Дзённік 1993
Шрифт:
Дэп. Пракопаў. Патрэбны неадкладныя выбары прэзідэнта! Дэп. Какоўка. Здзекуецца з партакратычнай большасці ў зале.
Дэп. Пазьняк. Як і Какоўка, бязлітасна здзекуецца з пракамуністычнай бальшыні ў зале, але яшчэ больш здзекліва — з Шушкевіча. Вось гэта і ёсць мы, беларусы. Толькі так! Толькі есці адзін аднаго! Іначай мы не можам!
Дэп. Жукоўскі. О, які галасок! Толькі на плошчу! Толькі на мітынг! Стары ідэалагічны кадр з тых, што не турбуюцца — слухаюць іх людзі ці не слухаюць, ведае, што перакрычыць усіх. Поўныя вушы, поўная галава крыку, бухання ў мікрафон! І навошта так галяпаваць?
Дэп. Ганчар. Ад пачатку да канца — суцэльны здзек з Шушкевіча.
Дэп.
Шушкевіч. Заключнае слова. Адбіваецца, як можа. Амаль нічога не прызнае. І зноў сарваўся (у дачыненні да Ганчара).
Божа, як сумна, горка і брыдка! Як горка! Нішто не аб’яднае нас, нішто! Тое, што магло нас аб’яднаць — таго ў душах няма. Свяшчэнны доўг перад Беларуссю — г. зн. перад мовай і культурай Беларусі, перад Святым Духам Беларусі, — няма! Думаюць пра іншае — пра свае чыноўніцкія амбіцыі, пра сваю ўласную пыху...
9 лістапада
Просьба нашай Камісіі ўключыць у Парадак дня пытанне аб архівах і бібліятэках адхілена. Абодва законапраекты не прайшлі: двойчы ставілі на галасаванне — і двойчы родненькія дэпутаты правалілі. Ні архівы, ні бібліятэкі іх не хвалююць. Дробязь! Хаця на абмеркаванне гэтых законапраектаў у першым чытанні хапіла б дзесяці хвілін. Так людзі выказалі свае адносіны да культуры наогул. Удалося ўставіць у Парадак дня пытанне аб зарплаце настаўнікам і педагогам.
Дэп. Пазьняк: „Першым трэба ставіць пытанне аб адстаўцы Урада!” І вельмі рэзка асудзіў Урад, які давёў краіну да цяперашняга становішча. Дэп. Ізмайлава (ваяўнічая бабулька!): зусім не па тэме Парадку дня пачала крычаць аб пагрозе дзяржаве з боку апазіцыі і БНФ. Гэтую небяспеку ўбачыла яна і ў інтэрв’ю Сярэдзіча
з Шушкевічам. (За два рады перада мной сядзіць дэпутат „ад інвалідаў” і ўвесь час паварочвае галаву, каб кінуць кеплівую рэпліку Гермянчуку, а ўхмылка дурненька-дурненькая. Можа, і добры чалавек, і заслужаны ветэран, але... Ён ведае адно, што трэба перш за ўсё ўчыняць абструкцыю „дэмакратам”. Крычы, стукай і грукай нагой аб падлогу, рукамі па стале. Навыбіралі такіх законатворцаў, навыбіралі!.. А для чаго? Недарэчна гэта было зроблена, недарэчна.
11 лістапада
Дэп. Гілевіч: „Дазвольце сказаць пра адно ўражанне, якое мяне вельмі засмучае. Мнагавата гаворыцца тут таго, што не дапамагае адказаць на пытанне: як, якімі шляхамі выйсці з глыбокага крызісу, як не дапусціць, каб здарылася самае горшае — каб абрабаваныя, ашуканыя няшчасныя сумленныя людзі не пачалі паміраць ад голаду і холаду”. „Дарэчы, у вуснах многіх нашых грамадзян словы „суверэнітэт”, „незалежнасць” сталі словамі зняважліва-абразлівымі, гучаць, як лаянка. Няшчасце на галаву звалілася — суверэнітэт! Жылі- жылі — і раптам на табе! Суверэнітэт!.. ”
16 лістапада.
Абмеркаванне дакладаў С. С. Шушкевіча і В. Ф. Кебіча. Дэп. Заблоцкі У. М. Нам патрэбен нейтралітэт па ўзору Швецыі. У любых абставінах — нейтралітэт! Ні ў якім разе не ўтвараць агульную рублёвую зону з Расіяй. Рашуча супроць здачы суверэнітэта і незалежнасці!
Прапанаваў выбраць старшынёй Урада. Марыніча. (У зале — шум і посмехі — не прынялі.) Дэп. Новік У. У. „Сёння Расія ў руках ліберальнай буржуазіі, а заўтра?” Трэба было на другі дзень пасля ўвядзення расійскага рубля нам у Беларусі ўводзіць свой, беларускі. Вярхоўны Савет і Савет Міністраў не зрабілі гэтага. Задзейнічалі хапугі. Трэба помніць пра геапалітычныя інтарэсы Расіі ў Беларусі. Паглядзіце: набіраюць сілу дзялкі-кампрадоры!
Дэп. Садоўскі П. В. Колькі будзе цягнуцца пераходны перыяд з агульным рублём, агульнай рублёвай зонай? Павінна быць камісія, якая б выпрацавала праграму выратавання эканомікі. Гэта зробіць абноўлены Урад — толькі абноўлены! Далей П. В. робіць бліскучы аналіз, куды пайшлі грошыкі і адкуль іх узяць. (Куды ўцяклі капіталы?) Дэп. Сукач М. Д. Узнікла патавая сітуацыя — з-за канфрантацыі ВС і СМ. Няма агульнай стратэгіі — вось бяда! Чаму ў нас павінна быць горш, калі маюцца ўсе ўмовы, каб было лепш? Адкажыце, хто вінаваты? Вячаслаў Францавіч, ніколі не хітрыце! Я — за ўласную беларускую валюту! Але — не за ізаляцыю!.. Вячаслаў Францавіч, вы кажаце: мы не дапусцім развалу сельскай гаспадаркі. Ды яна ж ужо развалена! Калгас ужо не корміць, а фермер тым больш не можа карміць, бо не мае падтрымкі. Нам ёсць чым гандляваць з усім светам, а не залежаць ад Расіі! (Ой, як разумна гаворыць!) І яшчэ: трэба пакончыць з хаосам у мясцовых уладах! Скараціць начальнікаў усіх рангаў (скароцяцца шафёры, бензін, сакратаркі!).
Дэп. Чакушоў У. М. Нашто нам рабіць самазвалы і столькі трактароў, не маючы сваёй матэрыяльнай базы (вугалю, руды)? Знізілі экспарт, прадаём за бясцэнак. Перавагі клірынга відавочныя, але мы не ўмеем ім карыстацца.
Дэп. Турак А. М. Чаша цярпення перапоўнена. Хаваем ад людскіх вачэй бяздзейнасць. (Слухаюць, як і папярэдняга, кепска!) Яўны здзек з вытворцаў! „Беспредел” ва ўзаемаразліках з краінамі СНД.
Дэп. Андрэйчанка У. П. У сельскай гаспадарцы мы дайшлі да небяспечнай рысы. Усе калгасы сталі аднолькава беднымі. У жніўні працуем у полі па 6—7 гадзін — удумайцеся! „Не будзе вёскі — не будзе і рэспублікі!” (!!!) Пастаўлялі ў Расію 300 тысяч тон мяса, зараз — 40 тысяч тон. Павярнуць бюджэт на сельскую гаспадарку! Непарытэт цэн — галоўная прычына гібелі сельскай гаспадаркі! Сёння крэдытаванне сяла — ніякае. Трэба даць вёсцы ільготныя крэдыты! Разлік за здадзеную сельскую прадукцыю праводзіцца несвоечасова, а грошы абясцэньваюцца.
Дэп. Цялежнікаў У. І. Ні адно рашэнне Вярхоўнага Савета не давялі да канца — за ўсе тры гады. Мы спадзяваліся на палітычны цуд, а ён не адбыўся. Але яшчэ многія ў яго вераць. І эканамічнага цуда не будзе. Адказнасць на нас. Трэба правесці структурныя змены ў Савеце Міністраў.
Дэп. Цярэшка І. І. Аб рабоце Нацыянальнага банка: яго палітыка прывяла да вялікіх страт у народнай гаспадарцы, да іншых страт. (Рэпліка з залы: „Усё ў руках Савета Міністраў, а не банка!”) Прапаную падпарадкаваць Нацыянальны банк Прэзідыуму Вярхоўнага Савета. (Ну і прапанова!)
Дэп. Навумчык С. І. дае ацэнкі дакладам Шушкевіча і Кебіча. „Вы, Вячаслаў Францавіч, чатыры гады ўзначальваеце Урад — і што зрабілі? Зарплата — 26 адсоткаў „спажывецкага кошыка”. Пазыка — ужо каля двух мільярдаў даляраў. Хто разлічыцца? Наступныя пакаленні народа? Савет Міністраў займаецца не эканомікай, а палітыкай і палітыканствам. Прапаную стварыць пераходны кааліцыйны Урад. З гэтым мы, апазіцыя, і выйшлі на Сесію.
Дэп. Трусаў А. А. Згодніцкая палітыка Шушкевіча карысці народу не дала. Паглядзіце на харомы сучасных буржуяў вакол Мінска і іншых гарадоў — хто жыве і будзе жыць у іх? Урад даў прастору жулікам, злодзеям. Зняў мытню з аднаго боку. Мае прапановы: першая, трэба стварыць кааліцыйны Урад, другая, скараціць колькасць міністраў (і яшчэ восем прапаноў!).