Кар'ер
Шрифт:
— Ну, як вы? Як нага? — пацікавіўся Кіслякоў.
Агееў не спяшаўся адказаць, добра разумеючы, што не нага ў першую чаргу цікавіла гэтага хлопца.
— Я ад Волкава. Волкаў гаварыў з вамі?
— Гаварыў, — не адразу сказаў Агееў.
Дык ён перадаў, каб вы былі ў двары, днямі прывязуць груз.
— Які груз? — насцярожыўся Агееў.
— Не ведаю — які. Трэба схаваць. А пасля мы забярэм.
— Вы?
— Я і тыя, хто будзе са мной. Больш каб нікому, — сказаў Кіслякоў, узіраючыся кудысь на сцяжынку, якая бегла ў роў. На Агеева, здаецца, ён і не зірнуў ні разу.
— Панятна, што ж, — сказаў
Ён, канечне, зробіць усё як трэба, толькі яму было крыху няёмка падпарадкоўвацца гэтаму хлопчыку, яго самалюбства было ўсё ж прыніжана такім падначаленнем. Але, мабыць, так трэба. Або інакш нельга, падумаў ён і запытаўся:
— А як Малаковіч?
— Малаковіч на станцыі. Але тут справа такая: вы не павінны з ім бачыцца. Калі што трэба, я перадам.
— Во як! А калі што… Дзе мне цябе шукаць?
— Савецкая, трынаццаць. Толькі гэта на крайні выпадак. А наогул мы незнаёмыя.
— Што ж, будзем незнаёмыя.
— І гэты, што прыйдзе, скажа: ад Волкава. І дадасць: Ігната.
— Панятна.
— Вот такія справы, — сказаў Кіслякоў і ўпершыню адкрыта, быццам па-сяброўску, зірнуў на Агеева.
— Што там на фронце? — запытаў Агееў.
— Перамога пад Ельняй, гэта за Смаленскам, — сказаў Кіслякоў. — Нашы разграмілі восем нямецкіх дывізій.
— Ого! Во добра. Можа, цяпер пачнецца, — узрадаваўся Агееў.
Сапраўды гэта было вялікаю і нечаканай радасцю для яго, які ўсё лета сохнуў нутром з-за няўдач на фронце, і цяпер гэты хударлявы, вастраносы студэнцік з яго навіной здаўся яму найлепшым, самым жаданым сябрам.
— Ты ўсё слухаеш? — запытаў ён з нечаканай цеплынёй у голасе, і Кіслякоў знізу ўгору сарамліва ўсміхнуўся.
— Слухаю. Кожную ноч.
— Ну, і што там яшчэ?
— Яшчэ кепска. Цяжкія баі пад Кіевам.
— А Кіеў не здалі?
— А хто яго… Незразумела неяк.
Агееў не супраць быў і яшчэ пагутарыць з Кісляковым, але той, мабыць, сказаў усё і ўскочыў з-пад капешкі на ногі.
— Дык мы незнаёмыя. Не забудзьце, — напомніў ён перад развітаннем.
— Ну як жа! Запомню.
— Дык я пайшоў.
Прама ад капешкі ён павярнуў у равок і хутка знік у алешнікавым хмызняку пад вязамі. Агееў, дужа кульгаючы і штораз азіраючыся, пайшоў па сцежцы ў двор.
Растрывожаная за дзень нага востра балела пры кожным руху, але цяпер ён мала прыслухоўваўся да болю, можа, упершыню за некалькі дзён аддаўшыся радасці — усё ж восем разбітых дывізій — гэта была хоць і невялікая перамога на фронце, але, можа, яе прадвесце. Па крайняй меры, вельмі хацелася, каб было менавіта так, і недзе ў глыбіні душы адчувалася, што так яно і будзе. Фронт пакоціцца на захад, нашы нарэшце збяруць сілы, і ваенны лёс пераменіцца па справядлівасці. І тут перад ім зноў паўстала Марыя — яе ўсмешыста-ўважлівы позірк, які ласкай і дабром пранікаў у душу, спакутаваную ад няўдач і адзіноты, у няспраўджаных надзеях, сумненнях, бязлітасных выпрабаваннях вайны. І зусім незразумелай для яго была сувязь гэтай франтавой весткі з маленькай сустрэчай на зыходзе дня. Хіба шчаслівым абяцаннем таго, што ўсё неўзабаве пераменіцца да вялікай, сапраўднай радасці.
Вячэралі таго дня на цесненькай кухні Бараноўскай. У якасці сына гаспадыні Агееў мог не хавацца, хаця і лішні раз вылазіць на людзі таксама было недарэчы. Маленькая, абклееная шэрымі шпалерамі кухня
— Варвара Мікалаеўна, скажыце па шчырасці… Вось вы мяне тут корміце, аберагаеце… Гэта як — па сваёй волі ці таму, што гэты… Волкаў загадаў? — запытаўся Агееў, разразаючы напалам агурок. Ён даўно збіраўся запытаць аб гэтым у гаспадыні, каб даведацца аб сутнасці яе да яго адносін.
— А чаму вы думаеце, што мне загадаў Волкаў? З якой нагоды ён мне будзе загадваць? — здзівіліся Бараноўская.
— Ну, аднак жа вось вы мяне прытулілі. І нават болей — далі дакументы сына. А хіба вы мяне ведаеце?
— Чаму ж не ведаю? Ведаю. Вы — камандзір Чырвонай Арміі. Паранены ў баі з немцамі. Вы ж загінеце, калі вам не памагчы. Хіба не так?
— Можа, і так…
— Дык як жа я магу адмовіць вам у дапамозе? Гэта ж было б не па-людску, не па-боску. А я ж хрысціянка.
— Скажыце, вы дужа ў бога верыце?
— А ў што ж мне яшчэ верыць?
— І моліцеся? Ну, там і другія абрады выконваеце?
— Абрады тут ні пры чым. Верыць у бога — зусім не значыць старанна маліцца ці рэгулярна выконваць абрады. Гэта хутчэй — мець бога ў душы. І паступаць адпаведна. Адпаведна сумленню, гэта знычыць па-боску.
Яна змоўкла, седзячы за сталом насупраць, і ён падумаў, што ўсё ж, мабыць, не надта разбіраецца ў гэтай рэлігіі, аб якой пачаў гутарку. Сапраўды, што ён пра яе ведаў? Хіба тое, што яна — опіум для народа.
— Вы святое Евангелле чыталі? — запытала Бараноўская, уставіўшыся ў яго ўважлівым паглядам нябачных у прыцемку вачэй.
— Не, не чытаў. Таму што…
— Ну зразумела. А, напрыклад, хоць бы Дастаеўскага чыталі?
— Дастаеўскага? Чуў. Але ў школе не праходзілі.
— Не праходзілі, канечне. А гэта ж вялікі рускі пісьменнік. Нароўні з Талстым.
— Ну, пра Талстога я ведаю, у Талстога было шмат памылак, — сказаў ён, узрадаваўшыся, што ўжо тут трохі ведае. — Напрыклад, непраціўленне злу.
— Далося вам гэтае непраціўленне. Толькі гэта і запомнілі ў Талстога. Хаця і непраціўленне ў многім справядлівае, але спрэчнае, дапусцім. А вось калі б вы прачыталі Дастаеўскага, дык бы ведалі, што калі ў душу не пусціць бога, дык у ёй абавязкова паселіцца д'ябал.
— Д'ябла мы не баімся, — усміхнуўся Агееў.
— Д'ябла мы не баімся, гэта канечне. Але вось немцаў мусім баяцца. А яны для нас і ёсць увасабленнем д'ябла. Гэта значыць злой, разбуральнай сілы.