Сэрца на далоні
Шрифт:
Тарас глядзеў за акно, на зялёны вагон з шырокімі вокнамі. У адным акне — дзявочы твар, прыгожы і сумны. Тарасу стала шкада яе:
«Чаму яна такая сумная? Не трэба, слаўная дзяўчына. Жыццё прыгожае. І ў ім многа радасці. Каб я мог падараваць табе радасць…»
Вагон ціха паплыў. Дзяўчына сустрэлася з яго позіркам. Ён усміхнуўся ёй і развітальна памахаў рукой. Яму таксама зрабілася трошкі сумна. Плылі вагоны. Вокны. Твары. Многа твараў. Усё хутчэй, хутчэй… А ён, заварожаны, бачыў усё той жа дзявочы твар. Ён быў летуценнік і фантазёр — уяўляў будучую сустрэчу з незнаёмкай. Калі нарэшце Славік адарваў
— Пра што задумаўся, маэстра?
— Ды вось думаю, чаму ў разумных бацькоў растуць такія дзеці?..
— Дурныя, хочаш сказаць? І маеш на ўвазе мяне? Добра. Вып'ем і паразважаем на гэтую тэму.
Славік звыкла прыгожым рухам наліў у чаркі, падсунуў Тарасу гуркі. Узняў сваю чарку, прыжмурыўшы вочы, палюбаваўся на бурштынавую вадкасць.
— Будзь здароў, камбрыгадзір! — і, не чокнуўшыся, асушыў чарку да дна. Гурок узяў рукой і смачна захрумстаў. Усё ў яго выходзіла вельмі натуральна.
Тарас выпіў паўчаркі, разрэзаў гурок тупым нажом, пасыпаў солі — па-дамашняму, грунтоўна. І, аднак, сам адчуваў сваю нязграбнасць у параўнанні са Славікам. Рукі, такія хуткія і ўмелыя на зборцы машын, тут як бы выйшлі з-пад улады. Гэта трохі выбівала з каляіны. Глушыла дасціпнасць у адказах на лёгкую балбатню Славіка. А той зноў наліў сабе да ўзроўню — колькі засталося ў Тараса, але не выпіў. Заціснуў чарку ў далоні, нахіліўся над сталом. Шчокі яго заружавеліся, вочы сталі масляністыя і больш шырокія, а то ён усё прыжмурваў іх. Голас панізіў да шэпту:
— А ты лічыш, мае бацькі разумныя? А я думаю, каб гэта было так, яны сумелі б выхаваць мяне інакш. Думаеш, лёгка мне, што я боўтаюся цяпер?..
Тараса здзівіла і насцярожыла такая нечаканая самакрытычнасць. Шчыра гэта ці зноў пазёрства?
— Сын журналіста, пісьменніка. Паважанага ў горадзе чалавека. Хоць кім паважанага? Чуў у чарзе? Ведаюць Яраша, і ніхто не ведае Шыковіча. Хто чытае сумныя фельетоны і нарысы! Але я рос пад бацькавай славай, як пад парасонам. Бохан прыходзіў у школу, выступаў — вучні раўлі ад захаплення. А я задзіраў нос: ні ў каго няма такога таты!.. Усё мне было дазволена. Тут ужо маці старалася што ёсць сілы, каб я купаўся, як той сыр у масле. А потым раптам ажылі бацылы прынцыповасці. У першую чаргу — у бохана.
— Пасаромейся! — не вытрымаў Тарас. — Дзе ты выкапаў такое дзікае слова?
Славік усміхнуўся, пакруціў галавой:
— Маралісты вы ўсе, — і выплеснуў у рот каньяк. — Ну, у таты, у папы. У радзіцеля. Як хочаш… дык вось… Другія плявалі на прынцыповасць, на мараль і паўладкоўвалі свае чады ў інстытут. А мой: «Пойдзеш на завод». Не хачу на завод. Хачу на тэлестудыю. Буду рыхтавацца ў кінаінстытут. Тут, безумоўна, мама на дапамогу: «Можа, у хлопчыка талент». І бацька адступае. Перад талентам. І лёгка ўладжвае хлопчыка на тэлестудыю. І вось ён асістэнт аператара. Як гучыць! А-а? У непісьменных дурніц галава пачынае кружыцца, калі пачуюць такую прафесію. А асістэнт перастаўляе лямпы, чысціць камеры… Пільнуе бацькаву кватэру… І харчуецца ў сталоўцы. На большае не хапае… А бацька не дае. Усё тыя ж бацылы прынцыповасці… А сябра камбрыгады Ганчароў называе гэта праявай вялікага розуму.
— А ты хацеў бы, каб табе адвальвалі па тысячы.
—
— Туды дурняў не пускаюць.
— Дзякую за даведку. Мне нават у інстытут расхацелася. Які ў мяне талент! А рамеснікаў хапае без мяне. З людзей, якіх лічаць таленавітымі, я паважаю толькі двух — твайго прыёмнага і нашага сталяра дзядзьку Атроха. Яраш можа вытрыбушыць чалавека, і той застанецца жывы. Гэта нешта значыць. А што вунь мой татулька… Напускае на сябе скромнасць: адзін сядзіць на перыферыі. А лічыць сябе, безумоўна, лепшым за сталічных. А я пачаў чытаць яго апошнюю аповесць і заснуў на семнаццатай старонцы. Калгас. Даяркі. Па-мойму, калі ты ўжо ўзяўся пісаць, дык пішы, як Рэмарк…
— Па-твойму, вышэй за Рэмарка няма пісьменнікаў?
— Ведаю. Ведаю. Талстой. Чэхаў… Колас. — Славік узлаваўся чамусьці. — Яны набілі мне аскоміну ў школе.
— Ты ж ніколі іх сур'ёзна не чытаў.
— А навошта?
— Што ж цябе ў Рэмарка захапіла? Кальвадос?
— Што?
Але гэты юны нігіліст добра засвоіў галоўны сакрэт абароны. Успомніўшы, што такое кальвадос, тыркнуў у Тарасавы грудзі пальцам:
— Вось дзе ваша ханжаства. Самі чытаеце пад коўдрай… Глытаеце… Смакуеце… А потым робіце посныя фізіяноміі. «Рэмаркізм заражае моладзь». Ты сур'ёзна думаеш, што я магу нечым заразіцца?
Гэта ўжо было падобна на п'яны выклік, і Тарас, замест адказу, паклікаў афіцыянтку, каб разлічыцца.
— Закажы нашага кальвадоса, — прымірэнча сказаў Славік.
— Не. Мне трэба ехаць.
— Ну чорт з табой.
Тарасу спадабалася такая падзяка за пачастунак, і ён весела засмяяўся. Усё-такі ён цікавы хлопец, гэты Славік. Але ў галаве яго — куча смецця.
Наташка радасна крыкнула:
— Мама! Тарас прыехаў! — кінулася насустрач брату, павісла на шыі, пацалавала. І адскочыла, здзіўленая. Нахмурылася. І тут жа выдала: — Мама! Тарас п'яны.
— Што ты выдумала. Які я п'яны?
— Але выпіў.
— Выпіў, — з вінаватай усмешкай прызнаўся Тарас, вітаючыся з жанчынамі.
Галіна Адамаўна ласкава і дакорліва паківала галавой:
— Тарас!
Валянціна Андрэеўна, любуючыся хлопцам, сказала:
— Што вы апякаеце яго, як маленькага? Ах, які страх, чарку ўзяў рабочы чалавек! Мала якая прычына магла быць.
— Я Славіка сустрэў. І ён зацягнуў мяне ў рэстаран.
Усмешка знікла з твару жанчыны.
— Славік зацягнуў? — І ў голасе яе прагучала недаверлівасць. — Як магло здарыцца, што мой сын зацягнуў цябе, старэйшага на пяць год?
— Сказаў, што галодны, з раніцы нічога не еў. А па-мойму, схлусіў. У рэстаране ён часты госць. Усіх афіцыянтак ведае.
— Афіцыянтак? — Валянціна Андрэеўна адразу змянілася з твару. Не, не пабялела і не пачырванела. А неяк стала непадобнай на самую сябе, заўсёды добрую, вясёлую. Нешта жорсткае, калючае з'явілася ў яе твары. Можа, адчуўшы гэта, яна вінавата ўсміхнулася, прыгладзіла валасы на скронях. Нічога не стала распытваць. Сказала: — Адбіваецца хлопец ад рук. Трэба прасачыць.