Малады англічанін
Шрифт:
Калі ж затым бургамістр і доктар, раззлаваўшыся, садзіліся згуляць партыю ў шахматы, то пляменнік аказваўся тут як тут, пазіраў у свае вялікія акуляры праз плячо бургамістра і ганьбаваў той ці іншы ход, падказваў доктару, што трэба хадзіць так і так, у выніку чаго абодва гульцы ў душы вельмі злаваліся. Калі ж незадаволены бургамістр прапаноўваў яму партыю, каб упэўнена паставіць мат, бо ён лічыў сябе другім Філідорам *, стары пан мацней зацягваў хустку на шыі пляменніка, пасля чаго той рабіўся паслухмяным і прыстойным і ставіў бургамістру мат.
* Франсуа-Андрэ Філідор – кампазітар і знакаміты шахматыст (1726–1795).
Да
Такім чынам пляменнік прыезджага пана за кароткі час заваяваў неймаверную павагу ў горадзе і наваколлі. Людзі не маглі прыпомніць на сваім веку ў Грунвізэлі такога маладога чалавека. Гэта была самая незвычайная з’ява ў жыцці горада. Нельга было сказаць, што пляменнік, акрамя танцаў, нечаму вучыўся. Лаціна і грэцкая мова былі для яго, як кажуць, цёмны лес. У час адной гульні ў доме бургамістра яму давялося штосьці пісаць, і выявілася, што ён не ўмее напісаць нават свайго імя. У геаграфіі ён рабіў найневерагоднейшыя ляпсусы –з неймавернай лёгкасцю пераносіў нямецкі горад у Францыю ці дацкі – у Польшчу. Ён нічога не чытаў, нічога глыбока не вывучаў, і пастар часта задумліва хітаў галавой, разумеючы цёмнае невуцтва маладога чалавека. Тым не менш, што б ён ні рабіў, што б ні гаварыў – усё лічылася трапным. Ён жа быў такі бессаромны, што заўсёды настойваў на слушнасці сваіх словаў і кожны раз у канцы казаў: “Я гэта разумею лепш!”
Вось так прыйшла зіма, і цяпер пляменнік праяўляў сябе яшчэ больш бліскуча. Кожная кампанія, у якой яго не было, здавалася сумнай. Калі разумны чалавек пачынаў гаворку, пазяхалі. Калі ж пляменнік на благой нямецкай мове прамаўляў свае дурноты, усе натапырвалі вушы. Цяпер выявілася, што гэты выдатны малады чалавек быў яшчэ і паэтам: вечар быў не вечар, калі ён не выцягваў з кішэні паперку і не чытаў перад кампаніяй некалькі санэтаў. Праўда, сустракаліся людзі, якія сцвярджалі, што некаторыя вершы дрэнныя і не маюць ніякага сэнсу, іншыя ж настойвалі, што ўжо недзе чыталі іх. Але пляменнік не даваў збіць сябе з панталыку – ён чытаў і чытаў, потым звяртаў увагу на прыгажосць сваіх вершаў, і кожны раз гучалі апладысменты.
Ягоным трыюмфам сталі грунвізэльскія балі. Ніхто не мог танчыць нястрымней і хутчэй за яго; ніхто не рабіў такіх смелых і незвычайна прыгожых падскокаў, як ён. Дзядзька апранаў яго найшыкоўнейшым чынам па самай новай модзе, і хаця вопратка не хацела як след сядзець на гэтым тулаве, усё роўна лічылася, што ўсё пасуе яму найлепш. Мужчыны адчувалі сябе крыху пакрыўджанымі яго новымі паводзінамі ў час такіх танцаў. Раней бургамістр сам адкрываў баль, а самыя знатныя людзі мелі права танчыць па заведзеным парадку, але з часу, як тут з’явіўся малады пан, усё змянілася. Без лішніх пытанняў ён браў першую-лепшую даму за руку, станавіўся з ёй наперадзе, вытвараў усё, што яму хацелася, і рабіўся гаспадаром, майстрам і каралём балю. А раз дамы лічылі гэтыя манеры выдатнымі і прыемнымі, то мужчыны не маглі пярэчыць, і пляменнік так і заставаўся самавыбранай ганаровай асобай.
Здавалася, што найбольшую асалоду такі баль прыносіць старому пану: ён вачэй не спускаў з свайго пляменніка, сам сабе пасміхаўся, і калі ўся свецкая публіка цягнулася да яго, каб выказаць яму пахвалу за яго прыстойнага, выхаванага юнака, ён не мог стрымаць радасці, пачынаў весела рагатаць і паводзіў сябе дзівакавата.
Вось так было на людзях і балях. Але так заўсёды бывае з норавамі – дрэнныя пашыраюцца заўсёды лягчэй, чым добрыя. Тады новая, чужая мода, нават калі яна надзвычай недарэчная, заражае маладых людзей, якія яшчэ ніколі не задумваліся пра саміх сябе ў свеце. Так здарылася і ў Грунвізэлі з пляменнікам і яго незвычайнымі звычкамі. Як толькі маладое пакаленне ўбачыла, што яго неабчасанасць, недарэчны смех і балбатня, грубыя адказы старэйшыя не ганьбяць, а нават падтрымліваюць, што ўсё гэта лічыцца нават вельмі дасціпным, то шмат хто падумаў сабе: “І я ж магу лёгка стаць такім дасціпным жартаўніком”. Увогуле, раней гэта былі старанныя, умелыя маладыя людзі. Цяпер яны думалі: “Навошта тая адукаванасць, калі невукі лягчэй прабіваюцца ў жыцці?” Яны закінулі кніжкі, а толькі гойсалі па вуліцах і плошчах. Раней яны былі паслухмяныя і ветлівыя з кожным, мелі звычку пачакаць, пакуль іх спытаюць, а адказвалі прыстойна і сціпла; цяпер яны далучаліся да мужчын, устаўлялі свае тры грошы, выказвалі свае меркаванні і нават смяяліся ў вочы бургамістру, калі ён нешта казаў, сцвярджаючы, што ведаюць усё нашмат лепш.
Раней грунвізэльцы з агідай ставіліся да нахабнай неабчасанасці. Цяпер жа яны спявалі ўсялякія непрыстойныя песні, палілі табаку ў неймаверных люльках і бавіліся ў шынках самага нізкага кшталту. Яны, і так прыгожыя, куплялі сабе вялікія акуляры, насаджвалі іх на нос і думалі, што такім чынам робяць уражанне, бо выглядаюць, як славуты пляменнік. Дома альбо ў гасцях яны ўкладваліся ў ботах і шпорах на канапу, гайдаліся на крэсле ў прыстойным таварыстве і падпіралі шчокі кулакамі, абапершыся локцямі на стол, на што глядзець без раздражнення было нельга.
Дарэмна гаварылі ім маці і сябры, як гэта ўсё неразумна, як непрыстойна. Яны ж спасылаліся на бліскучы прыклад пляменніка. Дарэмна іх пераконвалі, што пляменніку як маладому англічаніну даруецца нацыянальная рыса – неабчасанасць. Маладыя грунвізэльцы сцвярджалі, што маюць такое ж права, як і любы англічанін, дасціпна паказваць сваю нявыхаванасць. Карацей кажучы, была проста бяда, як з адмоўнага прыкладу пляменніка ў Грунвізэлі цалкам гінулі добрыя норавы і звычкі.
Але радасць маладых людзей ад свайго грубага, неўтаймоўнага жыцця цягнулася нядоўга. Наступны выпадак раптам змяніў сітуацыю.
На завяршэнне зімніх забаваў рыхтаваўся канцэрт, удзельнікамі якога былі не толькі прафесійныя гарадскія музыканты, але і найлепшыя грунвізэльскія аматары. Бургамістр граў на віяланчэлі, доктар цудоўна валодаў фаготам, аптэкар, хоць і не меў добрых здольнасцяў, дзьмуў у флейту, некалькі грунвізэльскіх паненак развучвалі арыі з операў. Усё было падрыхтавана як мае быць. Тут стары прыезджы выказаў думку, што, канечне, такі канцэрт будзе выдатным, але ў ім не хапае дуэту, а без дуэтаў прыстойных канцэртаў увогуле не бывае. Гэтае меркаванне выклікала лёгкую разгубленасць: хоць дачка бургамістра і спявала як салавей, але дзе ўзяць вартага такой дамы спевака? Ужо хацелі спыніцца на арганісце, які калісьці цудоўна спяваў басам, але прыезджы сцвярджаў, што гэта – лішняе, бо яго пляменнік спявае непараўнальна.