Людзі на балоце
Шрифт:
Частка першая
Раздзел першы
1
Хаты былі на востраве. Востраў гэты, праўда, не кожны прызнаў бы за востраў — аб яго не плёскаліся ні марскія, ні нават азёрныя хвалі. Навокал адно гніла куп'істая дрыгва ды моклі панурыя лясы.
Вёска тулілася ля берага вострава — платы агародаў дзе-нідзе забягалі на куп'ё ўзболатка. З другога боку, на поўнач, балоты крыху адступалі, дорачы людзям пясчанае поле. Адступалі балоты і на заходнім баку, дзе рунелі ці жаўцелі
Большую частку года востраў быў як бы адасоблены ад іншых вёсак і мястэчак. Нават у непаганыя дні рэдкія газеты ці лісты ад сыноў і братоў дабіраліся сюды ў паляшуцкай торбе нялёгка — каму было прыемна лазіць па гразі без вельмі важнай прычыны, — але і гэтая нямоцная сувязь са светам пры кожным зацяжным дажджы лёгка рвалася. Восенню ці вясной яна перарывалася на цэлыя месяцы: багна, што страшна разбухала ад слоты і разводдзя, адразала востраў ад свету мацней, чым гэта маглі б зрабіць абшары вадзянога прастору. Многія дні людзі жылі, як на плыце, які злая нягода адарвала ад берага і занесла ў мора, — трэба чакаць адно, калі спадарожны вецер ці лёс зноў падгоніць да зямлі.
Але такое становішча тут не палохала, людзям на востраве яно здавалася зусім звычайным. З усіх бакоў, блізка і далёка, ведалі яны, — такія ж самыя выспы сярод бясконцых багнаў, дзікіх зараснікаў, што разлегліся на сотні вёрст з поўначы на поўдзень і з захаду на ўсход. Людзям тут трэба было жыць, і яны жылі. Аднастайныя, нудныя дажджы, што месяцамі лілі на мокрыя стрэхі, сцюдзёныя вятры, што люта білі ў замерзлыя вочкі-шыбы завеямі, цёплае сонца, што ўставала ў пагодныя дні над купамі алешніку, — усё бачыла гэты востраў заклапочаным, у няспыннай, штодзённай руплівасці. Людзі заўсёды чым-небудзь былі заняты: уранку і ўвечары, летам і зімою, у хаце, на двары, у полі, на балоце, у лесе…
Жылі ўжо Курані і ў гэту чэрвеньскую рань. Калі сонца выпырснула першыя праменні між вяршынь Церамоскага лесу, з каміноў на куранёўскіх стрэхах віліся ціхія ранішнія дымочкі, у расчыненых хлявах там і тут чулася цырканне малака ў даёнкі, лагодныя і строгія покрыкі жанчын. У некалькіх дварах гукі гэтыя перабіваў чысты, працавіты клёкат жалеза аб жалеза — касцы ладзілі, адбівалі малаткамі косы, рыхтаваліся ісці на балота. На пустой вуліцы, з торбай цераз плячо, ніжучы босымі нагамі цёмны след на падбеленай расой траве, ішоў, размахваў доўгай вераўчанай пугай яшчэ санлівы хлопец-пастух. Ён час ад часу звонка ляскаў пугай і аднастайна, хрыпата пакрыкваў:
— Ка-ро-вы!.. Ка-ро-вы!.. Ка-ро-вы!..
Голас яго пасля сну быў нямоцны, высільвацца яму не хацелася, і ён як бы памагаў сабе лянівым, але звонкім ляскам пугі. Вароты на вуліцу хутка расчыняліся, каровы павольна, са шляхецкай паважнасцю сыходзіліся ў статак, які багацеў рыкам, пярэсціўся, шырэў на ўсю вуліцу. Калі ён дайшоў да краю сяла, з апошняга двара высунулася рудая, з белай лысінкай карова, якую падганяла чарнявая дзяўчына з дубцом. Далучыўшы карову да статка, дзяўчына з дубцом подбегам вярнулася ў хату, але не выпаўз яшчэ статак з вуліцы, як яна
Набраўшы вады, дзяўчына ўжо звыкла намерылася пацягнуць вочап і раптам адумалася, аслабіла рукі. Нахіліўшыся больш над калодзежам, прытрымліваючы рукой вочап, каб не вагаўся, стала глядзець уніз, чакаць, калі вада супакоіцца. Яна хацела, мусіць, паглядзецца ў ваду, але з хаты раптам пачуўся нездаволены крык:
— Ганно-о! Дзе ты, нячыстая сіла?!.
— Я — зараз!.. Нясу ўжэ!..
Дзяўчына заспяшалася, хутчэй зняла вядро з вочапа і, разліваючы на пясок ваду, падалася к хаце…
На суседнім двары, каля хлява, завіхаўся пры калёсах барадаты, у палатнянай доўгай сарочцы дзядзька — квачом з дзёгцем, што маслена пабліскваў ад сонца, мазаў восі. Поблізу яго, прывязаны да плота, стаяў нязграбны галавасты конь, ляніва штосьці шукаў у траве… У двары, што быў за гэтым, жанчына несла зелле свінні і падсвінку, якія рохкалі і вішчалі так прагна, што віск іх на час заглушыў усе іншыя гукі куранёўскай раніцы.
— Ціхо! Няма на вас угамону! — крыкнула на іх жанчына, падаючы спажыву, на якую свінні адразу накінуліся, душачыся, адпіхваючы адно аднаго і кусаючыся. Асабліва лютавала худая свіння, і жанчына пашукала вачыма дручка, каб супакоіць яе, адагнаць ад падсвінка. Але дручка не было, і яна злосна таўханула свінню парэпанай нагой, прыгразіла:
— Вось я зараз цябе!..
З кожнай хвілінай Курані ўсё больш поўніліся людскімі галасамі, людскім рухам — на адным двары маці клікала сына, на другім плакала, залівалася слязьмі не ў час разбуджанае дзіця. У двор каля ліпы пажылы чалавек уводзіў з пашы каня, з двара насупроць выганялі парасят, і ішло за імі пакорлівае мурзатае дзіця, як старое, угінаючы плечы…
У такі час з хаты, недалёка ад той, дзе дзяўчына брала ваду, выйшаў на ганак, пацягваючыся, хлопец з хмурнымі заспанымі вачыма, з калматай не то русявай, не то цёмнай чупрынай, з упартымі губамі.
Маці пашкадавала будзіць яго раней. Але і цяпер прачынацца яму было нялёгка — калі яна будзіла, у галаве некаторы час мяшаліся і малюнкі перарваных дзіўных відовішчаў, і словы маці, і назойлівы бусліны клёкат… Жмурачыся ад сонца, на ганку Васіль успомніў пра гэты клёкат, паслухаў — хтосьці блізка адбіваў касу — клё, клё, клё. У галаве варухнулася абыякавая думка, што гэта і быў той клёкат, які ў дрымоце здаўся за бусліны.
За гэтым на памяць прыйшлі яму словы, якімі маці будзіла: «Устань, сынок… Устань, бо ўсе ўсталі… Позно будзе…» Ён зірнуў на сонца — дзе яно, нізка ці высока — і на момант аслеп ад яго бляску. Ён, было добра прыкметна, адразу як бы ажыў, занепакоіўся — сонца ззяла, яму здалося, высока.
«Не разбудзіла па-людску! Калі ўсе ўставалі! — падумаў нездаволена, нават узлавана пра маці і тут жа заклапочана падаўся з ганка. — Каня трэ хутчэй прывесці!.. А то выберашся пазней за ўсіх цераз ету матку!.. Сорам будзе!..»
Ён подбегам падаўся да ўзболатка, дзе пасціўся перад алешнікам спутаны конь. Калі ён уехаў зноў на двор, убачыў сутулаватага, з жоўтай лысінай дзеда Дзяніса, які корпаўся пры калёсах. Дзед колькі дзён таму, ловячы рыбу, вымак і прастудзіўся — учора пластам ляжаў на печы, а сёння — нб табе, таксама падняўся.