Скон аднаго сэрца
Шрифт:
Так выразна адчуваў стары ў сне ўсё гэта, такая глыбокая збянтэжанасць авалодала ім, што ён, як толькі прачнуўся, міжволі схапіўся за левы бок грудзей, каб праверыць, ці ёсць у яго сэрца. Але, дзякуй богу!
– штосьці білася пад пальцамі, глуха, мерна, і ўсё ж здавалася, што гэтыя глухія ўдары гучаць у пустаце, а сэрца няма. У яго было дзіўнае адчуванне, быццам цела аддзялілася ад яго. Боль болей не трывожыў, нішто ўжо не калаціла змучаных нерваў; усё маўчала, усё застыла, акамянела ў ім. «Як жа гэта так?
– падумаў ён.
– Я ж толькі што нязносна пакутаваў, штосьці пякло мяне, сціскала, кожны нерв уздрыгваў. Што ж здарылася
Стары напружана ўслухоўваўся ў сябе; ён не чуў бою гадзінніка, які далятаў з возера, не заўважаў, што згушчаўся змрок. Набліжалася ноч, вячэрняя цемрадзь паступова выкрэслівала рэчы з цёмнага пакоя; патух, нарэшце, і кавалак неба, які яшчэ слаба свяціўся ў чатырохвугольніку акна. Стары не заўважыў цемры навокал - ён углядваўся толькі ў змрок у сабе самім, услухоўваўся толькі ў пустату ў сабе, як у сваю смерць.
Нарэшце ў суседні пакой уварваўся задзірысты смех, промень святла пырснуў праз шчыліну прачыненых дзвярэй. Стары спалохана прыўзняўся: жонка, дачка! Зараз яны ўбачаць, што ён ляжыць на канапе, пачнуць распытваць. Ён паспешна зашпіліў камізэльку і сурдут; навошта ім ведаць пра яго прыпадак, што ім да гэтага?
Але маці і дачка не шукалі яго. Яны яўна спяшаліся: нецярплівыя ўдары гонга ўжо трэці раз запрашалі на вячэру. Відаць, яны пераадзяваліся, праз дзверы чуваць быў кожны іх рух. Вось яны высунулі шуфляды камоды, вось бразнулі пярсцёнкі на мармуровым умывальніку, грукнулі кінутыя на падлогу чаравікі; і ні на хвіліну не змаўкалі іх галасы - кожнае слова, кожны склад з жахліваю выразнасцю даносіўся да насцярожанага слыху старога. Спачатку яны гаварылі пра сваіх кавалераў, пасмейваліся з іх, успаміналі пра забаўнае выдарэнне ў час прагулкі, абменьваліся адрывістымі заўвагамі, паспешна ўмываліся, прычэсваліся, прыхарошваліся. І тут размова перакінулася на яго.
– А дзе ж тата?
– спыталася Эрна, відаць, сама здзіўленая, што так позна ўспомніла пра яго.
– Адкуль мне ведаць?
– адказаў голас маці, раздражнёнай ужо адным упамінаннем яго.
– Відаць, чакае ўнізе і соты раз перачытвае біржавы бюлетэнь у франкфурцкай газеце - болей ён нічым не цікавіцца. Ты думаеш, ён хоць раз паглядзеў на возера? Ён сказаў мне сёння, што яму тут не падабаецца. Ён хацеў, каб мы сёння ж паехалі адсюль.
– Сёння?.. Але чаму?
– прагучаў голас Эрны.
– Не ведаю. Хто яго разбярэ. Тутэйшая кампанія яму не даспадобы, нашы знаёмыя яму яе падыходзяць - відаць, ён сам адчувае, што ён не на месцы сярод іх. Проста сорамна глядзець на яго - заўсёды ў пакамячаным гарнітуры, з расшпіленым каўнерыкам... Ты хоць скажы яму, каб ён, прынамсі, увечары адзяваўся больш прыстойна - ён цябе слухае. А сёння раніцаю... як ён накінуўся на лейтэнанта, - я гатова была скрозь зямлю праваліцца...
– Так, мама... а што гэта было?.. Я ўсё хацела ў цябе спытацца... што гэта найшло на тату?.. Такога яго ніколі не
– Глупства, проста ён быў не ў гуморы... мусіць, цэны на біржы ўпалі... ці таму, што мы гаварылі па-французску... Ён не выносіць, калі другія забаўляюцца... ты не заўважыла: калі мы танцавалі, ён стаяў у дзвярах, нібы забойца, які схаваўся за дрэва... Паехаць! Зараз жа паехаць!
– і толькі таму, што яму гэтага захацелася... Калі яму тут не падабаецца - гэта не прычына перашкаджаць нам весяліцца... Але я не звяртаю ўвагі на яго капрызы, хай гаворыць і робіць што хоча.
Размова абарвалася. Відаць, яны закончылі вячэрні туалет, бо дзверы ў калідор бразнулі, пачуліся крокі, шчоўкнуў выключальнік, патухла святло.
Стары нерухома сядзеў на канапе. Ён чуў кожнае слова. Але дзіўна: ён болей не адчуваў болю, ніякага болю. Нястомны гадзіннікавы механізм, які яшчэ нядаўна стукаў і шалеў у грудзях, сціх і супакоіўся - мусіць, ён зламаўся. Нічога не ўздрыгнула ў ім ад гэтага грубага дотыку. Не было ні гневу, ні нянавісці... нічога... нічога... Стары паволі паправіў адзежу, асцярожна спусціўся па лесвіцы і падсеў да жонкі і дачкі, як да чужых людзей.
Ён не гаварыў з імі ў той вечар за сталом, а яны не звярнулі ўвагі на яго зацятае, сціснутае, як кулак, маўчанне. Не развітваючыся, ён падняўся ў свой пакой, лёг і патушыў святло. Шмат пазней прыйшла жонка пасля прыемна праведзенага вечара; палічыўшы, што ён спіць, яна раздзелася ў цемры. Хутка ён пачуў яе цяжкае, роўнае дыханне.
Стары, сам-насам з сабою, шырока расплюшчанымі вачамі глядзеў у начную пустату. Побач з ім нешта ляжала і глыбока дыхала ў цемры; ён намагаўся ўспомніць, што гэтую жанчыну, якая ў адным з ім пакоі і дыхае адным з ім паветрам, ён калісьці ведаў маладою і палкаю, што яна нарадзіла яму дзіця і была звязана з ім глыбокаю таямніцаю крыві; ён настойліва пераконваў сябе, што гэтае цёплае і мяккае цела, якое ляжала так блізка, што ён мог дакрануцца да яго рукою, калісьці было жыццём у яго жыцці. Але дзіўна: думкі аб мінулым не выклікалі ў ім ніякіх пачуццяў, і ён слухаў жончына дыханне дакладна таксама, як праз адчыненае акно шум ад плёскату хваляў на прыбярэжнай гальцы. Усё гэта прайшло, даўно мінула, засталося толькі выпадковае і чужое суседства: усё скончана, скончана назаўсёды.
Яшчэ раз ён уздрыгнуў - ціха, як бы тайком, рыпнулі дзверы ў даччыным пакоі. «Значыцца, сёння зноў», - падумаў ён і адчуў лёгкі ўкол ва ўжо амярцвелым, здавалася, сэрцы. З хвіліну штосьці торгалася ў ім, быццам адміраючы нерв. Але і гэта прайшло: «Хай робіць што хоча! Што мне да яе!»
І стары зноў адкінуўся на падушку. Мякчэй ахутваў змрок яго збалелыя скроні, жыватворная прахалода пранікала ў кроў. І неўзабаве неглыбокі сон затуманіў знясіленыя пачуцці.
Калі жонка прачнулася раніцаю, яна ўбачыла, што муж ужо стаіць, у паліто і капелюшы.
– Куды гэта ты?
– спыталася яна сонным голасам.
Стары не павярнуўся; ён спакойна засоўваў начную кашулю ў чамадан.
– Ты ж ведаеш, я еду дадому. Я бяру з сабою толькі самае неабходнае, астатняе можаце паслаць мне ўслед.
Жонка спалохалася. Што гэта? Такога голасу яна ніколі ў яго не чула: холадна, жорстка прарываліся словы праз сціснутыя зубы. Яна ўскочыла з ложка.
– Няўжо ты хочаш паехаць?.. Пачакай... мы таксама паедзем, я ўжо сказала Эрне...
Але ён толькі нецярпліва паматаў галавою.