Сны iмператара
Шрифт:
Ён, відавочна непакоячыся, што апошнія словы прагучалі занадта рэзка, кінуў на жанчыну хуткі позірк, але тая сядзела, не мяняючы паставы, і, як і раней, ленавата абмахвалася прастакутным ядвабным вахлікам з жоўта-зялёнай выяваю заморскай птушкі.
— Але я схільны вінаваціць не аўтараў гэтых кніг і тым больш не чытачоў, якія мусяць верыць у бязглуздыя прыдумкі,— гаварыў далей мужчына.— Мы вінаватыя самі, бо яшчэ не здолелі сказаць свету слова праўды пра сваю зямлю.
— Няўжо ў вас няма дзівосаў, пра якія столькі гавораць? — расчаравана і недаверна спыталася жанчына.
— Дыму без агню не бывае. Ніхто не мае такіх бязмежных, як нашы,
— Я чула, у юнацтве вы былі простым паляўнічым...
— Гэта праўда.
— Раскажыце.— Яе просьба прагучала амаль як загад.
Яна паднялася з лёгкага трохногага крэсла і наблізілася да вакна. На нізкім століку перад крэслам засталася ляжаць кніга. Гэта быў трактат Катарыны Сфорца «Як стаць прыгожай», які вывучалі цяпер знатныя дамы ўсёй Еўропы, і мужчыну захацелася сказаць, што донне Франчэсцы няма аніякай патрэбы чытаць гэтую кнігу, напісаную сваячкай вялікай княгіні літоўскай і каралевы польскай.
— Паляўнічымі былі мой бацька, і мой дзед, і дзед майго бацькі. Першы раз мяне ўзялі на ловы, калі мне споўнілася сем гадоў. Тыя ловы запомніліся мне назаўсёды. Калі праз два тыдні мы вярнуліся, маці не сустрэла нас, а на месцы сялібы мы ўбачылі пажарышча. Ускрай пушчы прайшлі татары... — Ён на хвілю замоўк.— Пушча была маёй першай школай. Я і цяпер часта чую яе музыку...
Ён падышоў да крэсла, дзе толькі што сядзела жанчына, і паклаў на прыслон свае шырокія далоні.
— У нашых лясах няма такога звера, на якога мне не давялося б паляваць. Але гэта могуць сказаць пра сябе многія. У нас кожны — паляўнічы...
Мужчына непрытоена любаваўся доннай Франчэскай. З таго цьмянага і настылага зімовага дня, калі ён убачыў яе ля калоны ў саборы святога Паўла і яна здалася яму ўвасабленнем самой маладосці, ён упершыню быў з ёю з вока на вока... Ён лічыў за шчасце так блізка бачыць гэты пяшчотны авальны твар з бездакорнымі прапорцыямі, чысты і высокі ад прыроды лоб, над якім не трэба было на два пальцы галіць валасы, як рабілі рымскія красуні, гэтае лёгкае золата валасоў, перахопленае ніткаю жомчугу, і вялікія, крыху пукатыя вочы, і круглявы падбародак з трыма пацеркамі маленькіх радзімак... У донне Франчэсцы ўсё здавалася яму суладным: пашытая з цяжкога ядвабу бэзавая сукенка з гранатавым узорам дзіўным чынам адпавядала яе імю, а буйны смарагд у авянечніку не толькі надаваў бляск вачам, але і падкрэсліваў чырвань вузкіх, аднак жывых і паўнакроўных вуснаў. Нават абцягнутыя саф’янам чаравікі-цаколі на высокай, ледзьве не на локаць драўлянай падэшве, мода на якія прыйшла летась з Венецыі і якія ён, сустракаючы ненатуральна высокіх модніц, пагардліва ахрысціў дыбамі, нават гэтыя чаравікі на яе нагах выдавалі дарэчнымі.
Ён глядзеў на яе і апавядаў, як яшчэ дзіцем пераносіў па цаліку суліцы, як пераплываў побач з канём рэкі і месяцамі блукаў пушчаю. Яму хацелася, каб Франчэска ўвачавідкі ўбачыла, як стралец, злажыўшыся з лука, зразае жораву крыло, як ляціць па зямлі імклівы птушыны цень і, палохаючыся яго, маланкава зрываецца з месца зубр. Яму праглася, каб яна пачула, як разлягаецца ў прыцемку рэзкае «гох! гох!» і як, пазнаўшы саміцу, адгукаецца магутным працяжным ровам і напралом, абдзіраючы бакі, нясецца на здрадлівы голас паляўнічага-вабіка падмануты лось...
Мужчына гаварыў і бачыў, што яе вялікія вочы расплюшчваюцца яшчэ шырэй і з твару знікае ўдаваная
— Хопіць,— холадна прагучаў яе голас, і мужчына з горкім непаразуменнем замаўчаў.
— Я хачу пачуць, як гучыць на вашай мове вашае імя,— без усякай сувязі з папярэднiм сказала яна.
Мужчына падумаў, што для яе гэта проста прыхамаць, не болей. Кароткай пярэрвы было дастаткова, каб Франчэска з нейкай палёгкаю засмяялася.
— Ён забыў сваё імя,— узмахнуўшы вахлікам, прамовіла яна скрозь смех.— Памятае ўсіх сваіх звяроў, а імя — забыў.
Мужчына таксама ўсміхнуўся — стрымана, але ветліва — і са здзіўленнем адзначыў, што ўжо не адчувае аніякае крыўды.
— На мове майго народа мяне завуць Мікола. Мікола Гусоўскі.
Ён сказаў усю фразу не па-італьянску, і Франчэска, услухаўшыся ў нязвыклае гучанне чужых слоў, на момант утаймавала сваю весялосць. Аднак хутка яна ўжо зноў смяялася — без дай прычыны, як быццам проста дзеля таго, каб пахваліцца прыгожымі зубамі.
— Мі-ко-ла...— паўтарыла яна.— Як жа вы сталі паэтам?
— Вы ўмееце выбіраць цяжкія пытанні, донна Франчэска. Баюся, гэтае з тых, на якія адказаць наогул немагчыма.
Гусоўскага ўсё больш хвалявала думка, ці прачытала яна ліст, што два тыдні таму ён перадаў праз слугу разам з кошыкам першых аксамітна-пунсовых ружаў.
У лісце не было нічога, апрача некалькіх новых эпіграм і вершаў, якія ён перапісаў сваім буйным каліграфічным почыркам на добрай паперы з зялёным водценем. Перапісваючы, ён з нечаканай сумотаю ўспомніў задаўнены выпадак з часоў вучэння ў калегіуме. Аднаго разу ён напаткаў у нейкай інкунабуле глыбакадумнае назіранне, што ўсе каліграфы — дурні, і цэлы месяц старанна псаваў почырк, пакуль не зразумеў, што калі не спыніцца, дык адно пацвердзіць адкапаную ў інкунабуле мудрасць. Відаць, гэтая смешная драбніца згадалася невыпадкова. Паміж юначымі практыкаваннямі з почыркам і лістом да маладой рымлянкі са знанай радзіны, несумненна, была сувязь. Мінулася столькі гадоў, а ты застаўся такі самы наіўны, думаў ён над лістом. Да таго ж пачаў верыць не толькі кнігам...
Маўчанне здоўжылася, але донна Франчэска яшчэ не збіралася канчаць гэтую дзіўнаватую размову, якая нагадвала іспыт, дзе настаўнік і вучань памяняліся месцамі.
— Вялікі Петрарка,— завучаным рухам адставіўшы вахлік, прамовіла яна,— пытаўся: паэзія — грэх ці святое прызванне?
— Паэзія — радасць,— пераканана сказаў Гусоўскі.— Паэт творыць з хаосу свой свет.
— О-о! — Франчэска відавочна здзівілася.— Я ведаю вашыя вершы. Некаторыя гавораць пра іх з захапленнем, але ад аднаго прыдворнага паэта я чула, што натхненне даюць вам копіі Грацыя* і Марка Немезіяна**, якія вы хаваеце ў сваім стале. Няўжо гэта праўда?
* Паэт, сучаснік Авідзія.
** Лацінскі паэт III ст.
Ён успыхнуў і міжволі зрабіў крок да Франчэскі.
— Такая ж праўда, як тое, што Строццы, які распускае гэтыя нізкія чуткі, роўны боскім паэтам старажытнасці,— гнеўна сказаў Гусоўскі.— Такія, як ён, не ствараючы, умеюць пісаць, як Вергілій, ды бляск іхніх вершаў — бляск фальшывага золата.
На матавым твары Франчэскі з’явілася задаволеная ўсмешка: яна непрыхавана цешылася тым, што вывела суразмоўніка з раўнавагі.