Шрифт:
Алесь Аркуш
Яму канцы
Мiкола на мейсца сустрэчы прыйшоў раней, дамаўлялiся а пятай, аднак бяз чвэрцi пяць ён ужо быў каля "Хвiлiнкi". Мiколу хацелася пiць. Ён узяў пляшку "фанты" i ўладкаваўся за плястмасавым столiкам на ходнiку. Па яго твары было вiдаць, што з хлопцам здарылася нешта сур'ёзнае. Моцная ўсхваляванасьць трымала дзябёлае мiколава цела ў вiдочнай напружанасьцi. Нягледзячы на летняю сьпёку, ён адчуваў нэрвовыя дрыжыкi. Усё ляцела ў тартарары - пляны, мары, жыцьцё. Аб гэтым ён даведаўся ўчора. Навiна была настолькi нечаканай i жудаснай, што хлопец разгубiўся. Гэтым жа днём увечары затэлефанаваў свайму лепшаму школьнаму сябру Iгару i дамовiўся аб сустрэчы. Ён хацеў параiцца. Але нiякая парада ўжо не магла яму дапамагчы.
Iгар падыйшоў да мейсца спадканьня пэдантычна а 17-ай гадзiне. Мiкола ведаў, што ў сябра няма багата часу. Сэсiя. Таму вырашыў не цягнуць ката за хвост i адразу на Iгарава пытаньне "Ну дык што здарылася?" адказаў: - Хачу разьвiтацца зь лепшым сябрам.
– Сказаў ён гэта з нейкай фальшывай iнтанацыя, як быццам, Мiкола баяўся, што аднакашнiк можа адчуць ягоны спалох.
– Што ты за лухту вярзеш!
– абурыўся сябар, так звычайна абураюцца, калi да занятага чалавека зьвяртаюцца зь якой-небудзь дуратой.
– Каму лухта, а каму й не, - загадкава працягваў Мiкола. Ён пiў "фанту" адразу з пляшкi невялiчкiмi глыткамi i не глядзеў на сябра.
– Ну, дык што здарылася?
– перапытаў Iгар. Ягоная раздражнёнасьць пачала зьнiкаць, хлопец адчуў, што гэтая сустрэча прызначалася не ад няма чаго рабiць.
– Сёньня, каля прэзыдэнт-хола, зноў бойка будзе, - нечакана Мiкола зьмянiў тэму гаворкi.
– Зьберуцца патрабаваць вызвалiць арыштаваных, а iх самiх пахапаюць.
– У вапошнюю хвiлiну ён спужаўся сказаць усю праўду.
– Што з гэтага зьменiцца, калi пра маё няшчасьце даведаецца Iгар, - падумаў з нечаканай цьвярозасьцю.
– Навошта на студэнцкую сябрукоўскую галаву вешаць свае праблемы?
– Як ты лiчыш, будзе бойка, цi не?
– спытаў Мiкола празь хвiлiну маўчаньня зусiм iншым роўным голасам.
– I ты дзеля гэтага мяне паклiкаў? Паслухаць мае палiтычныя прагнозы?! раздражнёнасьць iзноў адчулася ў словах Iгара.
– Як ты лiчыш, навошта чалавек жыве?
– зусiм нечакана яшчэ раз зьмянiў тэму Мiкола.
– А табе што, надакучыла жыць?
– пытаньнем на пытаньне адказаў сябар.
– Жыць не надакучыла, але з жыцьцём трэба разьвiтвацца.
– Няўжо некуды ўлiп?!
– Iгар здаецца зразумеў прычыну iхняй сустрэчы.
– Улiп, але не туды, куды ты думаеш.
– Ён яшчэ раз глытнуў аранжавы трунак i паставiў пустую пляшку на стол. Затым паглядзеў на сябра i сказаў: Памятаеш, у Багдановiча "Пралятайце вы, днi, залатымi агнямi. Скончу век малады, - аблятайце цьвятамi..."
– Ты ад сваiх паездак звар'яцеў.
– Iгар ня ведаў, як патлумачыць паводзiны свайго сябра, ён упершыню яго бачыў такiм.
– Табе трэба адпачыць. Усю Эўропу ўсё адно не перавязеш.
– Эўропа... што табе гэта Эўропа, - нэрвова перабiў сябра Мiкола.
– Вунь наша Эўропа, - ён паказаў на грамаду дэманстрантаў, якая сунулася ў iхнi бок у канвоi мiлiцыянтаў.
– Зараз будзе iм Эўропа!
Iгар сядзеў сьпiнай да станцыi мэтро "Цэнтральная", таму ня мог першым заўважыць яшчэ кволыя прыкметы бел-чырвона-белых хваляў. Ён павярнуўся i з трывогай паглядзеў назад. Ужо было чутна, што дэманстранты нешта скандыруюць.
–
– А можа й мы пройдземся за кампанiю?
– прапанаваў Мiкола.
– Што скажаш, студэнт?
Iгар узьняў вочы на сябра i ўважлiва паглядзеў яму ў твар.
– Увогуле я люблю шпацыраваць на адзiноце дзе-небудзь па парку, але калi ў цябе ёсьць такое жаданьне, дык давай пройдземся.
Мiкола ўзяў у руку сваю пустую пляшку й гэтым незразумелым рухам напужаў Iгара. Аднак сябар зрабiў выгляд, што памылiўся - нiбыта хацеў дапiць яе зьмесьцiва, а пляшка насамрэч пустая.
– Дапi маю, я не хачу, - прапанаваў Iгар нейкiм сьцiшаным голасам. Мiкола дзiўна замахаў рукамi й разоў пяць паўтарыў: "Не". Затым даланёю абцёр рыльца сваёй пустой пляшкi i паставiў яе на стол...
Мiкола i не заўважыў, як пачалася бойка. Спэцназаўцы дубасiлi ўсiх налева i направа. Пранiзьлiва завiшчэлi жанчыны i дзяўчаты. Дэманстранты пачалi рассыпацца па вулiцы, але шляхi да адступленьня перарэзалi шэрагi ў камуфляжы. Мiкола колькi хвiлiнаў стаяў як укопаны i нiчога не разумеў. У вачах мiльгацелi людзi, стаяў нейкi жудасны гул, якi аб'ядноўваў крыкi ахвяраў i ахвярадаўцаў, удары аб плястыкавыя спэцназаўскiя шчыты, грукат сотнi чаравiкоў i нешта яшчэ незразумелае й агiднае. Iгар пацягнуў Мiколу за рукаво кашулi. Мiкола пачаў падпарадкоўвацца сябру i яны ўдвох пабеглi ў бок галоўпаштамта. Аднак хлопцы не пасьпелi зрабiць i дзесяцi крокаў, як i на iх навалiлiся плямiстыя дубаломы. Чамусьцi амаль уся група спэцназаўцаў, якая нагнала ўцекачоў, прынялася дубасiць меншага па росту i камплекцыi Iгара. Ён закрываўся ад гумовых палак рукамi i няўдала спрабаваў выкручвацца ад удараў i гарачых учэпiстых абдымкаў. Яго схапiлi, заламалi рукi i некуды пацягнулi. Мiкола пабег услед, дагнаў спэцназаўскую гурму i ўдарыў нагой у сьпiну аднаму зь iх. Удар атрымаўся моцны й вайсковец, выпусьцiўшы сваю ахвяру, паляцеў на асфальт. Другi спэцназавец атрымаў удар кулаком i таксама выпусьцiў Iгара, хлопец iмклiва ўсхапiўся й пабег. Яго ня сталi перасьледаваць, бо ўся гурма накiнулася на Мiколу. Адзiн з удараў гумовай палкi прышоўся па твары i хлопец адчуў у роце салёны смак крывi. Ён скiраваў свой позiрк на таго вайскоўца, якi зрабiў ўдар i пасунуўся да яго. Калi заставаўся ўсяго якiсьцi крок, ён плюнуў крывёю яму наўпрост ў вочы. Спэцназавец пачаў размазваць зыркую чырвань па сваiм твары i зрабiўся падобным да вампiра. У гэты час Мiкола адчуў моцны ўдар ззаду i ў вачах усё згасла...
Расплюшчыў вочы Мiкола ў бальнiчным пакоi. Хлопец доўга ня мог зразумець, дзе ён i што зь iм здарылася. Пакой быў вялiкi - на дванаццаць ложкаў. Але ўсё адно не было чым дыхаць - у палаце стаяў бальнiчны сьпёкавы смурод. Усё цела пранiзвала ныючая боль, але асаблiва мулiлi галава й сьпiна. Адразу яму чамусьцi ўзгадаўся твар таго спэцназаўца, якому ён плюнуў у вочы. Гэта быў зусiм малады хлопец, магчыма маладзешы ад яго. Ён нечым нагадваў Сяргея Лявонава, зь якiм час ад часу выпадала езьдзiць у Нямеччыну па машыны. Затым ён узгадаў увесь учорашнi дзень. Нейкая фантасмагорыя, галiвудзкi "ужасьцiк". I раптам ён зноў падумаў пра таго спэцназаўца. "Яму канцы", - сказаў ён у голас. I яшчэ раз паўтарыў: "Яму канцы".
Было недзе пяць гадзiнаў ранiцы. Усе ў палаце спалi - пасапваючы i пахрапваючы. Мiкола ляжаў ля двярэй. Нечакана падхапiўся мужчына ля дальняга вакна - ён заенчыў i затым сутаргава захрыпеў. "Дапамажыце, хто тут ёсьць, дапамажыце!" - закрычаў Мiкола i загрукаў рукою ў дзьверы. Калi ў пакой прыбегла медсястра, мужчына ўжо суцiшыўся i немiргаючы глядзеў у столь пустымi вачыма. Медсястры засталося толькi канстатаваць сьмерць. Яна накрыла нябожчыка з галавой прасьцiною й выйшла. Палата ўспаролася. Хтосьцi бясконца прычытаў: "Васiлiч, Васiлiч!!!" Мiкола абхапiў галаву рукамi i ўткнуўся тварам у падушку. Вочы напоўнiлiся сьлязьмi i ўсё цела калацiлi здрадлiвыя дрыжыкi. Чужая сьмерць падалася яму жахлiвай. А як зьмiрыцца са сваёй?