Я з вогненнай вёскі...
Шрифт:
— Смотри, красавица, — это мы взяли у тети твоей, бандитки!
Бабуліна сястра, і праўда, была тады ў партызанах.
Пазней, праз тры дні пасля Канашоў, у Віцебску мы наведалі Ганну Іванаўну Ігнаценка, тую Аньку, бабуліну найменшую дачку. Выхавацельніца дзіцячага сада, прыемная, інтэлігентная жанчына, у вайну партызанская сувязная, яна расказвала нам пра той жах больш падрабязна.
Гэта былі ногі партызанкі Палубінскай. Ужо мёртвай адсеклі. Акружаная, яна адстрэльвалася, а апошнім патронам — сябе.
— Божа мой, колькі тады было ўсяго, колькі было!..
Гаворачы гэта, бабуля Домна ведае, што ў іншых людзей, у іншых сем'ях было яшчэ горш, чым з імі, Шчамялёвымі. Стары
— Дзевяць праўнукаў у мяне, — з гонарам кажа бабуля. — А ўжо ўнукаў!..
Адно рукой махнула — колькі іх.
Пакуль мы сядзелі ў бабулінай хаце, запісваючы яе расказ, Васіль Іванавіч не проста пільнаваў свае пчолы. Удвух з нашым шафёрам яны пагаспадарылі каля аднаго вулля, і, калі нас пасля, ужо з саду запрасілі ў сынаву хату, — на стале быў гарачы мёд у вашчынах і халоднае, з пограба, малако. Быў чорны хлеб, дыхала парай бульба, быў халаднік, было масла, тварог. У хаце, як добры дух, незаўважна з'явілася, прыйшоўшы з поля, гаспадыня, маладжавая маці пяці дачок, дзве з якіх, меншыя, што яшчэ пры бацьках, былі ў школе.
Было і галоўнае ў гэтай зацішнай, светлай беларускай хаце — такі жаданы, так дорага куплены мір, была не проста гасціннасць, а мудрая чалавечая шчырасць, пра што, вядома, не гаварылася, што адчувалася душой.
Бабуля Домна зноў была на пасту, каля пчол. Гаспадыня таксама з работы і зноў на работу. Людзей пакорміць і пойдзе. I гаспадар павінен жа быў кудысьці сёння паспець, толькі па справе з намі застаўся.
Некалькі слоў яшчэ пра яго — ягоных слоў, скупых і сціплых:
«…У сорак трэцім годзе, летам, злавілі нас у полі, сабралі зноў у дзярэўні. I тут адзін з паліцэйскіх зноў паказаў партызанскія сем'і. Нас тады, Шчамялёвых, дваццаць чалавек забралі. Мы з братам, маці з бацькам, сястру з трыма дзецьмі і цётку. I яшчэ адна цётка была, таксама з трыма. I завязлі нас у Гарадок, у турму пасадзілі. Хто быў маладзейшы, сястра і цётка, тых адправілі ў канцлагер, а нас, старых і малых, у паліцэйскі гарнізон. I жылі мы там да зімы сорак трэцяга года, пакуль нас не асвабадзіла Красная Армія.
А после вярнуліся і сталі жыць. Мне было тады пятнаццаць год, але людзей не было — мяне паставілі брыгадзірам. I дванаццаць жанчын было трудаспасобных людзей. Ні тых коней, ні таго нічога больш не было. Так падымалі калгас…»
Коратка, суха, амаль як у той даведцы, з якой мы пачалі расказ пра трыццатага.
Без дзяцей
Усходняя, лясная частка Случчыны. Дзве невялікія вёскі з аднолькавай назвай — Адамова, першае і другое, непадалёку адна ад адной. Едучы на гэты раз з раённым праважатым, мы не блукалі і ў гэтых мясцінах, у нас былі дакладныя адрасы патрэбных людзей.
У Адамова другое заязджалі двойчы, першы раз не застаўшы чалавека дома. У Адамове першым нам назвалі «яшчэ адну жанчыну», якое не ведаў наш малады праважаты, — яна жыве якраз у Адамове другім. I мы паехалі туды трэці раз.
Пакуль мы шнуравалі прасёлкам паміж дзвюма вёсачкамі — дарэчы, іх тут завуць засценкамі, — на ўскраіне Адамова другога, на лужку, старая жанчына спачатку грабла, а потым капіла сена. А сонца ўжо заходзіла, і яна спяшалася. Трэці раз уязджаючы ў гэтую вуліцу, мы спыталіся ў жанчыны, дзе тут
Калі мы сказалі Марыі Тарасаўне, што нам трэба, яна прыперла граблі да незавершанай перадапошняй капы і павяла нас у хату,
Мы прыселі каля стала.
«…Я, мае дзеткі, трохінедачуваю… Явамбудурас-казваць, як было.
У мяне было дзве дзевачкі, адной было два годзікі з палавінай, а другой — паўтара. А мая сястра во тут жыла, цераз вуліцу. У яе таксама была дзевачка, у школу хадзіла ўжо. I яна рабіла маёй дзевачцэ чулочкі суконныя. Прыйшла чулочак мераць маёй дзевачцэ ды кажа:
— От, дзядзька, — на майго мужа, — немцы ў Случы мост робяць, перапраўляюцца сюды.
Я кажу:
— Няўжэ? А яна:
— Праўда! Гаварылі ж на засценку.
Ну, і гэтая дзевачка памерыла гэты чулок і пайшла. Я кажу на свайго чалавека — ён Міша зваўся:
— Міша, а каб нам дзе з дому з'ехаў? Ну, вот жа кусты радам…
I толькі, мае вы дзеткі залатыя, як гэта во мы з вамі гаворым, — ужо стрэл! Ужо людзі — хто на конях, з таго ўжо Адамова, з першага, ляцяць сюды. З гравейкі выстрал. Тут упаў адзін… Ён так упаў, яго не забілі… Ой! Пулі свісцяць… Пабілі мне акно ў хаце. Пуля пабіла. Усё ўжо — немцы тут. Акружылі…
Але мой чалавек з засценка запоўз у лес. От.
Прыходзіць мая сястра ды кажа:
— Знаеш што, Манька, — на мяне, — дзеці твае будуць там з маімі меншымі. — Там у яе хлопец быў і дзяўчына, тая, што я гаварыла, чулочак прыносіла мераць. — Няхай, кажа, яны будуць там.
— Няхай будуць, — кажу я.
Гэтыя дзеці яна забрала к сабе, дык яны тамака… Дома яны не згарэлі, там іх пасля пабілі, у сястры…
Ой! Выходжу я на двор са свае хаты. Думаю: выйду ж я пагляджу, што, дзе, куды людзі, што яны робяць?.. Ужо гарыць! З таго канца, адтуль, ад балота — усё гарыць! Толькі тая хата, мае сястры, і мая засталіся цэлыя. Я — пайду да сястры. Бачу — ідзе немец і паліцэйскі. Ка мне ідуць на двор. Немец па-перадзе, а паліцэйскі ззадзі ідзе. А я іду па пагоначцы [8] . Дык ён як стрэўся, дык мне — з аднае і з другое. Дык я пад плот брык і ляжу… Яны пайшлі ў хату. У нас стаяў зруб новы, а хата ў мяне была з варывенькі, урамяначка маленькая. Дык мы ўжо дасталі лесу тады, ды ўжо зрубілі дом новы, накрыты быў… Яны пайшлі тую хату паліць, а я тады — у склеп. Такі быў склеп выкапаны і плашкамі абстаўлены. Картошка была, усё… Ая ў тую картошку, у тылавой сценцы, залезла і там сядзела. От.
8
Пагоначка (дыял.) — прагон, дарога для жывёлы.
Чую я — стрэл, плач суседні… Ну, — усё, няма дзяцей. Ні маіх, ні сястры. Сястра дома была. I ў яе двое дзяцей…
Засценак увесь спалілі, ужо згарэў. А яны ж прыйшлі правяраць… У нас тут доўгі свінарнік быў, мо метраў пяцьдзесят. Свінні стаялі калхозныя. Дык яны ўжо гэты свінарнік паследні запалілі, акружылі яго кругом, стаялі, думалі, мо хто адтуль выходзіць будзе… Ну хто ж, калі ўсе людзі былі дома і ўсіх яны па-палілі, усіх пабілі!..
Прыйшлі ўжо яны і на мой двор правяраць. Гергенулі нешта… А што я панімаю? У склеп гэты — адчынілі. I яшчэ стаяў пук канапель у тым маім новым зрубе, дык яны запалілі тыя каноплі, нечым аблілі, і такі во быў прысклепнічак, такі небальшэнькі, каб снег дзвярэй не завяваў, — запалілі і ўкінулі мне туды. Ой, ой, дзеткі мае! — як найшло дыму, і склеп гарыць!.. Сценка ж дзераўляная. Гэтыя, што дошчачкамі абабітыя, тожа гараць…