Сны iмператара
Шрифт:
Поўня скацілася з неба, дзесьці далёка за лесам пачынала разгарацца вогнішча дзянніцы. Каб адпрэчыць бяссонне, князь паклаў у галовах вялікі, з Барыскаў кулачок, кавалак бурштыну і зноў прылёг. Але сну па-ранейшаму не было ні ў адным воку.
Нібы роднага сына чакаў ён тады Віславуса з адказам, цешыўся надзеяю, што адыдзе ў мінулае задаўненая варажнеча. У смелых думках бачыў, як будзе сватаць за Барыску дачку наўгародскага князя. Тады Полацк і Ноўгарад стаялі б на сваіх межах непарушна.
Ваявода вярнуўся праз месяц. Прыехаў сярод ночы, схуднелы, цёмны тварам, з памарожанымі шчокамі. «Невясёлыя весткі, княжа».— «Кажы! — загадаў ён.— Лепей злое чуці, чым злое
Наўгародцы, распавёў Віславус, крычалі на вечы, што пойдуць ваяваць немцаў, калі Полацк прышле назад званы, што Усяслаў Чарадзей з іхняй Сафіі зняў і на сваю павесіў. Пскавічы таксама ўспомнілі, як іх Усяслававы палкі палілі. Як быццам Полацку няма чаго згадаць! Хіба пскоўская дружына не пускала дымам полацкiя воласцi? Хіба не прыходзіў Уладзімір наўгародскі з хаўруснікамі сілай браць за сябе Рагнеду? Не мёд на іхнім вяселлі ліўся, а Рагвалодава кроў. Пасля таго і разгарэлася варажнеча на дзвесце з лішнім летаў. Можа, і папусціўся б ён, адаслаў назад званы, але ж нічога добрага з гэтага не выйдзе. Адно што пасмяюцца ў Ноўгарадзе, маўляў, дазвання растрос Полацк славу сваю і гонар.
Давідна сядзелі яны з Віславусам у тую зімовую ноч за сталом і цяжка маўчалі. Ён піў чару за чарай, і здавалася, п’е не віно, а чорную лютасць. Не стрымаўся — выхапіў меч і, секануўшы па карчазе, распалавініў стол. Віславус спалатнеў, але не зварухнуўся, толькі ціха прамовіў: «Паберажы, княжа, дужасць на лацінцаў...»
Ён, Валодша, ужо даўно зразумеў: каб адолець біскупа, мала адной сілы. Ён стаў асцярожны. Калі маеш справу з Рыгаю, хітрасць — не загана. Ён добра памятае, як колькі гадоў таму нямецкія паслы выведалі ягоныя задумы і таемна паслалі біскупу вестку аб зборах полацкага князя ў паход. Рыцары, што меліся адплываць за мора, засталіся ў Рызе. Ён так і не дазнаўся, каго з полацкіх моцных мужоў падкупілі немцы. Часта думаў пра баярына Іллю, прыкмячаў, як той адводзіць вочы, тоячы нешта сваё. I хоць ніхто не бачыў немцаў на баярскім двары, неяк на паляванні князеў лоўчы спудлаваў і булатная страла ўпілася не ў загрывак ваўку, а ў Іллёў гарляк.
Пра новы паход ведаюць пяць чалавек, а ўвесь Полацк гаворыць, што князь пойдзе ў набег на бязбожных літоўцаў. Хай мянцяць языкі — літоўскім князям-кунігасам не горай, чым яму, вядома, што гэта будзе за набег. Літоўцы ўмеюць трымаць язык за зубамі. А да немцаў ён цяпер зычлівы. Летась біскуп не выпусціў з Рыгі палачанаў за тое, што ў Полацку купец Міна прадаў нямчыну тры беркаўцы паганага воску. Быў той воск са смалою ды яшчэ, дзеля большае вагі, стоплены з камянямі. Ён, князь, як і належала па мірнай дамове, судзіў Міну і змусіў вярнуць усю выручку. Строга пакараў і купца Алексу, што падфарбоўваў ды падстрыгаў футра. Пра ўсё гэта напісаў біскупу і ўадначас прасіў судзіць рыжаніна, які ў Полацку гандляваў соллю напалам з пяском, і рыцара, што набраў у крывіцкіх купцоў тавару на трыццаць залатых, а заплаціў пятнаццаць, нахабна сказаўшы, што замест астатніх грошай пакідае купцам іхнія жыцці. Біскуп адказ прыслаў скора, дзякаваў за суд, аднак пра свайго купца-шылахвоста і пра рыцара маўчаў, нібы тых і на свеце ніколі не было.
Чатыры гады, як у іх вечны мір. Не, рыжскі пугач не верыць, што ён, Валодша, скарыўся. Альберт, пэўна ж, разумее, што ён проста хоча выйграць час, і таму адкладваць паход не выпадае. Вечны мір... Учора ў Дзвіне ўтапілі двух выведнікаў-нямчынаў. Адзін труціў ваду, якую п’юць палачане. Калі б біскуп мог, ён бы атруціў, відаць, усю Дзвіну каля Полацка. А пра другога нямчына казалі, што той, можа, і не нямчын зусім, бо перад смерцю называў сябе Пятром з Друцка
Гаслі апошнія, самыя яркія зоркі.
Не па сваёй волі нараджаецца чалавек, лежачы без сну, думаў князь. Але, калі прыйшоў ужо на свет, мусіць зразумець свой лёс і заўжды трымацца той невідочнай стралы, што ляціць праз дні і гады, пазначаючы кожнаму ягоны шлях. Ляціць, пакуль не ўпадзе долу. Тады застанецца толькі памяць аб чалавеку. Аб адным — на год, аб другім — на векі вечныя. Але ён згодны адмовіцца ад гэтае памяці, толькі б спраўдзілася задуманае.
Смерду трэба карміць гаспадара. Еўфрасіння жыла, каб сеяць зерне кніжнае навукі. А ён прыйшоў абараніць Полацкую зямлю. Настане пар'a, і крыжакі зломяць свой хрыбет.
Неўпрыкмет для сябе князь прамовіў астатнія словы ўголас.
Над борам падымаўся пунсовы сонечны шчыт.
4.
Нізкія дзверы з рыпеннем павярнуліся на «пятцы» і зачыніліся. Немалады, каратканогі і шырокі ў целе кастапраў Даніла адступіў на два крокі і ў цьмяным святле каганца глядзеў на госця. На шырокім насатым твары была насцярожанасць.
Богуш абвёў позіркам хату. Справа ад дзвярэй стаяла гліняная печ і было заторкнутае валаковае вакенца. За печчу — палаці і нары. Уздоўж другой сцяны цягнулася лава, з якой свяціў зялёнымі вачыма кот. У хаце было цёпла і чыста. Па-ранейшаму нішкам Богуш выцягнуў з запазухі і падаў Данілу нешта загорнутае ў анучку. Гаспадар падышоў да каганца на прыпеку. У анучцы была каменная плітка з выяваю аленя і няроўна адбітым краем.
Таксама моўчкі Даніла скінуў на лаву чорны кажух і пацягнуў за цвік, на якім вісела апранаха. Са сцяны лёгка выйшаў урэзак бервяна. Памацаўшы ў схоўцы рукой, кастапраў зноў наблізіўся да святла. На Данілавай далоні побач з пліткаю ляжаў адбіты вугалок. Ён прысунуў яго ўсутыч, і да аленевай галавы прыраслі галінастыя рогі.
— Gott mit uns!* — ціха загаварыў Богуш.
* З намі Бог! (ням.)
— Gott mit uns! — як рэха азваўся гаспадар.
— Наш айцец біскуп Альберт шле табе сваё блаславенне, Дзітрых. У Рызе памятаюць пра цябе. Калі мы прывядзём схізматаў да праўдзівай веры...— На дварэ забрахаў сабака, і госць асекся.
— Я не ведаю твайго імя...— сказаў лекар, калі сабака суняўся.
— Ты не зробіш вялікай памылкі, калі будзеш называць мяне братам Тэадорыхам.
— Я думаю, ты прыйшоў не з пустымі рукамі, брат Тэадорых? — унікліва запытаўся кастапраў.
Госць павесіў на канявы слуп кайстру і зняў світку. Паверх палатнянай кашулі на ім была кальчужная безрукаўка.
— Пагаворым пра гэта пасля,— сказаў ён.— Я галодны.
Лекар паставіў на стол ёмісты збан і спод з вэнджаным вепручыным кумпяком. Госць памаліўся, асушыў вялікую шкляніцу і стаў прагна есці, адкройваючы нажом і адпраўляючы ў рот ніштаватыя кусы вяндліны. Кастапраў не еў, але піў упоравень з госцем, пакідаючы на густой барадзе кроплі піва. Здаволіўшыся, Тэадорых адсунуў спод і павёў гамонку далей.
— Перад ад’ездам у Рым айцец біскуп маліўся за здароўе полацкага караля Вальдэмара. Мы чулі, ты добра лекаваў яго...
Кастапраў закруціўся, нібы сеў на гарачае.
— Увосень кароль быў на ловах, і на яго выскачыў паранены дзік. Кароль пашкодзіў руку. Я ўправіў костку і зашыў рану ядвабнымі ніткамі. Да Калядаў кароль забыўся, што ў яго была рана. Ён шчодра заплаціў. Скажы, брат Тэадорых, я кепска зрабіў, што хутка вылечыў караля?
— Табою кіраваў сам Бог. Цяпер цябе часта клічуць у Бельчыцы?
Черный Маг Императора 9
9. Черный маг императора
Фантастика:
юмористическое фэнтези
попаданцы
аниме
рейтинг книги
Гардемарин
1. Андреевский флаг
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
рейтинг книги
Кодекс Крови. Книга I
1. РОС: Кодекс Крови
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
рейтинг книги
Вернувшийся: Первые шаги. Том II
2. Вернувшийся
Фантастика:
боевая фантастика
космическая фантастика
рпг
рейтинг книги
На границе империй. Том 10. Часть 2
Вселенная EVE Online
Фантастика:
космическая фантастика
рейтинг книги
И.Бабель. Воспоминания современников
Документальная литература:
биографии и мемуары
рейтинг книги
Я снова граф. Книга XI
11. Дорогой барон!
Фантастика:
боевая фантастика
попаданцы
аниме
рейтинг книги
Мистики, розенкрейцеры, тамплиеры в Советской России
Научно-образовательная:
история
религиоведение
рейтинг книги