвараецца ў пакуты. Толькі цяпер яна зразумела жанчын, маці, якія пасля вайны выходзілі за сёлы свае і гадзінамі стаялі на дарогах, чакалі мужоў, сыноў.
Прыйшоў мінскі аўтобус.
Аксана Паўлаўна прагна ўзіралася ў вокны, шукаючы Ігара, праводзіла вачамі кожнага мужчыну, быццам за дзень Ігар мог пераўтварыцца да непазнавальнасці.
Выйшаў
Муж не прыехаў і гэтым аўтобусам.
У вялікай усхваляванасці пайшла на пошту, пазваніла ў Мінск сыну.
— Стась, бацька не заходзіў?
— А што, не прьгёхаў? Ды ну? Загуляў стары, загуляў. Я так і ведаў. Вясёленькі ён у мяне быў, архітэктарак маіх смяшыў.
— Сур’ёзна ты можаш гаварыць?
— Зрэдку магу.
— Во гэта праўда — вельмі рэдка.
— Мама, без такіх, як я, людзі скіслі б ад сумоты. Плесенню пакрыліся б, як гуркі ў бочцы, калі гаспадыня не змывае. Я адмываю людзей ад плесені. Паглядзела б ты на маіх архітэктарак — свецяцца.
— Дзе бацька?
— А я доўга стаю на дарозе, — праспяваў за сто вёрст ад маці Стась, бо ведаў, дзе яна чакае іхняга бацьку.
— Балбатун.
— Во гэта меткае пападанне. Здаюся і паведамляю з сур’ёзнасцю ТАСС… Твой дарагі супруг не ўзяў білета на аўтобус. Баявы партызан, а штурмам нічога не ўмее браць. I зброю не выкарыстоўвае, якую мае. Я з такімі дакументамі «Волгу» купіў бы.
— А карацей ты можаш?
— I пасадзіў я заслужанага пенсіянера на падарожную. Гадзіну назад. Так што не турбуйся, праз паўгадзінкі падкоціць татуля з вецярком, толькі ты не вельмі раўнуй, калі ўбачыш, хто за рулём. Ка-ра-ле-ва!
— Давядуць цябе твае каралевы.
— Давядуць, — уздыхнуў сын.
— Перад Валяй павініся.
— Вінюся. Штодня. Ды ў тваёй нявесткі твая натура.
— Пацалуй яе ад мяне.
— Пацалуеш яе…
— Малайчына яна ў цябе.
— Ды ўжо ж!.. Атэла ў спадніцы. Стараверка! Трыццаць пяць гадоў бабе, а заводзіцца, як новы «жыгуль».
Супакоеная Аксана Паўлаўна засмяялася.
— Цалую цябе, сын.
— Цалую, мама.
Можна ісці дадому. Не, не пайшла. Пастаяла, падумала і скіравалася на магістральную шашу. Пакуль стаяла там, зноў успомніла многа і зноў адчула нейкую неасэнсаваную трывогу. Дакарала сябе: гэта ўжо нервы, недаверлівасць. А ў жыцці яна магла лёгка расплакацца, але недаверлівай ніколі не была. Такім робіцца Ігар, употай лічыць пульс, колькі разоў бачыла, і гэта яе трывожыць. Ігар усе тры з палавінай дзесяткі гадоў, як яны разам, ніколі не думаў пра сваё здароўе, хоць двойчы ранены. Няўважлівасцю гэта не назавеш, проста моц жыцця, тая сіла, калі чалавеку здаецца, што ён бессмяротны.
Каля яе затармазіў чырвоны, што велікоднае яйка, «жыгулёнак». За рулём сапраўды каралева, жанчына з моднай прычоскай, нафарбаваная. Ды Аксана Паўлаўна ведала гэтую красуню — намеснік дарэктара запаведніка, доктар навук.
З задняга сядзення, па-старэчы крэкчучы, вылазіў Ігар Арцёмавіч з паўнюткім партфелем і такім жа поўным цэлафанавым мяшком.
— Дзякую вам, што падвезлі майго пенсіянера.
— Я падвязу вас дадому.
— Не, не, дзякую, мы пройдзем, — запярэчыў Кіпень. — У мяне ногі ацяклі, трэба размяць.
— Усяго
— Прыедзем па ягады.
«Жыгулі» весела фыркнулі.
— Зноў стаяла, — папракнуў Ігар Арцёмавіч жонку.
— Аднаго больш не пушчу.
— Хе, прыгразіла. Весялей будзе з табой.
— I нагрузіўся, як мяшочнік.
— Дык у нас жа гэтага не купіш. Людзі спецыяльна ў сталіцу едуць. На аўтобуснай станцыі — не прабіцца. Натоўпы моладзі.
— I ты зноў пасаромеўся выкарыстаць сваё пасведчанне?
— Інваліда? Пасаромеўся.
Яны паспрачаліся, каму што несці. Аксана Паўлаўна паважыла, што цяжэй, і забрала ад мужа партфель.
— У цябе няправільная метода лячэння пасляінфарктніка. Мне трэба трэніравацца.
— Натрэніраваўся за дзень. Уяўляю.
— Знаеш, у чым бяда? Я не пасаромеўся. Я пабаяўся. Гэта мяне апошні чао проста гняце, Аксюта. Для мяне гэта ганебна. Я вучыў іх, выхоўваў. I я цяпер баюся іх, сваіх вучняў. Можаш уявіць? Даўно яшчэ, гадоў дзесяць назад, убачыў, калі вось такі малады, інтэлігентны, як наш Стась, узяў старога за каўнер і вывеў з чаргі. Тады я абурыўся, умяшаўся, але хутка забыўся — я ўмеў дараваць маладым іх грахі. А цяпер, калі трэба сунуцца з пасведчаннем, уяўляю сябе на месцы старога — і ў мяне ўзнімаецца ціск. Каб, крый бог, такое здарылася — гэта была б надзвычайная стрэсавая сітуацыя. А я баюся яе. Не за здароўе сваё баюся. За яго, за таго маладога, якога я вучыў. Здаецца, што адбылося б крушэнне ўсіх маіх ідэалаў, веры ў тое, што я трыццаць гадоў сеяў добрае, вечнае… А ўяўляеш, чаго варта адна думка, што ты пражыў дарэмна. Жах!
— Нельга абагульняць гэтак. Сам казаў: будзь гатова, што ў любы дзень ты можаш сутыкнуцца не толькі з дурнем, нахабнікам… які можа вывесці старога з чаргі… але і з больш подлым прадстаўніком рода чалавечага.
— Сказаў я за сваё жыццё многа высокіх і правільных слоў. Можа, ад таго я цяпер і бездапаможны, што жыў ідэалістам.
— Ды не, Ігар, не. Не прыніжай сябе. Які ты ідэаліст? Ты жыў змагаром. I цяпер… Як ты з’ездзіў?
— За білетам лезці з пасведчаннем я пабаяўся таму, што перад гэтым мне такі стварылі стрэсавую сітуацыю. У абкоме. Вучань мой. Такі прыемны з выгляду. Ветлівы. Ружовенькі. I слухаў уважліва. Нарэшце, думаю, знайшоўся чалавек, які разумее… I раптам ён кажа: «А хіба не ўсё роўна яму цяпер, адновяць яго ў партыі ці не адновяць». Аляксея Іванавіча! Як ударыла! Кроў у патыліцу. I я спалохаўся, Аксюта, я спалохаўся. Гэта ганебна: у такі момант думаць пра сябе.
Аксана Паўлаўна спынілася, паставіла партфель на зямлю.
— Адпачні.
Яна ўявіла, што перажыў муж, і спалохалася за тую сітуацыю, якая шчасліва мінула.
— Ганебна знаеш што? Што я не здолеў нават абурыцца. Не, я сказаў яму: мне не ўсё роўна… нам, сябрам яго, вучням… і сям’і яго. I да яго такі дайшло. Ён павёў мяне да старшыні парткамісіі. Новы. Немалады. Можа, і вайны захапіў. Зацікавіўся, здаецца, па-сапраўднаму. Здзівіўся і абурыўся: дваццаць гадоў як чалавек рэабілітаваны, а ў партыі не аднаўляюць. Чаму? Сапраўды, чаму? Ніхто не ўзяў на сябе адказнасці. Во ў чым наша няшчасце. Павёў мяне старшыня да першага. Во дзе я яшчэ раз паверыў у партызанскае наша брацтва. Іван Яўцеевіч сам партызаніў. Адвёў я з ім душу. Весяльчак. Гумарыст. Расказваў, як яго Фёдараў… той, славуты… хацеў расстраляць. Прадстаўніка ЦК камсамола…